Блакит
Шрифт:
З інфармацыяй пра Карпюкову персанальную справу выступіў прадстаўнік гаркаму партыі, які нічога новага да таго, што ўжо ведала журналісцкая брація, не дадаў, прапанаваўшы выключыць Карпюка з партыі. Прапанову ўспрынялі моўчкі, ніхто нават не задаў ніякага пытаньня. Нешта спрабавалі ўдакладняць у Карпюка, які, апроч сапраўднасьці свайго подпісу ў невядомай яму ведамасьці, рашуча адрынаў усе высунутыя яму абвінавачаньні. Трэба сказаць, што гэта было ня з лепшых ягоных публічных выступленьняў, якія мне даводзілася чуць. Першымі ў абмеркаваньні выступілі два адстаўнікі, якія дамагліся стаяць на партуліку не ў домакіраўніцтве па месцы пражываньня, а ў рэдакцыі на той падставе, што сяды-тады друкавалі ў газеце патрыятычныя вершы да рэвалюцыйных сьвятаў, розных знамянальных датаў і падзеяў кшталту чарговых гістарычных партыйных зьездаў, пленумаў і г.д. Яны з належным пафасам дружна кляймілі “здрадніка і фашыстоўскага паслугача, які падманным шляхам пранік у рады ленінскай партыі”, патрабавалі выключэньня і адданьня пад суд. Аднак нехта спакойна і разважліва падаў кампрамісную прапанову: паколькі ў справе многа няяснага, то да поўнага высьвятленьня абмежавацца вымовай з занясеньнем ва ўліковую картку. Яму тут жа запярэчылі: а чаму з занясеньнем?
Потым Карпюк прызнаваўся, што з таго сходу вельмі запаважаў мяне, і слухаць не хацеў, што не было ніякага майго ўчынку, бо паводзіць так меў загад ад Ульяновіча. Аляксей Нічыпаравіч ставіўся прадузята і не заўсёды справядліва да гэтага чалавека.
Рашэньне партыйнага сходу выклікала прыкрасьць у арганізатараў і натхняльнікаў судзілішча над Карпюком, але ў іх была магчымасьць абысьціся і без пярвічнай партарганізацыі – бюро гаркаму не пагадзілася і сваім рашэньнем выключыла Карпюка. Аднак выключаны па статуту партыі меў права на апеляцыю ў вышэйшыя інстанцыі, аж да ЦК КПСС, якое, натуральна, ня мог не скарыстаць Карпюк, каб выйграць час і нейкім чынам дапяць да тых канцлагераўскіх архіваў у Польшчы. Прайшоўшы абкам, ягоная справа пасьля праверкі і заключэньня рэспубліканскай парткамісіі лягла на стол Машэрава, пры кім у адрозьненьне ад іншых рэспублік у Беларусі на пісьменьнікаў і іншых вольнадумцаў-дысідэнтаў не было ніводнай гучнай карнай акцыі. І гэтая, Карпюкоўская, яму была яўна не даспадобы – усё адкладваў і адкладваў, даручаючы яшчэ і яшчэ раз праверыць і пераправерыць. Тым часам ня спаў у шапку і Карпюк. Акольнымі шляхамі, з захаваньнем колішняй строгай партызанскай кансьпірацыі выйшаў на вядомага польскага пісьменьніка-дакументаліста, папрасіў тэрмінова знайсьці ў архіве, зрабіць бяз выняткаў фотакопію той зласчаснай ведамасьці. І неўзабаве пасланец з Польшчы перадаў з рук у рукі Карпюку... Глянуў – і тут жа ўспомніў, як педантычныя немцы змушалі вязьняў расьпісвацца за пасылкі і грашовыя пераводы з дому і тут жа канфіскоўвалі. І ён некалі расьпісаўся за прысланыя бацькам грошы...
Словам, сфабрыкаваная Карпюкова справа, на якую патрацілі столькі сіл, грошай, нерваў, рассыпалася імгненна, як картачны домік, скончылася вялікім канфузам для ейных арганізатараў. Сьцяўшы зубы, фальсіфікатараў звольнілі з органаў, Карпюку вярнулі партбілет, аднак, нягледзячы на поўную рэабілітацыю, шлейф падазронасьці цягнуўся за ім не адзін і ня два гады, як ў тым анекдоце: ці то ён, ці то ў яго ўкралі кажух, але нешта было... Апошні раз сфабрыкаваная брудная гісторыя адрыгнулася на старонках сумнавядомага пагромнага “Политического собеседника” ўжо ў гады перабудовы. Карпюк падаў у суд, рэдакцыя была вымушаная надрукаваць абвяржэньне, публічна папрасіць прабачэньня і выплаціць яму запатрабаваную маральную кампенсацыю ў памеры... аднаго сімвалічнага рубля! Гэта быў першы ў Беларусі судовы працэс па адстойваньні гонару і годнасьці. Бедны Аляксей Нічыпаравіч у труне перавярнуўся б, каб уведаў, што наступяць часы, калі схоплены за руку з украдзенымі сотнямі тысячаў даляраў чыноўнік высокага рангу, ужо седзячы за кратамі, можа запатрабаваць праз суд ад несімпатычнай уладам газеты і аўтараў, у тым ліку былой падначаленай яму пенсіянеркі, якая ў інтэрв’ю сказала, што ён заваліў работу, маральнай кампенсацыі ў дзясяткі мільёнаў “за падрыў дзелавой рэпутацыі”, і суд задаволіць апетыты арыштаванага злодзея... Што ж, для ўсіх – суддзі тут не выключэньне – рана ці позна, а наступае час Божага суда... Як некалі наступіў для сакратара ЦК Міцкевіча. Захварэўшы на цяжкую невылечную хваробу, ён сьпецыяльна прыехаў у Гродна да Карпюка пакаяцца за свой грэх, папрасіць прабачэньня і дараваньня. Аляксей Нічыпаравіч быў чалавек адыходлівы, незлапамятны, у ім дзіўным чынам ужываліся непахісная воля трымацца сваіх максімалісцкіх маральных прынцыпаў, дамагацца, каб па іх жылі ўсе, хто побач, і нейкая наіўнавата-безабаронная дабрыня, мяккасьць, гатоўнасьць кідацца на дапамогу кожнаму, нават тым, хто кідаў у яго каменьні. Ён з гатоўнасьцю прызнаваў свае памылкі, калі бачыў, што гэта насамрэч памылкі, і высока цаніў людзей, якія таксама ўмелі рабіць тое ж.
А што тычыцца Уладзіміра Фёдаравіча Міцкевіча, то незалежна быў гэта Божы суд ці суд сумленьня, што па сутнасьці адно і тое ж, але ягоны ўчынак выклікае павагу. І зноў, і зноў наводзіць на роздум: а мусіць, праўда, што ўсялякае зло не застаецца ў рэшце рэшт беспакараным...
Усе, хто больш-менш ведаў Карпюка, не сумняваліся: калі б не пайшоў ён у прыгожае пісьменства – яго б чакала бліскучая кар’ера ў адміністратыўна-кіруючых сферах... Мяне даўно займала гэтае ня дужа далікатнае пытаньне, і неяк падабраўшы момант, калі Аляксей Нічыпаравіч быў у лагодным настроі, напаўжарт-напаўсур’ёз запытаў, як кажуць, у лоб: чаму ён гэтак апрыёры ня любіць усялякае начальства? І тут жа выказаў здагадку: мо таму, што начальства аніяк ня хоча заўважаць ягоныя арганізатарска-кіраўнічыя таленты, не дае праявіцца, разгарнуцца? Карпюк зьдзіўлена глянуў з-пад ілба, ніякавеючы, нібыта яго нечакана злавілі на нечым ня надта прыстойным, зыркнуў ваўкавата з-пад калматых брывоў, усьміхнуўся сам сабе, падумаў і пакінуў пытаньне без адказу.
– А ўсё ж?.. – настойваў я.
– А за што яго любіць, начальства?.. – няпэўна,
Пры ўсёй нелюбові да начальства ён увесь час хадзіў па высокіх кабінетах, каб нешта зрабіць, нешта прабіць, некаму памагчы, нешта паправіць у гэтым недасканалым сьвеце. І менш за ўсё думаў нешта займець, нешта прабіць для сябе асабіста. Я ня ведаю выпадка, каб ён хоць памкнуўся займець нейкую выгоду для сябе.
Што тычыцца арганізатарскіх талентаў, то ў яго былі найпершыя і, бадай, найгалоўнейшыя для пасьпяховага кіраўніка тых часоў якасьці – энергія, напорыстасьць і прабіўная сіла. Самае цікавае: Карпюк ніколі ні ў кога нічога не прасіў, ён патрабаваў, ды з такой наступальнай перакананасьцю і ўпэўненасьцю, што яму проста нельга было адмовіць, перад ім не маглі ўстаяць самыя мацёрыя бюракраты-валыншчыкі. У тым я пераканаўся, і калі ён займаўся рэстаўрацыяй дому Ажэшкі, і калі “выбіваў” для пісьменьнікаў кватэры, ды не абы-якія і не-абы дзе, а ў цэнтры гораду, у дамах з найноўшай планіроўкай, і каб абавязкова быў лішні пакой пад рабочы кабінет. Але асабліва – як упрогся ў арганізацыю музею... Але пра тое варта сказаць асобна...
Пачалося ўсё з пастановы ЦК, якой “з мэтай усебаковага пашырэньня і паглыбленьня матэрыялістычнага сьветапогляду, павышэньня ўзроўню і далейшага ўзмацненьня наступальнасьці антырэлігійнай прапаганды” ў Гродне ствараўся рэспубліканскі музей атэізму. Адказнасьць за ягоную арганізацыю ўскладвалася на абкам партыі і Міністэрства культуры. Гародню выбралі месцам разьмяшчэньня рэспубліканскага музею таму, што, па-першае, тут самы шматканфесійны рэгіён, а па-другое, і самае важнае – тут, як нідзе ў рэспубліцы, захаваліся культавыя пабудовы, адну з якіх, натуральна, меркавалася перадаць пад музей. Была пастанова, але адсутнічала хоць нейкая канкрэтызаваная канцэпцыя будучага музею. Ня кажучы, што не было ні кадраў, ні яшчэ не аддадзенага пад гаспадарчыя патрэбы нядзеючага культавага збудаваньня – царквы, касьцёлу, сінагогі. І тут пашкадавалі, што колькі гадоў назад узарвалі ў гістарычным цэнтры гораду царкву і знакамітую Фару Вітаўта – вялізны чырвоны касьцёл, які дамінаваў над горадам. На месцы царквы планавалася ў персьпектыве, зьняўшы бугор, “пасадзіць” новы будынак абласнога драматычнага тэатру, а замест велічнага касьцёлу побач з аблсаўпрофам разьбілі худасочны скверык з круглай клумбай пасярэдзіне. Пад музей у рэшце рэшт выбралі цэркаўку з па-жывому абламанай наўскось вершалінай, дзе ў комплексе з прыбудаванымі манастырскімі кельлямі разьмяшчаліся дтсаафаўскія тэхнічныя службы, майстэрні, розныя складскія памяшканьні.
Але, перш за ўсё, трэба было знайсьці дырэктара, каб быў і добры гаспадарнік-арганізатар, і кеміў, што за музей стварае, і каб згадзіўся пачынаць усё з нуля. Тыя, хто мог згадзіцца, нічога, апроч змаганьня “з опіумам для народу”, і то пераважна ў тэарэтычным плане, ня ўмелі, а тыя, хто ўмеў і мог “пацягнуць”, ведалі, што за работка чакае, і катэгарычна адмаўляліся. Перабіралі магчымыя і немагчымыя кандыдатуры, аж раптам мне ў галаве цюкнула: Карпюк! Арганізатар – што трэба, валодае праблемай – толькі што на мясцовым матэрыяле напісаў раман антырэлігійнага накірунку і зьместу “Вершалінскі рай”. Яму і карты ў рукі!
Сакратар абкаму партыі па ідэалогіі Еўдакія Яфімаўна Емяльянава, рашуча падтрымала, даручыла мне неадкладна сустрэцца з Карпюком, пагаварыць, угаварыць, калі спатрэбіцца, папрасіць помачы ў Быкава. Трэба сказаць, у адрозьненьне ад многіх жанчын-вылучэнак, што ледзь ці ня масава прыйшлі на высокія ідэалагічныя пасады, і перш за ўсё, параўноўваючы з ідэалагінямі іншых абласьцей, гарадзенцам вельмі пашэньціла, у чым неўзабаве, перайшоўшы на работу ў ЦК, змог пераканацца.
Карпюк тады працаваў прадстаўніком камітэту па аўтарскіх правах па Гарадзенскай і Брэсцкай абласьцях, спраўляўся, але адчувалася, што справа яму ня надта па душы. Распытаўшы, што і да чаго, ён адразу ж згадзіўся, выказаўшы, праўда, сумненьне, што ягоную кандыдатуру прапусьціць Ульяновіч, які са сваёй пасады першага намесьніка міністра культуры, паколькі музей будзе падначальвацца ня толькі абкаму, але і міністэрству. Аднак насуперак ягоным песімістычным прагнозам усё прайшло без аніякіх ускладненьняў, і Аляксей Нічыпаравіч з імпэтам узяўся за справу.
Дтсаафаўцы, не ўступаючы ў канфлікт, сьціснуўшы зубы, уступілі дзьве кельлі будучаму музею, спадзеючыся, што намечанае будаўніцтва іхніх гаражоў, майстэрняў, складоў на ўскрайку гораду зацягнецца на многія гады, і яны, палкоўнікі, маёры, да часу, як спатрэбіцца перабірацца з цэнтру гораду да чорта на выселкі, пасьпеюць выйсьці на пенсію, а там, як кажуць, хоць патоп. Аднак неўзабаве спахапіліся, якога далі маху, упусьціўшы Карпюка на сваю тэрыторыю, усчалі бамбардзіроўку ўсіх магчымых і немагчымых, аж да Міністэрства абароны, інстанцыяў, даказваючы, што перадыслакацыя дтсаафаўскіх тэхнічных службаў падарве абароназдольнасьць краіны, і патрабуючы выкурыць Карпюка з тых дзьвюх кельляў. Ды кепска яны ведалі, з кім маюць справу. Месяцы праз два ў абкам да мяне ў кабінет уляцеў разьнерваваны, рукі трасуцца палкоўнік і істэрычна закрычаў:
– Остановите Карпюка! Уберите Карпюка! – Трохі супакоіўся, выпіўшы прапанаваную мною ваду. – Представляете, я уже боюсь появляться на своей собственной территории. Он затерроризировал всех. Представляете: заставляет меня, атеиста, советского офицера, чинить церковную крышу! Может ты и крест прикажешь воодрузить, спрашиваю? И крыж поставить на место сьледует, отвечает. Да это же издевательство, форменное издевательство!..
Выкурыць Карпюка, канешне ж, палкоўніку не ўдалося, і ён днямі стаў прападаць на сваёй будоўлі за горадам, каб як мага хутчэй разысьціся з настырным музейшчыкам. Карпюк тым часам таксама не даваў драмаць будаўнікам, што ўзводзілі дтсаафаўскую базу, абыходзячы абкамаўскія, аблвыканкамаўскія кабінеты, адкуль маглі падштурхнуць вырашэньне пытаньняў з забесьпячэньнем іх будматэрыяламі, ні на дзень не пакідаў у спакоі дырэктара будтрэсту. На дзіва, будоўлю закончылі ледзь ці не ўдвая раней, чым намячалі самымі аптымістычнымі планамі. Не пасьпелі вайскоўцы забраць свае пажыткі, як Карпюк разгарнуў рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы. Ягонай энергіі хапала на ўсё – і прыдзірліва сачыць за рамонтнікамі і рэстаўратарамі, каб не схалтурылі, і калясіць па ўсёй рэспубліцы, прыглядваючыся ці адразу прывозячы экспанаты для музею. І тут узьнікла закавыка: назва “музей атэізму” ну ніяк ня можа адпавядаць магчымай экспазіцыі, паколькі атэізм не існуе асобна ад рэлігіі, і Карпюкова прапанова дадаць у назву музея слова “рэлігіі” была прынятая.