Блакит
Шрифт:
– Васіль, зайдзі тэрмінова...
– А што здарылася? Мы ж толькі што бачыліся...
– Зайдзі, не тэлефонная размова...
Пайшоў. Адчыніліся дзьверы – і застыў з акругленымі вачамі: уся Карпюкова фізіяномія – абадраная, у крывавых падцёках і ў сіняках.
– Што з табой, Аляксей?!
– Во паглядзі... – паказвае на скурожаны веласіпед з адарваным пярэднім колам.
– Што здарылася?!
– Ат, разагнаўся з горачкі па Каліноўскага, а тут зьлева высоўваецца на дарогу матацыкл. Буду ўсякаму гаўну саступаць, падумаў, і – во...
У Быкава прапала ўсялякая ахвота купляць веласіпед. Карпюком жа цалкам завалодала ідэя-фікс: чаго б там ні каштавала, а займець уласны транспарт, ды не які-небудзь веласіпед ці матацыкл, а надзейны, на чатырох колах. Якраз тады добра пайшла “Данута” – і ў “Полымі”, і ў выдавецтве асобнай кніжкай добрым накладам, і ў перакладзе ў “Нёмане”, затым двума выданьнямі ў Менску,
Ледзь ці не паўгода вечарамі хадзіў на курсы, дзе прылежна вучыў правілы дарожнага руху, будову і прынцыпы работы аўтамабіля, здаваў экзамены і, атрымаўшы жаданыя правы, тут жа рашыў сесьці за руль і з шыкам пракаціцца па Гародні на сваім новенькім бліскучым “Масквічы”. Перш за ўсё, канешне ж, заехаў пахваліцца да Быкава:
– Глядзі! Хочаш – пракачу!..
– То пачакай, пераапрануся...
– Ат, няма часу! Ладна, іншым разам... – і памчаў уніз па Кашавога, а пад горку на вуліцы Горкага ўтыркнуўся ў зазор між двума вялізнымі грузавікамі ў застылай на месцы вайсковай калоне.
Праўду кажуць: бойся галалёду і вайсковых вадзіцеляў – часьцей за ўсё яны першы раз самастойна селі за руль. Так яно і сталася: вадзіцель пярэдняй машыны адпусьціў тормаз – і грузавік падаўся назад на Карпюка ў новенькім “Масквічы”... Прыехала аўтаінсьпекцыя, высьветліла, што вінаваты сам Карпюк – ён ня меў права ўтыркоўвацца ў вайсковую калону, якая стаяла, захоўваючы належную дыстанцыю бясьпекі між машынамі... Тым часам сьпідометр пакалечанага “Масквіча” адлічыў толькі першыя дванаццаць кіламетраў...
– Усё! Больш ты мне за руль ня сядзеш! – сказала, як адрэзала, жонка. – Сама буду езьдзіць!..
На рамонт грошай не шкадавалі, і неўзабаве майстры вярнулі “Масквічу” ледзь ці не ранейшы выгляд. Жонка хадзіла на курсы, а Карпюк нудзіўся, пакуль яна атрымае вадзіцельскія правы. Нарэшце, правы ў кішэні, дакладней – у жончынай сумачцы, і яна адважылася зрабіць свой першы выезд. А ў гэты час ля варотаў стаяў добра паддаты сусед і невядома як патрапіў пад “Масквіча”. З пераломам рукі яго паклалі ў бальніцу, а Карпюку выпала місія па-добраму дамовіцца-адкупіцца, не дапусьціць да суда. Сышліся на пяцістах рублях, аднак як толькі сябры па няшчасьці ў палаце даведаліся пра змову, пачалі пацьвельвацца: ну й прадзешавіў жа ты, у нейкіх няшчасных пяцьсот рублёў ацаніў сваю правую руку!.. Сусед даў задні ход: менш, чым на тысячу не згаджуся... Карпюк, каб адкараскацца ад суда, і не таргаваўся. А неўзабаве пацярпелы падняў планку і выцыганіў яшчэ пяцьсот рублёў, хоць каб быў суд, пэўна дулю меў бы – сьведкі бачылі, як той па-п’яні з распрасьцёртымі рукамі выскачыў перад самым капотам “Масквіча”, спрабуючы невядома чаму спыніць машыну. Ледзьве выплацілі суседу, трохі супакоіўшыся, вадзіцелька зноў выехала ў горад. Аб’ехала квартал, стала заязджаць у двор, а тут немаведама адкуль наперарэз, проста пад пярэдняе кола памчала неўмаля!.. Ад нечаканкі вадзіцелька разгубілася, замест каб націснуць на тормаз, з жахам хапілася за галаву, ледзь ня страціўшы прытомнасьць. Машына ледзьве сунулася, дзіця штурхнула трохі бамперам і яно кульнулася ў бок, нават не набіўшы гузака, паднялося і пабегла далей, а жонка сказала рашуча і катэгарычна: усё, прадавай да д’ябла гэтую праклятую машыну...
На ёй і насамрэч, мусіць, вісеў нейкі праклён. Ледзьве купіў яе ў Карпюка ашалелы ад неспадзяванага шчасьця выкладчык педінстытуту, як тут жа рашыў пракаціцца да Друскенікаў, і на сёмым кіламетры за горадам ... сутыкнуўся з грузавіком. Сьпідометр тым часам адлічваў толькі саракавы кіламетр... За рамонт узяўся малады хлопец – шафёр. Тры тыдні валэндаўся, даводзячы да ладу, а як закончыў, палічыў, што грэх было б не пракаціцца з ветрыкам... Як на тую бяду і яго пацягнула ў бок Друскенікаў. Ля самай мяжы з Літвой, не даязджаючы да Прывалкі не справіўся з кіраваньнем і ўрэзаўся ў прыдарожнае дрэва. Ды так, што ад машыны застаўся металалом, рамонту не падлягала. А вадзіцелю проста неверагодна пашчасьціла – адбыў толькі гузакамі. Ці то са страху, ці сьвядома (у кішэні была позва ваенкамату аб прызыве ў армію) кінуў разьбітую машыну, падаўся дадому, і пакуль адшукалі ейнага гаспадара, уведалі, што да чаго, вайсковы эшалон з тысячамі новабранцаў ужо недзе падбіраўся да Уралу... Сьпідометр ушчэнт разьбітай машыны не перабраўся і за семдзесят кіламетраў прабегу... Прадаў небарака тэхнічны пашпарт з кучай металу нейкаму мясцоваму Кулібіну, і той з запчастак сабраў новы аўтамабіль. Убачыўшы на гарадзенскіх вуліцах знаёмы нумар, Карпюк з усьмешкай казаў:
– Во, мой “Масквіч” паехаў...
На тым і скончылася ягоная транспартная адысея...
Ён увесь час трапляў у падобныя сумнавата-экстравагантныя, але часьцей за ўсё сьмешныя, камічныя гісторыі. Падазраю, што чалавек з рэдкім адчуваньнем гумару і самаіроніі, Карпюк часам знарок ствараў іх, сьвядома соваючыся ў розныя недарэчныя, паўавантурныя альбо зусім авантурныя сітуацыі, каб па-дзіцячы папрыдурвацца, пацешыцца самому і пацешыць іншых, прыкідваючыся гэтакім цельпукаватым недалэнгам і дзіваком, якіх колісь можна было сустрэць ледзь ці ня ў кожнай заходнебеларускай вёсцы. Іншы раз было цяжка зразумець, ці гэта ён усур’ёз, ці блефуе, ці проста тлуміць галаву. Як з тым жа знакамітым пісьмом маршалу Жукаву, знаходкай і здачай карабінаў, пра што напісаў Васіль Быкаў у “Доўгай дарозе дадому”. Як гісторыя, калі Карпюк зморам узяў ваенкамат, каб накіравалі на доўгатэрміновыя вайсковыя зборы, пасьля якіх належала атрымаць афіцэрскае званьне, і кожны дзень хадзіў у штаб падштурхоўваць, паскорваць прадстаўленьне. А як толькі сказалі, што прадстаўленьне зрабілі, тут жа начапіў лейтэнанскія пагоны, каб “не казыраць усякаму гаўну”. І невядома, ці насамрэч у прысваеньні афіцэрскага званьня яму адмовілі, ці ў штабе сказалі, каб адчапіўся, а самі і ня думалі рабіць ніякага прадстаўленьня... Альбо: на зьдзіўленьне ўсім ён, адукаваны філолаг, вядомы пісьменьнік, мог раптам падкрэсьлена і дэманстратыўна “засакаць” – наеўса, напіўса, нахадзіўса, як гаварылі некалі дый цяпер яшчэ гавораць старыя людзі ў ягонай і іншых вёсках, празваныя “сакаламі”. Карпюк пачаў ня толькі сам ужываць, але ўпарта насычаў гэтым “са” свае творы, перш за ўсё простую мову сваіх герояў, намагаючыся ўвесьці яго ў літаратурны ўжытак. Рэдактараў удавалася пераконваць, але як толькі даходзіла да карэктараў – усе гэтыя ненарматыўныя “са” бязьлітасна вычышчаліся. Але ж такі ўвёў у літаратурны ўжытак сваё фірменнае Карпюкоўскае слоўца – файны, файнае, файная, чым можа пахваліцца ня кожны пісьменьнік...
Неяк выпадкова сустрэў Карпюка ля гасьцініцы “Беларусь”, непадалёк ад якой ён нядаўна атрымаў новую кватэру. Паздароўкаліся, і ён з ходу загадкава, таемна прапанаваў:
– Пойдзем, нешта пакажу...
Не пасьпелі падняцца на другі паверх, як па той бок дзьвярэй ушчаўся тоненькі, злы сабачы лямант.
– Мой ваўкадаў... – усьміхнуўся Карпюк, адмыкаючы ключом дзьверы. – Будзь асьцярожны, ад яго можна ўсяго чакаць...
Як толькі адчыніліся дзьверы, дарогу мне, неймаверна лемантуючы, ашчэрыўшыся, перагарадзіла малюсенькая чорная сучачка гатовая ўпіцца ў нагу, як толькі асьмелюся пераступіць парог.
– Ну, як яна табе? – пераможна глянуў Карпюк. – Гэ-э-э, то не дурная Кайра ў Быкавых, што лашчыцца да кожнага, можна з хаты ўсё вынесьці, а яна і ня гаўкне...
Я пахваліў злую, як аса, малютку, прызнаўся, што ніколі яшчэ ня бачыў такую ліліпутку ў сабачым царстве. Карпюк узяў на рукі сабачку, якая працягвала люта глядзець на мяне і заходзіцца брэхам, нечакана прапанаваў:
– А хочаш, я табе шчанюка ад яе дам?
Я замахаў рукамі: ды няма каму ў мяне глядзець-даглядаць сабаку, нават такога малюсенькага... Маю адмову ён успрыняў зусім абыякава, ня стаў угаворваць, зачыніў сучачку ў адным з пакояў, адкуль яна працягвала заходзіцца, кідаючыся на дзьверы. Мяне зьдзівіла, што ў ягоным хатнім рабочым кабінеце больш чым сьціплая бібліятэка. Злавіўшы мой недаўменны позірк, Аляксей Нічыпаравіч з разуменьнем патлумачыў:
– Я трымаю толькі самае неабходнае і патрэбнае для работы. А то дзеля моды наробяць кнігасховішчаў... – усьміхнуўся сам сабе. – Праз гэта са старым Пестраком у мяне некалі вялікае непаразуменьне выйшла... – і расказаў гісторыю, якую я ўжо чуў ад Быкава...
У кожны свой прыезд у Гародню Піліп Сямёнавіч калі і не спыняўся, то заўсёды наведваўся да Карпюкоў – гаспадыня была дачкой вядомага дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі Цыгільніцкага, таварыша і паплечніка Пестрака, а гаспадара ён любіў за існую заходнебеларускасьць, і, мусіць, за пэўнае падабенства іхніх эгацэнтрычных характараў. У трыццаць дзявятым, калі Пестрака проста з-за турэмных кратаў прызначылі гарадзенскім гораданачальнікам, ён аніяк ня мог спаць на волі, штовечар браў пад паху падушку і накіроўваўся начаваць у турму. Дык вось: сядаюць гаспадар і госьць за стол на кухні, Пестрак дастае са свайго знакамітага пашэрпанага партфеля пляшку, Карпюк ставіць для сябе бутэльку сітра і пацягваюць кожны сваё, вядучы доўгую нетаропкую бяседу. Неяк Піліп Сямёнавіч раптам зацікавіўся Карпюковымі кніжкамі. Прагледзеў уважліва ўсё, што было на палічках, запытаў з несхаваным абурана-пагрозьлівым падтэкстам: