Блакит
Шрифт:
Але вернемся да маёй абкамаўскай адысеі. Адбылося нешта неверагоднае, чаго і ўявіць сабе ня мог – не прайшло і году, а я ўжо і думаць перастаў аб вяртаньні ў газету. Мусіць, заўсёды ў маладыя леты абвостранае амбітнае памкненьне самарэалізавацца, даказаць некаму, а найперш самому сабе, што ты ня лыкам шыты, а найперш – зьдзейсьніць нешта важнае, важкае, дамагчыся як мага большага грамадскага прызнаньня. Тут, у абкаме, – самай высокай і аўтарытэтнай уладнай установе, для таго былі, здавалася па маладосьці і наіўнасьці, найлепшыя ўмовы і магчымасьці. Займеўшы статус афіцыйнай асобы, а з ім – і пэўнае права выступаць ад імя абкаму, атрымаў магчымасьць непасрэдна ўзьдзейнічаць на стан і творчы ўзровень прэсы, перш за ўсё, канешне ж, раённай, бо ўжо твае вусныя ці выказаныя ў аглядах друку на старонках “Гродненской правды” думкі, ацэнкі, заўвагі, прапановы ўспрымаюцца як афіцыйныя, патрабуюць адпаведнага стаўленьня і рэагаваньня. А сваё бачаньне праблемаў, персьпектываў разьвіцьця прэсы, яе падыходаў да
Бадай, самай сур’ёзнай і важнай справай, якую ўдалося зрабіць тады, была арганізацыя абласнога тэлебачаньня. Мо калі землякі-гарадзенцы, сьвяткуючы нейкі надта ж круглы юбілей свайго мясцовага тэлебачаньня, прыгадаюць добрым словам, а не прыгадаюць – такой бяды, ня ў тым справа, галоўнае, што яно адбылося. Калі пачыналі, то ні я, каму па пасадзе належала займацца арганізацыяй тэлестудыі, ні мае начальнікі ня мелі ніякага ўяўленьня, што гэта такое. У Гародні быў, хіба, адзін больш-менш дасьведчаны ў тэхнічных праблемах тэлебачаньня чалавек – Валянцін Дзьмітрыевіч Лапін, якога і прызначылі дырэктарам неіснуючага тэлецэнтру. Яму давялося пачынаць з нуля – і будаваць памяшканьне, і даставаць-выбіваць у Менску, Маскве патрэбнае абсталяваньне, падбіраць, рыхтаваць тэхнічныя кадры. Гэта проста шчасьце, што знайшоўся такі няўрымсьлівы, улюбёны ў тэлебачаньне прабіўны арганізатар, высілкамі якога было зроблена амаль немагчымае. Каб займець адпаведную айчынную тэхніку, трэба было як мінімум за два гады патрапіць у сьпісы усясільнага і непрыступнага маскоўскага Дзяржплану, паколькі абсталяваньне выпускалася паштучна на заводах ваенна-прамысловага комплексу. Айчынная прамысловасьць тады не асвоіла і палавіны патрэбнай тэхнікі, а дэфіцытную валюту для закупу за мяжой трымаў у сваіх руках яшчэ больш непрыступны маскоўскі Мінфін, якому да лямпачкі нейкая двойчы перыферыйная тэлестудыя. Таму чакаць планавай камплектацыі тэлецэнтру раней, чым на пяцігодку – справа безнадзейная, і Лапін стаў дзейнічаць па прынцыпе: са сьвету па нітцы – і голаму кашуля. Праз дасьведчаных людзей у Маскве ён праўдамі-няпраўдамі выведваў, на якіх студыях маецца лішняе ці запасное абсталяваньне, узбройваўся абкамаўскімі і аблвыканкамаўскімі просьбамі-хадайніцтвамі і дапінаў аж да маскоўскага Лапіна – старшыні Дзяржтэлерадыё, чалавека інтэлігентнага, які ня мог адмовіць свайму цёзку, і падпісваў распараджэньні аб бясплатнай перадачы з балансу на баланс Гарадзенскага тэлецэнтру тэхнікі з маскоўскага Астанкіна, Рыгі, Кіева, Вільнюса і г.д.
Будаўніцтвам і тэхнікай пасьпяхова займаўся няўрымсьлівы Лапін, але ня меней складанай задачай было ствараць на голым месцы пры поўнай адсутнасьці кадраў дзеяздольны творчы калектыў. Дырэктарам тэлестудыі выбралі рэдактара ашмянскай раёнкі Якава Ільіча Карабка, які эмацыянальна рукамі-нагамі адбрыкваўся ад прапановы: ды не мая гэта справа, ніякага паняцьця ня маю аб тэлебачаньні, аднак яму нагадалі пра партыйны білет, партыйную дысцыпліну... Карабку далі карт-бланш: шукаць касьцяк кадраў тэлевізійнікаў дзе толькі можа пад гарантыю атрыманьня жыльля. Першым прывёз ён з Вільнюса рэжысёра Ёнаса Дзяргінчуса, які быў там ці не асістэнтам і завочна вучыўся ў інстытуце. Дзяргінчус усім нам спадабаўся, адразу ж атрымаў ордэр на кватэру і з імпэтам узяўся вучыць падабраных самім жа аператараў, асістэнтаў, гукааператараў, мастакоў-афармляльнікаў, настойліва авалодваў беларускай мовай, паколькі вяшчаньне меркавалася весьці па-беларуску. Ён быў неспакойны, творча неардынарны чалавек, мог запярэчыць, паспрачацца ня толькі з Карабком, але і са мной. Неўзабаве ён стаў галоўным рэжысёрам, з першага ж дня фактычна фарміраваў аблічча гарадзенскага тэлебачаньня, адпрацаваў тут ледзь ці ня трыццаць гадоў і зьехаў у Вільнюс, калі Літва стала незалежнай дзяржавай.
Першым тэлежурналістам, які самасеем прыбіўся ў Гародню, быў Іван Тарасюк. Яго пагналі, ці то толькі зьбіраліся пагнаць, за злоўжываньне сьпіртным з нейкай чарговай, здаецца, Брэсцкай тэлестудыі. Ды як кажуць, на бязрыб’і і рак – рыба. Іван кляўся-бажыўся, што больш і глядзець ня будзе ў бок чаркі, а Карабок умеў трымаць такіх у жорсткіх рукавіцах. Тарасюк быў класны тэлевізійны прафесіянал і стаў сапраўдным настаўнікам для маладых газетчыкаў, якія рабілі першыя крокі на ніве тэлежурналістыкі.
Але найбольшая праблема ўзьнікла з дыктарамі-вядучымі. Мужчынскую ролю мог выконваць Тарасюк, а на жаночую прагледзелі сотні пратэндэнтак – ніводная не падыходзіла. Нарэшце, удалося спакусіць добрай кватэрай у цэнтры гораду Веру Шэбеку з рэспубліканскага тэлерадыёкамітэту. Апроч кватэры, якой ёй і не сьвяціла ў сталіцы, у Веры былі складаныя стасункі з начальствам, якое не хацела выпускаць яе на тэлеэкран, трымаючы на радыё. Вера стала тварам гарадзенскага тэлебачаньня, а праз колькі гадоў напаткала суджанага, пераехала ў Маскву, дзе яе ахвотна ўзялі на ЦТ, і неўзабаве на многія гады, аж да ГКЧП, стала ў пары з Кірылавым весьці галоўную
Уся вобласьць з нецярпеньнем чакала разрэкламаванага выхаду ў эфір першай тэлеперадачы з прыгожай застаўкай “Гродна”. І яна зьявілася на экранах тэлевізараў напярэдадні Новага 1970 году. Гэта была прыкметная падзея ў інфармацыйным і культурным жыцьці Прынёманскага краю, творчым хростам і сапраўдным сьвятам для маладога калектыву і, канешне ж, для мяне, каму практычна штодня даводзілася займацца падрыхтоўкай гэтай падзеі. Ні пра які відэазапіс тады ніхто і ўяўленьня ня меў, дыфіцытная кінаплёнка практычна адсутнічала, працавалі толькі ў прамым эфіры. І цудам тэхнікі лічылася прыгнаная з Рыгі сьпісаная старая грувасткая ПТС (перасоўная тэлевізійная станцыя), з дапамогай якой можна было выдаваць у прамым эфіры перадачы з прылеглых да Гародні калгасаў, з вялікіх канцэртных пляцовак гораду. Памятаю, трансьлявалі з Дому палітасьветы канцэрт этнаграфічных самадзейных калектываў больш за сем гадзінаў бесьперапынку, і на дзіва не паступіла ніводнай скаргі на “закрыцьцё” важных маскоўскіх і менскіх перадачаў. Асабліва пацешыла мяне выступленьне кабет і мужыкоў з майго Вострава, якія прасьпявалі самімі ж падпраўленую песьню часоў культу асобы:
Прыязджай таварыш Брэжнеў,
Прыязджай, айцец радной...
З рэгулярным выхадам у эфір абласных тэлеперадачаў набыла свой паўнацэнны зьмест і мая пасада, якая ў штатным раскладзе значылася як “загадчык сектару друку, радыё і тэлебачаньня”, як і “старшыні камітэту па радыё і тэлебачаньні аблвыканкаму”, які ачольваў газетчык Сінілаў у пенсійным узросьце. Паколькі ён займаўся толькі радыё, а ў тэлебачаньне ўпрогся Карабок, старшынём радыётэлекамітэту рашылі прызначыць выпускніка ВПШ, былога сакратара па ідэалогіі са Смаргоні Яўгена Місарэвіча, што вельмі пакрыўдзіла Сінілава, і ён тут жа падаў заяву аб выхадзе, як казалі, на заслужаны адпачынак. Місарэвіч даволі хутка для нежурналіста ўвайшоў у курс справы і зусім не выглядаў у маладым, малавопытным калектыве белай варонай. На пасаду рэдактара грамадска-палітычных перадачаў з Магілёву вярнуўся з набытым вопытам радыйнай работы Мікола Каралёў, які без усялякіх цяжкасьцяў засвоіў тэлевізійную сьпецыфіку, стаў адным з найбольш папулярных тэлевядучых. А восеньню прыехалі тры выпускніцы аддзяленьня тэлебачаньня і радыё факультэту журналістыкі БДУ, дзьве з якіх – Надзея Сакалова і Каця Шрубейка і па сёньняшні дзень вызначаюць твар Гарадзенскага тэлебачаньня.
Праз месяцы тры-чатыры работы ў абкаме адбылася на першы погляд абсалютна непрыкметная, ардынарная падзея, якая, як потым высьветлілася, мела важнае значэньне ў маім далейшым лёсе. Ледзьве належным чынам асвоіўся на пасадзе загадчыка сектару, як ад Грышкевіча па строгім сакрэце даведаўся, што Мікуловіч паклаў на мяне вока і намераны зрабіць сваім памочнікам. Я заявіў, што нізашто не згаджуся, і Грышкевіч падтрымаў мяне. Сталі думаць, як прыстойна адмовіцца-адбрыкацца, не выклікаючы непатрэбнай злосьці і непрыязі ў першага. Вопытны Анатоль Аляксандравіч куды больш, чым я, ведаў характар, звычкі, Мікуловічаву ўчэпістасьць: калі нешта надумае – рэдка калі саступіць. Параіў настойліва трымацца трох пазіцыяў: педаляваць на поўнае няведаньне партыйнай работы – раз, тое, што не пасьпеў як сьлед увайсьці ў курс справы, а тут трэба пачынаць наноў, і такі аргумент на яго заўсёды дзейнічае – два. Па-трэцяе, як мага больш упэўнена і пераканана гаварыць пра сваю любоў да журналістыкі, з якою цяжка раставацца і патрэбен нейкі час, каб абарваць пупавіну... Ну, і мець на прыкмеце адну-дзьве кандыдатуры журналістаў, якіх можна парэкамендаваць – такое пытаньне абавязкова ўзьнікне, калі ён рашыцца адступіцца. Але Грышкевіч папярэдзіў, што з адказам ні ў якім разе сьпяшацца ня трэба, спасылаючыся: маўляў, надта ж сур’ёзная і адказная пасада, трэба падумаць, параіцца і папрасіць пару дзён на роздум – першаму такі сур’ёзны падыход падабаецца. А тут ёсьць на прыкмеце неблагі хлопец – загадчык аргаддзелу ў Сьвіслачскім райкаме партыі Жылінскі, журналіст, партыйную работу ведае. Якраз тое, што трэба. Во і падсунем праз пару дзён – і яму будзе добрае вылучэньне, і мы застанемся пры сваіх інтарэсах...
Праз дзень паклікаў Мікуловіч і пачаў здалёку, распытваючы, як пачуваю сябе на партыйнай рабоце, а потым, сьвідруючы пранізьлівым позіркам, прапанаваў перайсьці да яго памочнікам. Як і раіў Грышкевіч, я шчыра падзякаваў за высокі давер і пачаў адмаўляцца, аргументуючы пункт за пунктам. Ніводзін з маіх аргументаў ён не прыняў усур’ёз, працягваў дапытвацца, чаму ж усё-ткі адмаўляюся быць ягоным дарадцам і памочнікам, нібы здагадваючыся, што нечага не дагаворваю. Крыць было больш нечым, і без усялякай дыпламатыі, шчыра і непасрэдна рубануў:
– Не па мне гэтая халуйская работа, Іван Фёдаравіч...
Ён аж прыўстаў, зьдзіўлены, нават разгублены і, падалося, ня ведаў, як паставіцца, як адрэагаваць на маю ці то недаравальную дзёрзкасьць, ці то недапушчальную нетактоўнасьць.
– Значыць, маё даручэньне чытаць і правіць выступленьні, артыкулы ты лічыш халуйствам? – Ён паглядзеў дапытліва сваімі шэрымі прыжмуранымі вачыма, і для мяне не засталося незаўважаным, што ў іх не было ні асуджэньня, ні злосьці, хіба толькі пульсавала нейкая задзірлівая цікавасьць, а на ягоным трохі асіметрычным твары сьвяцілася лёгкая гарэзна-паблажлівая ўсьмешачка...