Блакит
Шрифт:
Ну і яшчэ адна амаль неверагодная вясёлая гісторыя, як мы “адпомсьцілі” Карпюку – у літаральным сэнсе напаілі найвялікшага і найпрынцыповейшага цвярозьніка. Было гэта на Днях украінскай культуры ў Беларусі, ў рамках якіх да нас на Гарадзеншчыну прыехала вялікая група украінскіх і беларускіх дзеячоў культуры – пісьменьнікаў, кампазітараў, артыстаў. Карпюк яшчэ не выйшаў з апалы ў сувязі з выключэньнем з партыі і Васіль Уладзіміравіч прапанаваў: давай возьмем яго з сабой – то будзе для яго вялікай маральнай падтрымкай. Дамовіліся, што я нічога ня буду казаць начальству, бо не дазволяць, а ён пагаворыць з Карпюком, каб той ня надта высоўваўся. Выступалі ў Мастоўскім раёне. Усё ішло як мае быць, а вечарам наладзілі пачостку па вышэйшым класе пад дубамі на беразе Нёмана. Сталы ломяцца ад адборнай закусі і пітва на любы густ, на кастры варыцца архірэйская юшка. Надвор’е – як па заказу, цёплае і ні камарыка, цішыня такая, што чутно, як плёскаюцца рыбы ў Нёмане ды патрэскваюць кастры. Настрой
– Давай яго напоім, – па змоўніцку прапанаваў Быкаў. – Ты яго пахвалі і дай слова пасьля перапынку, а я яму ў фужэр набухаю...
Карпюк сядзеў з краю, сярод бандурыстак, падтрымліваў тосты фужэрам вады. Васіль Уладзіміравіч падміргнуў: усё зроблена. Звычайна на пачостках рэй вядзе гаспадар, але паколькі мастоўскі першы мала каго з гасьцей ведаў, не настолькі валодаў беларускай мовай, каб на ёй весьці рэй, а сам адчуваў, што па-руску ў такой сітуацыі не зусім будзе правільна, упрасіў кіраваць парадам мяне, як прадстаўніка абкама... Гаспадынькі ў нацыянальных касьцюмах абвясьцілі, што перапынак закончыўся, паклікалі ўсіх за стол, дзе паставілі міскі з пахучай юшкай. Я падняўся і пачаў прачула, унёсла нешта кшталту: во толькі што мы прасьпявалі цудоўную партызанскую песню Алоўнікава, а тут, сярод нас прысутнічае чалавек, які ў гады вайны са зброяй у руках бараніў гэтыя мясьціны – камандзір партызанскага атраду, а зараз выдатны беларускі пісьменьнік Аляксей Нічыпаравіч Карпюк. Я прадастаўляю яму слова і прапаную выпіць за тост Аляксея Нічыпаравіча стоячы і па партызанскай звычцы да дна...
Карпюк так расчуліўся, так разгубіўся, што стоячы, з ледзь ці не поўным бакалам знайшоўся сказаць усяго толькі: “За вас і да дна!” – і двумя глыткамі хлыбуснуў “ваду”. Ад узрушэньня ён, здаецца, адразу і не зразумеў, што глытнуу, толькі, сеўшы на месца, злосна бліскаў вачыма на суседак зьлева і справа. Мы пераглядваліся з Быкавым і аж кісьлі ад сьмеху. Неўзабаве, па ўсім відно было, яго пачало разьбіраць – расчырванеўся, завёў ажыўленую, сьмяшлівую гамонку з суседкамі, а калі і насамрэч настаў час ехаць, заўпарціўся: яшчэ рана, гуляем!
– Аляксей, ты што, ўзяў!? – “зьдзівіўся” Быкаў. – Згубіў сваю антыалкагольную цноту?
– Ат, думаеш, толькі табе можна! – агрызнуўся незласьліва Карпюк. – Дзеўкі, сучкі, наплюхалі ў фужэр, а я, не разабраўшы, глыкнуў...
Васіль Уладзіміравіч, як і я, упершыню бачыў Карпюка такім. І ў гэтым нязвыклым стане той быў вельмі харошы і вясёлы – аж да самага Гродна даводзіў нас да колікаў яўрэйскімі анекдотамі, якіх, аказваецца, ведаў процьму, але я ніколі ня чуў, каб расказваў. Гэта быў першы і апошні выпадак, калі ўдалося ашукаць яго – апёкшыся аднойчы, ён перш, чым выпіць свой фужэр з вадою, заўсёды вынюхваў яго, спрабаваў на язык, нават калі сам адкаркоўваў і наліваў з бутэлькі. А мы былі адзінымі ў Гродне, хто бачыў вялікага цьвярозьніка на падпітку... Але ад вясёлага – да самага сумнага... Як сёньня памятаю, Васіль Уладзіміравіч пазваніў мне 26 мая 2003 году і цяжкім голасам, куды цяжэйшым, чым зусім нядаўна гаварыў з Прагі, сказаў, што прыехаў дадому, трэба зьбегчыся, чакае ўсіх нас траіх (Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законьнікава і мяне) заўтра, у шэсьць вечару. Сказаў, што Сяргею пазваніў ужо, ня можа дазваніцца да Генадзя, прасіў нейкім чынам паведаміць яму. Я сказаў, што той ледзь ці не бязвылазна асеў на дачы, тым ня менш абавязкова забясьпечу ягоную яўку.
– Добра, то заўтра і пагаворым, – тым жа цяжкім астматычным голасам сказаў Васіль Уладзіміравіч і паклаў трубку.
З часоў, як ён перабраўся з Гродні ў Менск, узьнікла завядзёнка зьбірацца ў Быкава і з нагоды нейкіх важных і ня надта важных для яго падзеяў, і проста без усялякай нагоды, калі ўзьнікала патрэба пагаманіць-пабачыцца. Амаль заўсёды ініцыятарам выступаў сам Васіль Уладзіміравіч, асабліва калі вяртаўся з нейкіх замежных вандровак ці, як у апошнія гады, наведваўся дадому з Фінляндыі, Германіі, Чэхіі, дзе вымушаны быў жыць практычна ў выгнаньні. Абзвоньваў і прызначаў час сустрэчы. Раней, калі Генадзь Бураўкін меў “Сівыя коні”, яўку часам прызначалі там ці яшчэ ў некага, але часьцей за ўсё сустракаліся ў гасьціннай і ўтульнай хаце Васіля Уладзіміравіча, дзе шчыравала, як магла, са смачнымі закускамі дабрэйшая Ірына Міхайлаўна. На гэтых “зьбяганках” звычайна бывалі Ніл Гілевіч, пакуль яны, на нашае агульнае засмучэньне, не разышліся з Васілём Уладзіміравічам, калі былі жывыя – Мікалай Матукоўскі, Алесь Адамовіч, зрэдку Уладзімір Караткевіч, ну і нашая тройца. Нейкі час, але нядоўга бываў Анатоль Сульянаў. Не хачу сказаць, што толькі пералічаныя людзі былі адзінымі і найбліжэйшымі ягонымі сябрамі. Мо бліжэй за ўсіх яму быў Рыгор Барадулін і як чалавек, і як непераўзыйдзены майстар паэтычнага слова, да якога ён ставіўся амаль пяшчотна, называў беларускім салоўкам. Аднак Васіль Уладзіміравіч быў чалавек мудры, ня мог ня ўлічваць ну... псіхалагічную несумяшчальнасьць некаторых блізкіх яму людзей. Вельмі
жалобныя дні свой фотаздымак побач з Быкавым (ведай нашых!), зроблены недзе у кулуарах пісьменьніцкага зьезду, але разьвітальнае слова пра Быкава, падпісанае вялікай групай слынных беларускіх пісьменьнікаў, друкаваць адмовілася. Другая літаратурная дама пасьля таго, як Быкаў начытаў старонкі сваёй кнігі ўспамінаў на радыёстанцыі “Свабода”, вырашыла не адставаць, высунулася туды ж са сваімі “мемуарамі”, дзе падала сябе ледзь ці не павівальнай бабкай беларускай дэмакратыі, ледзь ці не душапрыказчыцай Быкава яшчэ з “гарадзенскіх” часоў. Але, як кажуць, Бог ім суддзя...
Толькі, здаецца, аднойчы была парушаная традыцыя зьбегчыся ў Быкава сваёй звыклай кампаніяй. Гэта было ў ягоны папярэдні прыезд з Прагі – вясною 2002 году. Нешта тады не атрымалася – нездаровілася Ірыне Міхайлаўне і падціскаў час з ад’ездам, таму сабраліся ў “халасьцяцкай” на той дзень кватэры Валянціна Тараса, дзе апроч нас траіх, былі Рыгор Барадулін і Міхась Тычына. Васіль Уладзіміравіч быў нейкі заклапочаны, засяроджаны, нязвыкла маўклівы. Нягледзячы на ўсе намаганьні Генадзя і Рыгора, шчырая, з жартамі і пацьвелкамі гамонка, якой яна бывала амаль заўсёды, не клеілася. Выйшлі завідна. Ладны кавалак дарогі па вуліцы Багдановіча ішлі гуртам па нешырокім ходніку. Загаварылі “сепаратна” з Васілём Уладзіміравічам, трошкі адстаўшы ад кампаніі. Ён сказаў тое, чаго мы ўсе трое ад яго даўно чакалі: “Рашыў вяртацца дадому. Во паеду, уладжу там сякія-такія фармальнасьці – і вяртаюся”. І ў ранейшыя свае прыезды ён заводзіў гаворку аб непазьбежным вяртаньні, але гаварыў неяк няпэўна, у гепатэтычным плане, бы толькі для таго, каб ведаць на гэты конт нашую думку. Ён нудзіўся ў эміграцыі, адчуваў там сваю непатрэбнасьць, унімаў настальгію штодзённай катаржнай працай – і над чыстым аркушам паперы, і за кампутарам, які асвоіў на старасьці год. Пра ягоную напружаную працу сьведчыць багаты плён – добрых два тамы мастацкай прозы, дзе і такі знаёмы, і незнаёмы, зусім новы Быкаў, які чакае яшчэ свайго дасьледчыка. Безумоўна, тут, на Радзіме, ён гэтага ня зьдзейсьніў бы. І ён гэта адчуваў, і мы гэта ведалі. З аднаго боку – вымотвала б нервы, псавала настрой, забірала б душэўныя сілы дурная, бязмозгая, нечуваная па нахабнасьці кампанія па шальмаваньню яго, Народнага, Героя, Лаўрэата, сусьветна вядомага пісьменьніка, што ўсчалася ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Па почырку адчувалася рука таго ж рэжысёра і сцэнарыста, які яшчэ ў шасьцідзесятыя гады рабіў кар’еру на цкаваньні маладога Быкава, затым разьдзімаў кадзіла пагромніцкай антыбыкаўскай кампаніі ў Маскве. Кампанія
пацярпела фіяска, але кар’ера на Старой плошчы зробленая была, і ён усё жыцьцё, колькі мог і як толькі мог, паскудзіў Быкаву. Што ж, герастратава слава для людзей такога кшталту – таксама слава. Калі састарэламу адыёзнаму “паліттэхнолагу” адусюль у Маскве далі высьпятка, ён пераехаў у Менск і быў запатрабаваны ў самых высокіх кіруючых сферах. І з другога боку – не давала б ні спакою, ні магчымасьці засяродзіцца на творчасьці розная назойлівая, нахрапістая калялітаратурная, але перш за ўсё – каляпалітычная шалупонь, якой патрэбна было імя Быкава, ягоны аўтарытэт і сусьветная вядомасьць, і злоўжываючы мяккасьцю характару, інтэлігентнасьцю і далікатнасьцю натуры пісьменьніка, яна не жадала лічыцца ні з ягонай занятасьцю, ні з ягоным здароўем...
Той раз ён гаварыў аб сваім вяртаньні дадому як справе для сябе вырашанай канчаткова і беспаваротна. За доўгія гады я ня раз назіраў Быкава, калі ён прымаў прынцыпова важныя для сябе рашэньні – тут ніхто ня мог яго ні ўгаварыць, ні пераканаць, і мяне, як і ўсіх, хто яго добра ведаў, заўсёды зьдзіўляла, як ужываецца ў ім мяккасьць, далікатнасьць, немагчымасьць некаму адмовіць з непахіснай цьвёрдасьцю, рашучасьцю, бескапраміснасьцю, калі справа тычылася ягонага перакананьня, ягоных прынцыпаў. Пачуўшы маё, вядомае яму і раней, станоўчае стаўленьне, якое, канечне ж, ужо не магло мець абсалютна ніякага значэньня, ён патлумачыў:
– Быў сэнс заставацца там, пакуль пісалася. Усё, што планаваў – зрабіў. Зараз, так сказаць, трэба пабыць дома, а там відно будзе...
Генадзь Бураўкін расказваў, што прыкладна тое ж Быкаў казаў і яму. Мы чакалі ягонага вяртаньня летам. Ня ведаю, што ўтрымала яго. Магчыма, гэта быў кампраміс з блізкімі яму людзьмі, якія не падзялялі ягоны намер – хоць і цяжка было на яго ўзьдзейнічаць, але ён быў жывы чалавек. Магчыма, з-за здароўя, якое пагаршалася і пагаршалася і ўрэшце рэшт закончылася страшным дыягназам... Аперыраваць узяліся ў пражскім шпіталі – тым самым, тыя ж урачы, што рабілі складаную анкалагічную аперацыю прэзідэнту Гавелу...