Блакит
Шрифт:
Калі воляю лёсу мы з Быкавым аказаліся суседзямі, то ў яго адпала ўсялякая патрэба званіць мне на работу, сустракаць на шляху з работы, калі спатрэбіцца нешта абгаварыць. Званіў вечарком дадому, падымаўся да мяне ці я
спускаўся двумя паверхамі ніжэй да яго альбо дамаўляліся пагуляць па старажытных вузкіх вулічках – ён вельмі любіў і гэтыя вулічкі, і вячэрнія прагулкі па іх. Колькі гаворана-перагаворана пад час гэтых прагулак па амаль бязлюдных
старых вулічках! Многае забылася, многае прыпамінаецца зусім сьвежа, з усімі характэрнымі інтанацыямі ягонага голасу. Я ніколі не запісваў, ня вёў ніякіх дзёньнікаў – і, што тычыцца стасункаў з Быкавым, ня надта шкадую, бо ўсё
гэта было б ня надта вялікім адкрыцьцём, ня надта значным дадаткам да таго, чым ён жыў, якія жыцьцёвыя, маральныя, палітычныя, літаратурна-эстэтычныя праблемы яго хвалявалі: усё гэта ёсьць у ягоных мастацкіх творах, грунтоўнай публіцыстыцы, якая дзякаваць
Васіль Уладзіміравіч ніколі не гаварыў, над чым канктэтна працуе, баючыся сурочыць. У нейкай меры ён быў не свабодны ад пэўных сялянскіх прымхаў і забабонаў. А што тычыцца рэлігіі – ня быў ні пасьлядоўным прыхільнікам нейкай
адной канфесіі, ні заўзятым вернікам, ні актыўным атэістам – Бог жыў у ягонай душы. З ім іншы раз рабіліся незразумелыя, сапраўды нейкія містычныя рэчы. Прыгадаю ўсяго адну, злавесны сэнс якой высьветліўся толькі пасьля... Васіль Уладзіміравіч ня раз расказваў: амаль заўсёды, едучы за рулём на Вушачы ці з Вушачаў, ля Бараўлянаў з ягонай машынай нешта здаралася – ці матор пойдзе ўразнос, бы нейкая нячыстая сіла раптам пасялілася ў карбюратары, ці наадварот – глухне і ні з месца. Варта адбуксіраваць з кіламетр – і ўсё ў парадку. Ён меркаваў, што ля Бараўлянаў з ім нешта мусіць здарыцца – магчыма якая аўтааварыя... Мо гэта яму падаваў сігнал ягоны знак бяды – хто ведае, бо менавіта ў Бараўлянах закончыўся ягоны жыцьцёвы шлях... Але пра некаторыя свае планы і задумы Васіль Уладзіміравіч гаварыў ахвотна. Многія з іх ён рэалізаваў, іншыя так і засталіся задумамі. Ён неяк казаў мне, што
ўсе гэтыя гады пасьля вайны яго глыжэ маральны абавязак напісаць страшную рэч, у цэнтры якой коні на вайне: чалавек можа схавацца, закапацца ў зямлю, а яны з паадрыванымі нагамі, вывернутымі кішкамі з жахам і дакорам у вачах не адпускаюць ягоную памяць, як кашмары. Не пасьпеў. Ён яшчэ ў Гродне зьбіраўся напісаць аповесьць на сучасную экалагічную тэму, але яна яму ніяк не давалася – чэпка трымала ваенная тэма. Ён прапанаваў мне распрацаваны сюжэт і герояў, запэўніваў, што ў мяне атрымаецца. Я не сьпяшаўся брацца, упэўнены, што рана ці позна, а ён, калі можна так сказаць, выдыхнецца на тэме, адыйдзе ад вайны, сам напіша. Ён адчуваў, ужо тады рабіў крокі, каб трохі адыйсьці ад вайны, але завязваліся ўсё новыя і новыя вузельчыкі, разьвязаць якія ніхто, апроч яго, Быкава, ня мог...
Думаю, варта сказаць пра гарадзенскія кватэры Васіля Быкава, асабліва пра апошнюю, пра якую і вусна, і ў друку нагаворана шмат рознага глупства кшталту: то быццам Быкаў не хацеў яе атрымліваць, яго ледзь ці ня сілком усялілі, каб узяць на кручок, зрабіць ручным і паслухмяным, то – наадварот, нібыта распанеў, прадаўся за шыкоўныя пакоі і г.д.. Гэтая лухта ня вартая была б і выпісанай з ручкі пасты, калі б гісторыя з апошняй гарадзенскай кватэрай Быкава не была павучальнай у сэнсе стаўленьня ўладаў да людзей, што зьяўляюцца гонарам нацыі. Я добра ведаю, што задумвалася і што адбылося з гэтым элітным домам. А задумвалася пабудаваць яго і пасяліць тут усё абласное кіраўніцтва, як гэта здавён рабілі ў Маскве. Праектную дакументацыю здабылі ў Зорным гарадку, дзе на той час было некалькі такіх дамоў для касманаўтаў. “Пасадзілі” касьмічны дом на амаль тупіковай вуліцы Парыжскай камуны ў гістарычным цэнтры, сярод старых прысадаў, на самай высокай у горадзе маляўнічай кручы Нёмана. То было нават па сёньняшніх мерках раскошнае жытло: чатырохпакаёўка – 125 квадратных метраў, ізаляваныя пакоі разьмешчаныя так, што ўвесь дзень не хаваецца сонца, і кожны мае выхад на сваю аўтаномную вялізную лоджыю і г.д. і да т.п., як два туалеты, васемнаццаціквадратнаметровая кухня, на сем квадратаў ванны пакой, агромісты калідор са складной сьценкай у залу – можна любую ўрачыстасьць на персонаў сто спраўляць, убудаваныя ў сьцены шафы і шкапчыкі, нават для вудаў прадугледжана месца. Такога ў Гродне ніхто яшчэ ня бачыў і, натуральна сярод начальніцкага
люду ўсчаўся вялікі ажыятаж і за тое, каб патрапіць у сьпіс абраных, і за прэстыжныя паверхі. Аднак, як толькі змрачнаватая на выгляд дзевяціпавярховая няўклюдная аграмадзіна на 24 кватэры, якую мясцовыя дасьціпнікі тут жа празвалі бункерам, кідка ўпісалася ў гарадскі ланшафт і была падрыхтавана да засяленьня, першы сакратар абкаму Кляцкоў перадумаў сам засяляцца і загадаў: паказаць усе кватэры Быкаву, якую выбера – выпісаць ордэр. А незамужнюю Вольгу Корбут усяліць у трохпакаёўку. Астатнія – аддаць тым кіруючым работнікам, хто мае рэальную патрэбу ў паляпшэньні жылёва-бытавых умоў.
Васіль Уладзіміравіч выбраў чатырохпакаёўку на чацьвёртым паверсе, мне дасталася такая ж двумя паверхамі вышэй. Дакладна ведаю, што кватэру ён ні ў кога не прасіў, заяву напісаў для праформы заднім чыслом па просьбе гаспадарнікаў, калі ордэр на засяленьне і ключы ад кватэры былі ў ягонай кішэні. Ён быў рады атрымаць прасторнае жыльлё, і перш за ўсё таму, што рашаліся ўсе праблемы з ягонай вялізнай бібліятэкай, бо невялічкая кватэра па вуліцы Сьвярдлова ўжо стала нагадваць кніжны склад. І канечне ж, хто ня хоча пажыць па-людску, калі ёсьць такая магчымасьць і калі па вялікім рахунку ты гэта заслужыў? Будаўнічыя недаробкі былі звычайнай і натуральнай зьявай, нават на абкамаўскіх аб’ектах. Гэта сёньня, маючы грошы, можна наняць любую рамонтна-будаўнічую брыгаду, якая зробіць хутка і якасна ўсё, што твая душа пажадае. Грошы ў Быкава тады былі, але не было будматэрыялаў і людзей, якія ўзяліся б усё зрабіць па-людску. Даводзілася даводзіць да ладу сваімі рукамі – бегаць па магазінах, даставаць фарбы, лак, клей, нават крэйду і замазку. Як знаёмыя і блізкія суседзі мы па колькі разоў на дні сыходзіліся, раіліся, кааперыраваліся. Засьведчу толькі, што абсталёўваў сваё новае жытло ён з любоўю, вялікім імпэтам, разважлівай сялянскай самавітасьцю. У адрозгненьне ад сваёй гарадзенскай дачы, якую цярпець ня мог. Ды і да менскай, здаецца, ня меў вялікай любові...
Але не наканавана было яму пажыць-парадавацца ў тых шыкоўных апартаментах (як і мне таксама) – праз нейкіх пару гадоў мы адзін за адным па розных прычынах зьехалі ў Менск. І ўвогуле гэтая кватэра для ягонай сям’і аказалася
нешчасьлівай. Сын Васіль знайшоў сваю палавінку зусім побач – злюбіліся-пажаніліся з дачкой генерала, што жыла ў суседняй трохпакаёўцы. Толькі сышліся, як наваліліся беды – адно за другім сталі паміраць маці, цесьць, цешча. Спрытныя чыноўнікі палічылі, што дзьве кватэры для маладой сям’і гэта ўжо занадта, праўдамі-няпраўдамі выжылі з абодвух у дом па Сьвярдлова, дзе раней жыў Быкаў, прыхапіўшы шыкоўныя кватэры сабе.
У людзей, хто мала ведаў Васіля Уладзіміравіча, меркаваў пра ягоную асобу па фотакартках, відэазапісах, складвалася ўражаньне, што пісьменьнік быў заўсёды строгі, сур’ёзны, пануры, пахмурны, нават злы. Нейк здаралася, што не апыналася побач добрых фатографаў, калі Быкаў быў у гуморы, вясёлы, лагодны, сыпаў жартамі, расказваў розныя сьмешныя гісторыі і здарэньні, у якія трапляў сам ці нехта з блізкіх знаёмых. Асабліва – Карпюк, якога пры ягоным экстравагантным характары заўсёды падпільноўвалі розныя камічныя сітуацыі. Некалькі гэткіх карпюкоўскіх гісторыяў – як той пісаў ліст маршалу Жукаву, езьдзіў у Маскву да генерала Гарбатава ствараць таварыства цвярозасьці, насіў здаваць знойдзеныя карабіны – Васіль Уладзіміравіч уключыў у “Доўгую дарогу дадому”, але пададзеныя ў іншым жанры, яны гучаць тут даволі прэсна ў параўнаньні з тым, як ён вусна апавядаў гэтыя і іншыя шматлікія карпюкоўскія гісторыі. Карпюк ведаў, што Быкаў расказвае пра ягоныя прыгоды, але ніколі не крыўдзіўся, нават быў задаволены, часам нешта ўдакладняў на поўным сур’ёзе – і тое было яшчэ сьмяшнейшым. Шкада, што нікому ў галаву не прыйшло запісаць гэтыя аповяды на магнітафонную стужку – была б арыгінальная, вельмі сьмешная кніжка, мо яшчэ сьмяшнейшая, чым знакаміты ананімны лысагорскі сказ. Памятаю, неяк па дарозе на Воранава, куды мы ехалі з мінскімі гасьцямі, зайшла гаворка пра набыцьцё машынаў і Васіль Уладзіміравіч пачаў расказваць, як Карпюк абзаводзіўся асабістым транспартам – спачатку “Масквічом”, потым веласіпедам, каб быць падобным на Льва Талстога. Мы ўсе аж поўзалі ад сьмеху, а вадзіцель спыніў машыну: “Не магу-у...” А калі трохі суняліся, Быкаў пачаў у тым жа тоне апавядаць пра свае шафёрскія прыгоды – ён толькі што атрымаў правы і аб’язджаў купленага “Жыгуля”. Асаблівыя праблемы ў яго былі з левым паваротам: як ўжо ні стараецца, а матор, як на злосьць, як на якое ліха глухне ўпоперак дарогі, перагарадзіўшы рух. Утвараецца затор, вадзіцелі грузавікоў крыюць мацюкамі, махаюць кулакамі, сёй-той нецярплівы выскоквае з манціроўкай. І падаваў пра свае шафёрскія прыгоды-нягоды з гэтакім гумарам, што каб і хацеў утрымацца ад сьмеху – не зможаш. Як і пра тое, як яго грузіны раз і назаўсёды яго ад радыкуліта вылечылі, кінуўшы спаралізаванага ад болю ў сьцюдзённую рэчку, а потым адпаіўшы і расьцёршы каньяком.
Ён вельмі любіў дасьціпныя сяброўскія жарты, розыгрышы. Неяк ужо ў Менску дамовіліся збегчыся ў Генадзя Бураўкіна ў ягоных “Сівых конях” – так мы ўжарт празвалі ладную ўтульную сталоўку-бакавушку ў былой вялізнай пяціпакаёвай кватэры па вуліцы Захарава. На зьдзіўленьне Быкаў прыйшоў, калі ўсе былі ў зборы. Даруйце, хлопчыкі, кажа, прыпазьніўся – у чарзе прастаяў, новую ж гарэлку выпусьцілі. З найвялікшай цікаўнасьцю чакалі, пакуль ён нясьпешна адчыняў партфель, вымаў пляшку з раскошнай каляровай этыкеткай. Во, палюбуйцеся, кажа, пляшку з рук не выпускае, толькі каб бачылі назву. Недаўменна лыпаем вачамі – “Сівыя коні”!? Пляшка пайшла па руках – на этыкетцы пад назваю драбнейшым шрыфтам: “вушацкая самаробная” і на медалях, як у “Сталічнай” – у кружочкі акуратна ўклеены нашы фізіяноміі, ягоная – таксама... Гэта быў вышэйшы пілатаж. Канечне ж, не адну гадзіну патраціў мастак Быкаў на выраб дасьціпнай этыкеткі, каб парадаваць сяброў вясёлым жартам.