Блакит
Шрифт:
Ягоны апошні прыезд быў даволі неспадзяваным і нечаканым, хоць па-праўдзе кажучы, усе ягоныя прыезды апошнія гады былі нечаканымі – ведалі, што павінен прыехаць, але што ён ужо дома, даведваліся з ягоных званкоў. Як і ніхто толкам ня ведаў, у які час, якім відам транспарту ён адбывае. Упадаў у гэтую кансьпірацыю Васіль Уладзіміравіч не таму, што хацеў абвесьці вакол пальца адпаведныя службы – не такі наіўны ён быў чалавек, каб ня ведаць, што не пасьпее пераступіць дзяржаўную мяжу, як тыя, каго гэта цікавіць, маюць інфармацыю. Не хацеў іншай праінфармаванасьці, пасьля якой на вакзале альбо ў аэрапорце яго сустрэне ці прыдзе праводзіць натоўп ды яшчэ са сьцягамі, плакатамі, чаго ён арганічна не выносіў. Расказваў, неяк выйшаў з ліфта на лесьвічную пляцоўку з чамаданамі – а там ужо
Даволі хутка ўдалося зьвязацца з Генадзем праз ягонага сына Лёшу, і назаўтра з ранку ён пазваніў мне з кватэры. Перагаварылі, дамовіліся, як паедзем, дзе і ў колькі сустрэнемся, і ледзь паклаў трубку і сабраўся набраць нумар Сяргея Законьнікава, як зноў званок ад Генадзя – толькі што Быкаў званіў яму, прасіў перанесьці сустрэчу на заўтрашнюю раніцу, на дзесяць гадзінаў...
Васіль Уладзіміравіч быў рэдкі на цяперашні час чалавек слова, да педантычнасьці дакладны і абавязковы. Калі скажа, што прыдзе – можна не сумнявацца: будзе з дакладнасьцю да хвіліны, прызначыць сустрэчу – практычна ніколі не
бывала, каб адмяніў. Мы зразумелі, што яму кепска, к вечару, пэўна, вельмі стамляецца і ня хоча паказвацца такім перад намі...
Ён, як заўсёды, сам адчыніў дзьверы, сустрэў нас характэрнай шчырай і прыязнай быкаўскай усьмешкай са звычайным радасным воклічам: “Ну, во-о-о, хлопчыкі!” Абняліся-расцалаваліся ў вузкім калідорчыку і, пакуль Ірына Міхайлаўна накрывала стол у зале, запрасіў у кабінет у канцы калідорчыка направа. Тут спакойным, нават трошкі іранічным голасам расказваў і пра “рачка, што завёўся” ў ім, і пра тое, як пагана адчуваеш сябе з урачамі, ня ведаючы тамтэйшай мовы, і пра свой няпросты пералёт з Прагі ў Менск, за час якога ён ды і Ірына Міхайлаўна гублялі прытомнасьць.
Гутарку прадоўжылі ў зале, заняўшы “свае” месцы – ён з Генадзем на канапе справа, мы з Сяргеем насупраць на крэслах. Ірына Міхайлаўна, як заўсёды, прысела на хвілінку на нізенькі зэдлік у тарэц стала, нешта пыталася, але, як і звычайна, ня надта ўмешвалася ў нашу мужчынскую гамонку: пасядзіць – і зноў бяжыць шчыраваць на кухню. Васіль Уладзіміравіч засыпаў нас пытаньнямі – і пра здароўе, і пра нашых сямейнікаў, і пра літаратурныя справы, а больш за ўсё – што робіцца тут, на Беларусі, як тут зблізку мы бачым і разумеем розныя падзеі апошняга часу. Ён выслухоўваў нас і меў свае меркаваньні. Лёс роднай Беларусі заўсёды востра хваляваў і трывожыў яго, нават цяпер, зьняможанага, спакутванага сьмяртэльнай хваробай.
Фізічныя дый, вядома, душэўныя пакуты, немаладыя гады зьнешне зрабілі з яго зусім старога, на той дзень амаль што нямоглага чалавека, што адразу ж кінулася ў вочы. Ён страшна здаў у параўнаньні з тым, якім быў год назад. І ўвогуле ў эміграцыі ён здаў неяк рэзка, абрывіста, асабліва калі памяняў звыклую быкаўскую прычоску “набок”, з якой глядзеўся маладзейшым. А ўвогуле ён заўсёды выглядаў значна маладзейшым на свае гады. Колісь мне, васемнаццацігадоваму, калі ўпершыню ўбачыў Быкава ў сакратарыяце “Гродненской правды”, ён падаўся ледзь не равесьнікам. Дый потым ягоныя аднагодкі старыліся куды хутчэй, чым Быкаў. А зараз ён быў зусім стары, стомлены, змучаны страшнай хворобай чалавек. Але трымаўся малайцом, нават чарачку прыгубіў за кампанію са мной, пацьвельваючыся з Генадзевага і Сяргеевага цьвярозага ладу жыцьця, да якога ніяк ня мог прывыкнуць дый прыняць усур’ёз таксама, хоць сам ужо добрых гадоў з дзесяць не браў нічога, апроч чарачкі сухога віна...
Гадзіны праз тры мы заўважылі, што ён стаміўся, і сталі сьпешна зьбірацца. Ён у адрозьненьне, як гэта бывала заўсёды, на гэты раз не настойваў пабыць яшчэ, выпіць “на дарожку”, не хаваў, што яму хочацца прылегчы, хоць ні словам не абмовіўся
Гэта было наша апошняе “зьбяганьне” ў Быкава з Быкавым. Але не апошняя сустрэча з Васілём Уладзіміравічам. Апошняя адбылася праз няпоўны месяц – 19 чэрвеня, у 79-тыя ўгодкі ягоных народзінаў, якія ён сустракаў у бальнічнай палаце ў Бараўлянах. Мы згаварыліся з Барадуліным, Кудраўцом, Вярцінскім ехаць разам вялікай групай, каб меней стамляць Васіля Уладзіміравіча. Ён ужо не падымаўся, хоць ўрачы, што лячылі яго, былі на той момант настроены вельмі аптымістычна. Урач забараніла заносіць у палату кветкі – яны выклікалі ў Васіля Уладзіміравіча прыступы астмы, якая мучыла яго не адно дзесяцігоддзе. Шматлікія букеты, прынесеныя некім да нашага прыходу, стаялі і ляжалі на стале ў калідоры. Дабавілі да іх свае і запоўнілі палату. Павіншавалі, узялі нават, стоячы, па кілішачку за ягоны дзень анёла і – галоўнае за здароўе. Васіль Уладзіміравіч спрабаваў усьміхацца, але і ўсьмешка, і словы даваліся яму цяжка. Выслухаў аўдыёпасланьне ад Рыгора Бакланава, якое прынёс і ўключыў па прыёмніку Рыгор Барадулін, і ўрач нагадала, што хвораму трэба адпачыць...
Праз тры дні вялікі пісьменьнік і грамадзянін, народны ня толькі па званьні, але і па існасьці, аб чым як нельга лепш засьведчылі ягоныя сапраўды ўсенародная праводзіны, спачыў назаўсёды...
Улады больш за ўсё непакоіла, каб на разьвітаньні і ў Саюзе пісьменьнікаў, дзе была ўстаноўленая труна з целам нябожчыка, і на вуліцах, і на Усходніх могілках не зьявіліся бел-чырвона-белыя колеры. Аднак на разьвітаньні з самым знакамітым Беларусам яны проста не маглі не зьявіцца. І калі, выконваючы волю нябожчыка, на труне Васіля Уладзіміравіча зьявілася нацыянальнае бел-чырвона-белае палотнішча, урадавая камісія на чале з міністрам культуры Гулякам панічна зьбегла. Можна толькі дзіву давацца, але сёй-той у нас стаў шарахацца ад гістарычных нацыянальных колераў, як чорт ад крыжа ці ладана, неўспрымаць іх ледзь ні на астральна-ірацыянальным узроўні...
Бог ім суддзя, але ніхто з кіраўнікоў, афіцыйных асобаў, апроч групы дэпутатаў, сярод якіх былі і Машэрава, Малафееў, ці то не палічыў патрэбным разьвітацца з народным пісьменьнікам, ці то збаяўся наблізіцца да небясьпечных колераў. Прыйшоў народ. Такога, бадай, пасьля пахаваньня Машэрава ў Менску яшчэ не было. Дзесяткі тысячаў людзей прайшлі ў жалобным маўчаньні ля труны Быкава, а потым несьлі яе на руках ад плошчы Перамогі да плошчы Якуба Коласа, запрудзіўшы амаль на ўсю шырыню прасьпект Скарыны. І ў гэтым таксама была сімволіка – шлях ад абаронца Радзімы да класіка літаратуры. Там, на плошчы, чакаў катафалк і аўтобус, адзін, замест дзесяці дамоўленых, і шматтысячная працэсія пад нацыянальнымі колерамі пайшла па прасьпекце аж да Усходніх могілак. Дзякуй Богу за тое, што абразуміў некага не даваць каманды АМАПу...
Бяру з паліцы апошнюю прыжыцьцёвую кнігу Васіля Быкава... “Доўгая дарога дадому”... У чорнай вокладцы, як і чорная дата, што тады няўмольна набліжалася... Ён, фаталіст па натуры, фаталіст ва ўсёй сваёй творчасьці, ведаў, ня меў ніякіх ілюзіяў, адчуваў, што тая дата няўмольна насоўваецца, і чакаў гэтую кніжку, як ніякую іншую (мо хіба толькі некалі першую). Яна была самай асабістай, самай дакументальнай ягонай кнігай, падсумоўвала і творчае жыцьцё пісьменьніка Васіля Быкава, і зямное існаваньне Васіля Уладзіміравіча Быкава як чалавека, як асобы. Ён сам выбраў для яе чорную апратку і быў шчасьлівы, што пасьпеў патрымаць у руках, падпісаць сябрам і блізкім людзям...