Блакит
Шрифт:
Насамрэч яму было што прыгадаць, было што расказаць, прыадчыніць, высвятліць нейкія важныя спружыны і таямніцы, мо нават споведдзю перад намі, маладзейшымі, зняць з душы камень, паспрабаваць апраўдацца, даць магчымасьць паўней зразумець, асэнсаваць і ягоны супярэчлівы час, і яго самога. На вялікі жаль не паспеў... Нібы знарок, нібы па нейкай дзіўнай іроніі лёсу свой апошні аэрадром, свой апошні зямны прытулак ён, ваенны штурман і дзяржаўны дзеяч, знайшоў на ганаровых Усходніх могілках па суседству і ў акружэньні слынных людзей навукі, літаратуры і мастацтва, сяго-таго з якіх ён калі і ня надта любіў, то паважаў, і яны яму плацілі тым жа. Побач зьлева аказаўся легендарны пясьняр Уладзімір Мулявін, непадалёк у суседніх радах Кандрат Крапіва, Уладзімір Караткевіч, Пімен Панчанка, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, а праз нейкіх паўгоду побач, па суседству, справа лёг Васіль Быкаў, затым трошкі далей – Іван Шамякін...
Напачатку нашыя службовыя стасункі з Паўлавым складваліся як нельга лепш. З першага ж дня ён ставіўся да мяне з падкрэсьленай увагай і павагай. Мо таму, што я прыйшоў, можна сказаць, з гушчы жыцьця і з даволі саліднай пасады ў абкаме партыі, дзе меў добрую рэпутацыю і рэальную персьпектыву росту. Добраму стаўленьню, вядома ж, спрыяла, што ў мяне было веданьне ідэалагічнай работы ва ўсёй шырыні ейнага дыяпазону і сістэмы тэле-радыё, што дазволіла амаль адразу ўвайсьці ў курс справы. Канечне ж, і тое, што ўжо было сякое-такое літаратурнае імя, да чаго ён ставіўся паважна, паколькі сам займаўся нялёгкім літаратурным рамяством, намерваючыся стаць паўнацэнным членам Саюзу пісьменьнікаў. Але, бадай, самае галоўнае – умеў даволі прафесійна і гладка выдаваць на гара розныя простыя і аналітычныя даведкі, устаўкі ў даклады і пастановы з ацэнкамі, указаньнямі, канкрэтнымі прапановамі, разьдзелы і цалкам усемагчымыя мерапрыемствы, якія складаліся ледзь ці не штодня, ледзь ці не на кожны чых Генеральнага сакратара, кожную чарговую пастанову
Ды не для таго я сюды ішоў, каб сьлепа, пад казырок выконваць яго самадзейныя выдумкі і завіхрэньні па дратаваньні і без таго ўдратаваных астаткаў беларускасьці. Калі зусім шчыра, то і згадзіўся на гэтую пасаду, каб разам з Генадзем Бураўкіным рабіць беларускае радыё і тэлебачаньне нацыянальнымі, беларускімі, тым больш, што на гэты конт у мяне быў добры абкамаўскі вопыт па амаль поўнай беларусізацыі гарадзенскіх абласных тэле і радыёперадачаў. У мяне накапілася процьма праблемаў і прэтэнзіяў да рэспубліканскага тэлебачаньня і радыё, сярод якіх і незразумелы, дзіўны падыход: мясцовыя перадачы ў Гародні спрэс вядуцца па-беларуску, а выхады на Менск патрабуюць толькі па-руску, быццам бы ўжо гэта і не беларуская сталіца. Во цяпер будзе магчымасьць паставіць усё на сваё месца...
Але і недаацэньваць Паўлава, донкіхотнічаць, лезьці ўлабавую на ражон гэтаксама было б вялікім глупствам, шкодзіла б справе. Абгаварылі з Генадзем, выпрацавалі стратэгію і тактыку нашых паводзінаў. У прыватнасьці: калі Паўлаў пачне браць мяне за горла – буду спасылацца на Бураўкіна: маўляў, гэта ягоная ініцыятыва, ён не палічыў патрэбным узгадняць яе ні са мною, ні з ім, паколькі дэталёва абгаварыў усё з Машэравым... Удакладняць, высьвятляць ня тое што ў Машэрава, а нават у самога Генадзя, выдатна ведаючы, чыя ён крэарэтура і з чыёй ласкі насуперак ягонай волі прыйшоў на гэтую пасаду, мацёры кабінетны воўк Паўлаў нізашто і ніколі не асьмеліцца... Нашыя хітрыкі давалі плён. Сьцяўшы зубы, Паўлаў моўчкі мірыўся з паступовай, крок за крокам беларусізацыяй усіх без выключэньня накірункаў вяшчаньня, публічна не выказваючы сваёй незадаволенасьці, але, адчувалася, усё больш і больш расчароўваючыся ва мне. Першы раз, здаецца, адкрыта, непрыязна наляцеў каршуном пасьля выхаду ў лепшы вячэрні час цыклавой тэлеперадачы “Роднае слова”: ты куды глядзіш?! Што там робіцца?! Што, у гэткі час нельга паставіць нічога больш вартага?!. Я адбіўся даволі спакойна, спаслаўшыся на ўступнае слова патрыярха нашай літаратуры і навукі Кандрата Кандратавіча Крапівы, які вельмі высока ацаніў актуальнасьць і карысьць пачынаньня тэлевізійнікаў. З Кандратам Кандратавічам Паўлаў ня стаў упадаць у спрэчку, а мне загадаў штодня падрабязна дакладваць яму пра ўсё, што робіцца і што мае рабіцца ў тэлерадыёкамітэце. Ніякага сакрэту ў тым не было, і я рэгулярна заходзіў і расказваў яму пра вырашаныя і нявырашаныя праблемы, захады, якія прымаюцца па павышэньні ідэйнага і літаратурна-мастацкага ўзроўню, тэхнічнай якасьці вяшчаньня, усталяваньні патрабавальнасьці і адказнасьці, творчай атмасферы ў калектывах, пра падрыхтоўку новых цыклавых перадачаў. Ён слухаў дзе ўважліва, дзе ўпаўвуха, дзе ўвогуле сумаваў, адчувалася, яго больш цікавіць інфармацыя зусім іншага кшталту, пачынаў пераможна падкідваць нейкія невядомыя мне сумніўнага характару факты, патрабуючы праверыць ці пераправерыць і зрабіць афіцыйнае заключэньне. Для мяне было пытаньнем: адкуль гэта ў яго? Па лініі КДБ ці ад уласных сексотаў, якіх, казалі, мае ва ўсіх рэдакцыях, падведамасных арганізацыях і ўстановах? Натуральна, узьнікла патрэба сустрэцца і пазнаёміцца з аператыўным супрацоўнікам КДБ Валерам Саўчуком, які займаўся Дзяржтэлерадыё. Гэта быў сімпатычны, разумны і вельмі прыстойны хлопец, з якім мы адразу ж знайшлі паразуменьне і агульную мову – у прамым і пераносным сэньсе. Праз некаторы час ён атрымаў павышэньне – узначаліў свой аддзел, які курыраваў ня толькі тэлерадыё, а і ўсе сродкі масавай інфармацыі, таксама творчыя саюзы. А нам вельмі пашчасьціла, што на гэтым месце аказаўся сумленны чалавек. Як і тое, што памочнікам у Генадзя быў былы баявы разьведчык, падпалкоўнік КДБ, а чэкісты, як вядома, ніколі не бываюць у адстаўцы, Мікалай Гаўрылавіч Братушэнка – крыштальна сумленны і прыстойны чалавек, які ня проста падзяляў нашыя погляды і ўсё, што мы рабілі, але ў некаторых сітуацыях быў і сапраўдным нашым, а найперш Генадзевым анёлам-ахоўнікам... Нядаўна прачытаў мемуары аднаго вядомага літаратара. Калі верыць чорным па белым напісанаму, то выходзіць быў толькі адзін чалавек, які па-сапраўднаму дбаў пра беларускасьць, змагаўся за яе ўадзіночку, калі ўсе вакол, нават блізкія сябры не разумелі, заміналі, часам шкодзілі яму і, натуральна, ягонай тытанічнай місіі, ускладзенай на яго самой Гісторыяй, і тым ня менш ён выцягнуў на сваім гарбе ўсё нацыянальнае адраджэньне. Канечне ж, гэты волат, абранец Божы і ёсьць любімы аўтарам галоўны герой мемуараў. Дзіву даешся, як ён не надарваўся... Жарт жартам, але па вялікім рахунку часам непрыкметныя, без аніякіх прэтэнзіяўна гістарычную місію людзі кшталту таго ж Саўчука, Братушэнкі ці затурканых жанчынак-настаўніц роднай мовы непрыкметна, ціха, спакойна і самааддана рабілі для нацыянальнага адраджэньня ня менш, чым некаторыя пратэндэнты на ролю нацыянальных волатаў і месіяў...
Паўлаў, здаецца, ўсімі фібрамі душы ненавідзеў Бураўкіна, і на тое, пэўна, былі падставы. Генадзь для яго быў непапраўны, закаранелы нацыяналіст, можна сказаць, закляты ідэйны вораг, які заўсёды абыходзіў яго на паваротах. Непрыязь да незалежнага і пасьпяховага Бураўкіна ў ім жыла даўно, і сам дакладна ня ведаў, з якіх часоў. Раздражнялі і ягоныя шматлікія артыкулы ў “Правде” па праблемах ідэалогіі, культуры, гісторыі, і тое, што патрапіў прадстаўляць гэтую найсаліднейшую партыйную газету ў Беларусі з падтрымкі і пратэкцыі Машэрава. Саўка ніяк ня мог зразумець, як здолеў, на ягоную думку, чалавек з сумніўным сьветапоглядам уцерціся ў давер, гэтак ачмурыць вопытнага і мудрага Машэрава. Ды не аднаго Машэрава! Яму дазваляецца выходзіць напрамую і вырашаць пытаньні ў Аксёнава, Кузьміна, ня кажучы пра Кісялёва і ягоных намесьнікаў. Цераз ягоную, Паўлава, галаву, без усялякага ўзгадненьня і прапрацоўкі на ягоным узроўні. Па маіх назіраньнях нялюбоў Паўлава да Бураўкіна дзіўным чынам ужывалася з паважным стаўленьнем да яго і яшчэ, здаецца, таемнай зайздрасьцю ва ўсім – і ягонаму таленту, і ягонай рэспубліканскай і саюзнай вядомасьці, і ягонай камунікабельнасьці, абаяльнасьці, уменьню сыходзіцца з людзьмі, і ягонай імгненнай рэакцыі, у любой сітуацыі ня лезьці ў кішэню па слова. Паўлаў не адважваўся канфліктаваць, брацца ў рожкі з ім адкрыта, пэўна, асьцерагаўся ня толькі чарговы раз нарвацца на высокае заступніцтва, але і вострага Генадзевага языка,
Калі гаварыць аб’ектыўна і па вялікім рахунку, то Бог насамрэч не абдзяліў Паўлава вострым розумам, арганізатарскімі здольнасьцямі, публіцыстычным талентам, што прадвызначала яму сьветлую будучыню, добрыя справы, людскую ўдзячнасьць і доўгую памяць. Ды, мусіць, пры гэтай дзяльбе не драмаў і чорт, неўпрыкмет падсунуўшы невыносна-цяжкі характар, з якім няпроста будзе рэалізаваць Богам задуманае. Пэўна, усё жыцьцё, ва ўсякім разе наколькі мог назіраць за ім у час сумеснай работы ў ЦК, ён змагаўся са сваім характарам, рабіў адчайныя спробы ўтаймаваць, зацугляць, узяць пад кантроль грубую, злую, чорную сілу, што расьпірала, рвалася з яго. Аднак яна была непадуладная ягонаму розуму, ягоным добрым памкненьням. Іншы раз неймавернымі высілкамі волі і з дапамогай супакаяльных пілюляў яму ўдавалася браць сябе ў рукі, але толькі на нейкі час, ненадоўга – натура ва ўсёй сваёй нядобрай, злой праяве няўмольна рвалася, вылузвалася наверх, прагнучы наталеньня новай энергіяй... Яна, натура, насамрэч нагадвала садыстку, вампірку, якая пастаянна патрабуе ахвяры, псіхічнай падзарадкі, без чаго пачувае сябе дужа няўтульна, дыскамфортна, хваравіта. У аддзеле пастаянна быў нехта ў ролі Паўлаўскай ахвяры, казла адпушчэньня, над кім ён літаральна зьдзекваўся, і чым ямчэй, балючай удавалася абразіць, растаптаць маральна, прынізіць, зьніштожыць чалавека, тым, адчувалася, ён большую асалоду меў. Гэтыя ахвярапрынашэньні сабе самому рабіліся, звычайна, публічна, для чаго склікаў да сябе ў кабінет усіх, хто быў на месцы, і працягваліся з дня ў дзень, аж пакуль не даламваў, не дабіваў некага, робячы кар’ерны крывапуск, альбо вярбуючы сабе ў сексоты, ці не выбіраў сьвежую ахвяру... На маёй памяці ў аддзеле ягонымі ахвярамі, казламі адпушчэньня, хлопчыкамі для біцьця былі Коля Шоба, Слава Некрашэвіч, Мікола Жылінскі, Мікола Зяньковіч, Генадзь Анціпаў, Васіль Каленчыц, Генадзь Суднік, Віктар Крукоўскі дый іншыя. А трохі раней дык больш за ўсіх Міхась Парахневіч. Не было ў Паўлава ні літасьці, ні элементарнага такту, калі таптаў у гразь, еў поедам, даводзячы да сьлёз мілую і дабрэйшай душы Людмілу Севасьцьянчык, бязрукага інваліда Віктара Кіселя. Канечне, ва ўсіх іх можна было знайсьці нейкія недахопы, прамашкі ў рабоце, але гэта былі пераважна разумныя, прыстойныя людзі з вучонымі званьнямі, літаратурнымі здольнасьцямі. Адны з іх, як добры празаік Міхась Парахневіч, зламаліся, другія, як Мікола Зяньковіч, якога ўзялі ў ЦК КПСС, дзе зусім за кароткі час прайшоў шлях ад інструктара да намесьніка загадчыка аддзелу, выдатна праявілі сябе, пакінулі сьлед і добрую памяць ў іншых калектывах. Мне з першых жа дзён вельмі не падабалася маральныя экзекуцыі Паўлава, як і незразумелым было пакорлівае маўчанне калегаў. Пэўна ж, думаў, адчуваюць свае прамашкі, сваю віну, калі моўчкі згаджаюцца, не супраціўляюцца, не абураюцца, не даюць здачы, не бароняць свой гонар і чалавечую годнасьць... Потым стаў прыглядацца, карыстаючыся добрым стаўленьнем да сябе, іншы раз устаўляў рэплікі, каб зьвесьці на жарт, трохі астудзіць гнеўны імпэт, за што тут жа атрымліваў заўвагу і незласьлівага лёгкага прачуханца. І вось наступіла і мая чарга...
Вэрхал ўсчаўся пасьля прамой трансляцыі футбольнага матча, які ўпершыню на тэлебачаньні з пачатку да канца каментаваў па-беларуску Алесь Камароўскі. Гэта была нечуваная дзёрзкасьць. З самай раніцы тэлефоны ў ЦК аж разаграваліся ад званкоў. То былі пераважна пратэсты, і больш за ўсё ад вайскоўцаў. Званілі і тыя, хто вельмі ўхваляў пачатае, але рабіў заўвагі і прапаноўваў падказаць тэлевізійнікам чыста беларускія аналагі спартыўна-футбольных тэрмінаў. Памятаю, пазваніў нейкі грузін і з акцэнтам на ламанай беларуска-рускай трасянцы стаў тэмпераментна хваліць, напорыста патрабаваць, каб усе перадачы на беларускім тэлебачанні ішлі толькі па-беларуску. Мяне гэта вельмі кранула, даў яму тэлефон Паўлава і папрасіў пазваніць і сказаць усё яму. Такім макарам пераадрасаваў яшчэ некалькі званкоў. Ня ведаю, якая там размова адбылася, але Паўлаў паклікаў не мяне, а майго інструктара Ганну Сьцяпанаўну Лазоўскую, свайго намесьніка Гаўрылу Міхайлавіча Конанава і загадаў тэрмінова рыхтаваць пытаньне на бюро ЦК з аргвывадамі. Назаўтра пошта прынесла і пісьмовыя водгукі. Мо праз кожныя паўгадзіны мы перазвоньваліся па “вяртушцы” з Генадзем, абменьваліся інфармацыяй, узгаднялі і ўдакладнялі нашыя дзеяньні. Мы былі ўпэўненыя, што робім правільна, і не было ні ценю сумненьня, ніякай разгубленасьці ці страху. Генадзь размаўляў з АТК, і той успрыняў усё гэта даволі спакойна і нейтральна, сказаў, што высокапастаўленыя вайсковыя чыны, відаць, з нечае падачы мусіруюць пастаноўку пытаньня на бюро, але ня можам жа мы па кожнай спартыўнай тэлеперадачы зьбіраць бюро. На душы палягчэла...
Пад канец дня ўзбуджаны, змрочны Паўлаў сабраў, хто быў на месцы, на тэрміновую нараду і, махаючы стосам пісем, з ледзь прыхаваным трыумфам у голасе з ходу ў сваёй звычайнай манеры атакаваў мяне поўным наборам абвінавачаньняў, ярлыкоў і лаянак. У мяне была радасьць ад душы ад масы званкоў падтрымкі на тэлебачаньне, пра што толькі-толькі па тэлефоне расказаў Генадзь, і гнеўныя тырады, пагрозы, абразы Паўлава мала краналі, аж сам дзівіўся, наколькі спакойна ўспрымаю іх, быццам тычыліся не мяне ўвогуле, і гэта разьятрывала яго яшчэ больш. Стоячы, размахваў рукамі, крычаў, што не давярае, і дня не намераны трымаць у аддзеле, гразіў адабраць партыйны білет. Гэта было ўжо занадта. Я падняўся, стрымана, але цьвёрда заявіў, што ня ён мне ўручаў партбілет і не яму адбіраць, а ўсе ягоныя абвінавачаньні аблыжныя, несур’ёзныя, сьмеху вартыя, што грубіць абражаць сябе я не дазволю. Ці то ён не разумеў сэнс слова “аблыжны”, ці яно падалося яму надта ж абразьлівым, кранула за жывое, але літаральна ўзарваўся, ледзьве валодаючы сабой ашалела-тупа паўтараў: я табе дам “аблыжны”, я табе пакажу “аблыжныя”!.. Першы раз бачыў ягоныя ашклянелыя, засмужаныя павалокай, налітыя злосьцю вочы, і міжволі працяла незразумелае пачуцьцё, замешанае на нейкім падсьвядомым містычным страху і адначасова спагадзе і спачуваньні яму. А ён не сунімаўся, то пераходзіў на неразборлівы крык, то трохі збаўляў тон, падбіраючы самыя крыўдныя і абразьлівыя словы, відавочна правакуючы мяне на скандал, а я на злосьць яму працягваў заставацца спакойным і стрыманым. Але праз нейкі час не рэагаваць стала немагчыма, і наколькі яшчэ мог спакойна, прапанаваў яму астудзіцца, супакоіцца, спыніць гэты базарны лямант, а затым ужо пагаварыць сур’ёзна, без абвінавачаньняў, па-сутнасьці, як таго вымушае статус нашай саліднай установы. Паўлаў ажно разгубіўся ад такога майго нахабства...
У калідоры адны адкрыта ці неўпрыкмет пад локаць паціскалі мне руку, другія з заклапочаным выглядам разьбягаліся па сваіх кабінетах. Паўлава баяліся, але ня надта паважалі і ў сваім, і ў сумежных аддзелах. Як і ў падведамасных, так і непадведамасных аддзелу прапаганды арганізацыях, ўстановах, творчых саюзах і вучэбных установах, дзе ён меў дурную славу і процьму пакрыўджаных, каму паламаў кар’еру, насаліў, нахаміў – і калі было за што, і без дай прычыны. І яны люта ненавідзелі Паўлава – хто спадцішка, асьцерагаючыся ягоных сексотаў, хто адкрыта і дэманстратыўна, як ягоны намесьнік Васіль Каленчыц, які не хаваў, што згадзіўся пайсьці ў памочнікі да Машэрава толькі з адной мэтай адкрыць таму вочы і зваліць Паўлава. Не пасьпеў...
А ўвогуле гэта дзіўная і рэдкая зьява, калі начальніка цэняць, паважаюць як прафесіянала і ненавідзяць як чалавека. Гэткай дваістай фігурай і быў загадчык галоўнага ідэалагічнага аддзелу ЦК. Мне падабаліся ягоныя публіцыстычныя, сатырычныя творы, феналагічныя нататкі і замалёўкі, якія ён друкаваў пад сваім прозьвішчам у “Полымі”, “Нёмане”, “Вожыку”, “Роднай прыродзе” і іншых выданьнях. Праўда, куды слабейшымі, кволенькімі падаваліся ягоныя спробы ў мастацкай прозе. Ён літаральна расьцьвітаў, калі я часам заводзіў гаворку пра ягоныя творы – і калі хваліў, і калі рабіў нейкія заўвагі. Хацелася яго зразумець, многае дараваць, апроч, канечне ж, беспардоннага хамства ў дачыненьнях з падначаленымі і, найперш, безумоўна, ваяўнічага русіфікатарства, зьняважлівага стаўлення да беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Памятаю, неяк гаварыў па “вяртушцы”, здаецца, з дырэктарам праграм Пятром Каваленкам, натуральна, па-беларуску і ў гэты час падаў голас другі, звычайны гарадскі тэлефон. Як заўсёды, падняў трубку, папрасіў пачакаць хвіліначку, хуценька закончыў гаворку па “вяртушцы”, пераключыў увагу на гарадскі. На дроце быў... Паўлаў! Мо з паўхвіліны ён чуў нашую гаворку, і першае, што сказаў: на каком это ты еще языке разговариваешь?! І ў ягоным зьдзеклівым голасе быў і недвухсэнсоўны напамінак, на якой мове належыць размаўляць у кабінетах ЦК, і непрыхаваная абраза і пагарда да роднай мне мовы. Адказаў яму рэзка, непрыязьнена, з выклікам: а вы што, ужо не пазнаеце мову рэспублікі, у якой жывеце?! Паўлаў зразумеў, што хапіў лішку, спакойным, прымірэнчым голасам павёў гаворку пра нейкую службовую справу. Ні тады, ні цяпер для мяне застаецца неспасцігальным, як чалавек, які дастаткова добра валодае беларускай мовай, піша на ёй свае артыкулы, гумарэскі, фельетоны, памфлеты, замалёўкі і зацемкі для беларускамоўных выданьняў, можа грэбліва ставіцца да яе. Неяк, калі яшчэ ў нас былі добрыя, паважлівыя службовыя стасункі, ён з характэрнай упэўненасьцю і катэгарычнасьцю ўбіваў у галаву мне, недасьведчанаму, што мова – гэта ня больш і ня менш, чым рэлейныя лініі, тэлефонныя правады, радыё і тэлеперадатчыкі, газетная папера, іншыя камунікатыўныя сродкі, а ўсё астатняе – нацыяналістычная балбатня і несусьветнае глупства...