Блакит
Шрифт:
Больш за месяц, мусіць, з падачы Паўлава Бураўкіна трымалі ў чорным целе, ставіліся як да чалавека заведама асуджанага на пазбаўленьне пасады, мо нават выключэньне з партыі, таму на пасяджэньні бюро і іншыя адказныя нарады сталі запрашаць не яго, а ягонага намесьніка Чаніна. Ды па-мойму, гэта зусім, ну калі не зусім, то вельмі мала хвалявала Генадзя. Для нас з ім самым галоўным і важным было, што тэлефонная і пісьмовая пратэстная плынь з кожным днём аціхае, рэзка зьмяншаецца, а праз тыдні два і ўвогуле згасла, усё пачало ўваходзіць у спакойнае рэчышча. Працягвалі паступаць, хіба, толькі патрабаваньні і просьбы як нашых, так і сумежных рэгіёнаў паскорыць трансьляцыю Беларускага тэлебачаньня. Усё гэта былі пытаньні тэхнічных службаў Мінсувязі, Мінбыту і Мінкамунгасу. З дапамогай гэтых лістоў і крытычных сігналаў я стараўся абвастраць праблему, аператыўна знаходзіць прыймальныя рашэньні. Былі, канечне, прэтэнзіі і творчага плану, да іх стараліся ставіцца гранічна ўважліва, рабіць высновы. У цэлым пра беларускую праграму ў тэлегледачоў склалася добрае ўражаньне, аб чым засьведчылі сацыялагічныя службы, многія нашы праграмы па папулярнасьці абыйшлі маскоўскія, а праз колькі месяцаў ніхто і не заўважыў зьнікненьня з эфіру Хрушы і Сьцяпашы, што выклікалі такую хвалю пратэстаў і ледзь не пагубілі беларускую праграму. Былі, вядома, і нашы пралікі – надта ж вялікае мелі жаданьне адразу, неадкладна закалыхваць дзетак на сон нацыянальнымі мелодыямі, нацыянальнымі казачнымі
Неўзабаве ня толькі тэлегледачы, але і начальства зразумела, наколькі добрую і важную справу зрабілі ў рэспубліцы, займеўшы свой незалежны тэлеканал, ужо нават кепска сабе ўяўлялі, як можна было туляцца са сваімі перадачамі па чужых тэлепраграмах, штотыдзень просячы ў першапрастольнай ласкі і часьцей за ўсё атрымваючы па прынцыпу вазьмі Божа, што мне нягожа. Нават Паўлаў, сьцяўшы зубы і праз зубы змушаны быў прызнаць: зрабілі правільна. А што яму заставалася, калі літаральна праз колькі месяцаў з вуснаў Кісялёва на прыёме кіраўнікоў тэлекампаніяў сацыялістычных і нейтральных краінаў, саюзных рэспублік пачуў найвышэйшую ацэнку ня толькі прафесійнай, але і палітычнай дзейнасьці Бураўкіна, які “ўратаваў ягоны, Першага сакратара, і бюро ЦК гонар, мужна прадухіліўшы глупства, якое намерваліся ўчыніць”...
Пасьля гэтакіх ацэнак Паўлаў аціх, палагаднеў, з неўласьцівай раней пачцівасьцю і дружалюбствам пачаў ставіцца ня толькі да Генадзя, але і да мяне, хоць яму часам было цяжка хаваць, што гэтае дружалюбства нацягнутае, робленае...
Я з жахам думаю: а што б сталася з нашай культурай, першымі тады, зусім кволенькімі парасткамі нацыянальнага адраджэньня, каб не было той перамогі, каб Бураўкін адчайна не паставіў на кон сваю міністэрскую пасаду, больш таго – сваё членства ў партыі? Ня ведаю, ня ведаю... Але ж, пэўна, той герой памянёных мемуараў наўрад ці змог бы на сваіх плячах выцягнуць усё нацыянальнае адраджэньне, нават калі тыя плечы былі насамрэч волатаўскія. Па самай просьценькай прычыне – адсутнічала б нацыянальнае тэлебачаньне, а дзе б ён знайшоў, хто б яго пусьціў на такую шматмільённую аўдыторыю для пропаведзі сваіх ідэяў і поглядаў? Ды яшчэ аўдыторую падрыхтаваную спрыяльна ўспрымаць гэтыя пропаведзі. Хто-хто, а я знутры добра ведаю, якія б мастадонты маглі акупаваць тэлебачаньне – не раўня сёньняшнім. Сёньняшнія пераважна прыслужваюць Мамоне, тыя ж верай і праўдай ламалі б хрыбты за ідэю вялікай і непадзельнай... А маладзейшаму чытачу, які проста ня можа зразумець, у чым тое геройства паставіць на кон сваю партыйнасьць, мусіць, варта патлумачыць, што выключэньне з партыі тады было раўназначна, а часам і больш судзімасьці. Асабліва, калі каго, як гэта меркавалася Бураўкіна, выключалі па ідэалагічных, палітычных матывах. Гэта значыла, што раз і назаўсёды трэба забыцца пра ўсялякую службовую кар’еру, паколькі выключаны меў права займаць толькі радавыя і непрэстыжныя пасады, а калі то быў чалавек творчай працы, то падпадаў пад асабліва пільнае і прыдзірлівае вока цэнзуры, перад ім наглуха закрываліся старонкі ўсіх выданьняў. Так што было чым рызыкаваць Генадзю Бураўкіну... Але гэта к слову...
Паўлаў і насамрэч быў непатапляльны, як айсберг. Можна было падумаць, што яму спрыяюць нейкія ледзь ня звышнатуральныя сілы. Толькі ўсур’ёз (пэўна, не без дапамогі Васіля Каленчыца) згусьціліся хмары над ім – казалі, што ягоныя дні зьлічаныя – як менавіта ў гэты час Пётр Міронавіч гіне ў аўтакатастрофе, а Каленчыц захворвае на невылечную хваробу. Ціхан Якаўлевіч, сам былы ідэалагічны работнік, напачатку цярпеў, прыглядваўся да Паўлава, належным чынам ацэньваючы ягоны прафесіяналізм і напорыстасьць, але, казалі, з цягам часу той стаў дакучаць яму сваёй просталінейнасьцю, няўменьнем ладзіць з людзьмі, магчыма, і прымітыўным дубовым інтэрнацыялізмам. З вартых даверу крыніцаў было вядома, што ён зьбіраецца вось-вось памяняць адыёзнага Паўлава, ды зноў нейкае неверагоднае супадзеньне – Кісялёў захворвае і літаральна на працягу некалькіх месяцаў згарае ад невылечнай хваробы... Прысланы Масквой новы гаспадар Мікалай Мікітавіч Слюнькоў і па жалезнай хватцы, і метадах работы, і нават зьнешне – грузнай, каранастай фігурай нечым нагадваў Паўлава. І той адчуў сябе настолькі ўпэўнена, што пачаў ледзь ці не адкрыта ігнараваць АТК, магчыма, адчуўшы, што зноў зьявіўся рэальны шанец заняць ягонае месца. Але над бяскрайняй прасторай вялікай краіны ўсё настойлівей сталі падзімаць сьвежыя ветрыкі пераменаў. Як чалавек крайне прагматычны, з вострым палітычным чуцьцём, Сьлюнькоў разумеў, што час Кузьміна і Паўлава на чале ідэалагічных працэсаў калі яшчэ не прайшоў, то няўмольна мінае. Нягледзячы на элегантную падножку свайму рэальнаму спаткаемцу ў надзеі яшчэ хоць трохі пасядзець у крэсьле сакратара ЦК, АТК не ўтрымаўся. Слюнькоў абыйшоўся з ім крута і бесцырымонна, паклаўшы вока на Івана Антановіча. Ды, мусіць, і гэнага стары хітраван Кузьмін пасьпеў “адстрэліць” даўно, яшчэ на падлёце – Масква на зьдзіўленьне Мікалая Мікітавіча не захацела нават абмяркоўваць усур’ёз Антановіча як галоўнага рэспубліканскага ідэолага. Слюнькоў даручыў Барташэвічу падабраць і папярэдне ўзгадніць з Масквой адну-дзьве кандытатуры. Спатыкнуўшыся на разумным і абаяльным, з сучасным гнуткім мысьленьнем Бураўкіне, якога з нечае падачы забракавала Масква, угледзеўшы ў ім нацыяналіста, той у поўнай адпаведнасьці з уяўленьнямі Слюнькова пра ідэалагічную работу прапанаваў прахадную кандыдатуру першага сакратара Менскага гаркаму партыі Валерыя Пячэньнікава, тэхнара і гаспадарніка да мозга касьці, чалавека, які меў вельмі прыблізнае паняцьце пра ідэалогію, культуру і, здаецца, пакутаваў, люта ненавідзячы работку, якой па іроніі лёсу давялося займацца...
Для вопытнага, перасядзелага на сваёй пасадзе Паўлава гэтае нечанакае, дзіўнае вылучэньне было яўным сьведчаньнем недаверу, мо нават абразай, пляўком у твар. Аднак ён ціхенька ўцёрся, стаў уводзіць у курс справы, нацягваць на пытаньнях ідэалогіі новага шэфа. Не ўтрымаюся ад спакусы працытаваць урывачак з ананімнай сатырычна-гумарыстычнай паэмы, якая тады хадзіла ў рукапісе, а потым, калі добра ўзялася перабудова, друкавалася ў “Вожыку” і выдавалася асобнай кніжачкай неспасьцігальным на сёньняшні дзень 20-тысячным накладам. У ёй з амаль з дакументальнай дакладнасьцю схопленыя рэаліі і перапетыі тых часоў, калі з лёгкай рукі Алеся Адамовіча расейская і сусьветная прэса стала зваць Беларусь антыперабудовачнай Вандэяй:
Хоць настрой Валеры падаў,
Поўз уніз на тармазах,
Выручаў Савелій Паўлаў –
Прапаганды вечны заг.
Дзелавіты і жывучы,
Ён трымаў ад прэсы ніць,
Добра ведаў, як прыжучыць,
Прышчаміць, забараніць.
...................................
Стала моташна Валеру
І падумаў ён:”Аднак
На якую мне халеру
Гэты чортаў кавардак?
Папрасіцца б мне ў адстаўку.
Пенсіённыя дзяды
На чале з жалезным Саўкам
Завядуць мяне куды?”
Ды назад вяртацца позна...
....................................
Адаслаў дзядоў Валера,
Пачасаў пусты прабор:
– А ў іх ёсьць якая мера?
Ці ня будзе перабор?
Супакоіў Саўка: Што ты,
Не трывожся ні аб чым.
Гэта ўсё – мае турботы.
Я ўсё ўзважыў і ўлічыў.
Шмат наперад
Я за гэтулькі гадоў
Перажыў у гэтым доме,
Можа, сто перабудоў.
Косткі мне перабіралі.
А цяпер, скажыце, дзе
Левакі і лібералы?
Я ж сяджу, як і сядзеў.
Я б і сам якога гада
Кулаком гатоў прыбіць.
Толькі нельга мне – пасада,
А нутро даўно сьвярбіць...
Пячэньнікаў шмат што пераняў ад Паўлава, а найперш – уведзеныя ім у вушы ацэнкі той ці іншай ідэалагічнай сферы, характарыстыкі іхнім кіраўнікам і, канечне ж, усім работнікам аддзелу. Ня памятаю дакладна на першым ці ўжо на другім тыдні Пячэньнікаў паклікаў і мяне. Падымаўся паверхам вышэй упэўнены, што новы сакратар ЦК пацікавіцца станам справаў, праблемамі, дасягненьнямі і пралікамі ў электронных сродках масавай інфармацыі, значэньне і ўплыў якіх з кожным днём узрастае ў выніку ледзь ці ня поўнага ахопу тэрыторыі рэспублікі дзьвюмя тэлепраграмамі, дынамічным разьвіцьцём трэцяй музычна-забаўляльнай, рэзкім павялічэньнем продажу насельніцтву тэлепрыёмнікаў, рэканструкцыяй і ўстаноўкай сістэмаў калектыўнага прыёму ў шматкватэрных жылых дамах як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасьці. На маё зьдзіўленьне ні слухаць, ні задаваць нейкія пытаньні ён ня стаў, з месца ўзяўшы ў адміністатыўны кар’ер, самаўпэўненым начальніцкім тонам пачаў выдаваць як ісьціны ў апошняй інстанцыі свае ацэнкі і, мякка кажучы, дзіўныя ўказаньні, распараджэньні. На ягонае глыбокадумнае сьцьвярджэньне, што ўсе недапушчальныя недахопы, пралікі, правалы, якія назіраюцца на тэлерадыё, – вынік кепскага ўзроўню партыйнага кіраўніцтва, якое я ажыцьцяўляю ад імя ЦК. Я запытаў, пра якія канкрэтна правалы ідзе гаворка, але ў адказ ён непрыязна бліснуў вачамі загадаў неадкладна, у трохдзённы тэрмін арганізаваць па аналогіі з будаўнічымі аб’ектамі дзяржпрыёмку кожнай тэле і радыёперадачы так, каб ніводная не магла выйсьці ў сьвет без падпісанага ўсімі членамі прыёмнай камісіі акту. Вядома ж, гэта быў абсурд, поўная недасьведчанасьць, і я паспрабаваў як мага далікатней патлумачыць, што будаўнічыя аб’екты і тэлерадыёперадачы – рэчы непараўнальныя, хоць бы таму, што тэлебачаньне вяшчае 18, радыё 26 гадзінаў у суткі, а, значыць, камісіі спатрэбіцца бяз сну і адпачынку засядаць трое сутак, каб прыняць прадукцыю на адзін дзень. Ён глянуў з недаверам, падазрона, нават варожа і з апломбам пацьвердзіў: табе загадана – рабі, як сказана, а не шукай адгаворак... Вядома ж, гэтага курам на сьмех глупства я не рабіў і рабіць ня думаў, і ён, па праўдзе кажучы, больш не нагадваў пра дурацкую дзяржпрыёмку, але весялей ад гэтага не рабілася. У калідорах, па кабінетах аж душыліся хто ад сьмеху, хто ад прыкрасьці, і кожны імкнуўся як мага хутчэй змыцца адсюль, адчуваючы, што наступаюць іншыя часы. Сяргей Законьнікаў навастрыў лыжы на “Полымя”. Я скурай адчуваў, што таксама, і як мага хутчэй, трэба “рваць кіпцюры” ад Паўлава і Пячэньнікава, бо зараз ужо не ўратуе ні рэкамендаваная АТК дуля ў кішэні, ні смачны мацюк тэт-а-тэт з Паўлавым...
Але куды, калі Паўлаў даўно перакрыў мне кісларод... Дый шчыра кажучы, к таму часу ў мяне начыста адсутнічалі кар’ерныя памкненьні па партыйнай лініі, таму каб і прапанавалі нешта, то хутчэй за ўсё катэгарычна адмовіўся б. Я рабіў сваю справу – і гэтага мне хапала, пачуваючы сябе за сьпіной АТК, як за каменнай сьцяной. Ведаў, што не дадуць у крыўду, і пра будучае пасьля ЦК калі і думалася, то ў нейкай няпэўнай гіпатэтычнай персьпектыве. Калі па-шчырасьці, то толкам і ня ведаў, чаго хацелася б пасьля, апроч мары пра нейкае абстрактнае спакойнае месца ці то ў салідным часопісе, ці то ў ціхай, але не зусім захудалай канторы, дзе можна ўдосталь сабе ў задавальненьне і радасьць папакутаваць над новымі творамі... Цяпер усё памянялася. Паўлаў не праміне скарыстаць недасьведчанасьць Пячэньнікава, каб адыграецца на ўсю поўніцу. Запіхне ў якую газетку, як колісь Міхася Парахневіча, каб штодня з ранку да вечару займаўся рэпарцёрствам ці перапісваў, правіў чужую бядапаможную пісаніну. Зноў вяртацца да таго, на што патраціў столькі сілаў і часу, вытраўляючы з сябе аператыўную газетчыну з яе непазьбежнай сьпешкай, штампамі, трафарэтамі, засушаным стылем, анемічнай бясколернай мовай... Такая персьпектыва жахала мяне і была зусім рэальнай, скурай адчуваў, што ўсё можа адбыцца сёньня-заўтра. Генадзь прапанаваў пайсьці да яго намесьнікам, хоць выдатна разумеў, што гэта ня выйсьце – ён сам рваўся з тэлерадыёкамітэту, ссумаваўшыся па ненапісаных вершах, на якія пры 12-15-цігадзінным рабочым дні, часьцей за ўсё без выходных і сьвяточных дзён не ставала ні часу, ні настрою, ні душэўных сілаў. Тое, што ўдавалася напісаць, засьведчыць і сабе, і людзям: жывы яшчэ “паэтычны курылка”, стваралася на апошнім тыдні водпускаў, калі пасьля лячэньня ці адпачынку ў санаторыі, звычайна, у верасьні зьнікаў у сябе на лецішчы, дзе яго і наведвала паэтычнае натхненьне... Дый абодва мы мелі глыбокае перакананьне, што аптымальны тэрмін знаходжаньня на адным месцы – пяць гадоў, калі службовыя абавязкі і праблемы ўспрымаюцца сьвежа, востра, выконваюцца і рашаюцца з натхненьнем, душэўным уздымам, з жаданьнем шукаць новыя, неардынарныя шляхі і падыходы. Пасьля пяці гадоў неўпрыкмет, паступова губляецца ранейшая вастрыня і сьвежасьць успрыняцьця, нажываецца вопыт, а з ім пачынае адольваць руціна...
Праўду кажуць: нехта губляе – нехта знаходзіць. Галоўны рэдактар “Вожыка” Аляксандр Раманаў за год да пенсіі ўзяў лішку і па-дурному ўчыніў скандал у міліцыі. Назаўтра ж раніцай пра ўсё стала вядома ў ЦК. Каб патушыць ідэалагічна нявыгадны скандал у самым зародку, ня даць яму шырокую агалоску, Раманаву прапанавалі напісаць заяву па ўласным жаданьні, пасьля чаго датэрмінова прызначаць персанальную пенсію, інакш – звальненьне са строгім партыйным спагнаньнем. Словам, нечакана-неспадзявана адкрылася вакансія, якая мяне цалкам задавальняла і на якую я меў нейкае маральнае права. Мусіць, самім лёсам было наканавана... Першы раз мне была прапанова ад Уладзіміра Корбана перайсьці ў “Вожык” рэдактарам у аддзел фельетонаў і пісьмаў яшчэ шаснаццаць гадоў таму. Тады малады рамантык не захацеў засыхаць на менскім асфальце і зрабіў выбар у гушчыні жыцьця намесьнікам рэдактара раёнкі. А праз дзесяць гадоў, калі ўжо меў выдадзеную кніжку сатыры і гумару, настойліва прабіваў маю кандыдатуру сабе ў намесьнікі Аляксандр Раманаў, але з Паўлавай ласкі апынуўся ня ў “Вожыку”, а пад ягоным чулым кіраўніцтвам... Ну, а цяпер, як кажуць, сам Бог казаў, нельга ўпусьціць такую магчымасьць... Дый абставіны складваліся, бы па заказу: Паўлаў зьлёг з нейкай прастудна-расьпіраторнай немаччу ў бальніцу і колькі там прабудзе – невядома, і не скарыстаць сітуацыю было б глупствам. Пайшоў да Аркадзя Русецкага, якога з яўнай падсадкай да Паўлава перавялі з Віцебску першым намесьнікам загадчыка аддзелу, і без усялякіх эківокаў прапанаваў сваю кандыдатуру на “Вожык”. З Русецкім у нас склаліся шчырыя даверлівыя стасункі яшчэ калі ён быў сакратаром гаркаму па ідэалогіі. Філосаф па адукацыі ён ня толькі любіў і цікавіўся літаратурай, але і пісаў цікавыя, глыбокія па зьместу літаратурна-крытычныя артыкулы, літаратураведчыя дасьледваньні, адметныя філасофскім поглядам на творчасьць і творы вядомых пісьменьнікаў-землякоў – Пятруся Броўкі, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і многіх іншых, тых, хто ўжо заявіў пра сябе, і маладзейшых. Ягоныя артыкулы ў скарачэньні ці вынятках друкаваліся пераважна ў абласной газеце. Аркадзь марыў выдаць іх без скарачэньняў асобнай кнігай, падрыхтаваў рукапіс, але аддаваць у выдавецтва ці то з-за сваёй прыроднай сьціпласьці, ці то з-за пасады не рашаўся. Даў мне пачытаць. Артыкулы зрабілі ўражаньне, і я настойліва прапанаваў аддаваць рукапіс у друк. У выдавецтве яго прынялі і тут жа запусьцілі кнігу ў вытворчасьць...