Чтение онлайн

на главную

Жанры

Шрифт:

Дамовіліся, што ён ціха і аператыўна ўзгодніць маю кандыдатуру з Пячэнь­нікавым, Барташэвічам, Сьлюньковым, каб усё вырашыць, пакуль Паўлаў у бальніцы. Словам, назаўтра было атрымана “добра” ад усіх траіх, тут жа падрыхтавалі дакументы, прайшлі субяседаваньне і заручыліся візамі Борыса, загадчыка аргпартаддзелу, Пячэньнікава, Барташэвіча. Барташэвіч, перш чым паставіць сваю візу на праекце пастановы бюро, адправіў Русецкага, а мне сказаў застацца і спытаў:

– Скажы шчыра: цябе гэтыя мудакі выжываюць, ці сам захацеў? А то калі што – завернем...

Я прызнаўся, што сам хачу, і ён размашыста паставіў свой подпіс, дзяжурна папракнуў, што ніколі не заходжу ні з якімі пытаньнямі і просьбамі, настальгічна прыгадаў нашую Мітронаўска-слабодскую вольніцу...

Вярнуўся з дакументамі да Русецкага, толькі разгаварыліся – як званок Паўлава з бальніцы. Аднекуль ён даведаўся – мо нехта сказаў, калі насіў яму сьвежыя газеты, ці ён званіў былой маёй падначаленай, а цяпер ягонай намесьніцы і маёй начальніцы Ганьне Лазоўскай, якая ўжо была ў курсе справы, альбо Пячэньнікаву, і быў страшэнна разгневаны. Крычаў на Русецкага, што той перавышае свае паўнамоцтвы, падседжвае яго, загадваў неадкладна павярнуць усё назад, паколькі гэтага Болтача і блізка нельга пускаць на такую пасаду. Аркадзь адказваў спакойна,

цьвёрда, з годнасьцю, нават дзёрзка. Словам, цягнік пайшоў і Паўлаву ўжо не было дадзена спыніць яго...

У сярэдзіне сьнежня ён выздаравеў, прысутнічаў на чарговым бюро ЦК, дзе моўчкі назіраў за прызначэньнем галоўнымі рэдактарамі “Вожыка” і “Полымя” мяне і Сяргея Законьнікава, якога ён гэтаксама не любіў, абяцаў пераламаць хрыбетнік. Пасьля бюро дагнаў нас на калідоры, павіншаваў поціскам рукі і з яхіднаватай усьмешачкай заўважыў: каго-каго, а мяне вы друкаваць ня будзеце... Мы супакоілі: ды будзем, Савелій Яфімавіч, толькі пішыце...

У першы рабочы дзень новага 1987 году мяне павінен быць прадставіць калектыву “Вожыка” Пячэньнікаў, але ў апошнюю хвіліну даручылі гэтую місію Ганьне Лазоўскай, чаму я быў вельмі рады, хоць бы па самай простай прычыне – яна не нагаворыць глупства. З Ганнай Сьцяпанаўнай мы хораша і дружна працавалі ў сектары, дзе яна была інструктарам, не захацела подлічаць супраць мяне і свайго універсітэцкага аднакурсьніка Генадзя Бураўкіна і перайшла ў спакойны агульны аддзел. А праз няпоўныя два гады вярнулася назад намесніцай Паўлава. Ня думаю, што ён быў у захапленьні, але была жорсткая ўмова – жанчына. І для куратарства сродкамі масавай інфармацыі больш кваліфікаванага і дасьведчанага работніка, чым Ганна Сьцяпанаўна, у рэспубліцы не знайшлося.

Праз тыдні два пазваніў Паўлаў і незнаёмым дружалюбна-зычлівым тонам пацікавіўся, як уваходжу ў курс справы, мо патрэбна якая дапамога. Ніякай дапамогі ад яго мне ня трэба было, і на разьвітаньне Паўлаў папрасіў пры нагодзе зазірнуць да яго, таемна заўважыўшы: ёсьць гаворка... Ціка-а-ва... Нагода заглянуць на чацьвёрты паверх была штодня: мы з Генадзем працягвалі звыкла езьдзіць на абед у цэкоўскую сталоўку – ня столькі з-за якасьці кухні і прыймальнасьці цэнаў, культуры абслугоўваньня, але і магчымасьці сустрэцца, пагаманіць, абмяняцца навінамі. І я ня стаў адкладваць візіт да Паўлава. Сустрэў ён надзвычай ветліва, ледзь ці не як раўню. Пагаманіўшы пра сёе-тое, я чакаў, калі ж ён скажа, чаго я яму спатрэбіўся. Нарэшце, Паўлаў выняў з шуфлядкі пісьмовага стала блішчастую сінюю папапачку і працягнуў: прачытай надоечы і выкажы сваё меркаваньне. У папачцы было некалькі надрукаваных на машынцы з ягонымі густымі праўкамі невялікіх на дзьве-тры старонкі гумарэсак і нізка карацелек. Ён папрасіў прабачэньня, што ня сам даставіў у рэдакцыю, я жартам адказаў, што да гэтакіх, як ён аўтараў, ня грэх зайсьці і галоўнаму рэдактару, паабяцаў сёньня-заўтра прачытаць, зрабіць, калі будуць, нейкія заўвагі.

Гумарэскі і карацелькі былі ніштосабе, але патрабавалася ладная стылёвая чыстка, што я без аглядкі на службовае становішча аўтара зрабіў прыдзірліва і ад душы. Паўлаў, глянуўшы на свой пакрэсьлены рукапіс, сумеўся, папрасіў пакінуць, а назаўтра вярнуў, не адвергшы ніводнае праўкі, зусім шчыра падзякаваў, не прамінуўшы заўважыць, што і не здагадваўся, які я прафесіянал. Словам, неўзабаве ў яго набралася на кніжачку, і я прапанаваў выдаць яе ў нашай “Бібліятэцы “Вожыка”. Паўлаў, адчувалася, і не чакаў ад мяне такога вялікадушнага жэсту – прапанова пазбаўляла яго далікатных закідаў, паўнамёкаў, і ён належным чынам ацаніў маю здагадлівасьць... А галоўны “Вожыка” і сам часопіс сталі каці­равацца ў ЦК як адны з лепшых і кваліфікаваных, а галоўнае – атрымаў магчымаьць друкаваць без аглядкі усё, што захачу, не асьцерагаючыся атрымаць на арэхі ні ад Саўкі, ні ад цэнзуры, якую ўзначаліла разумная і памяркоўная Ганна Сьцяпанаўна Лазоўская.

Тым часам набірала хаду і моц перабудова, і адыёзная фігура Паўлава на пасадзе загадчыка аддзелу прапаганды рабілася вялікім раздражняльнікам. Яго паціху сплавілі на ВПШ, якая нядоўга пратрымалася – рэарганізавалася ў Акадэмію кіраваньня, дзе Паўлаў займеў прафесарскую пасаду. Ягоныя артыкулы нідзе ніхто не хацеў друкаваць. Выключэньнем, хіба, быў “Вожык”, і Паўлаў, які заўсёды сур’ёзна і ўважліва ставіўся да сваёй творчасьці, не хаваў удзячнасьці за разуменьне і маральную падтрымку. І гэтая падтрымка ў цяжкую часіну, адчувалася, была для яго вялікай нечаканкай, як, пэўна, і тое, што ўсе, каму ён добра спрыяў і пасадамі, і выданьнямі, плойма падхалімаў, угоднікаў, сексотаў у імгненьне вока адвярнуліся, як толькі ён перастаў быць ранейшым, усемагутным. Звычайна, ён званіў, пытаўся, калі можна зайсьці, прыносіў і перадаваў мне ў рукі новыя апавяданьні, гумарэскі і карацелькі ў тым ліку, ніколі доўга не заседжваўся, але заўсёды пасьпявалі прыязна пагаманіць, абачліва і далікатна абыходзячы колішнія крыўды і непаразуменьні. Адчувалася, часам яму было ніякавата, але і не хапала ці то характару, ці то такту прызнаць свае мінулыя памылкі, ва ўсякім разе пагаварыць па душах. Я разумеў, што такая гаворка магла б адбыцца, узяўшы для сьмеласьці па чарачцы, але, падобна, ні ён не рашаўся прапанаваць, ні ў мяне не было ніякага жаданьня варушыць былое – хай судзіць Бог... Дзіўна, але неўзабаве ў нас сталі супадаць, а часам былі зусім аднолькавыя погляды і ацэнкі сучасных грамадска-палітычных працэсаў і праблемаў. Але ўжо насамрэч дзіва дзіўнае – ён намагаўся гаварыць са мной па-беларуску і чамусьці пачціва на “вы”. Паўлаў, як і я, пасьля забароны кампартыі, за якую прагаласавала ледзь ці ня ўся партгрупа ў Вярхоўным Савеце, прынцыпова не прымкнуў ні да чыкінцаў, ні да калякінцаў, ні да нейкай іншай партыі, адыйшоў ад усялякай палітыкі. Ён атрымліўваў звычайную рабочую пенсію, адно толькі шкадаваў, што сам літаральна з-пад рукі Машэрава выкрасьліў сваё прозьвішча са сьпісу работнікаў палітасьветы, якім прысуджаліся ганаровыя званьні “Заслужаны работнік культуры”. Тады яно для яго ня мела ніякага значэньня, паколькі персанальная пенсія з адпаведнымі льготамі, а галоўнае – пажыцьцёвым прымацаваньнем да лечкамісіі была забясьпечаная і пасадай, і стажам работы ў партыйных органах. Пры новых уладах яго без ганаровага званьня папросту бесцырымонна выставілі з лечкамісіі. Дарэчы, са мной адбылося нешта падобнае – да 50-цігоддзя “Вожыка” бюро ЦК прыняло пастанову аб прадастаўленьні да званьня “Заслужаны работнік культуры”, якую заўсёды аўтаматычна пацьвярджаў сваім Указам Прэзідымум Вярхоўнага Савету. Але на двары быў ужо 1991 год, Вярхоўны Савет набіраў сілу, амбіцыі, і ягоная, бадай, самая амбітная камісія па адукацыі і культуры, мусіць, рашыла прадэманстраваць

сваю прынцыповасьць: дакуль гэта нейкі ЦК будзе ўказваць нам, каго ўзнагароджваць, і “зарэзала” маю кандыдатуру пад выглядам – хопіць увешваць узнагародамі начальства, трэба адзначаць радавых работнікаў... Знаёмыя хлопцы з аддзелу ўзнагародаў Вярхоўнага Савету настойліва раілі зьвярнуцца да Гілевіча, які ўзначальваў гэтую камісію. Але я падумаў, што персанальную пенсію я ўжо зарабіў – што яшчэ трэба. А да ўсялякіх узнагародаў і званьняў заўсёды ставіўся спакойна, нават скептычна. Да ўсяго добра ведаў высокія ацэнкі Ніла Сымонавіча маёй работы ў “Вожыку”, пра што ён ня раз казваў і публічна, і сам-насам, і ў кампаніях. Ён быў ня толькі наш даўні, актыўны і шаноўны аўтар, але і блізкі мне чалавек, таму зьвяртацца да яго з гэтакай шкурнай і нікчэмнай просьбай было брыдка і агідна. Прыкінуў: на кім жа яшчэ ў рэшце рэшт, як не на сябрах, можна прадэманстраваць сваю прынцыповасьць і дзяржаўную мудрасьць... Бяру ў сьведкі самога Ніла Сымонавіча, што тое недарэчнае непаразуменьне не пакінула ў мяне ні крыўды, ні нейкіх папрокаў, ніколечкі не азмрочыла нашыя прыязныя стасункі. Хоць, вядома ж, на старасьці гадоў было б ня лішнім мець больш-менш прыстойнае медыцынскае абслугоўваньне. Але зноў жа гэта к слову...

Вернемся да Паўлава. Друкуючы напачатку ў часопісе, а потым асобнай кніжкай у “Бібліятэцы “Вожыка” зборнік ананімных палітычна завостраных паэмаў, сярод якіх быў і працытаваны вышэй “Сказ пра Саўку Паўлава і групу хуткага адпору”, я амаль быў упэўнены, што той сьмяртэльна пакрыўдзіцца, аднак і ўявіць сабе ня мог, наколькі ў яго разьвіта пачуцьцё гумару: таленавіты і дасьціпны сказ спадабаўся яму, асабліва характарыстыка “жалезны Саўка” і нічога ня меў супраць публікацыі.

А потым да сьлёз пацешыў Сяргей Законьнікаў, які прачытаў па тэлефоне рыфмаванае пасланьне Паўлава ў адказ на забракаваны ім нейкі слабенькі артыкул для “Полымя”. Мне вядомая толькі адна ягоная паэтычная спроба пяра, і яна вартая цытаваньня:

Калі душой і целам чыст,

То і баяцца нечага...

Вось Болтач, хоць і камуніст,

А з рылам чалавечым”.

Дзякуй, Савелій Яфімавіч... А я па сёньняшні дзень адчуваю незразумелую віну і душэўную няўтульнасьць, што на тым перабудовачным пісьменьніцкім зьезьдзе ў момант, калі мне прысьпічыла выйсьці пакурыць, нехта раптам, спантана высунуўся з прапановай выключыць Паўлава з Саюзу за нанесеную шкоду беларускай культуры, і яна імгненна, без усялякага абмеркаваньня была прагаласаваная. Казалі, толькі пяць ці сем чалавек паднялі рукі супраць і ніхто ня выступіў, не абразуміў захмялелых ад бязьмежнай свабоды людзей, што выключэньне з творчага Саюзу па ідэалагічных матывах ўжо мы праходзілі – ні рэкаменданты, сярод якіх былі надзвычай вядомыя калегі, ні я, каго ніхто ня мог западозрыць у сімпатыях да Паўлава, публічна ня выступілі супраць выключэньня. Потым расказвалі, што шмат хто ў вэрхале і ня надта зразумеў, за што галасуюць – стаміліся ад прапановаў і паправак, якія дарэчы і не дарэчы ледзь ці не штохвіліны вылучаліся з месцаў, але больш ад тых, хто рваўся на трыбуну, патрабаваў неадкладна, з голасу паставіць сваю прапанову на галасаваньне, а калі яна раптам не праходзіла, ледзь ці не за горла браў вядучага, патрабуючы перагаласоўкі. Весьці больш-менш арганізавана пасяджэньне пры такой звышактыўнасьці мог хіба толькі шматвопытны Генадзь Бураўкін. Не адзін я спачуваў спакойнаму і далікатнаму Барысу Сачанку, на долю якога выпала весьці абмеркаваньне і прыняцьце новага Статуту Саюзу пісьменьнікаў, хоць гэтае пытаньне не абяцала ніякіх ускладненьняў – амаль паўгоду праект Статуту рыхтавала сьпецыяльная шматасабовая камісія, якая дасканала вывучыла абноўленыя статуты усіх пісьменьніцкіх арганізацыяў саюзных рэспублік, узяла з іх самае лепшае і вартае. Праект, пэўна, разоў з дзесяць дэталёва і ўсебакова разглядаўся на пасяджэньнях Прэзідыуму Саюзу пісьменьнікаў, быў адпрацаваны і вылізаны да апошняй коскі. Аднак не пасьпяваў Сачанка зачытваць нейкі пункт, як з голасу сыпаліся дзесяткі паправак і прапановаў з патрабаваньнем тут жа паставіць на галасаваньне. Спачатку Барыс спрабаваў тлумачыць, што ўсё гэта не адпавядае канцэпцыі прынятага за аснову праекту Статуту, альбо ўносіць непатрэбную для такога дакументу дэталізацыю, стварае блытаніну, супярэчлівасьць, аднак яго і слухаць не хацелі – стаў на галасаваньне! А праз колькі дзён камісія пачала зводзіць прынятыя прапановы і папраўкі і жахнулася ад непапраўна-супярэчлівая мешаніны, абсалютна непрыдатнай для карыстаньня, і Рада змушаная была наводзіць хоць нейкі парадак у сваім галоўным дакуменьце. Добра, што хоць даўмеліся прыняць такое даручэньне зьезду...

Гэта была нейкая эйфарычная атмасфера ап’яненьня, мо нават ачмурэньня ад нязвыклай свабоды, і пісьменьнікі старэйшага веку пачувалі сябе ў ёй ніякавата, нібыта была іхняя віна, што раней такая дэмакратыя нікому і ня сьнілася, і саступалі ініцыятыву галасістай і крыклівай групцы маладзейшых, сярод якіх асабліва вылучаліся літкансультант Саюзу пісьменьнікаў Алесь Емельянаў і апантаны са стужкай на ілбе, канцы якой матляліся за плячамі, як у матроскай бесказыркі ці яркае ўбранства індзейца, паэт і бард з Новаполацку Сяржук Сокалаў-Воюш. Гэткі разгул свабоды і дэмакратыі быў тады ўнавіну, свабода радавала, натхняла, п’яніла, разам з тым выклікала ў многіх пісьменьнікаў майго веку нейкую неўсьвядомленую трывогу, непрыняцьце агрэсіўнай самаўпэўненасьці і нахрапістасьці маладых рэвалюцыянераў, у якіх пакуль што мех амбіцыяў і жменька амуніцыі. Пэўна, спрацаваў характэрны беларускі інстынкт асьцярогі і абачлівасьці – кандыдатуру Сокалава-Воюша на пасаду кіраўніка пісьменьніцкай арганізацыі правалілі...

Апошні раз бачыліся з Паўлавым у канцы дзевяностых, калі ён прыносіў мне ў “Вожык” свой новы твор – злы памфлет пра Ельцына. Я выказаў рэдактарскае сумненьне ў этычнасьці і тактоўнасьці друкаваньня ў “Вожыку” непачцівага, мо нават абразьлівага для прэзідэнта суседняй дружалюбнай краіны матэрыялу, і ён не пярэчыў, заўважыў толькі трохі расчаравана: надта ж каларытная для сатыры фігура гэты Ельцын... Потым, казалі, ён чарговы раз разьмяняў кватэру на Заслаўскай і зьехаў некуды на ўскраек гораду, не пакінуўшы мне сваіх каардынатаў. Праз колькі гадоў выпадкова сустрэўся з ягоным колішнім цэкоўскім кіроўцам і пачуў, што Паўлаў жыў у Паўночным пасёлку і ня так даўно памёр, аднак гэта аказалася недарэчнай выдумкай. Што ж, ёсьць такая прыкмета: каго зажыва хаваюць – таму наканавана доўга жыць. Дай Божа, каб так! А ня так даўно кіраўнік новаяўленага пісьменьніцкага Саюзу Чаргінец на старонках “ЛіМу” паведаміў пра выхад выдатнай публіцыстычнай кнігі Савелія Паўлава “Осторожно: глобализм!”. Калі меркаваць па назве, падобна, што Паўлаў зноў аказаўся запатрабаваным, зноў прызваны на контрпрапагандысцкую стайню, зноў у свае семдзесят з гакам сеў на надзейнага, аб’езджанага канька. Што ж, як кажуць, у добры шлях...

Поделиться:
Популярные книги

Ведьма

Резник Юлия
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
8.54
рейтинг книги
Ведьма

Комбинация

Ланцов Михаил Алексеевич
2. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Комбинация

Неудержимый. Книга XI

Боярский Андрей
11. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XI

Большая игра

Ланцов Михаил Алексеевич
4. Иван Московский
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Большая игра

Хозяйка Междуречья

Алеева Елена
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка Междуречья

Возвышение Меркурия. Книга 3

Кронос Александр
3. Меркурий
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 3

Восьмое правило дворянина

Герда Александр
8. Истинный дворянин
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восьмое правило дворянина

Идеальный мир для Лекаря 6

Сапфир Олег
6. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 6

Жена моего брата

Рам Янка
1. Черкасовы-Ольховские
Любовные романы:
современные любовные романы
6.25
рейтинг книги
Жена моего брата

Генерал Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
4. Безумный Макс
Фантастика:
альтернативная история
5.62
рейтинг книги
Генерал Империи

Купеческая дочь замуж не желает

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.89
рейтинг книги
Купеческая дочь замуж не желает

Академия

Сай Ярослав
2. Медорфенов
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Академия

Светлая ведьма для Темного ректора

Дари Адриана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Светлая ведьма для Темного ректора

Хроники разрушителя миров. Книга 8

Ермоленков Алексей
8. Хроники разрушителя миров
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Хроники разрушителя миров. Книга 8