Блакит
Шрифт:
Учарнелы, разьятраны Варвашэня вярнуўся ў гаркам, паклікаў Кузьміна, выліў на яго ўсю сваю злосьць і тут жа падпісаў рашэньне аб звальненьні неслуха без прадастаўленьня нейкай іншай работы...
Ды зусім нядоўга прабыў беспрацоўным апальны Кузьмін – роўна столькі, колькі доўжылася тая нечаканая і дзіўная беларусізацыя: Берыю арыштавалі, абвясьціўшы ворагам народу, агентам замежных выведак, і ўсё вярнулася на кругі свая... У сталыя гады, пазнаёміўшыся з абнародаванымі дакументамі пра бурную рэфарматарскую дзейнасьць крывавага Лаўрэнція пасьля сьмерці Сталіна, так і не магу сабе адназначна адказаць, што гэта было: ці насамрэч празарлівае бачаньне, спроба перавесьці стрэлкі з тупіку, куды кацілася краіна, на больш-менш цывілізаваныя рэйкі, ці проста каварная і хітрая палітычная гульня з адзінай мэтай – запалучыць абсалютную ўладу, а потым ужо вядомымі, адладжанымі метадамі ўправіцца і з рэфарматарамі, і з засьвечанымі нацыяналістамі? Хто ж яго ведае, як і куды магло павярнуцца...
Заўзятых беларусіфікатараў тады, канешне ж, не судзілі і не растрэльвалі, а проста паціху адных пазасоўвалі на наменклатурныя задворкі тут на месцы, другіх разам з прэтэндэнтам на першую ролю ў рэспубліцы Зімяніным забралі на малапрыкметныя пасады ў Маскву, а самога прэтэндэнта саслалі на дыпламатычную работу ў Манголію, трэціх адправілі на заслужаны адпачынак. Ніхто з іх так і не падняўся, хіба толькі Зімянін праз колькі дзесяцігоддзяў ужо ў шаноўным узросьце ўсплыў на саюзным партыйным алімпе на нейкіх дзясятых ролях, без членства і кандыдацтва ў палітбюро. А тады беларускую кампартыю, якая адзінай сярод саюзных рэспублік ня вызваліла свайго рускага першага сакратара, абвясьцілі ўзорам палітычнай сьпеласьці і інтэрнацыяналізму, а наймудрэйшым стратэгам і тактыкам прызналі сталічнага першага сакратара Варвашэню. Празарлівага Кузьміна той, вядома ж, вярнуў на ранейшае месца, адкуль і пачалося ягонае службовае ўзыходжаньне. А тая кароценькая, дзіўная беларусізацыя пакінула свой злавесны сьлед. Рускага Патолічава неўзабаве забралі на міністэрскую пасаду ў Маскву, і першай асобай у рэспубліцы ўпершыню стаў беларус
АТК любіў прыгадваць той павучальны эпізод у сваёй біяграфіі, калі трэба было падкрэсьліць неабходнасьць абачлівага стаўленьня да далікатных, непрадказальных і сьлізкіх нацыянальных пытаньняў і праблемаў, дзе асабліва чуйна трэба трымаць нос па ветры.
– Што меў бы, хто ведаў бы сёньня Варвашэню, каб ня тое дурное выступленьне на пленуме? – усьміхаўся пераможна. – А вось навечна займеў вуліцу ў самым цэнтры Менску. Ні адзін з менскіх першых сакратароў пакуль што не ўдастойваўся такога гонару...
У публічных і нават што ні ёсьць прыватных выказваньнях па нацыянальных праблемах, палітыцы і практычных дзеяньнях маскоўскага кіраўніцтва АТК заўсёды быў крайне асьцярожны і абачлівы, зашпілены на ўсе гузікі. Ён пільна сачыў, каб у сваіх, дый ня толькі сваіх, выступленьнях, нейкіх дакументах з выхадам на Маскву прысутнічала дарэчы і недарэчы ўдзячнасьць вялікаму рускаму народу, старэйшаму брату за помач і падтрымку, ня менш пяці цытатаў, вернападданых кіўкоў і паклонаў у адрас “мудрага ленінскага Палітбюро на чале з верным ленінцам, правадыром сусьветнага пралетарыяту на сучасным этапе Леанідам Ільічом Брэжневым”, а потым Юрыем Уладзіміравічам, Канстанцінам Усьцінавічам. Хоць, здаецца, як чалавек разумны, дасьведчаны ён ведаў цану кожнаму гэтаму “вернаму ленінцу”, але не дазваляў сабе і паўнамёкам усумніцца ў прысутнасьці нават тых, каго любіў і каму давяраў. Пэўна, здагадваўся, а мо і ведаў, якія гаворкі пра геніяльнасьць састарэлых і амаразьмелых маскоўскіх правадыроў вядуцца ня толькі ў творчым, навуковым асяроддзі, але і ў калідорах, кабінетах ЦК, выключаючы, хіба, пяты паверх, дзе атабарваліся сакратары ЦК, іхнія памочнікі і сакратаркі і агульны аддзел, які ў бытнасьць Чарненкі непамерна разбух, надзьмуў шчокі, пачаў рэальна прэтэндаваць на пальму першынства ў партыйнай іерархіі. Іншы раз я, а часьцей непасрэдны і эмацыянальны Сяргей Законьнікаў, загадчык сектару літаратуры, “забываліся”, дзе знаходзімся, і выдавалі ў кабінеце АТК тое, да чаго прызвычаіліся ўжо нашы вушы, і тады сакратар ЦК напалохана глядзеў па баках і папярэджваў, што нас слухае Нікулкін (тады старшыня КДБ). Мы недаўменна паціскалі плячыма: а што такога крамольнага, антыпартыйнага, антысавецкага мы гаворым?.. АТК незласьліва гразіўся пальчыкам, казаў, што з КДБ лепш ня мець справы. Перад гэтай арганізацыяй у яго жыў нейкі містычны страх, хоць былы баявы штурман і ў вайну, і ў мірны час на сваёй высокай пасадзе быў не з палахлівага дзясятку, бадай, адзін з кіраўнікоў рэспубліканскага ўзроўню, членаў бюро ЦК, асьмельваўся апаніраваць, часам вельмі рэзка і жорстка самому Машэраву, выказвацца пра яго, ня дужа хвалюючыся, што праслухоўвае Нікулкін, сьведкам чаго міжволі і не міжволі быў і я. Асабліва, калі на два месяцы стаў ягоным памочнікам заместа Зіновія Прыгодзіча, прызванага на камандзірскія курсы ў так званую Мардасаўскую (па імені начальніка гэтых курсаў) дывізію, праз якую мусіў прайсьці кожны вайсковаабязаны наменклатуршчык ва ўзросьце, здаецца, да сарака пяці гадоў. Яна разьмяшчалася ў мікрараёне Зялёны луг на скрыжаваньні вуліцаў Славінскага і Каліноўскага, дзе зараз атабарылася прэстыжная вайсковая вучэльня. У свой час, калі быў яшчэ ў Гарадзенскім абкаме, і я весела пракантаваўся тут два вясновыя месяцы...
У памочнікаўскія абавязкі ўваходзіла быць заўжды пад рукою ў шэфа, штораніцы ўзгадняць і планаваць ягоны працоўны дзень: нагадаць, што засталося “вісець” з учарашняга, пазаўчарашняга, дзе яму абавязкова трэба быць сёньня, прадстаўляць сьпіс, хто і з чым рвецца на прыём, узгадніць, каго паклікаць, з кім пагаварыць і што каму сказаць па тэлефоне ці пры сустрэчы ад ягонага імені, каго дапусьціць, а каго і блізка не падпускаць да ягонага кабінету, прыдумваючы розныя, аж да фантастычных прычынаў, і перш за ўсё спасылаючыся на неймаверную занятасьць сакратара ЦК. Ну і, канешне ж, даводка да кандыцыі розных дакументаў і бясконцых варыянтаў ягоных важных і зусім дзяжурных выступленьняў. Прыходзіў ён, звычайна, у восем-палове дзявятай і адразу ж клікаў мяне: ну што там у нас на сёньня? Неяк толькі распачаў дакладваць, як рэзка і патрабавальна завурчэў тэлефон, голас якога ня зблытаеш ні з якім іншым – прамы ад Машэрава. Адразу ж у іх пачалася гаворка на даволі высокіх танах, і я палічыў тактоўным хуценька рэціравацца з кабінету, аднак АТК рашучым жэстам спыніў, паказваючы пальцам на крэсла ля прыстаўнога століка: сядзі! Я не зусім разумеў сутнасьць іхняй гэтакай нярвовай гаворкі, але быў зьдзіўлены, уражаны, што АТК здольны так пярэчыць самому Машэраву – ня проста пярэчыць, а зацята брацца з ім у рожкі. Неўзабаве пачуўся характэрны гук і частыя кароткія гудкі, што сьведчыла – Машэраў на паўслове паклаў трубку. АТК выразна, бы шукаючы падтрымкі, разьвёў рукамі: во, бачыш і прыпаліў чарговую цыгарэту. А праз хвіліну шумна адчыніліся дзьверы і ў кабінет рашучым, лёгкім крокам нават не зайшоў, а ўляцеў пачырванелы ад узбуджэньня Машэраў – высокі, стройны, як заўсёды, элегантна апрануты. Не паздароўкаўшыся, ён глянуў на мяне выразна, і мяне бы ветрам выдзьмула з кабінету. Шчыльна прыкрыў за сабой двайныя дзьверы, аднак яны толькі скажалі, а не глушылі іхнія галасы на высокіх нотах. Гаспадыня прасторнай прыёмнай Алена Фёдараўна затрывожана пыталася вачыма: з-за чаго гэта яны там? Што ж здарылася?! Я ведаў ня больш, чым яна, паціснуў плячыма... Не хвалюйся, супакоіла яна, ці першы раз яны так!.. І насамрэч неўзабаве галасы сталі аціхаць, а праз нейкі час адчыніліся дзьверы і ў прыёмную выйшаў Машэраў у суправаджэньні АТК. Яны прыпыніліся, спакойна і памяркоўна працягваючы гаворку, нібы атрасаючы рэшткі нядаўняга ўзбуджэньня...
І ўвогуле тады ніяк ня мог зразумець і па сёньня ня маю адказу, чаму надзвычай асьцярожны і абачлівы ў характарыстыцы маскоўскіх правадыроў АТК дазваляў сабе незалежныя, часам зусім крамольныя ацэнкі менскіх высокіх чыноў, не выключаючы і самога Машэрава, якога любіў і паважаў, аднак гэта не замінала апаніраваць яму. Нават пры падначаленых, сьведкам чаго я быў неаднаразова, АТК не хаваў свайго скептычнага стаўленьня да многіх пачынаньняў Машэрава – як усчатая масавая нарыхтоўка галінкавага корму, як татальнае вынішчэньне балотаў, як так званая матыльковая дыпламатыя з верталётнымі палётамі і пералётамі і г.д. І тут чамусьці ня надта клапаціўся пра вынікі ад магчымых вушэй Нікулкіна ці ад нечыіх даносаў. Пэўна, усё гэта ён выказваў у вочы Пятру Міронавічу. Памятаю, неяк у добрым гуморы ён нечакана завёў са мной даволі філасофскую гаворку пра чалавечыя слабасьці, найзаганьнейшымі з якіх лічыў угодніцтва, лізаблюдства. А потым на маё зьдзіўленьне задумліва і скрушліва сказаў: страшная гэта рэч... Во Пётр Міронавіч, нашто ўжо, здаецца, моцны, прынцыповы, разумны, а часам клюе, з ходу заглытвае самы што ні ёсьць прымітыўны, пячорны падхалімаж... Ці ўзяць тваіх пісьменьнікаў... Аднак нехта зайшоў у кабінет, і гаворка перапынілася. Вельмі шкада, бо ніколі больш да гэтай тэмы Аляксандр Трыфанавіч не вярнуўся, хоць я ня раз рабіў такія спробы – АТК быў чалавек настрою, у ягонай галаве ўвесь час раіліся думкі, ідэі, ён лёгка губляў усялякі інтарэс да таго, што яшчэ зусім нядаўна дужа хвалявала і клапаціла яго ці здавалася надзвычай важным, адметным і дасканалым. Ад таго, пэўна, і ягоныя бясконцыя праўкі і варыянты сваіх і чужых тэкстаў. Гэтыя бясконцыя і бясплённыя стылёвыя пошукі дасканаласьці, мусіць, і не далі магчымасьці напісаць свае, думаю, вельмі цікавыя і карысныя ўспаміны, за якія ня раз браўся, крэмзаў, выкідваў, зноў браўся, зноў заходзіў у тупік.
Ня ведаю за што, але да мяне ён заўсёды ставіўся вельмі прыязна, амаль па-бацькоўску, як і да значна маладзейшага Сяргея Законьнікава, з кім прыйшлі мы ў апарат ЦК амаль адначасова, з розьніцай у некалькі месяцаў. Мо таму, што абодва мы былі ўжо больш-менш вядомыя літаратары, а да пісьменьнікаў у АТК быў асобны піітэт і павага. Дый ня толькі ў яго як сакратара ЦК па ідэалогіі. Статус пісьменьніка ў грамадстве тады быў надзвычай высокі, творцы карысталіся аўтарытэтам, іх паважалі, шанавалі, да іхняй думкі, іхняга слова прыслухоўваліся. Таму ўлады стараліся ставіцца да творчых людзей уважліва, дзе трэба падтрымаць, дзе трэба прыручыць, дзе трэба прыкарміць, дзе трэба прыжучыць. Апошняе амаль заўсёды рабілася прымітыўна. Як судовы працэс над Даніэлем і Сіняўскім, знакамітыя антыдудзінцаўская, антыпастэрнакаўская, антысалжаніцынская кампаніі ў Маскве, з падачы і ініцыятывы ўсё той жа Масквы шальмаваньне Быкава. У нас пры Машэраве і Кузьміне ганебная антыбыкаўская кампанія паціху-памалу зьвялася на нішто, а Быкаў атрымаў належнае і заслужанае ўганараваньне, хоць ні на ёту не саступіў ад сваіх перакананьняў і прынцыпаў, стаў знакавай, культавай фігурай на Беларусі. Гэта потым улада, якая любіць абвяшчаць сябе народнай, фактычна выціснула народнага пісьменьніка ў эміграцыю. І яшчэ факт: Беларусь тады была адзінай у Саюзе рэспублікай, дзе ў навуковым і творчым асяроддзі абышлося без працэсаў над дысідэнтамі. Вядома ж, пры жаданьні можна было раздзьмуць не адно кадзіла... Чыя тут большая заслуга – кіраўніка рэспублікі, галоўнага ідэолага ці таго ж Нікулкіна, які, кажуць, быў вельмі прыстойным чалавекам? Пэўна, усіх трох. Але ў першую чаргу, вядома ж, Пятра Міронавіча, які ў адрозьненьне ад усіх сваіх папярэднікаў і спадкаемцаў на гэтай высокай пасадзе ўмеў браць на сябе адказнасьць, вельмі многае рашаць самастойна без аглядкі на Маскву, патрабаваць ад першапрастольнай лічыцца з ягонай думкай, ягонай пазіцыяй, інтарэсамі рэспублікі, ні да каго не падлізваючыся, прынцыпова адвяргаючы ўсе карупцыйныя сувязі і повязі, што пышным кветам буялі на прасторах метраполіі. І праз гэта рабіўся ўсё больш і больш чужым сярод сваіх, а ад чужакоў, як вядома, рана ці позна пазбаўляюцца, асабліва калі яны пачынаюць выклікаць рэальную небясьпеку. І тады, і сёньня праз чвэрць стагоддзя мала хто верыць у афіцыйную версію нібыта абсалютна выпадковай аўтааварыі на чыстай дарозе, што абарвала ягонае жыцьцё. Надта ж шмат вытыркоўвалася і працягвае вытыркоўвацца нестыковак,
З Пятром Міронавічам за два гады работы ў ЦК пад ягоным кіраўніцтвам мне не даводзілася сутыкацца настолькі, каб ён асабіста ведаў мяне. Як ўжо казаў, я нават не патрапіў на абавязковую гаворку да яго пры залічэньні ў штат апарату ЦК, якая мяне запэўнівалі абавязкова адбудзецца пасьля, пры зручным выпадку, але такога выпадку так і не надарылася. Пэўна ж, ён ведаў, што ёсьць работнік з такім прозьвішчам – праглядваў асабовую справу, падпісваючы пастанову бюро аб прызначэньні, а потым маё цэкоўскае пасьведчаньне. Дакладна ведаю толькі, што ён аднойчы зьвярнуў на мяне пільную ўвагу на нейкай нарадзе, куды я прыпёрся з Гародні без пінжака, у льнятой кароткарукаўцы і сярод публікі, спрэс апранутай у модныя тады неймаверна белыя нейлонавыя кашулі, пад якімі макрэе сьпіна нават у прахалоднае надвор’е, і чорныя пінжакі з такімі ж чорнымі вузенькімі нейлонавымі гальштукамі выглядзеў непачцівай белай варонай, пачуваў сябе ледзь ці ня голым. Зладзюкавата прыладкаваўся за нечай даволі масіўнай сьпіной збоку ў перадапошнім радзе, каб не калоць вочы прэзідыуму, а найперш Машэраву. І вось ён зьявіўся з-за кулісаў, а за ім – гуськом астатнія члены бюро. Машэрава не прынята было сустракаць уставаньнем. Ён уважліва агледзеў залу, спыніў позірк на мне, ад чаго я аж уціснуўся ў крэсла, усьміхнуўся, падалося, нават падміргнуў з разуменьнем, зьняў пінжак і гальштук, якія падхапіў падасьпелы з-за кулісы памочнік. І тут жа, як па камандзе, пад вясёлы шумок у зале сьпешна пачаў пазбаўляцца гальштукаў і вызваляцца з пінжакоў увесь прэзідымум, прыладжваючы іх ззаду сябе на сьпінкі крэслаў, і амаль адначасова ўсчаўся ўсеагульны шумны рух у зале. Пётр Міронавіч моўчкі цярпліва чакаў, а на ягоным твары лунала характэрная машэраўская гарэзьлівая ўсьмешачка, здавалася, ён вось-вось гатовы быў пырснуць вясёлым сьмехам...
Кажу пра гэты малазначны забаўны выпадак, каб яшчэ раз прыгадаць народную мудрасьць: які поп – такі і прыход. Людзі заўсёды імкнуцца быць падобнымі на свайго куміра, а падначаленыя – свайго кіраўніка, незаўважана, міжволі пераймаюць ягоныя звычкі, ягоны стыль. Магчыма, і ў АТК паважнае стаўленьне да пісьменьнікаў, увогуле да творчых людзей сыходзіла ад Пятра Міронавіча, які меў ня столькі службовую, колькі чалавечую, духоўную патрэбу бачыцца, гаварыць, выслухоўваць іх і ў фармальнай абстаноўцы на зьездах ці важных пленумах, дзе лічыў патрэбнай і абавязковай сваю прысутнасьць, і знаходзіў час без усялякай затрымкі і валакіты прымаць любога творчага чалавека, які папросіцца, у сваім рабочым кабінеце, і сустракацца ў нефармальных абставінах у час традыцыйных творчых семінараў на Нарачы, і бываць на выставах і ў майстэрнях мастакоў. Ад блізкіх да яго людзей ведаю, што ў Машэрава была партэба калі ня ўважліва чытаць, то праглядваць ледзь ці ня ўсё, што выходзіла з-пад пяра беларускіх літаратараў. Пра аўтараў і іхнія творы ён меў сваю дакладную і даволі прафесійную думку, але амаль ніколі не выказваў яе, каб не навязваць нікому, тым больш абвяшчаць яе ісьцінай у апошняй інстанцыі. Выключэньнем была, хіба, ягоная станоўчая ацэнка літаратурный вартасьці ананімнай паэмы “Сказ пра Лысую гару”, што распаўсюджвалася ў машынапісных і ад рукі перапісаных копіях. Ці то ўсур’ёз, ці то каб уведаць рэакцыю ейных герояў, прапанаваў надрукаваць “Сказ” у “Вожыку”, аднак, як і варта было чакаць, яны ўзмаліліся: не трэба! Канечне ж, станоўчы водгук Машэрава тут жа ахаладзіў гарачыя галовы, якія намерыліся кваліфікаваць таленавіты твор як дысідэншчыну, нелегальшчыну, кінуць усе сілы адпаведных органаў на пошук аўтара, каб найстражэйшым чынам пакараць яго.
І яшчэ Пётр Міронавіч меў звычку сумнявацца ў сваім першым уражаньні ад прачытанага твору, праз нейкі час вяртаўся да яго наноў і, бывала, каардынальна мяняў ранейшую думку. Пра гэтую Машэраўскую рысу ўзгадвалі многія старэйшыя пісьменьнікі, у прыватнасьці Іван Антонавіч Брыль у сваёй апошняй прыжыцьцёва выдадзенай кніжцы “Парастак”. Машэраў з найвялікшай павагай і пашанай ставіўся да пісьменьніцкай і ўсякай іншай творчай працы, саміх творцаў, што не магло заставацца па-за ўвагай і ня ўлічваць гэта чуйнай на любы начальніцкі чых чыноўнай браціі. Пісьменьнікі, і ня толькі плацілі Пятру Міронавічу тым жа. Я не сустракаў ў творчым асяроддзі людзей, якія казалі нешта кепскае пра Машэрава, таілі крыўду ці злосьць. Як і ў кожнага чалавека, у Пятра Міронавіча былі свае любімыя аўтары, блізкія яму як людзі, хоць гэтага ён намагаўся не выказваць уголас, публічна. Калі меркаваць па цытатах і спасылках на сучасную беларускую літаратуру ў ягоных прамовах і дакладах, якія, ведаю, заўсёды рабіліся толькі пры ягоным асабістым удзеле, то найбліжэйшымі па духу яму былі Пятрусь Броўка, Кандрат Крапіва, Пімен Панчанка. Для нас у апараце ЦК не было сакрэтам, што Першы нават імя яшчэ жывога тады мудрага патрыярха і класіка нашай літаратуры Кандрата Кандратавіча вымаўляе з нечуванай для начальства гэтакага рангу пачцівасьцю. Як і амаль свайго равесьніка Пімена Панчанкі. Але асабліва цёплыя, мо нават сяброўскія пачуцьці былі ў яго да земляка і цёзкі Петруся Броўкі. Гэта ён ўгледзеў у немаладым ужо паэце незапатрабаваны арганізатарскі талент, неўтаймаваную энергію, жалезную гаспадарніцкую хватку і рашыў скіраваць іх на рэалізацыю сваёй маштабнай задумы – пачаць з нуля, на голым месцы грандыёзную нацыянальна-культурніцкую справу, якая паставіць беларусаў у шэраг найбольш культурна-разьвітых нацыяў: у гранічна кароткі тэрмін ажыцьцявіць падрыхтоўку і выданьне першай шматтомнай універсальнай нацыянальнай энцыклапедыі. Напачатку, кажуць, Пётр Усьцінавіч вельмі аднекваўся, спасылаючыся на свой пенсійны ўзрост і літаратурныя планы, але адмовіць Пятру Міронавічу ня мог, і закасаўшы рукавы ўпрогся ў новую, незнаёмую справу, нават не падразраючы, што яна стане найгалоўнейшай місіяй ягонага жыцьця. Толькі з ягонай кіпучай энергіяй, інтуіцыяй дасьледчыка і літаратурным аўтарытэтам, уменьнем браць адказнасьць за гранічна магчымае на той час аб’ектыўнае асьвятленьне самых вострых, заблытаных афіцыйнымі вульгарызатарамі і загнаных у цянёты ідэалагічных табу праблемаў і слынных імёнаў айчыннай гісторыі, культуры, грамадскай думкі. Пад кіраўніцтвам Броўкі створаны ім малады, таленавіты калектыў энтузіястаў ледзь ці не на адным дыханьні на высокім навуковым узроўні, пра што сьведчыць ацэнка сьпецыялістаў ААН, якія прызналі першую беларускую нацыянальную энцыклапедыю адной з лепшых і дасканалых у сьвеце, ажыцьцявіў насамрэч падзьвіжніцкую культурніцка-асьветніцкую місію. Канечне ж, без усялякага перабольшаньня можна сказаць, што яна была б немагчымай без пастаяннай увагі, падтрымкі і ўсебаковай дапамогі Пятра Міронавіча – на Украіне, дзе раней за нас узяліся за выданьне аналагічнай энцыклапедыі, за гэты час пасьпелі падрыхтаваць толькі няпоўныя тры тамы. Калі Броўку зваліла страшная хвароба, Машэраў ледзь ці не штодня наведваўся да яго ў палату падтрымаць маральна, рабіў усё магчымае, каб паказаць хворага паэта лепшым медыцынскім сьвяцілам, арганізоўваючы лячэньне ў элітарнай Крамлёўцы і Барвісе, знайсьці патрэбныя лякарствы за мяжой. Ня толькі мне кінулася ў вочы, як шчыра і як глыбока перажываў Пётр Міронавіч Броўкаву сьмерць, бы адчуваючы нешта падсьвядома-фатальнае асабістае. Ён сам паехаў на Усходнія могілкі, доўга хадзіў самотна, прыглядваючы найбольш прыдатнае для Броўкі месца, і загадаў капаць дол там, дзе канчаецца шырока-парадная цэнтральная алея, раздвойваючыся, разьбягаючыся пад вострым вуглом: хочаш-ня хочаш, а завітаўшы на могілкі, ніяк не абмінеш Броўкаву магілу. А праз нейкія паўгоду зусім непадалёк, не даходзячы якіх-небудзь сто метраў, наканавана было легчы на свой вечны спакой і яму, Пятру Міронавічу...