Чтение онлайн

на главную

Жанры

Шрифт:

У кабінеце Машэрава бывалі, бадай, усе вядомыя і ня надта вядомыя дзеячы літаратуры і мастацтва. Ён умеў слухаць і прыслухоўвацца да іхніх часам нязвыклых для вуха думак і ацэнак, унікаў у іхнія праблемы і патрэбы, стараўся, наколькі гэта было магчыма, дапамагчы ці падтрымаць. Дакладна ведаю, што без ягонай падтрымкі не пабачылі б сцэны многія, калі не бальшыня, актуальныя і сьмелыя па тым часе п’есы Андрэя Макаёнка. Дакладна ня маю сьведчаньняў, але ведаючы парадкі і норавы ўладных калідораў, ёсьць падставы меркаваць: без “маўчаньня”, “няведаньня”, “незавастрэньня ўвагі” Машэрава наўрад ці ўсе без выключэньня новыя аповесьці Васіля Быкава былі б апублікаваныя ў рэспубліцы. А гэта адкрывала ім шлях на саюзную і сусьветную арэну, а найперш дык спрыяла адоленьню цэнзурных бар’ераў і рагатак у Маскве. І яшчэ: вельмі сумняваюся, што абачлівы і асьцярожны АТК толькі па ўласнай ініцыятыве, бяз ведама Першага рашыўся інкогніта на сустрэчу з апальным Быкавым у Гародні – хто-хто, а ён выдатна ведаў, як працуюць людзі Нікулкіна... І думаю, ня без нейкім чынам удзелу Машэрава многія сацыяльна-вострыя, на мяжы фолу творы Пімена Панчанкі, маладзейшых Генадзя Бураўкіна, Анатоля Вярцінскага, іншых аўтараў не патрапілі ў разрад дысідэнцкіх і антысавецкіх. Пётр Міронавіч надзвычай рэўніва клапаціўся і дбаў пра высокі маральны аўтарытэт творчых людзей, глыбока перакананы, што пісьменьнік ў беларусаў, як і ва ўсіх славянаў, паняцьце значна большае, глыбейшае і шырэйшае, чым проста літаратар, спрыяў, каб яны мелі належныя ўмовы для сваёй творчай работы. Члены творчых Саюзаў мелі права на васемнаццаць квадратных метраў лішку жылой плошчы пад рабочы кабінет. Дый увогуле ніхто з творчых, таленавітых людзей надта не бяздомнічаў, не абіваўся па чужых кутках. Творчым Саюзам пастаянна выдзялялася жыльлё і па лініі гарвыканкаму, і з розных ведамасных фондаў. Па распараджэньні Машэрава каля дзесяці працэнтаў кватэраў у найбольш камфартабельных і прэстыжных дамах, якія будавала Кіраўніцтва справамі ЦК, выдзялялася дзеячам літаратуры і мастацтва – варта

заглянуць у старыя, дый апошні даведнік Саюза пісьменьнікаў: колькі там хатніх адрасоў пазначана дамамі па вуліцы Пуліхава, Захарава, Маркса, Янкі Купалы, Кульман. Ці прайсьціся і паглядзець, колькі мемарыяльных дошак з імёнамі слынных дзеячоў культуры прымацавана на фасадах некалі самых прэстыжных цэкоўскіх дамоў. Пётр Міронавіч быў перакананы, што нашая беларуская літаратура, нашыя пісьменьнікі заслужылі мець свой сучасны і прасторны дом, дзе будуць па-хатняму зьбірацца, абмяркоўваць свае надзённыя праблемы, сустракацца з чытачамі, праводзіць творчыя вечары і г.д., лічыў сорамам кіраўніцтва рэспублікі, што яны яго ня маюць. Нягледзячы на маль неадольныя цяжкасьці з уключэньнем падобных аб’ектаў у план падрадна-будаўнічых работ, які фарміравала Масква, Машэраву з ягоным аўтарытэтам кандыдата ў члены Палітбюро ўдалося “зачапіцца”, пасьля чаго не даваў нікому спакою, ад падмурка да ўстаноўкі вітражоў і абсталявання залаў, кабінетаў, трымаў будаўніцтва па-асабліваму ўтульнага Дому літаратара ў цэнтры гораду пад сваім асабістым кантролем. Ён сам урачыста адкрыў пісьменьніцкі дом, уручыўшы кіраўніку Саюзу сімваліч­ны ключ на права вечнага карыстаньня, падмацаванае рашэньнем Саўміну аб бязвыплатнай перадачы аб’екту на баланс, чытай – у поўнае распараджэньне і ўласнасьць Саюзу пісьменьнікаў... І, пэўна, у труне перавярнуўся Пётр Міронавіч ад прыкрасьці і сораму, калі сёньняшні гаспадар ягонага кабінету бесцырымонна, адным росчаркам усемагутнага пяра забраў у пісьменьнікаў іхні Дом ды яшчэ і змусіў плаціць непасільную арэнду свайму Кіраўніцтву справамі, каб праз нейкі час былых гаспадароў разам з унікальнай бібліятэкай, архівамі, дзе захоўваюцца асабовыя справы ўсіх класікаў нашай літаратуры, пачынаючы з Купалы і Коласа, іншымі дзелавымі паперамі і дакументамі, многія з якіх мелі значную гістарычную вартасьць, выкінуць на вуліцу ў літаральным сэнсе, засяліўшы вызваленыя плошчы камерцыйнымі структурамі, якія спраўна плоцяць даніну Кіраўніцтву справамі... Падобнай цынічнай экспрапрыяцыі ўласнасьці грамадскай творчай арганізацыі не адбылося ні ў адной постсавецкай рэспубліцы...

Але вернемся да АТК. На сёньняшні розум, дык нават дзіўна, што гэты, здавалася, дэнацыялізаваны, без хоць якога-кольвек адчування сваіх нацыянальных каранёў чалавек раптам пранікся павагай і любоўю да беларускай літаратуры, культуры і ейных творцаў. Ці ягоная рускасьць была паказной, каньюктурнай, ці павага і любоў не да канца шчырымі, ці... Ён быў чалавек разумны, цёрты наменклатурны калач з вострым палітычным чуцьцём і ўменьнем трымаць нос па ветры, і ня мог не разумець, што ў галоўнага ідэолага проста няма іншай альтэрнатывы, як сьледаваць прыкладу Першага. Ведаць бы, што было тады прадметам і прычынай іхніх бурных і нярвовых спрэчак-сутычак!..

Пасьля сьмерці Машэрава АТК цяжка было хаваць, што пачувае сябе даволі няўтульна, дыскамфортна. Падобна, ён разгубіўся, страціўшы звыклыя арыенціры і стрыжань, стаў кідацца ў крайнасьці, дапускаць недаравальныя для яго памылкі. Як выступленьне перад партактывам з першай адкрытай, публічнай крытыкай Машэрава за перабольшаньне ролі партызанскага руху і прыніжэньне ролі Чырвонай арміі ў вызваленьні Беларусі. Канечне, было тое перабольшаньне, але час для крытыкі выбраў абсалютна непрыдатны – яшчэ ня ўлёгся боль страты, а Пётр Міронавіч і пасьля сьмерці працягваў заставацца і ў народзе, і ў партактыву абсалютным аўтарытэтам, таму крытыка была ўспрынятая з недаўменьнем і прыкрасьцю, а бестактны выпад былога паплечніка расцэнены як спроба дагадзіць, выслужыцца перад новым Першым, які ня меў дачыненьня да партызанкі. Асабліва прыкрым было гэтае выступленьне для тых, хто прымаў удзел ці ведаў аб падрыхтоўцы вялікага артыкулу з асэнсаваньнем і ацэнкай партызанскага руху на Беларусі, суаўтарамі якога выступалі Машэраў і Кузьмін. Недзе за месяцы два да трагедыі АТК даваў мне гэты больш чым на восемдзесят старонак машынапісу тэкст з просьбай прайсьціся па стылю, што я і зрабіў найдобрасумленьнейшым чынам. Матэрыял падаўся мне надзвычай цікавым – доказным, пераканаўчым, з мноствам невядомых фактаў. Шкада, што ён так і застаўся неапублікаваным. І вельмі сумняваюся, што абачлівы АТК пастараўся, каб артыкул патрапіў у партыйны ці дзяржаўны архіў. Але калі і насамрэч рукапісы не гараць, то яшчэ можна спадзявацца... Думаю, гэта было б калі не сенсацыйнай, то вельмі цікавай знаходкай...

Калі АТК бываў у добрым настроі, іншы раз яму проста карцела расказаць, мо трошачкі пахваліцца, які ён мудры і тонкі псіхолаг, апаратны гулец экстра-класу. Мусіць, з гадамі ў кожнага зьяўляецца такая патрэба, асабліва ў тых, хто з-за сваіх высокіх пасадаў застаюцца абдзеленымі шчырымі сяброўскімі стасункамі. Канечне ж, было б найвялікшым нахабствам сьцьвярджаць, што я быў на кароткай назе з АТК, але, як ужо казаў, сам ня ведаю чаму ён заўсёды ставіўся да мяне прыязна, яму падабалася разважліва, неназойліва, з намёкамі, паўнамёкамі даваць мне, маладому, урокі мудрасьці, часьцей за ўсё на прыкладзе свайго багатага жыцьцёвага вопыту, падміргваючы: маўляў, глядзі-назірай пісьменьніцкім вокам, матай на вус – мо спатрэбіцца... Калі не для сябе, то для новай аповесьці ці раману... Насуперак усялякай службовай этыцы ён з хітраватай усьмешачкай прыадкрыў заслону на тайную паддывановую гульню загадчыкаў аддзелаў прапаганды і агітацыі Паўлава і культуры Антановіча, якія навыперадкі, вылузваючыся са скуры, ірвуцца на ягонае пакуль што занятае сакратарскае месца. На маё бясслоўна-запытальнае зьдзіўленьне ўсьміхнуўся, нясьпешна ўзяў чарговую цыгарэту, машынальна прапанаваўшы і мне, хоць ведаў, што ў ягоным і без таго пракураным пакоі адпачынку ды яшчэ ў ягонай прысутнасьці паліць ніколі сабе я не дазваляю, зьняў акуляры паглядзеў з характэрным доўгім задуменна-гарэзьлівым прыжмурам, пстрыкнуў колькі раз запальнічкай, не прыкурваючы, сказаў, здаецца, больш сабе, чым для мяне:

– Самае цікавае – ні аднаму з іх нічога ня сьвеціць. Не разумеюць, дурні... – І на працяг майго бясслоўнага зьдзіўленага пытаньня з хітрынкай патлумачыў: – Па-першае, я сам пакуль што сыходзіць не зьбіраюся. А па-другое... Па-другое... А ты сам прыгледзься ды пакумекай, чаму...

У калідорах і кабінетах на чацьвертым паверсе цэнтральнага корпусу, дзе размяшчаліся ўсе тры ідэалагічныя аддзелы, канечне ж, вяліся шэпты аб магчымых пераемніках АТК – узрост ёсьць узрост, нікуды не падзенешся. Лагічна было, што ў крэсла галоўнага ідэолага, як і колісь АТК, павінен перасесьці загадчык галоўнага ідэалагічнага аддзелу Паўлаў. На першы погляд, ён меў усе падставы для вылучэньня – і ўзрост, і дзелавыя якасьці з багатым службовым вопытам, і насамрэч жалезную арганізатарскую хватку, і ўменьне на высокім узроўні падрыхтаваць любы дакумент, за што яго высока цанілі Машэраў, а потым Кісялёў, і прэстыжнае вучонае званьне кандыдата навук з падыходам доктарскай дысертацыі, і членства ў Саюзах журналістаў, пісьменьнікаў, шматлікія публікацыі і кнігі. Праўда, вялікім мінусам быў ягоны характар, з якім, па словах АТК, у кабінеце галоўнага ідэолага той будзе паводзіць, як слон у лаўцы з посудам. І яшчэ: пэўна, каб выслужыцца і паспрыяць кар’еры, у анкеце той запісаў сябе рускім, хоць, здаецца, жменька старавераў на Браслаўшчыне, з якіх паходзіў Паўлаў, за столькі стагоддзяў, тым больш пры атэістычным сацыялізме даўно растварылася ў мясцовым насельніцтве. Дый справа павярнулася так, што Масква пачала сачыць і негалосна патрабаваць, каб на пасадзе галоўнага ідэолага ў саюзных рэспубліках быў прадстаўнік карэннай нацыянальнасьці. Канечне, пры жаданьні таго ж Машэрава ці потым Кісялёва, Сьлюнькова гэтае патрабаваньне можна і абыйсьці, але ці будзе тое жаданьне?.. Загадчык другога па значэньні ідэалагічнага аддзелу – навукі і навуковых установаў Юры Смірноў доўгія гады працаваў памочнікам у Машэрава, падобна, прытаміўся і ў знак удзячнасьці за добрасумленную працу атрымаў гэты аддзел, і ні па ўзросту, ні па вопыце работы, ні па нейкіх іншых якасьцях у патэнцыяльныя прэтэндэнты нават не каціраваўся. Затое значна маладзейшы за сваіх калегаў надзвычай амбітны загадчык аддзелу культуры Іван Антановіч быў абсалютна рэальным і найбольш верагодным пераемнікам АТК. Хоць ён і блізка ня меў такога паслужнога сьпісу на ідэалагічных пасадах, такога вопыту і хваткі, як у Паўлава, але быў прадстаўніком так званай новай наменклатурнай эліты – з вучоным званьнем доктара філасофскіх навук, прафесара, дасканалым валоданьнем замежнымі мовамі, вопытам, у тым ліку дыпламатычнай, працы за мяжой. Аднак нягледзячы на сваю вучонасьць, ён быў чалавек надзвычай саманадзейны, самаўлюбёны, на поўным сур’ёзе лічыў сябе вялікім стратэгам і дыпламатам, здольным бачыць і прадбачыць разьвіцьцё падзеяў, дакладна пралічваць кожнае сваё дзейства, кожны свой хітры крок як мінімум на пяць хадоў наперад. Аднак усе ягоныя хітрыя хады тут жа распазнаваліся нават маладасьведчанымі, маласпрактыкаванымі у кулуарна-закулісных гульнях дылетантамі. З яго аж перлі кар’ерныя памкненьні, і АТК з хітравата-паблажлівай усьмешачкай назіраў за ягоным местачковым інтрыганствам, іхняй з Паўлавым дробнай валтузьнёй-варажнечай, то падліваючы неўпрыкмет масла ў агонь, сутыкаючы ілбамі, то вялікадушна разводзячы, патрабуючы ад іх міру і згоды між сабой. Вялікі хітраван добра ведаў: пакуль прэтэндэнты варагуюць, гатовыя ў любы момант учапіц­ца адзін аднаму ў горла – яны ў ягоных руках, і бліскуча перайграў, абвёў вакол пальца абодвух: рэальнага і небясьпечнага прэтэндэнта сплавіў падалей у Маскву на заштатную пасаду прарэктара Акадэміі грамадскіх навук... Паўлаў жа перася­дзеў АТК, так і не дачакаўшыся запаветнага кабінету на пятым паверсе, закончыў сваю кар’еру на пасадзе апошняга рэктара мясцовай ВПШ. А Антановіч усё ж зьдзейсьніў сваю блакітную мару – колькі часу пабыў ня проста, а другім сакратаром аперэтачнай Расейскай кампартыі на чале з адыёзным Палазковым.

Пасьля правалу ГКЧП і разгону кампартыяў ці не бальшыня нашых землякоў-партфункцыянераў, застаўшыся ў Маскве без пасадаў і іншай сінекуры, як птахі з выраю, пацягнуліся на малую незалежную радзіму, дзе сустракалі іх надзвычай цёпла і гасьцінна, ледзь ці не імгненна ўладкоўваючы на ўплывовыя і грашавітыя пасады. Сярод гэтых, так сказаць, рэпатрыянтаў, канечне ж, не магло ня быць і Івана Антановіча, які ў адрозьненьне ад пераважнай большасьці валодаў ня толькі замежнымі еўрапейскімі, але і роднай беларускай мовай, якая стала дзяржаўнай і магла вельмі і вельмі спатрэбіцца... Антановіча паклікалі пад сьцягі тагачаснага прэм’ера Кебіча, пад якога наменклатура зварганіла канстытуцыю і рыхтавала ў прэзідэнты ледзь ці ня з царскімі паўнамоцтвамі. Іван Іванавіч з найвялікшым імпэтам узяўся за справу і неўзабаве зрабіўся самым актыўным, самым наступальна-агрэсіўным членам Кебічаўскай перадвыбарнай каманды, ейным стратэгам, тактыкам і агітацыйным рупарам. Штодня з ранку да ночы па тэлебачаньні, радыё, у газетах, на мітынгах і сустрэчах з выбаршчыкамі ён скарыстоўваў усё сваё красамоўства, даказваючы, які мудрэц і прафесіянал ягоны патрон і якія ды­летанты, нікчэмнасьці ўсе іншыя прэтэндэнты на прэзідэнцкае крэсла. Кебіч бліскуча прайграў, тым ня менш ягоны верны рупар неўзабаве ўпісаўся ў сьвіту пераможцы, атрымаў выдатную магчымасьць праявіць свае дыпламатычныя таленты на высокай пасадзе міністра замежных справаў, аднак умудрыўся перахітрыць нават самога сябе, словам, наламаў дроў, і гаспадару нічога не заставалася, як выдаліць яго з дыпламатычнага ведамства...

Цяжка было не заўважаць, што пасьля Машэрава АТК неяк зьвяў, здаў нават зьнешне, стаў губляць ранейшую ўпэўненасьць, падстрахоўвацца, неахвотна браць на сябе рашэньне неадназначных пытаньняў. Праз нейкі час ён знайшоў паразуменьне з пераемнікам Машэрава Кісялёвым, акрыяў духам, але ненадоўга. Ціхан Якаўлевіч намерыўся памяняць галоўнага ідэолага. Ягоная адстаўка ў сувязі з выхадам на пенсію была абгавораная на сакратарыяце, узгодненая з Масквой. Але Ціхан Якаўлевіч з-за невылечнай хваробы неўзабаве адыйшоў, а прысланаму з Масквы новаму гаспадару рэспублікі Сьлюнькову, адразу ж празванаму дырэктарам ЦК, было не да ідэалогіі. Сьлюнькоў прыгадвае, што АТК быў першы з сакратароў ЦК, хто прыйшоў да яго, расказаў пра прынятае вуснае рашэньне і папытаў, што яму рабіць. Калі верыць Сьлюнькову, ён нічога не адказаў, прыкі­нуўшы, што зараз да гэтага ў яго ня дойдуць рукі, праз колькі дзён сустрэўся з Васілём Быкавым, каб пачуць ягонае меркаваньне пра стан ідэалогіі ўвогуле і праблемы творчай інтэлігенцыі ў прыватнасьці. Васіль Уладзіміравіч сказаў, што праблемаў хапае, але ня стаў пра іх гаварыць, заявіўшы: калі параўнаць з тым, што робіцца ў іншых рэспубліках, то можна лічыць, што ў нас іх няма, і вельмі пахваліў Кузьміна. Паклікаў АТК і сказаў: забудзьце пра тое рашэньне, працуйце... Але няўмольны час дыктаваў новыя ўмовы, патрабаваў сьвежыя падыходы, іншых выканаўцаў – пачыналася зараніца Гарбачоўскай перабудовы. АТК ня быў закасцянелым дагматыкам і кансерватарам, а хутчэй разумным і спакойным рэфарматарам, аднак дынамічная сацыяльная рэальнасьць ледзь ці не штодня стала высоўваць нязвыклыя праблемы, вытыркаць рэчы, пераступіць праз якія ён ня мог, ня выракшыся таго галоўнага, чаму служыў усё сваё жыцьцё. Праз колькі год зноў узьнікла пытаньне аб ягонай замене, ва ўсякім разе на ўзроўні другога сакратара ЦК Генадзя Барташэвіча, які вёў кадры. Наноў было ўзгоднена з Масквой, а пераемнікам яму быў названы, карыстаючыся фармуліроўкамі Барташэвіча, старшыня Дзяржтэлерадыё – малады, але вопытны, умелы, чуйны да новых праблемаў, здольны прымаць сьмелыя, адэкватныя выкліку часу рашэньні, аўтарытэтны ня толькі сярод навуковай і творчай інтэлігенцыі, але і ўсяго ідэалагічнага актыву рэспублікі, вядомы ня толькі ў Беларусі, а і ва ўсім Саюзе і за мяжой паэт Генадзь Бураўкін. І хоць гэтая кандыдатура не зусім падыходзіла пад патрабаваньні Слюнькова: на ўсе ідэалагічныя пасады ад сакратара да інструктара партыйных камітэтаў прызначаць толькі людзей, якія прайшлі загартоўку і школу на пасадах начальнікаў цэхаў, зьменаў, брыгадаў на прамысловых прадпрыемствах альбо брыгадзіраў, загадчыкаў жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў у калгасах і саўгасах, аднак Барташэвіч быў упэўнены, што той ня будзе пярэчыць супраць узгодненай у Маскве кандыдатуры Бураўкіна. Канечне ж, ні я, ні Генадзь пра тое нічога ня ведалі, хоць і даходзілі нейкія чуткі, але ўсё гэта падавалася на той час малаверагодным і амаль нерэальным. І ў Генадзя былі зусім іншыя планы і памкненьні – ён ссумаваўся па ўласнай творчасьці, на якую проста не хапала часу, прагнуў перабрацца на спакайнейшае месца, займець магчымасьць не прыхапкам, а грунтоўна заняцца рэалізацыяй нязьдзейсьненых за гэтыя гады творчых задумак. Ён быў ужо згодзен перайсьці на работу ў Саюз пісьменьнікаў, яшчэ нядаўна зьняўшы сваю кандыдатуру з абмеркаваньня, аднак АТК рашуча заявіў: і ня думай – ты мне патрэбен на тэлерадыё... Калі праз нейкі час у кабінет да Бураўкіна нечакана заявіўся Барташэвіч з інсьпектарам ЦК КПСС па Беларусі і Прыбалтыцы, Генадзю і ў галаву не прыйшло, што гэта агледзіны, і паводзіў сябе перад высокім маскоўскім госьцем абсалютна натуральна і раскавана, гаварыў без усялякай аглядкі, ад чаго Барташэвіч аж круціўся ў крэсьле, утыркаўся ў гаворку, намагаўся неяк згладжваць вострыя вуглы. А потым пазваніў задаволены і паведаміў і пра мэту візіту маскоўскага чыноўніка, і тое, што таму вельмі спадабалася і шчырая, вострая гаворка, і Генадзева кандыдатура, пра што і зробіць заключэньне свайму начальству. А затым АТК паклікалі ў Маскву, выразна намякнулі і спыталі, каго бачыць сваім пераемнікам. Адказаў, што не гатовы назваць адразу, папрасіў час падумаць. Яму назвалі кандытатуру Бураўкіна, і АТК як толькі мог стаў хваліць яго, у канцы зрабіўшы выразную заміначку: ёсьць адзін недахоп – заядлы беларускі нацыяналіст... Гэтага было дастаткова, каб пахаваць рэальнага суперніка. Я не хачу надта строга судзіць АТК – не ён адзін такім чынам падстаўляў падножкі супернікам, тады была, дый пэўна, жыве па сёньня гэтая звычайная практыка паддывановых наменклатурных гульняў...

АТК, як і ягоны час, быў неадназначнай і супярэчлівай фігурай, са сваімі сьветлымі і цёмнымі адценкамі, сваімі плюсамі і мінусамі. Ён мог падняць на ногі ўсю медыцыну, апякаючы хворага Уладзіміра Караткевіча, ледзь ці не штодня наведваючы яго ў лечкамісіі, і адначасова пальцам не паварушыць, каб асадзіць Івана Антановіча, які з незвычайнай, як гэта той умеў, напорыстай дэмагогіяй, бесцырымоннай нахрапістасьцю выкручваў рукі членам камісіі па дзяржаўных прэміях, каб уганараваць Дзяржаўнай прэміяй па літаратуры ня хворага Караткевіча, а іншага, асабіста блізкага да Антановіча літаратара. АТК бываў госьцем на кватэрах Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, ад апошняга, усяго на год старэйшага, настойліва патрабаваў зьвяртацца да яго на ты, зваць проста па імені і адначасова заставацца ўбаку, староньнім назіральнікам, калі іхнія творы бязьлітасна калечыла цэнзура. Падобны сьпіс можна працягваць. Тым ня менш па вялікім рахунку, аб’ектыўна, у шырокай персьпектыве ён пакінуў і добры сьлед, і добрую памяць у гісторыі нашай культуры. Ва ўсякім разе параўняцца з ім і блізка ня можа ніводзін з галоўных ідэолагаў ні да яго, ні пасьля яго...

За многія гады АТК не прывык і хвіліны бываць без справы, тлумных службовых клопатаў, таму, бадай, кожнаму кідалася ў вочы, наколькі балюча ён перажыве сваю бесцырымонную адстаўку, затаіўшы горкую крыўду і на Першага, і на сваіх былых калегаў, і немаведама яшчэ каго. Ён практычна перастаў заходзіць у ЦК, у адрозьненьне ад бальшыні былых партфункцыянераў высокага рангу зьняўся з ганаровага партуліку і перайшоў у домакіраўніцтва па месцы жыхарства. Каб мець нейкі занятак, засеў за правілы дарожнага руху, паступіўшы на курсы падрыхтоўкі вадзіцеляў, набыў уласнага “Жыгуля”, каб не залежачы ад некага езьдзіць на рыбалку, па грыбы. Ён напрэч адыйшоў ад публічнай палітыкі, нейкай больш-менш актыўнай грамадскай дзейнасьці, нават у бурныя гады так званай перабудовы, хоць уважліва сачыў за ўсім, што дзеецца, намагаўся зразумець і не кідаўся ні на тыя, ні на іншыя барыкады. Ня ведаю, ці працягваў ён актыўныя кантакты з кім-небудзь з дзеячаў літаратуры і мастацтва. Пэўна, не... Хоць хто ж яго ведае... Прыгадваю, ці то з Германіі, ці ўжо з Прагі званіў мне Васіль Быкаў і папрасіў падказаць, калі ёсьць пад рукой, а калі няма – нейкім чынам знайсьці і падказаць яму новы тэлефон Кузьміна, меў намер пазваніць і павіншаваць таго з днём нараджэньня. Вельмі шкадую і дакараю сябе, што пасьля адстаўкі АТК я нават спробы не зрабіў выйсьці на кантакт з ім, адчуваючы нейкую ніякаватасьць і сумненьні ў тактоўнасьці напрошвацца на сустрэчу. Сустракаліся толькі зрэдку, выпадкова на вуліцы, а часьцей за ўсё на хаду ў час невясёлых разьвітальных жалобных мерапрыемстваў з агульнымі знаёмымі, пераважна цэкоўцамі і дзеячамі літаратуры і мастацтва. Апошні раз бачыліся на разьвітаньні з Арсенам Ваніцкім. Ён шчыра ўзрадаваўся, пабачыўшы разам колісь вельмі дружную нашу цэкоўскую тройцу – Сяргея Законьнікава, Алеся Жука і мяне. Пасьпелі пастаяць, пакурыць на вуліцы і заадно добра пагаварыць. Запомніліся ягоныя прачулыя словы: я вельмі рады, хлопцы, за вас, што трымаецеся адзін аднаго. І мой вам наказ і запавет: заўжды трымайцеся разам. Паадзіночку вас загоняць, скруцяць у бараньні рог...

Здаецца, ардынарная сентэнцыя, а не выходзіць з галавы, з гадамі набываючы ўсё глыбейшы і надзёньнейшы сэнс...

Уведаўшы, што яго зваліла невылечная хвароба і зараз знаходзіцца на лячэньні ў Бараўлянах, я пазваніў на кватэру: у якім корпусе і палаце яго шукаць, як пачуваецца, ці можна адведаць? На зьдзіўленьне і радасьць жонка Таісія Андрэеўна сказала:

– А я перадаю яму трубачку, сам раскажа...

Адчувалася, Аляксандр Трыфанавіч рады майму званку. Яго адпусьцілі на колькі дзён, зрабіўшы невялікі перапынак між цяжкімі сеансамі хіміятэрапіі. Ягоны глухаваты голас быў нязвыкла слабы, але гаварыў і гаварыў, жыва цікавячыся, што робіцца ў Саюзе пісьменьнікаў, што чутно з Прагі ад Быкава, ці мне пішацца, як там маюцца хлопцы, потым узбадзёраным голасам сказаў:

– Вельмі хацеў бы вас бачыць. Бяры Генадзя, Сяргея і заходзьце...

– А калі?..

– Ды хоць бы заўтра ці пасьлязаўтра... – Схамянуўся: – Хаця, не... Мяне па­вінны забраць на тыдні два ў бальніцу. Во вярнуся... Сазвонімся і дамовімся...

– А калі мы наведаемся да вас у бальніцу?

Ён рашуча і катэгарычна адмёў такі варыянт: хочацца гаварыць з намі, трохі ачуняўшы ад цяжкіх працэдураў, бо гаворка маецца быць доўгай і нясьпешнай, бяз лішніх вушэй. І пасьля паўзы загадкава дадаў: ёсьць што прыгадаць, ёсьць што вам расказаць...

Поделиться:
Популярные книги

Последний Паладин. Том 3

Саваровский Роман
3. Путь Паладина
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 3

Последний попаданец 5

Зубов Константин
5. Последний попаданец
Фантастика:
юмористическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец 5

Убивать чтобы жить 6

Бор Жорж
6. УЧЖ
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 6

6 Секретов мисс Недотроги

Суббота Светлана
2. Мисс Недотрога
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
7.34
рейтинг книги
6 Секретов мисс Недотроги

Измена

Рей Полина
Любовные романы:
современные любовные романы
5.38
рейтинг книги
Измена

Курсант: Назад в СССР 13

Дамиров Рафаэль
13. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: Назад в СССР 13

Газлайтер. Том 6

Володин Григорий
6. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 6

Купидон с топором

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
7.67
рейтинг книги
Купидон с топором

Виконт. Книга 3. Знамена Легиона

Юллем Евгений
3. Псевдоним `Испанец`
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
7.00
рейтинг книги
Виконт. Книга 3. Знамена Легиона

Попаданка в деле, или Ваш любимый доктор - 2

Марей Соня
2. Попаданка в деле, или Ваш любимый доктор
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.43
рейтинг книги
Попаданка в деле, или Ваш любимый доктор - 2

Усадьба леди Анны

Ром Полина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Усадьба леди Анны

Титан империи 2

Артемов Александр Александрович
2. Титан Империи
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Титан империи 2

Вечный. Книга I

Рокотов Алексей
1. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга I

Убивать чтобы жить 5

Бор Жорж
5. УЧЖ
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 5