БНР i БССР
Шрифт:
Генрых Далідовіч
БНР i БССР
Роздум аб пакутным шляху беларускай дзяржаўнасці ў XX стагоддзі
Гэты рукапіс яшчэ не быў надрукаваны, а яго ўжо чакалі выпрабаванні. Слынны беларускі пісьменнік i сябра нашага выдавецтва Генрых Далідовіч паведаміў неяк, што напісаў эсэ пра падзеі 1917-1919 гадоў. "Я аддаў яго для друкавання ў часопіс "Полымя",— зазначыў ён i дадаў, — Сяргей Законнікаў абяцаў з цягам часу надрукаваць яго ў адным з нумароў. Пасля, мажліва, i "Пейто" магло б выдаць твор асобнай кніжачкай".
Мы парадаваліся такой перспектыве i атрымалі рукапіс для азнаямлення. Выдатная мова, a галоўнае, на нашу думку, праўдзівае асвятленне падзей у ім уразілі i мы пачалі прыспешваць аўтара каб нейкім чынам ён паскорыў працэс выхаду твора ў "Полымі". "Нічога не атрымліваецца, раней восені не будзе, — расчаравана адказаў той. "Зрэшты, відаць, Сяргей хутка там не будзе.., — i ca згоды палымянцаў забраўшы праз колькі дзён рукапіс з часопіса сказаў нам, — Глядзіце!"
Мы прыступілі да працы
Што думаў, што прыкідваў у галаве галоўны рэдактар маладзёжнага часопіса — не вядома. Выдатны знаўца псіхалогіі людзей, ён, відаць, нешта прадчуваў. Неўзабаве i сапраўды пачаліся сумныя падзеі ў гісторыі беларускай літаратуры. 25 красавіка 2002 года ў "Маладосці" яе новыя кіраўнікі аб’явілі што Генрыху Далідовічу не месца ў "Маладосці"...
Вось з такой прадгісторыі i з Божага благаслаўлення "БНР i БССР" i пачынае свой шлях да чытача.
Замест прадмовы
Сёння ўжо нібыта даўняе мінулае такія перыяды нашай гісторыі, як i БНР, i БССР. Але...
Тут, у нас, Беларуская Народная Рэспубліка народзілася зусім мала, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка савецілася значка больш, да фармальнага альбо юрыдычнага распаду СССР у 1991 годзе, хоць, здаецца, у многім — толькі ў падпраўленым выглядзе, пад уплывам знешніх фактараў — існуе яшчэ i цяпер. Гаворка ідзе не толькі пра былыя сімвалы, назвы, помнікі, якія спрэс на кожным кроку. Хіба, можа, толькі дзеці ўжо не зусім савецкія, дык ім прыйдзецца ў будучыні вызначаць наша аблічча. Зразумела, з вялікім спазненнем у параўнанні з нашымі суседзямі.
Пра перыпетыі ўтварэння БНР i БССР напісана нямала. За межамі Беларусі i тут, у нас. Літаральна да 1990-х гадоў, бадай, уcё гэтае мела супрацьборны характар: адны нападалі на адных, у некаторым сэнсе — свае ж на сваіх. Асаблівай заўзятасцю, фальсіфікацыяй, варожасцю вызначаліся нашы, савецкія, ідэолагі i іхняя абслуга многія так званыя вучоныя-гісторыкі. Тых, хто жадаў пісаць пра тое сумленна, можно пералічыць на пальцах, а тых, хто хоць у падтэксце рабіў гэта, — на пальцах адной рукі.
У1980-1995 гадах i я — у прозе — далучыўся да даследчыкаў часу ўтварэння БНР i БССР, выклаў сваю версію ўраманах "Гаспадар-камень", "Пабуджаныя" i "Свой дом". На аснове асэнсавання амаль усяго надрукаванага i ў нас, i ў Заходняй Беларусі, i за мяжой (меў такі-сякі доступ i да спецсховішчаў), у сілу сваіх здольнасцяў і, на вялікі жаль, часамі хаваючыся за псеўданімы герояў, заблытваючы іхнія біяграфіі i г.д., каб надрукаваць творы не толькі ў белых i чорных, a ў шматколерных фарбах, не ганьбіць шчырых i высакародных, не ўзвышаць непрыяцеляў. За апошняе дзесяцігоддзе з'явілася шмат новых i, галоўнае, ужо спакойных, разважлівых, слушных даследаванняў, самых розных публікацый раней нам невядомага ці знанага мала, дык, мабыць, агульная карціна таго былога праяснілася i ўжо ацэнена больш-менш справядліва i дакладна. Але хоць у агульных рысах вядома шырокаму колу нашай грамадскасці пра аднаўленне нашай дзяржаўнасці на пачатку XX стагоддзя? Пра нюансы, нават зігзагі гэтай справы? Пра лёс яе натхніцеляў, стваральнікаў i сапраўдных непрыхільнікаў, a то i ворагаў? Урэшце, пра тое, каго мы ўжо калі не бэсцім, то замоўчваем, а каго па-ранейшаму ўшаноўваем?
Hi ў якім выпадку не пасягаю на думку ў апошняй інстанцыі, як не варта прэтэндаваць на гэта i іншым, проста хочацца сказаць сваё слова, слова чалавека, грамадзяніна, які пра вышэйзгаданае нямала чытаў, думаў-разважаў, пісаў i каго ўсё тое зноў хвалюе, не дае спакою.
1917-ы — пераломны i лёсавызначальны. Падзеі, што выбухнулі тады ў Расійскай імперыі, абумовіла першая сусветная вайна. У бойню ўцягнулі каля 40 краін з 1,5 мільярда насельнікаў і, канечне ж, не з-за нейкага аў- стрыйскага прынца Фердынанда, каго пазбавіў жыцця серб-студэнт Прынцып. Мільёны маладых i здаровых мужчын паслалі ваяваць, гніць у акопах, калечыцца, гінуць "за веру, цара, караля, імператара, прэзідэнта, кайзера i г.д.) i Айчыну", а на самай справе — па-новаму перадзельваць свет, багатых i вяршыцеляў людскіх лёсаў рабіць яшчэ багацейшымі i больш уладнымі.
Як i раней з удзелам Расіі ў войнах з Вялікім Княствам Літоўскім, з Рэччу Паспалітай, са шведамі, французам! i іншымі, нашаму краю зноў "пашанцавала": са жніўня 1915 года ён стаў арэнай баёў велізарных германскай i расійскай армій.
Кайзераўцы акупавалі чвэрць беларускіх зямель, фабрыкі i заводы разбуралі, абсталяванне i моладзь вывозілі ў Германію, спалілі ці разабралі больш за 140 тысяч будынкаў, у тым ліку шмат помнікаў гісторыі i культуры, рабавалі сялянскія хлявы i гумны. Царскія дывізіі таксама прынеслі не дабрабыт: збывалі ўглыб імперыі прадпрыемствы, навучальныя ўстановы, абіралі сялян для патрэб звыш 2 мільёнаў салдат i афіцэраў Заходняга i Паўночнага франтоў. Наш край да ўсяго панёс i іншыя агромністыя людскія страты (яшчэ да вайны не адну сотню тысяч люду спакусілі з'е- хаць у Сібір, у вайну не адну сотню тысяч змусілі падацца ў бежанцы, апрануць вайсковую форму). Не выпадкова, што ў 1914-1917 гадах, лічы, не было каму абрабляць зямлю, сеяць i садзіць, дагледжвалася толькі чвэрць палёў, мелі крыху больш трэці збожжа з таго, што збіралі раней.
Яшчэ воблік краю змянілі прыезджыя з цэнтральных губерняў — мноства рабочых i чыноўнікаў; сюды, як аваднёў у спякоту, наляцела процьма "патриотов", а таксама канспіратараў-падпольшчыкаў. Ніхто з ix не зважаў i
Для таго, каб скалануць калі не ўсю Расійскую імперыю, то хоць бы яе цэнтр, патрэбна было "маленькое, но очень серьезное дельце". Знайшлі. Шматгадовая вайна з нястачай i смерцю пачала надакучваць простаму народу, салдатам, пазбаўляць пакланенне "вере, царю и Отечеству", дык вось менавіта ў адным з сэрцаў імперыі, у Петраградзе, як пазней стала вядома, пачалі прыхоўваць, нават марнаваць за горадам муку i мяса, змушаць жанок i дзяцей суткамі пакутаваць у чэргах. Гаспадыні забунтавалі, тут як тут заявіліся агітатары, хлебны бунт перавялі ў палітычны, узбудзілі рабочых i салдат — у Петраградзе ўспыхнула лютаўская рэвалюцыя. Цар занепакоіўся, але цяпер ужо не асмеліўся праліць кроў, ды значна большую, чым у 1905-м, папрасіў падтрымкі ў камандуючых усіх франтоў. Надзейнай помачы ніхто яму не паабяцаў, i Мікалай II над націскам асобных думцаў палічыў выйсцем з сітуацыі сваю адмову ад трона, які перадаваў брату. Але той не захацеў штыкамі змагацца за высокі пасад.
Царызм паў; у Петраградзе публічна i закулісна пачала фармавацца новая ўлада. У Мінску, здавалася, усё па-ранейшаму ціха; камандуючы фронтам i ўладныя цывільныя чакалі "распоряжений", але на самай справе ўсё было іначай: на паверхню вынырнулі затоеныя дасюль сілы. Яны пачалі браць Мінск у свае чэпкія рукі.
Тут варта нагадаць прарочыя перасцярогі Ф. Дастаеўскага пра небяспеку змены ўлады рэвалюцыйным шляхам. Ён папярэджваў: у час пераломных, гвалтоўных змен разгубліваюцца кансерватыўныя i сумленныя, наперад выскокваюць не толькі ідэалісты, а найперш фанатыісі, авантурысты, хціўцы, розныя нячаеўцы, якія намагаюцца ў зручныя, як мага карацейшыя часіны ўсеагульнага анямення імгненна дабіцца жаданай мэты — улады i захопу чужога багацця. Для такіх сіл нават у першыя хвіліны лютаўскай рэвалюцыі займелася спрыяльная магчымасць яшчэ i ў тым, што было за што нападаць на царызм з яго прагнілым чыноўніцкім i жорсткім карным апаратам, за "тюрьму народов". А тут яшчэ — зацягненая вайна, зручная магчымасць паспекуляваць на народным горы.
Дык вось з затоеных сіл на самым пачатку лютаўскай рэвалюцыі ў Мінску нечакана, нібы з-пад зямлі, заявіўся новы, рэвалюцыйны лідэр. Земскі служачы Міхайлаў. Яшчэ малады, гадоў трыццаці, каржакаваты, сімпатычны, вясёлы i таварыскі. Ен трапіў у наш край, у ціхае мястэчка Івянец, у красавіку 1916 вольнанаёмным у артылерыйскую часць, затым неяк вельмі ж хутка i ўдала перавёўся ў Мінск. Чаму "вельмі ж хутка i ўдала?" Ды таму, што царская ахранка i ваенная контрразведка не зацікавілася: а хто гэты невядомы Міхайлаў? А каб паднялі яго дасье, то аж за галаву схапіліся б: ды гэта ж той, хто нарадзіўся ў Пішпеку, скончыў гімназію, у 1904-м паступіў у Пецярбургскі політэхнічны інстытут, з таго ж года i член бальшавіцкай партыі. За ўдзел у студэнцкіх i рабочых "антиправительственных" гуртках выключаны з інстытута, ладзіў у Іванава-Вазнясенску забастоўкі, адпрацоўваў тактыку стварэння Саветаў, падрыхтоўваў штурмавікоў i баевікоў, якіх у 1905-м прывёў на паўстанне ў Маскву, абвінавачваўся ў забойстве паліцэйскага. Арыштоўваўся, двойчы прысуджаўся да пакарання смерцю як "государственный преступник", восем гадоў правёў у турмах i на катарзе, адкуль уцёк, i вось ужо тут — спачатку на фронце, а затым у земстве. Так, гэта быў спрактыкаваны агітатар i баявік, чалавек з жалезнай хваткай — Фрунзе. Фрунзе са штурмавікамі не стаў вычэкваць ні хвіліны "новых распоряжений", а адразу ж пачаў распраўляцца "со старым режимом" у Мінску: абяззбройвалі, знявольвалі разгубленых гарадавых, займалі паліцэйскія ўчасткі, жандарскае i ахоўнае аддзяленні, нават больш чым смела арыштавалі губернатара: армейскія патрулі, мінчукі-разявакі глядзелі на ўсё гэта з пацешкай, паколькі недалюблівалі "апору" царызму. Старшыня Мінскай губернскай земскай управы Самойленка спрабаваў суцішыць калегу па земстве, заклікаць да "законности", але для ахмялелых ад поспеху фрунзенцаў гэта было пустое слова. У рэвалюцыі адзін закон, гаварыў Бухарын, пераможа той, хто каму першы праломіць чэрап.
Маючы вопыт i спрыт, Фрунзе i аднадумцы ў лічаныя дні борзда ўтварылі Мінскі Савет (апроч бальшавікоў туды трапілі меншавікі i бундаўцы). У выканкаме гэтага Савета не знойдзецца месца ніводнаму беларускаму дзеячу, увогуле беларусу. Але тым не менш Мінскі Савет будзе дзейнічаць "от имени народа". Калі сюды, у Мінск, прыедуць ваенны i марскі міністр Гучкоў i член Дзярждумы Шчэпкін, каб вайскоўцам i ўладным цывільным расказаць пра палітыку новых петраградскіх уладаў, пазнаёміць з іхнімі першымі дакументамі, то ўжо на сустрэчы ў гарадекім тэатры Фрунзе крыху раскрыецца ў сваёй прамове, але яго ўсё роўна прызначаць начальнікам мінскай міліцыі. Пазней вышэйзгаданы Самойленка будзе ў роспачы хапацца за галаву: "Как же он (Шчэпкін), будучи здесь в первые дни революции, мог участвовать в этой "складчине", которая подарила нашему городу в начальники милиции г.Фрунзе (Михайлова)?".
Фрунзе, спрытна скарыстаўшы сітуацыю, памагае ўтвараць Мінскую аб'яднаную арганізацыю РСДРП, рыхтаваць першыя з'езды ваенных i рабочых дэпутатаў арміі i тылу Заходняга фронта, сялянскі з'езд Мінскай i Віленскай губерняў. Нават сёння цяжка ўявіць, як яму ўсё гэта ўдавалася? Чаму так калі не патуралі, то не заміналі генералы, цывільныя ўладцы? У ix жа пад носам спакушалі, зводзілі армію, рабочы люд! Ці баяліся апошніх, міжволі саступалі новым дырыжорам, яшчэ не ведаючы, што гэта за асобы? У гэтым сэнсе газета "Правда" за 15 сакавіка 1917 года, сапраўды, не магла не без адкрытай радасці напісаць: "Переворот (тут i далей падкрэслена мною. — Г.Д.) в Минске прошел быстро и безболезненно. Минск принял всё готовое. Наиболее туго воспринимала происшедшее высшая военная среда, но и ей пришлось быстро и предупредительно заявить себя сторонницей новой власти..."