Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
А ўнiзе на краi ямы, што зеўрала пустатой, ляжаў на насiлках загорнуты ў белую кашму Казангап. Гаворачы напаўголаса тое, што прызначана на такi час гаварыць усiм i кожнаму, сёння, заўтра i наперад аж да скону гэтага свету, аднолькавым чынам i для тых, каму яшчэ толькi суджана нарадзiцца, - гаворачы напаўголаса тое, што было завяшчана прарокамi, Буранны Едыгей разам з тым iмкнуўся дапоўнiць яго ўласнымi думкамi, што мелi пачатак ва ўласнай душы i ўласным вопыце. Бо недарма жыве, што нi кажы, чалавек на свеце.
"Калi ты i праўда чуеш, о божа, маю малiтву, якую паўтаралi дзяды i прадзеды, калi ты чуў iх, дык пачуеш i мяне. Адно другому не будзе перашкаджаць.
Вось
А цяпер, калi ўжо я звяртаюся да цябе, паслухай мяне, пакуль я яшчэ жывы i магу мыслiць. Людзi толькi i робяць, што просяць цябе - пашкадуй, памажы, не дай у крыўду! Надта многа чакаюць ад цябе з любога выпадку - i важнага, i мiзэрнага. Забойца i той жадае ў душы, каб ты абаранiў яго. А ты ўсё маўчыш. Цяжка табе, разумею, маленням нашым няма канца. А ты адзiн. Я ж нiчога не прашу. Я толькi хачу сказаць у такi час, што я думаю.
Скрушлiва ў мяне на душы яшчэ i таму, што спадчынны могiльнiк наш, дзе знайшла супакой Найман-Ана, цяпер нам недаступны. А таму хачу я, каб i мне суджана было ляжаць на гэтым месцы, на Малакумдычапе, дзе ступала нага яе. Няхай будзе так, каб ляжаць мне побач з Казангапам, якога мы хаваем цяпер. I калi праўда, што душа пасля смерцi перасяляецца ў нешта, дык навошта мне быць мурашом, хацелася б мне абярнуцца ў каршуна-белахвоста. Каб лятаць, вунь як той над саразекамi, i глядзець не наглядзецца на зямлю сваю. Вось i ўсё.
А наконт запавету свайго я ўсё скажу маладым, што прыбылi сюды разам са мной. Скажу я iм, што наказ свой даю iм - пахаваць мяне тут. Вось толькi не бачу, хто прашэпча малiтву нада мной. У бога яны не вераць i малiтваў нiякiх не ведаюць. Бо нiхто не ведае i нiколi не ўведае, цi ёсць бог на свеце. Адны кажуць - ёсць, другiя кажуць - няма. I калi я звяртаюся да цябе з малiтвамi, дык на самай справе я звяртаюся праз цябе да сябе, i дадзена мне ў такi час мыслiць, нiбы гэта ты мыслiў сам, усемагутны. Бо ў гэтым уся справа! А яны, маладыя, пра гэта не думаюць i малiтвай пагарджаюць. Але што яны могуць сказаць сабе i другiм у вялiкi час смерцi? Шкада мне iх. Як спасцiгнуць яны патаемнасць сваю чалавечую, калi не ведаюць спосабу ўзвысiцца думкаю так, нiбы кожны з нас раптам стаў бы богам? Даруй мне гэта знушчэнства. Нiхто з iх богам не стане, але iнакш i ты перастанеш iснаваць. Калi чалавек не зможа ўявiць сябе хоць патаемна богам, што заступаецца за ўсiх, а значыць, i за яго, чалавека, дык i цябе, божа, не стане... А мне не хацелася б, каб ты панiшчыўся бясследна.
Вось i ўся дума мая i скруха мая. Даруй, аднак, калi што не так сказаў цi падумаў. Я просты чалавек, як магу, так i думаю. Зараз дагавару апошнiя словы са свяшчэнных пiсанняў, i пачнем пахаванне. Блаславi ж нас на гэтую справу..."
– Амiн, - заключыў Буранны Едыгей малiтву i, памаўчаўшы, яшчэ раз глянуў на каршуна, з пранiзлiвым смуткам, паволi абярнуўся тварам да маладзейшых, пра якiх толькi што выказаў сваю думку самому богу. Скончылася гаворка з богам. Перад iм стаялi тыя самыя пяцёра, з якiмi ён прыбыў сюды i з якiмi належала давесцi да канца пахаванне.
– Дык вось, - сказаў ён iм у роздуме, - што належала сказаць у малiтве, я сказаў за вас. Цяпер возьмемся за справу.
Скiнуўшы пiнжак з ордэнамi, Буранны Едыгей палез у яму. Яму памагаў Доўгi Эдыльбай. Сабiтжан, як сын нябожчыка, заставаўся збоч, выказваючы сваю жалобу пахiленай галавой, а тыя трое - Калiбек, Жумагалi i зяць-алкаголiк - знялi з насiлак кашмяны куль з целам i апусцiлi яго ў магiлу на рукi Едыгея i Доўгага Эдыльбая.
"Вось i настаў час разлукi!
– падумаў Буранны Едыгей, укладваючы Казангапа на вечны супакой на ложа яго ў глыбiнi зямлi.
– Даруй, што доўга не маглi знайсцi табе месца. Цэлы дзень вазiлi то туды то сюды. Але так ужо выйшла. Не па сваёй вiне не пахавалi мы цябе на Ана-Бейiце. Але не думай, я гэта не пакiну так. Дайду куды трэба. Пакуль жывы, не змоўчу. А ты будзь спакойны на сваiм месцы. Вялiкая, неабдымная зямля, а месца табе мала было прызначана тут. Але ты тут не будзеш адзiн. Скора i я сабяруся сюды, Казангап. Ты пачакай мяне трохi. I не сумнявайся. Калi бяды якой не здарыцца, калi памру сваёй смерцю, буду i я тут, ляжаць будзем разам. Вось так i пойдзем - з былога ў небылое. А цягнiкi будуць iсцi саразекамi, i другiя людзi будуць замест нас..."
I тут стары Едыгей не вытрываў, усхлiпнуў - усё, што было-перабыло за многiя гады iх жыцця на раз'ездзе Баранлы-Буранным, уся гэтая, здавалася б, аграмадная працягненасць у часе, усе бядоты, згрызоты i радасцi памясцiлiся ў колькi развiтальных слоў i колькi хвiлiн, якiх хапiла на пахаванне. Як многа i як мала дадзена чалавеку!
– Ты чуеш, Эдыльбай?
– сказаў Едыгей, кранаючы яго плячо сваiм плячом. Ты i мяне пахавай тут, каб побач быў. I гэтак жа рукамi сваiмi, як гэта рабiлi сёння мы, мяне палажы. Ты даеш мне слова?
– Перастань, Едыке, пасля пагаворым. Ты давай вылазь на свет белы. А я тут сам усё дараблю. Супакойся, Едыке, не рвi сабе сэрца.
Размазваючы глiну па мокрым твары, Буранны Едыгей падняўся з дна ямы, яму падалi рукi, i ён вылез наверх, плачучы i мармычучы нейкiя незразумелыя словы. Калiбек прынёс канiстру з вадой, каб стары памыўся.
Потым яны кiнулi ўнiз па прыгаршчы зямлi i пачалi засыпаць магiлу з падветранага боку. Спачатку рыдлёўкамi, а потым Жумагалi сеў за руль, пачаў ссоўваць грунт бульдозерам. Потым зноў раўнялi зямлю на магiле рыдлёўкамi...
А каршун-белахвост усё лунаў над iмi, назiраючы за воблачкам пылу i за купкай людзей, што рабiлi нешта незразумелае на строме. Ён заўважыў нейкае асаблiвае ажыўленне сярод iх, калi на месцы ямы пачаў вырастаць свежы гарбяк зямлi. I рыжы сабака тым часам пакiнуў сваё месца пад прычэпам i цяпер круцiўся каля людзей. Што яму трэба было? Толькi стары вярблюд, упрыгожаны папонай з кутасамi, усё гэтак жа безуважна жаваў сваю жвачку...
Здаецца, людзi збiралiся ад'язджаць. Але не, вось адзiн з iх, гаспадар вярблюда, растулiў далонi перад тварам, усе астатнiя зрабiлi гэтак жа...
Час падышоў. Буранны Едыгей абвёў усiх доўгiм, уважлiвым позiркам i сказаў:
– Вось i ўсё. Цi добрым чалавекам быў Казангап?
– Добрым, - адказалi тыя.
– Мо не сплацiў ён доўг каму? Тут яго сын, няхай возьме на сябе бацькаў доўг.
Нiхто нiчога не адказаў. I тады Калiбек сказаў за ўсiх:
– Не, нiякiх даўгоў за iм не засталося.
– У такiм выпадку што ты скажаш, сын Казангапаў Сабiтжан?
– звярнуўся да яго Едыгей.
– Дзякуй усiм вам, - коратка адказаў той.