Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
У гэты дзень з ранiцы - у першы, а цяпер у другi свой залёт - ён заўважыў вялiкае ажыўленне людзей i машын на бетоннай пространi касмадрома. Машыны снавалi ўзад i ўперад i асаблiва часта кружылi вакол канструкцый з ракетамi. Гэтыя ракеты, нацэленыя ў неба, ужо даўно стаялi асобна на сваiх пляцоўках, i да iх ужо даўно прывык каршун. Але сёння тут нешта незразумелае дзеялася. Задужа многа машын, занадта многа людзей, занадта вялiкi рух...
Заўважыў каршун i тое, што той чалавек, якi нядаўна прыехаў на вярблюдзе, два трактары i рыжы лахматы сабака стаялi цяпер ля калючага дроту знадворку, быццам бы не маглi яго пераадолець... Рыжы сабака раздражняў каршуна сваiм гультаяватым выглядам i
Едыгей падняў свой барадаты твар i ўбачыў у небе каршуна. "Белахвосты, вялiкi, - падумаў ён.
– Эх, быў бы я каршуном, нiхто мяне не затрымаў бы".
У гэты час наперадзе на дарозе паказалася машына. "Едзе!
– узрадаваўся Буранны Едыгей.
– Ну, дай божа, усё ўладзiцца!" Газiк хутка прымчаўся да шлагбаўма i рэзка спынiўся каля дзвярэй паставога памяшкання. Паставы адразу выцягнуўся i аддаў чэсць начальнiку па варце лейтэнанту Тансыкбаеву, як толькi той выйшаў з машыны, i пачаў дакладваць:
– Таварыш лейтэнант, дакладваю вам...
Але начальнiк каравула спынiў паставога на паўслове i звярнуўся да людзей, якiя стаялi каля шлагбаўма.
– Хто тут пабочныя? Хто чакае? Гэта вы?
– спытаў ён, звяртаючыся да Бураннага Едыгея.
– Бiз бiзрой, карагым. Ана-Бейiтке желтэй турып калдык. Калай да болса, жардомдзеш, карагым*, - сказаў Едыгей, стараючыся павярнуцца так, каб малады афiцэр убачыў на грудзях яго ўзнагароды.
* Мы, гэта мы, сынок. Не прапускаюць нас на могiльнiк. Зрабi што-небудзь, дапамажы нам, сынок.
На лейтэнанта Тансыкбаева гэта не зрабiла нiякага ўражання, ён толькi кашлянуў i, калi стары Едыгей намерыўся зноў загаварыць з iм, холадна перапынiў яго:
– Таварыш, звяртайцеся да мяне на расейскай мове. Я асоба пры выкананнi службовых абавязкаў, - растлумачыў ён, хмурачы чорныя бровы над раскосымi вачамi.
Буранны Едыгей вельмi збянтэжыўся:
– Э-э, прабач, прабач. Калi не так, то прабач.
– I, ужо зусiм разгубiўшыся, змоўк, забыўшыся нават пра тое, што ён яшчэ меў сказаць.
– Таварыш лейтэнант, дазвольце мне далажыць нашу просьбу, - iдучы на дапамогу старому, звярнуўся да афiцэра Доўгi Эдыльбай.
– Расказвайце, толькi карацей, - папярэдзiў начальнiк каравула.
– Адну хвiлiначку. Няхай прысутнiчае пры гэтым сын памершага.
– Доўгi Эдыльбай павярнуўся ў бок Сабiтжана.
– Сабiтжан, гэй, Сабiтжан, падыдзi сюды!
Але той толькi адмахнуўся:
– Дамаўляйцеся самi.
Доўгаму Эдыльбаю давялося пачырванець.
– Прабачце, таварыш лейтэнант, ён пакрыўдзiўся, што так атрымалася. Гэта сын памершага, нашага старога Казангапа. I тут яшчэ зяць яго, вунь ён, у прычэпу.
Зяць, падумаўшы, што яго завуць, пачаў злазiць з прычэпа.
– Гэтыя дэталi мяне не цiкавяць. Гаварыце па сутнасцi, - прапанаваў лейтэнант.
– Добра.
Доўгi Эдыльбай пачаў дакладваць - хто яны i адкуль, з якой мэтай i чаму з'явiлiся тут. I пакуль ён гаварыў, Едыгей сачыў за тварам лейтэнанта Тансыкбаева, усё больш разумеючы, што нiчога добрага з гэтага не выйдзе. Той i стаяў на той бок шлагбаўма толькi для таго, каб безуважна слухаць скаргу пабочных асоб. Едыгей гэтак усё зразумеў. I ўсё тое, што было звязана са смерцю Казангапа, усё тое, што ён зрабiў, каб пераканаць сваiх у перавагах пахавання на могiльнiку Ана-Бейiт, усе яго спадзяваннi, усё тое, у чым ён бачыў сваю сувязь з саразекскай даўнiной - усё гэта ўмiг зрабiлася марнасцю, нiчым, усё гэта здалося дарэмным, нiкчэмным перад асобай Тансыкбаева. Едыгей стаяў зняважаны ў сваiх лепшых пачуццях. Смешна i крыўдна было яму за баязлiвага Сабiтжана, якi яшчэ толькi ўчора плявузгаў пра багоў, пра людзей, якiмi кiруюць па радыё, а цяпер во, нават не пажадаў падысцi! Смешна i крыўдна было яму за недарэчна прыбранага ў дывановую покрыўку Бураннага Каранара нашто i каму гэта трэба было цяпер? Гэты лейтэнант Тансыкбаеў, якi нават не пажадаў гаварыць на роднай мове, - няўжо ён мог ацанiць убранне Каранара? Смешна i крыўдна было Едыгею за няшчаснага Казангапавага зяця-алкаголiка, якi праехаў далёкi шлях у дрогкiм прычэпу, каб быць побач з целам памершага, а цяпер падышоў во i стаяў побач, спадзеючыся, што iх яшчэ прапусцяць на могiльнiк. Нават за сабаку свайго, за рыжага Жалбарса, смешна i крыўдна было Бураннаму Едыгею - навошта ўвязаўся ён за iмi па сваёй добрай волi i чаго цярплiва чакае? Навошта гэта ўсё яму, сабаку? А можа, ён i адчуваў, што кепска будзе яго гаспадару, таму i ўвязаўся за iмi, каб быць у такi час побач? У кабiнах сядзелi маладыя хлопцы-трактарысты Калiбек i Жумагалi - што яны цяпер падумаюць пасля ўсяго гэтага?
Зняважаны i расхваляваны Едыгей вялiкiм намаганнем волi стараўся заглушыць гнеў, якi падымаўся ў iм вялiкай хваляй. Не, не меў ён права не саўладаць з сабою, пакуль нябожчык ляжаў у прычэпу. Не да твару старому чалавеку абурацца i павышаць голас. Так думаў ён, сцiскаючы зубы, каб не выдаць нi словам, нi жэстам тое, што рабiлася ў iм у гэты час.
Як i чакаў Едыгей, пасля размовы Доўгага Эдыльбая з лейтэнантам Тансыкбаевым становiшча было не ў iх карысць.
– Нiчым не магу вам дапамагчы. Уезд на тэрыторыю зоны пабочным асобам катэгарычна забаронены, - сказаў лейтэнант, выслухаўшы Доўгага Эдыльбая.
– Мы не ведалi пра гэта, таварыш лейтэнант. А iначай мы не прыязджалi б сюды. Але калi так здарылася, што мы аказалiся тут, то папрасiце вышэйшае начальства, каб нам дазволiлi пахаваць чалавека. Не везцi ж нам яго назад.
– Я ўжо дакладваў па службе. I атрымаў указанне не прапускаць нiкога нi па якой прычыне.
– Якая там прычына, таварыш лейтэнант?
– здзiвiўся Доўгi Эдыльбай.
– Сталi б мы шукаць прычыну. Нашто? Што мы там не бачылi, у вашай зоне? Калi б не пахаванне, то нашто нам так далёка ехаць?
– Я ж вам яшчэ раз тлумачу, таварыш пабочны, - сюды ўваходу няма нiкому.
– Што значыць пабочны!
– нечакана падаў голас зяць-алкаголiк, якi да гэтага часу маўчаў.
– Хто гэта пабочны? Мы пабочныя?
– сказаў ён, i твар у яго пачырванеў, i вусны сталi шызыя.
– Менавiта, з якiх гэта часоў?
– падтрымаў яго Доўгi Эдыльбай.
Стараючыся трымацца нейкай мяжы, зяць-алкаголiк не павысiў голасу, а толькi сказаў, разумеючы, што дрэнна ўмее размаўляць па-расейску, сказаў, глытаючы словы:
– Гэта наш, наш саразекскi могiльнiк. Зразумей, нарэшце. Усе мы, саразекскiя, маем права пахаваць тут свайго чалавека. Калi тут некалi хавалi Найман-Ану, каму магло прыйсцi ў галаву, што тут будзе закрытая зона?
– Я не збiраюся распачынаць з вамi спрэчку, - заявiў на гэта лейтэнант Тансыкбаеў.
– Як начальнiк каравульнай службы я яшчэ раз заяўляю - на тэрыторыю зоны нiякага доступу няма i не будзе.
Усе змоўклi. "Толькi б вытрымаць, толькi б не аблаяць яго!" Угаворваючы сябе, Буранны Едыгей глянуў угору i зноў убачыў таго каршуна, якi плаўна кружыў у небе. I зноў пазайздросцiў ён гэтай упэўненай i дужай птушцы. I вырашыў, што далей няма чаго выпрабоўваць лёс, прыйдзецца вяртацца. I, глянуўшы яшчэ раз на каршуна, Едыгей сказаў: