Чацвёра падазроных (на белорусском языке)
Шрифт:
"Мой дарагi Розен. Толькi што вярнулася ад доктара Хельмута Шпатса. На днях бачыла Эдгара Джэксана. Ён i Амос Пэры некалькi дзён таму назад вярнулiся з Чынгтаў*. Са спакойным Сумленнем магу сказаць, што я не зайздрошчу iх паездцы. Пiшыце пра сябе часцей. Як я ўжо i гаварыла вам раней, асцерагайцеся аднаго чалавека. Вы ведаеце, каго я маю на ўвазе, хоць i не згодны са мной.
Ваша Вяргiня".
* Кiтай.
– Карэспандэнцыя мiстэра Тэмплтана, у якой, як вы бачыце, рахунак ад краўца i пiсьмы ад яго сябра з Германii, - працягваў сэр Генры.
– Апошняе, на няшчасце, ён разарваў на прагулцы. Нарэшце, мы маем пiсьмо, якое атрымала Гертруда.
"Паважаная мiсiс Шварц. Мы спадзяёмся,
Верная вам Эма Грын".
Доктар Лойд злёгку ўсмiхнуўся, мiсiс Бантры таксама.
– Я лiчу, апошняе пiсьмо можна адразу адкласцi.
– Я падумаў таксама, - сказаў сэр Генры.
– Але ўсё ж я прыняў меры перасцярогi, праверыўшы, цi ёсць такая мiсiс Грын i цi быў царкоўны сход. Ведаеце, асцярожнасць не пашкодзiць.
– Вось што заўсёды гаворыць наш сябра, мiс Марпл, - усмiхаючыся, прагаварыў доктар Лойд.
– Вы не спiце, мiс Марпл? Што думаеце вы наконт гэтага?
– Даруйце мне маю дурноту, - пачала мiс Марпл, - але мяне дзiвiць, чаму слова "Сумленне" ў пiсьме, адрасаваным доктару Розену, напiсана з вялiкай лiтары?
Мiсiс Бантры праверыла.
– Так яно i ёсць, - пацвердзiла яна.
– О!
– Так, дарагая, - кiнула мiс Марпл.
– Я думала, вы заўважылi!
– У гэтым пiсьме ёсць прамая перасцярога, - уключыўся ў размову палкоўнiк Бантры.
– Гэта першае, што мне кiнулася ў вочы. Я заўважаю болей, чым вы думаеце. Так, прамая перасцярога, але ад каго?
– Што датычыць гэтага пiсьма, дык тут ёсць адзiн даволi цiкавы пункт, сказаў сэр Генры.
– Згодна з Тэмплтанавым паказаннем, доктар Розен распячатаў пiсьмо, калi сеў снедаць, прачытаў яго i кiнуў на стол, заявiўшы, што не мае нiякага ўяўлення, хто гэты хлопец.
– Але ж гэта не хлопец, - вырвалася ў Джэйн Хелiер.
– Там падпiсана "Вяргiня".
– Цяжка сказаць, што тут напiсана, - адгукнуўся доктар Лойд, - але болей падобна на Вяргiню. Толькi мне здаецца, што почырк мужчынскi.
– Ведаеце, гэта цiкава, - выказаў сваю думку палкоўнiк Бантры.
– Ён кiдае пiсьмо на стол i робiць выгляд, што нiчога не ведае. Хацеў паназiраць за выразам твару, але чыйго: дзяўчыны? мужчыны?
– Цi нават кухаркi?
– дадала мiсiс Бантры.
– Яна магла быць у пакоi, бо прынесла снеданне. Але штосьцi не разумею... Вельмi дзiўна...
Мiсiс Бантры спахмурнела, пазiраючы на пiсьмо. Мiс Марпл падсунулася блiжэй да яе. Мiс Марпл пальцам дакранулася да лiста паперы, i яны з мiсiс Бантры зашапталiся пра нешта.
– А чаму сакратар парваў другое пiсьмо?
– спыталася раптам Джэйн Хелiер. Гэта здаецца... я не ведаю... гэта здаецца дзiўным. I потым, чаго ён атрымлiваў пiсьмы з Германii. Хоць, канечне, ён i не падазраецца, як вы гаворыце...
– Але сэр Генры гэтага не гаварыў, - хуценька перабiла мiс Марпл, адарваўшыся ад размовы з мiсiс Бантры.
– Ён сказаў, што падазраюцца чацвёра. Выходзiць, ён не выключае мiстэра Тэмплтана. Я праўду кажу, сэр Генры?
– Так, мiс Марпл. Адно толькi магу сказаць са сваёй практыкi, нiколi нельга гаварыць, што хтосьцi не выклiкае падазрэння. Я прывёў вам дастаткова довадаў, чаму кожны з гэтых трох можа быць вiнаваты, якiя б яны нi прыводзiлi доказы. I адначасова я стараўся не звяртаць увагi на Чарльза Тэмплтана. Але я прыйшоў да гэтага, прытрымлiваючыся правiла, пра якое я раней упамiнаў. Я вымушаны быў прызнаць, што ў кожнай армii, кожным флоце i палiцыi ёсць здраднiкi. I як бы нам нi хацелася ў гэта не верыць, але, на жаль, гэта так. Я праверыў усю доказную аргументацыю супраць Чарльза Тэмплтана.
Шмат разоў я задаваў сам сабе адны i тыя пытаннi, якiя толькi што задала мiс Хелiер. Чаму ён, адзiн у доме, не змог прад'явiць пiсьмо, якое атрымаў напярэдаднi, - пiсьмо з нямецкiм штампам. Чаму ён атрымлiваў пiсьмы з Германii?
Апошняе пытанне даволi бяскрыўднае, i я яго яму задаў. Яго адказ быў даволi просты. Сястра яго мацi выйшла замуж у Германii. Пiсьмо ён атрымаў з Германii ад кузiны. Такiм чынам я даведаўся пра тое, пра што раней не ведаў, у Чарльза Тэмплтана былi сувязi з Германiяй. Таму, безумоўна, ён быў уключаны ў спiс падазроных. Ён мой чалавек - хлопец, якi мне заўсёды падабаўся i якому я давяраў, але звычайная справядлiвасць i прыстойнасць патрабавалi, каб я яго ўнёс у спiс.
Але вось дзе ён, у пачатку цi ў канцы спiса - я не ведаю! Не ведаю... I, як вiдаць, нiколi не даведаюся. Няма пытання, як пакараць забойцу. Засталося пытанне, як мне здаецца, у сто разоў важнейшае. Загiнула кар'ера сумленнага чалавека... з-за падазрэння, - падазрэння, якога я не асмелiўся праiгнараваць.
Мiс Марпл кашлянула i ветлiва спыталася:
– Выходзiць, сэр Генры, калi я вас правiльна разумею, дык вы падазраеце гэтага маладога Тэмплтана?
– У нейкiм сэнсе так. Тэарэтычна ўсе чацвёра ў аднолькавым становiшчы, але на самай справе - не. Добс, напрыклад, - па-мойму, можа падазравацца, але гэта нiяк не паўплывае на яго далейшы занятак. Нiкому ў вёсцы нават у галаву не прыйдзе, што смерць старога Розена - не няшчасны выпадак. Гертрудзе амаль усё роўна, якая будзе яе кар'ера потым. Што да фройлян Розен, дык, магчыма, узнiкнуць калi-небудзь нейкiя цяжкасцi, але, мне здаецца, гэта не мае для яе асаблiвага значэння.
Што датычыць Грэты Розен... ну, дык тут мы падыходзiм да сутнасцi справы. Грэта - вельмi мiлая дзяўчына. Чарльз Тэмплтан - вiдны малады чалавек, i пяць месяцаў яны былi разам, пазбаўленыя ўсякiх забаў. I непазбежнае здарылася. Яны пакахалi адно аднаго, хоць i не падышлi да таго моманту, калi можна прызнацца ў гэтым.
А потым здарылася катастрофа. Тры месяцы таму назад, дзень цi два па звароце дахаты, да мяне прыйшла Грэта Розен. Яна прадала катэдж i вярталася ў Германiю, каб давесцi справы доктара Розена да канца. Яна прыйшла асабiста да мяне, хоць ведала, што я ўжо ў адстаўцы. Яна хацела бачыць мяне таму, што размова была сапраўды асабiстая. Спачатку яна абыходзiла гэтую тэму, а потым усё вылажыла. Што я думаю пра тое пiсьмо з нямецкiм штампам?
– яна так мучыцца, перажывае з-за таго пiсьма, якое падраў Чарльз. Цi добрыя весткi былi ў iм? Безумоўна, яно павiнна было быць добрае. Канечне, яна паверыла яго словам, але... о! калi б яна толькi ведала! Калi б яна ведала дакладна!
Вы разумееце? Тое самае пачуцце: жаданне паверыць - але гэта жахлiвае, затоенае падазрэнне... Стараешся выкiнуць яго з памяцi, але яно, падазрэнне, застаецца. Я гаварыў з ёй шчыра i папрасiў яе таксама гаварыць са мной адкрыта, гаварыць праўду. Я спытаўся, цi кахае яна Чарльза i ён яе.
"Думаю, кахае, - адказала яна.
– Я ведаю, што гэта так. Мы былi шчаслiвыя. Кожны дзень праходзiў радасна. Мы ведалi, мы абое ведалi. Нам не трэба было спяшацца, увесь час быў наш. У адзiн шчаслiвы дзень ён скажа, што кахае мяне, i я скажу яму, што таксама кахаю яго! Ах! Але можна толькi здагадвацца. А цяпер усё перамянiлася. Чорная бездань пралегла памiж намi. Адносiны ў нас цяпер нацягнутыя. Калi сустракаемся, мы не ведаем, што сказаць. З iм, вiдаць, тое самае, што i са мной... Кожны з нас гаворыць сам сабе: "Калi б я быў упэўнены!" Вось чаму, сэр Генры, я прашу вас сказаць мне: "Вы. можаце быць упэўненыя, Чарльз Тэмплтан не забiваў вашага дзядзькi!" Скажыце мне гэта! О, скажыце мне гэта! Я прашу... прашу!"