Чужанiца (на белорусском языке)
Шрифт:
– Чаму? Вы павiнны сказаць мне. Чаму?
Я па-ранейшаму маўчаў.
Тады ён раптам устаў, шырокай хадой падышоў да краю стала, выцягнуў з тумбы шуфляду i дастаў з яе срэбны крыж з распяццем. Трасучы iм, ён вярнуўся да мяне i абсалютна непазнавальным, амаль дрыготкiм голасам закрычаў:
– Цi ведаеце вы, хто гэта?
Я сказаў:
– Натуральна, што ведаю.
Тады ён, захлынаючыся, палка прызнаўся мне, што ён верыць у Бога, i ён упэўнены, што нiводзiн чалавек на зямлi не вiнаваты настолькi, каб Бог не дараваў яму гэтага, але трэба, каб сваiм раскаяннем чалавек ператварыўся ў дзiця, у немаўлятка, чыя душа - чыстая i адкрытая, i здольная ўспрыняць усё. Следчы ўсiм целам навалiўся на стол. Ён махаў распяццем амаль над самай маёй галавой. Шчыра кажучы, я вельмi дрэнна сачыў за яго думкай - мне было горача, у кабiнеце лёталi мухi i часам садзiлiся мне
Я хацеў быў сказаць, што ён не мае рацыi, на гэтую рэч не варта звяртаць такой увагi: яна наогул не мае вялiкага значэння. Але ён перапынiў мяне. Ён выпрастаўся i з апошняю надзеяй вылечыць маю душу папытаўся, цi веру я ў Бога. Я адказаў, што не. Ад такой знявагi ён сеў у фатэль. Ён сказаў, што гэта немагчыма, што ўсе людзi вераць у Бога - нават тыя, хто адвярнуў ад яго свой твар. I ён упэўнены ў гэтым, упэўнены, i калi хоць раз яму давядзецца ў гэтым засумнявацца, яго жыццё страцiць усялякi сэнс.
– Няўжо, - закрычаў ён, - няўжо вы хочаце, каб маё жыццё не мела сэнсу?
На маю думку, гэта мяне не датычылася, i я так яму i сказаў. Але ён ужо перагнуўся цераз стол, падсунуў Хрыста пад самыя мае вочы i крычаў, як апантаны:
– Я хрысцiянiн! Я малю яго дараваць табе грахi твае! Як жа ты можаш не верыць, што ён пакутаваў дзеля цябе?
Я, вядома, заўважыў, што ён звяртаецца да мяне на "ты", але мне ўжо абрыдла яго слухаць. Гарачыня душыла ўсё мацней. I я зрабiў выгляд, нiбы згаджаюся, як раблю заўсёды, калi хачу пазбавiцца ад надакучлiвай размовы. На маё здзiўленне следчы шалёна ўзрадаваўся.
– Вось бачыш! Бачыш!
– закрычаў ён.
– Ты верыш у Бога! I цяпер ты адкрыеш перад iм сваю душу.
Зразумела, я яшчэ раз сказаў, што не. I ён зноў павалiўся ў фатэль.
Выгляд у яго быў змораны. Нейкi час ён сядзеў моўчкi, i толькi машынка дастуквала апошнiя словы з нашага дыялога. Потым следчы ўважлiва i крыху тужлiва зiрнуў на мяне. I прамармытаў:
– Нiколi яшчэ я не бачыў настолькi счарсцвелай душы, як ваша. Нiхто са злачынцаў, якiя прыходзiлi да мяне, не здолеў стрымаць сваiх слёз перад гэтым пакутным аблiччам.
Я хацеў адказаць, што можа яно i так, але ж тое былi злачынцы. Але адразу падумаў, што i я - такi самы. Я ўсё нiяк не мог прызвычаiцца да гэтае думкi. Тут следчы ўстаў, паказваючы, што допыт закончаны. I напаследак, з гэткiм жа стомленым выглядам, запытаўся, цi шкадую я таго, што ўчынiў. Я падумаў i адказаў, што не тое, каб шкадую, але, хутчэй, - проста мне непрыемна. Па-мойму, ён не зразумеў. Але ў той дзень на гэтым усё i скончылася.
Пасля мяне часта яшчэ вадзiлi да следчага. Але кожны раз са мною цяпер быў адвакат. Яны патрабавалi ад мяне хiба што ўдакладнiць сёе-тое ў маiх ранейшых паказаннях. Цi наогул - увесь час гаманiлi памiж сабой наконт розных абвiнаваўчых пунктаў. Але сам я ў такiя хвiлiны нiколi па-сапраўднаму iх не цiкавiў. Ва ўсякiм выпадку, тон допытаў патроху змянiўся. Следчы, вiдаць, ужо адшукаў маёй справе нейкае тлумачэнне i страцiў да маёй асобы ўсякую цiкаўнасць. Ён болей не гутарыў са мною пра Бога, i я ўжо нiколi не бачыў яго такiм узбуджаным, як у той першы дзень. Некалькi пытанняў, кароткая размова з адвакатам - i допыт канчаўся. Справа мая, як любiў казаць следчы, пасоўвалася сваiм парадкам. Часам, калi размова iшла на нейкую агульную тэму, мяне падключалi таксама. I тады мне дыхалася вальней. Усё было так натуральна, iшло так гладка i гаварылася так разумна, што ў мяне нават пачало складвацца ўражанне, што я тут - "свой чалавек". Следства цягнулася адзiнаццаць месяцаў, i пад канец я амаль не мог даць сабе веры, што некалi ў мяне былi нейкiя iншыя ўцехi, акрамя тых хвiлiн, калi следчы праводзiў мяне да дзвярэй i, лопаючы па плячы, па-сяброўску казаў: "Ну, на сёння досыць, пане Антыхрысце". I мяне перадавалi ў рукi жандарам.
II
Ёсць рэчы, пра якiя мне нiколi не падабалася гаварыць. I калi я апынуўся ў турме, мне ўжо праз некалькi дзён стала ясна, што пра гэтую частку жыцця гаварыць мне будзе непрыемна.
Пазней, праўда, я ўжо не бачыў падстаў для агiды. Але першыя днi я па-сапраўднаму яшчэ не ўяўляў, што я - у турме: я падсвядома чакаў, што вось нешта адбудзецца i ўсё пойдзе iнакш. Сапраўднае турэмнае жыццё пачалося толькi пасля першага i адзiнага наведвання Мары. З таго дня, калi я атрымаў яе лiст (а яна пiсала, што прыходзiць
У пакой для спатканняў мяне вялi па доўгiм калiдоры, пасля па лесвiцы i, нарэшце, зноў па калiдоры. Я ўвайшоў у вельмi шырокую залу з вялiзным акном на ўсю сцяну. Дзве перагародкi ў краты рассякалi пакой на тры часткi. Пустая прастора, шырынёй метраў восем цi дзесяць, аддзяляла наведнiкаў ад арыштантаў. Насупраць узнiкла Мары, я заўважыў яе загарэлы твар i паласатую сукенку. Побач са мной у пакоi стаялi яшчэ некалькi вязняў, чалавек дзесяць, большасць былi арабы. З абодвух бакоў ад Мары таксама былi арабкi: з аднаго - сцiснуўшы вусны, стаяла маленькая бабулька ва ўсiм чорным, з другога - тоўстая кабета з распушчанымi валасамi, яна ўвесь час нешта моцна крычала i размахвала рукамi. З-за вялiкай адлегласцi памiж адгародкамi ўсiм, хто быў у зале, даводзiлася размаўляць вельмi гучна. Рэзкае святло, якое наскрозь працiнала шыбы, i гуд галасоў адбiвалiся ад голых сцен i мацнелi яшчэ больш. Калi я зайшоў, у мяне нават закруцiлася ў галаве. У камеры было намнога цямней i спакайней. I каб асвойтацца, мне спатрэбiўся пэўны час. Нарэшце я выразна ўбачыў кожны твар, ярка асветлены сонцам. У канцы калiдора памiж адгародкамi на крэсле сядзеў наглядчык. Большасць арабаў i iх крэўныя масцiлiся на кукiшках адзiн насупраць аднаго. Гэтыя не крычалi. Нягледзячы на страшэнны гармiдар, iм неяк удавалася разумецца, размаўляючы амаль шэптам. Iх цiхае мармытанне, над самай падлогай, утварала нешта накшталт глухога басавiтага фону для хору тых гучных поклiчаў, што гучалi над iх галавой. Усё гэта я заўважыў неяк адразу, пакуль iшоў да Мары. Яна ўжо прыпала да кратаў i з усяе сiлы намагалася ўсмiхнуцца. Яна мне здалася вельмi прыгожай, але я не здолеў сказаць ёй гэтага.
– Ну што?
– голасна крыкнула яна.
– Як бачыш, вось так.
– Табе нiчога не трэба, у цябе ўсё добра?
– Так, усё.
Мы змоўклi. Мары ўсё ўсмiхалася. Тоўстая кабета нешта крычала майму суседу, высокаму бяляваму здаравяку са шчырымi вачыма. Вiдаць, гэта быў яе муж. Сваю гаворку яны пачалi яшчэ да майго прыходу.
– Жана не захацела яго ўзяць, - на ўсё горла крычала кабета.
– Ну, ну, - адказваў муж.
– Я сказала, што ты, як вернешся, забярэш, але яна ўзяць не захацела.
Мары крыкнула з-за кратаў, што Раймон перадае прывiтанне, i я адказаў: "Дзякуй". Але мяне перабiў сусед, якi пытаўся, "як у яго са здароўем". Яго жонка засмяялася i адказала, што "лепей ён сябе нiколi не адчуваў". Сусед справа, невысокi юнак з тонкiмi рукамi, маўчаў. Насупраць яго я заўважыў маленькую бабулю. Яны пiльна ўзiралiся адно ў аднаго. Але паназiраць за iмi яшчэ мне не ўдалося, бо Мары крыкнула:
– Трэба не трацiць надзеi.
I я адказаў:
– Ага.
Я глядзеў на яе, i мне хацелася сцiснуць яе плячо пад тонкай сукенкай. Мне хацелася адчуць пад сваёю рукой гэту мяккую i лёгкую тканiну, i я не ведаў, цi можна спадзявацца на нешта яшчэ. Але Мары, вядома, таксама хацела сказаць тое самае, яна ўвесь час усмiхалася. I я ўжо не бачыў нiчога, апроч бляску яе беласнежных зубоў i вясёлых зморшчынак ля вачэй. Мары зноў крыкнула:
– Ты выйдзеш, i мы пажэнiмся!
– Ты так думаеш?
– адказаў я, але сказаў так больш дзеля таго, каб увогуле нешта сказаць.
I тады, вельмi хутка i па-ранейшаму голасна, яна залапатала - але, але, мяне апраўдаюць, i мы зноў будзем плаваць у моры. Але кабета побач з ёю раўла безупынку. Яна казала, што пакiнула ў канцылярыi кошык з перадачай, i пералiчвала ўсё, што там ляжыць. Трэба абавязкова праверыць - гэта каштуе немалых грошай. Другi сусед i яго мацi па-ранейшаму маўчалi i ўзiралiся адно ў аднаго. На кукiшках гэтак жа перашэптвалiся арабы. Святло на дварэ нiбы напiналася i цiснула ў шыбы.