Чужанiца (на белорусском языке)
Шрифт:
– Па-мойму, - сказаў ён, - гэта няшчасце. Гэта няшчасце, i ўсе разумеюць, што гэта такое. Ад яго не ўберагчыся нiкому. Дык вось, па-мойму, - гэта проста няшчасце!
Ён хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але старшыня падзякаваў i сказаў, што ён можа iсцi. Селест крыху сумеўся i ўсё ж заявiў, што мае сказаць яшчэ некалькi слоў. Яго папрасiлi быць сцiслым. Тады ён зноў паўтарыў, што, на яго думку, гэта проста няшчасце. Старшыня перапынiў яго:
– Ну, вядома, гэта нам ужо ясна. Мы i сабралiся тут, каб разбiраць падобнага роду няшчасцi. Вельмi вам удзячны.
Селест, вiдаць, сказаў ужо ўсё, што думаў, усё, на што быў здольны. Ён павярнуўся да мяне, i мне здалося, што вочы ў яго налiлiся слязьмi, яго вусны дрыжалi. Усiм выглядам ён пытаўся, чым можа дапамагчы мне яшчэ. Я змаўчаў, я нават не зварухнуўся, але тое было першы раз у жыццi, калi мне захацелася пацалаваць мужчыну. Старшыня зноў загадаў Селесту заняць сваё месца
– Вось, панове прысяжныя, чалавек, якi назаўтра пасля пахавання сваёй мацi iдзе купацца ў моры, а потым распачынае выпадковую сувязь i забаўляецца, гледзячы камедыйны фiльм. Больш мне няма чаго дадаць.
Ён сеў. У зале па-ранейшаму стаяла цiшыня. I тут, раптам, Мары не стрымалася i зарыдала, яна сказала, што ўсё гэта няпраўда, што ўсё гэта зусiм не так, яе прымушалi казаць зусiм не тое, што яна хацела, бо яна мяне добра ведае, i я нiколi не рабiў нiчога благога. Але па знаку старшынi судовы выканаўца вывеў яе з залы, i слуханне справы пайшло далей.
Наступных сведкаў амаль нiхто ўжо не слухаў. Так было з Масонам, якi заявiў, што я чалавек сумленны, "i ён нават болей скажа - чалавек прыстойны". Так было i з Саламано, якi прыгадаў, што я заўсёды быў добры з яго сабакам, а на пытанне пра маму адказаў, што нам не было пра што гаварыць, i таму я аддаў яе ў прытулак.
– Гэта ж таксама трэба разумець, - казаў Саламано, - гэта ж таксама трэба разумець.
Але, здаецца, нiхто не разумеў. Яго вывелi.
Потым настала чарга Раймона, ён быў апошнi. Раймон зрабiў мне прывiтальны жэст i адразу заявiў, што я невiнаваты. Але старшыня перапынiў яго i сказаў, што ад яго патрабуюць даваць не ацэнкi, а факты. I папрасiў Раймона адказваць толькi на зададзеныя пытаннi. Тады ў яго спыталi, якiя сувязi ў яго былi з ахвярай. Раймон скарыстаўся гэтым, каб заявiць, што араб ненавiдзеў яго асаблiва пасля таго як ён даў поўху ягонай сястры. Але старшыня запытаўся, цi не было ў ахвяры прычын ненавiдзець таксама i мяне. Раймон заявiў, што на пляжы я тады апынуўся выпадкова. Пракурор запярэчыў - як жа тады адбылося, што лiст, якi стаў вытокам усёй гэтай драмы, быў напiсаны маёю рукой? Раймон адказаў, што гэта таксама чысты выпадак. Але пракурор заявiў, што выпадак адыгрывае ўжо занадта кепскую ролю ў гэтай гiсторыi. Цi выпадкова, што я не ўмяшаўся, калi Раймон даў поўху сваёй каханцы? Цi выпадкова, што я быў яго сведкам у камiсарыяце? I цi выпадкова, зноў жа, што сведчаннi, як гэта было выяўлена, я даў толькi са спагады Раймону? Пасля ўсяго гэтага пракурор пацiкавiўся, на якiя сродкi Раймон жыве, i калi той адказаў: "Працую кладаўшчыком", - пракурор павярнуўся да прысяжных i абвясцiў, што - як гэта вядома ўсiм - сведка займаецца сутэнёрствам! А я - яго памагаты i сябрук. Карацей кажучы, мы маем перад сабой надзвычай амаральную справу сама нiзкага гатунку, абцяжараную ў дадатак яшчэ тым, што галоўны дзейнiк у ёй - сапраўдная бездухоўная пачвара. Раймон хацеў быў пайсцi ў абарону, адвакат таксама запратэставаў, але iх папрасiлi даць пракурору кончыць.
– Мне амаль няма чаго дадаць, -
– Так, - адказаў ён, - ён быў маiм прыяцелем.
Тады пракурор задаў тое самае пытанне мне. Я зiрнуў на Раймона, той глядзеў проста мне ў вочы.
– Так, - сказаў я.
Пракурор павярнуўся да прысяжных i абвясцiў:
– Вось, гэта той самы, якi назаўтра пасля пахавання сваёй мацi аддаваўся бруднай распусце, а потым без дай прычыны забiў чалавека, каб прыхаваць сляды яшчэ адной амаральнай гiсторыi, якой нават цяжка знайсцi азначэнне.
Ён сеў. Мой адвакат з нецярплiвасцю ўскочыў i, узняўшы рукi да неба, так што з-пад рукавоў стала вiдаць накрухмаленыя манжэты белай кашулi, усклiкнуў:
– Нарэшце! У чым вiнавацяць гэтага чалавека? У тым, што ён пахаваў сваю мацi, цi ў тым, што ўчынiў забойства?
У зале пачуўся смех. Але пракурор зноў устаў i, захiнуўшыся ў мантыю, заявiў, што трэба мець вялiкую вынаходлiвасць шаноўнага абаронцы, каб не заўважаць, якая глыбокая, пачварная i непарыўная сувязь ляжыць памiж гэтымi на першы погляд рознымi фактамi.
– Але!
– голасна ўсклiкнуў ён.
– Я вiнавачу гэтага чалавека ў тым, што ён хаваў сваю мацi з сэрцам злачынцы!
Гэтыя словы, здаецца, моцна ўсхвалявалi публiку. Адвакат пацiснуў плячыма i выцер з iлба пот. Вiдаць, ён быў уражаны таксама, i я зразумеў, што справы мае iдуць кепска.
На сёння паседжанне было скончана. Выходзячы з Палаца правасуддзя, каб сесцi ў турэмную машыну, я на кароткi час адчуў знаёмы пах i фарбы летняга вечара. I потым, седзячы ў сутоннi маёй перасоўнай камеры, я нiбы праз млявую смугу пазнаваў гукi некалi блiзкага мне горада, якi я любiў, - тыя гукi, што заўсёды чулiся ў гэты час, калi мне здаралася быць шчаслiвым. Крык прадаўцоў газет у ацiхлым ужо паветры, шчабятанне запозненых птушак у скверы, зазыўныя воклiчы гандляроў пiражкамi, трамвайны енк на крутых паваротах вулiц i шолах неба над портам, што рыхтуецца да блiзкай ночы, - гэты добра вядомы мне шлях я рабiў цяпер, як сляпы. Так, гэта быў той час, калi я, ужо вельмi-вельмi даўно, адчуваў сябе шчаслiвым. Я ведаў тады, што наперадзе мяне чакае сон, лёгкi сон без нiякiх мрояў. Але цяпер нешта змянiлася, бо цяпер перад сустрэчай з заўтрашнiм днём мяне чакала камера. I выходзiла так, што той знаёмы шлях, накрэслены ў летнiм вячэрнiм небе, мог весцi да турмы, як раней вёў да цiхамiрных сноў.
IV
Нават на лаве падсудных цiкава паслухаць, што пра цябе кажуць iншыя. I магу вас запэўнiць, што ў пракуроравай i адвакатавай прамовах пра мяне было сказана нямала - бадай, нават больш пра мяне, як пра маё злачынства. Ды, зрэшты, цi так ужо яны адрознiвалiся, гэтыя прамовы, адна ад адной? Адвакат ускiдаў рукi да неба i прызнаваў мяне вiнаватым, але шукаў розных апраўданняў. Пракурор працягваў рукi да публiкi i выкрываў маю вiнаватасць, але нiякiх апраўданняў ёй не бачыў. Нешта мяне ўсё ж непакоiла. I нягледзячы на ўсе засцярогi, мне часам дужа карцела ўцiснуць сваё слова, але ў такую хвiлiну адвакат гаварыў:
– Маўчыце, гэтак будзе лепей для справы.
I справа абмяркоўвалася так, нiбы мяне тут i не было. Без нiякага майго ўдзелу. Мой лёс вырашалi, не пытаючыся маёй думкi. Часам мне рупiла спынiць iх i сказаць: "Слухайце, нарэшце, хто тут падсудны? То ж не звычайная рэч - быць падсудным. Я таксама маю нешта сказаць". Але, як падумаць, мне не было чаго казаць. Дый, трэба прызнаць, жаданне займаць чыюсьцi ўвагу трывае не вельмi доўга. Мяне, напрыклад, пракурорава прамова стамiла вельмi хутка. Уразiлi i запомнiлiся толькi асобныя ўрыўкi, жэсты цi напышлiвыя фразы, зусiм, аднак, адарваныя ад усяго астатняга, што ён казаў.
Сэнс яго думкi, калi я добра зразумеў, зводзiўся да таго, што забойства было ўчынена мною наўмысна. Прынамсi, ён стараўся гэта давесцi. Ён так i казаў:
– Я дакажу вам гэта, панове, i дакажу двойчы. Спачатку ў асляпляльным святле фактаў i потым - у змрочным святле псiхалогii гэтай злачыннай душы.
Ён сцiсла яшчэ раз пералiчыў усё, што адбылося пасля мамiнай смерцi. Нагадаў пра маю нячуласць, пра тое, што я не ведаў, колькi маме гадоў, i што назаўтра хадзiў на пляж з жанчынай, а пасля - у кiно на Фернандэля, i прывёў з сабой дадому Мары. Тут я не адразу яго зразумеў, бо ён казаў пра "каханку", а яна для мяне была проста - Мары. Нарэшце ён дайшоў да гiсторыi з Раймонам. Я адзначыў, што яго разважаннi не пазбаўлены логiкi. Тое, як ён выстройваў факты, было вельмi верагодна. Па згодзе з Раймонам я напiсаў лiст, каб завабiць яго каханку ў пастку i потым аддаць на гвалт чалавеку "сумнiцельнай маралi". На пляжы я справакаваў бойку з Раймонавымi ворагамi i, калi той быў паранены, узяў у яго рэвальвер i вярнуўся адзiн да крынiчкi, каб iм скарыстацца. Там, як было задумана, я забiў араба. Потым счакаў. I "каб упэўнiцца, што справа зроблена як мае быць", стрэлiў яшчэ чатыры разы, ужо не спяшаючыся, упэўнена i нават, калi так можна сказаць, з развагай.