Цыганскі кароль
Шрифт:
- І сапраўды... а як жа слова караля? Не, так не пойдзе...
Ён павагаўся:
– А вось што... Калі лозы ёй пашкодзяць, дык не пашкодзяць шляхецкія абоймы. Хто хоча ўзяць гэту распутніцу ў наложніцы?
- Ёй спачатку трэба паразмаўляць з духоўнай асобай аб сваіх грахах, - сказаў мітрапаліт.
- Гм, - хмыкнуў кароль.
– Ну што ж...
Але ў гэты момант медыкус раптам выпаліў:
- Я... я бяру яе. І хай паспрабуе нехта крануць яе пальцам.
І ён рэзкім рухам накінуў на плечы жанчыне сваю мантыю.
Адказам на
Празрысты нос медыкуса стаў малінавым: гэта быў яго манер чырванець. Ён узяў за плячо знясіленую сорамам, аслупянелую жанчыну і павёў яе.
Здавалася, што на гэтым справа скончыцца, тым больш дзіўным было з'яўленне перад каралём тоўстага цыгана ў кажусе.
- Кепска робіш ты. Чым перашкодзіў табе мой сын?
Кароль глядзеў на яго з лютым гумарком у вачах.
- Ён хоча жаніцца. Кепска скончыцца ўсё, калі роме будуць так крыўдзіць.
У адказ на гэта ў паветры пралунаў гучны пляск.
- Дурань ты, бацька, - прагаварыў цыган, трымаючыся за шчаку.
Але Якуб не звяртаў ужо на яго ўвагі. Ён стаяў над прыціхлым натоўпам, узнімаючы ў паветра свой залаты скіпетр.
- Улюбёныя цыганы! Добры мой народ! Скончыўся суд, і мы, ачышчаныя ад брыдоты, моцныя як ніколі, можам сабраць наш вольны сейм.
Міхалу абрыдла слухаць гэтыя словы. З цяжкім сэрцам выбраўся ён з гамарні і сутыкнуўся з медыкусам, які вяртаўся на сваё месца.
- Навошта вы зрабілі гэта?
– з дакорам спытаў Яноўскі.
– Разбілі, сапсавалі жыццё людзям.
- Ого, - здзіўлена працягнуў стары цынік, - не пазнаю доблеснай шляхецкай крыві.
І, перш чым юнак паспеў ускіпець, працягнуў:
- Каб я быў бугаём, мяне, на жаль, даўно перадалі б на мяса. Каб нехта сказаў мне: "Пане, зганьбіце гэтую дзяўчыну, а іначай мы вас павесім", - я адказаў бы яму: "Бярыце мяне, менш буду пакутаваць. Адным ганебным успамінам будзе ў мяне менш на зямлі".
І дадаў:
- Гэта, вядома жарты. Людзі не варты спагады, але... я сёння проста не мог. Гэтыя слабыя плечыкі, гэты рух, якім яна закрывала твар, менавіта твар. Што зробіш, я непаслядоўны чалавек. Якуб, уласна кажучы, вельмі добры для шляхціца, мы ўломім яго пасля. Прыйдзе і на яго часіна з добрым гуморам. І няхай дзяўчына чакае гэтай хвіліны ў маёй хаце, а не ў хаце гэтага юрлівага папа.
Роў натоўпу перарваў яго словы. Абодва паспяшаліся праціснуцца да трона. Адбылася нейкая змена. Людзей, якія толькі што стаялі ў пахмурным, пагрозлівым маўчанні, нельга было пазнаць. Палаючыя нянавісцю вочы, ашчэраныя зубы.
І сярод іх стаяў, узвышаючыся над галовамі, Знамяроўскі і крычаў, патрасаючы рукамі:
- Вы бачыце яго (рух у бок Яноўскага), вы бачыце гэтага гожага чалавека, уладара братняй, але маленькай і слабай дзяржавы? Вы бачыце яго сумленныя вочы? Чым ён вінен, што хоча жыць самастойна і шчасліва? Але яму не даюць так жыць.
– Голас караля дрыжаў: - Злосны і падступны сусед, адроддзе пекла...
Ён прыкрыў рукой вочы і хіснуўся (у паветры моцна запахла гарэлкаю і вайной). Баба, што стаяла непадалёку, раптам загаласіла:
- А-а, божа мой, а што гэта ж з ім, галубчыкам нашым, робіцца? А як жа ж ён жаласна гаворыць!
- Да таго ж, - працягваў кароль, - мы, магчыма, і змаўчалі б, каб гэты Ваўчанецкі не рыхтаваў замаху на нашу волю і незалежнасць. Гэты аспід і васіліск пырскае чорнай жоўцю. Ён сабраў зброю, паставіў пад ружжо сваіх гайдукоў. Ён збіраецца вераломна напасці на нас. Няўжо мы будзем цярпець гэта, мужны народ цыганскі і русінскі? Яны захопяць нашу зямлю, згвалцяць нашых жонак, забяруць нашых коней, цудоўных коней. І не застанецца нават следу цыганскага на зямлі, бо вы будзеце рабамі.
У натоўпе там-сям галасілі бабы. Апакаліптычны жах лунаў над галовамі людзей. Жах і свяшчэнная нянавісць. Чуліся выкрыкі:
- Смерць ім! Бач ты, коней!!! Ражна з'ядуць!
І грымеў голас Знамяроўскага:
- Не, мы самі нападзём на іх. Мы ступім ім на шыю. Мы забяром іхніх коней, мы згвалцім іхніх жонак, мы спалім іхнія хаты. І заззяе ў славе каралеўства цыганскае на векі вякоў. У славе і свабодзе! Нас пакрыўдзілі! З намі бог!
Натоўп роў, стагнаў, задыхаўся. Трэслі кулакамі ў паветры, махалі дубцамі.
- Коні! Коні! Коні!
- Я пайду! І я... І я...
Нехта разважліва бубніў:
– Я не люблю біцца. Але калі яны на нас так, дык мы ім усыплем.
– Бі іх! Смерць драпежнікам!
– Выступаем сёння ўночы!
– крычаў Знамяроўскі.
– У-ра! Коні! Коні! Бацька ты наш, літасцівец, уладар!
– Вядзі нас! Вядзі!
Узрушаны натоўп паваліў з плошчы.
IV
Па пыльнай дарозе яны пад'ехалі да пушчы. Ад узлесся да Яноўшчыны заставалася не больш трох гадзін язды. Першая зорка пералівалася ў вышыні кропляю крынічнай вады. Стаялі і марылі паабапал дарогі замглёныя раннім туманам стагі.
Ехалі конна, людна і збройна цэлыя суткі, зрабіўшы два невялікія прывалы. Наперадзе ехала дзесяткаў пяць конных цыганоў у кажухах з рацішчамі, пугамі і фузіямі. Пасля цягнуўся воз з каралеўскай кухняй, шатны воз, воз з трыма хартамі і паляўнічымі сокаламі. Пасля - воз караля, вышынёю ў два сажні, упрыгожаны кілімамі.
За ім - трыццаць вазоў са шляхецкай пяхотай. Гэта былі бясконныя загонавыя шляхцюкі, узброеныя шаблямі і пулгакамі, у чыкчырах і чугах, расшытых пазументамі, але сям-там зацыраваных і нават проста дзіравых. Шляхцюкі ўзмоцнена паядалі вайсковы запас.