Цыганскі кароль
Шрифт:
Яноўскі слухаў яго з дзіўным спакоем. Нібы не яго любую, моцную, вольную дзяржаву лаялі. Нібы зусім не шляхціц ён, а самы звычайны лапаць. Словы медыкуса былі як павольна дзеючая атрута. Міхал па-ранейшаму пагарджаў мужыкамі, але і шляхту не мог любіць - наглядзеўся за гэтыя дні. І гэта было рыцарства, надзея Беларусі, яе блакітная кроў. Паганцы!
К канцу другога дня гулянкі адбылося адразу тры няшчасці: абпіліся да смерці два цыганы і памёр, таксама пасля выпіўкі, той цыган, якому прабілі галаву. Ён быў цыганскі старэйшына
У дзень пахавання старэйшыны Яноўскі пайшоў да табара. Дзень быў спакойны, ён дагараў за лясамі чырвонаю стужкай зары, і таямніча вымалёўваліся на гэтым фоне спічастыя цыганскія буданы. Міхал прапусціў момант, калі нябожчыка панясуць у апошні шлях. Ён інстынктыўна не любіў чужой смерці, як кожны малады. Проста хацелася хоць хвіліну пабыць сярод людзей, якія не п'юць і не сваволяць.
Ён здзівіўся, убачаўшы, што трохі зводдаль ад шатра нябожчыка стаіць невялікі маўклівы натоўп, чарнеючы ў цемры.
Каб не перашкаджаць ім, Яноўскі адышоў у супрацьлеглы бок і сеў у хмызах, ля вялікага дуба. Тут ён бачыў усё, а яго не бачылі.
Хвілін пяць стаяла цішыня. Пасля няпэўны, ледзь чутны голас заспяваў дзіўную гартанную мелодыю. Праспяваў дзве-тры ноты і змоўкнуў. Падхапіў другі жаночы голас і павёў яе, скардзячыся, і зноў змоўк... Трэці, чацвёрты голас... Песня мацнела, але да самага канца заставалася нягучнай. І раптам зноў цішыня.
Толькі тут пабачыў Міхал, што ад пушчы цягнецца дзіўная працэсія. Людзі, што праводзілі старэйшыну на месца апошняга заспакаення, ішлі гуськом, па адным. Спачатку - цыганы, пасля - цыганкі.
Ля шатра паступова пачало разгарацца вогнішча, людзі кідалі ў яго сухія палкі. Доўгая маўклівая змяя павольна набліжалася ад пушчы.
Калі яна прайшла палову дарогі, нехта выліў на вогнішча цэбар вады. Засіпелі галавешкі. І адразу запалала вогнішча ля суседняга шатра. У яго няпэўным святле Яноўскі ўбачыў постаць проставалосай кабеты, якая крочыла насустрач працэсіі, трымаючы ў руках галавешку са згаслага вогнішча. Хустка на плячах кабеты развявалася ад хуткай хады.
Вось яна падышла да першага, падала яму галавешку. Той узяў яе, не аглядаючыся, перадаў цераз плячо наступнаму, а сам вымыў рукі і твар вадою, якую зліла яму з гарлача тая самая кабета. Усе перадавалі галавешку цераз плячо, усе мылі рукі.
Астатняя бабуля, таксама не аглядаючыся, кінула яе на дарогу. Зноў скардзячыся, заспяваў хор. Яноўскі не разумеў слоў, але хваляванне сціснула яму горла.
- Ідзі, ідзі ў свой далёкі шлях, - здавалася яму, спяваў хор.
– Галавешка апошняга вогнішча, забытая на дарозе... Круцяцца, круцяцца колы... Няма спакою, няма адпачынку... Мы едзем, мы едзем, спаўняючы даўні запавет... Далёкая дарога... Ідзі ў той край, дзе скончацца бадзянні, дзе цябе не пакрыўдзяць... Круцяцца, круцяцца колы... Бясконцы, вечны наш шлях.
Кабета, размахнуўшыся, кінула палаючую галавешку ў шацёр памёршага, і ён адразу
- Вось палае твой шацёр, апошні твой шацёр, - здавалася, спяваў хор.
– Хутка нічога не застанецца ад цябе на зямлі... Застанецца галавешка на пыльнай дарозе, дым забытых кастроў, і колы твайго племя прарыпяць у цемры далей. Круцяцца, круцяцца колы... Далёкі шлях.
Яноўскі не заўважыў нават, што ўсё скончылася. Абудзілі яго ад задуменнасці крокі і галасы непадалёк. Пад дубам стаяла некалькі цёмных постацяў. Дзіўна, але размаўлялі яны па-беларуску.
- Вось і канец.
- Ад ганьбы памёр чалавек. Ой, роме.
Яноўскаму здалося, што першы голас - голас таго цыгана, якому кароль даў аплявуху тады на ганку, а другі - голас таго няшчаснага, у якога гайдукі Знамяроўскага збілі абады на дарозе.
- Хопіць, - азваўся густы бас.
– Плачам справе не паможаш. Але заўтра ён нам адкажа, бізун голы.
За другімі табарамі паслалі?
- Паслалі. Матыс Аўгусцінавіч накіраваў чатырох.
- Добра. Толькі трымайцеся, браты. Так трымайцеся, як толькі можна.
Загаварылі па-цыганску, і Міхал павольна пачаў адыходзіць ад таямнічага зборышча. Толькі па дарозе дамоў ён зразумеў, што супраць Якуба рыхтуюць нешта нядобрае, і, хоць матыў цыганскагу плачу стаяў яшчэ ў яго вушах, хоць дом Знамяроўскага і вечныя гулянкі яму астабрыдлі, вырашыў папярэдзіць караля. Проста на знак удзячнасці.
Але ў палацы зноў спявалі, зноў даляталі з акон крыкі, брынчанне струн, бразгатанне шкла.
З-пад стала тырчалі ногі мітрапаліта. Кароль Якуб сядзеў на сваім месцы, учапіўшыся ладонню ў нячэсаныя валасы. Карыя вочы былі ўтароплены ў нешта, што бачыў ён адзін. Міхал таргануў яго за плячо.
– Ты хто такоў?
– цяжка, як воўк, павярнуўся да яго Знамяроўскі.
– Гэта я, ваша вялікасць, Яноўскі.
– А-а. Ян-ноўскі. А чаго ж гэта ты такі храноўскі? Ты хто такоў?
– Я пасол.
– А-а, пасол. Пасол замежнага каралеўства. Дык чаго ты лезеш сюды, калі кароль ад-п-пачывае ад д-д-дзяржаўных спраў. Ведай этыкет. Пасля прыму, праз тры дні. І не раней... Ведай маю дабрату. Пшоў прэч!
Яноўскі ледзь стрымаўся, махнуў рукою і на папярэджанні і на размову. Д'ябал яго бяры, раз так. Ён зусім сабраўся пакінуць залу, калі раптам галасы амаль усіх гасцей зараўлі нешта адзінае:
- Дзевак! Дзевак!
Гэты раптоўны псіхоз ахапіў усіх. Нават мітрапаліт выкаціўся з месца свайго адпачынку і пачаў крычаць:
- Вачыма намізаюшчых, тонкашчыкалатных, барвянадзясных, палка лабазаючых!!!
Якуб, як заўважыў Яноўскі, быў амаль раўнадушны да жанчын. Таму ён абыякава паклікаў гайдука:
- Адшукай гэтым бабздырам... І сумленных не бяры, гэтыя свінні ўсё адно нічога не разумеюць. Колькі іх тут? Дваццаць цвярозых? Вось столькі гуляшчых і знайдзі ва ўсіх вёсках.