Цыганскі кароль
Шрифт:
Ён здаўся. Ён пацягнуўся да яе, упаў перад ёю, абхапіў рукамі стан, прыпаў галавою да ўлоння:
– Ратуй мяне, родная. Ратуй мяне ад мяне самога, ад іх. Яны страшныя, яны агідныя.
Яна схілілася над ім, прыціснула буяную галаву бліжэй да ўлоння.
– Суцешся, суцешся. Засні. Засні.
VII
Ён прачнуўся, калі месяц пачаў спускацца ў рачныя воды. Сітнягі ледзь шапацелі пад напорам плыні, крычаў вадзяны бугай.
Ад палаца слаба даляталі спевы, не парушаючыя цішыні. Ён прачнуўся, адчуў, што галава
Дзе ён? Што з ім? Дзіўныя сілы ў душы. Быццам зніклі разам са сном цені дзён былых. Усё проста на зямлі, усё ясна.
Месяц - гэта так, зямля - гэта так, людзі, каханне. А што такое ўсё, што было, усе прывілеі, усе подзвігі, вайна, шляхта? Крык п'янага Якуба? Або, можа, зад кароннага суддзі?
Дзе яны, куды яны зніклі? Чаму ён такі вольны і спакойны? Кахаць - гэта так. Жыць, толькі жыць. Вось яна, сіла зямлі, улілася ў яго праз гэтую, якую ён не ведаў яшчэ некалькі дзён назад. Зноў ад яе? Зноў піць, біцца на шаблях, зноў... Ах, толькі не гэта!
Ён прыўзняў твар, глянуў на яе. Распусціла косы, прыкрыла твар ягоны ад сонца яшчэ ўдзень. Так і сядзіць. Твар блакітны, у вачніцах сінія цені. Глядзіць на яго так, быццам сама нарадзіла.
Прамаці Ева. Толькі яны ўдваіх існуюць на гэтай грэшнай, самай лепшай зямлі.
Яна зразумела, відаць, што заснуў на яе каленях адзін - і ён быў слабы і бездапаможны, - а прачнуўся зусім другі - і ў ім моц моцных. Зноў адчула сябе слабай, аддаўшы сілу, якая не належала ёй, зноў вярнулася да думак іхняй першай ночы.
Уставайце. Месяц плыве. Цяпер я ўжо не патрэбна вам. Я пайду, мяне шукаюць.
Замест таго каб устаць, ён узяў яе руку, прыцягнуў да сябе і пацалаваў у жорсткую далонь.
Рука, - сказаў ён.
– Пальцы.
Яна пацягнула руку:
Не трэба гэтага, не трэба. Яны не такія, не для вас. Гэта адно гора. І мне не трэба падзякі.
Яны для мяне, - проста сказаў ён.
– Толькі для мяне. Хай паспрабуе хто-небудзь забараніць мне цалаваць іх... усё жыццё. Няўжо ты думаеш, што я змяняю гэтыя рукі на іншыя, што я адпушчу цябе. Не будзе такога, як мінулую ноч, але я застануся. Гэта маё месца тут, мне тут зручна...
Пане...
– пачала яна, спуджаная пяшчотнай уладнасцю гэтага голасу.
Пан памёр у сне. Тут ляжыць просты чалавек. Адам. Яму добра са сваёй Евай.
І ён прыцягнуў яе да сябе, пабачыў у вачах адбіткі зор. Яна прасунула далонь між сваёй шчакой і яго вуснамі, але ён адсунуў яе ротам...
А раніцаю ўзышло сонца.
VIII
– Устаць, суд ідзе!
Пад вялізным дубам, на лавах, сядзелі шэсць цыганскіх старэйшын. Высокая рада. Яны адклеілі на хвіліну зады ад лавы, калі з'явіўся выбраны цыганскі суддзя - той самы Ян, што выдумаў забаву з крапівою, пракурор - нейкі захожы шкаляр, і "аблакат" - саладкамоўны малады цыган з хітрымі і чорнымі вачыма.
Вакол судзілішча расселіся проста на траве цыганы з навакольных табараў і нешматлікія мужыкі. За гэтую ноч цыганскія масы паспелі раскалоцца на памяркоўных і шалёных. У памяркоўных балела галава
Устаў суддзя:
– Народ цыганскі. Сёння мы, упаўнаважаныя на гэта, судзім былога караля цыганоў Беларусі, Літвы і Падляшша Якуба Знамяроўскага, аспіда нячыстага, ваўка і змея.
– Чаму былога?
– ляніва спытаў адзін высокі радца.
– А таму, што сёння на тайным пасяджэнні суд цыганскі вырашыў прымусіць караля падпісаць абдыкацыю, сірэч адрачэнне. Хай будзе існаваць зныня і да веку рэспубліка цыганская.
– А што, гэта нядрэнна, - абазваўся ўсхваляваны малады голас.
– Хвіга табе, а не нядрэнна, - ускіпеў другі высокі радца, чалавек з жахлівым шрамам, які перасек вока і левую палову аблічча.
– Нам тут за рэспубліку ўсе навакольныя паны скуру здзяруць. Дзе мець прытулак? Дзе коней хаваць, каб улада не дацягнулася? Дзе самому схавацца? Пад крыламі моцнага караля... Ты, можа, рэспубліку тую ў капусту пакладзеш? Ці ў дождж на плечы накінеш? Смаркач ты! Паспяшаліся тут з вашай мужыцкай рэспублікай. Палац штурмавалі, гармату сапсавалі, караля скруцілі, пабілі яго людзей. А зараз збірайся тут, думай, як выпраўляць становішча. А ў сейме хто будзе?
Ускочыў на камень і непачціва перабіў радцу галава партыі шалёных, той меднік, якому Якуб забараніў жаніцца.
– А што? Усім галовы прэч. Тут, на плошчы. Дарогі ў белы стан цыганскага шчасця па крыві вядуць. Сячы голавы! І шчасце, і мір тады будуць. Воля!
– Сапраўды добра, - расчулена сказаў хтось.
– Воля. Ідзі і бяры каня. Захацеў - едзеш, захацеў - на месцы сядзіш. Коні свабодна сабе перамяшчаюцца з рук у рукі.
– Цю-у! Захлусіўся! Хіба хто на такую волю пойдзе, - загулі галасы.
Суд не атрымліваўся. Ледзь-ледзь удалося прымусіць усіх замаўчаць.
Узяў слова пракурор у доўгай шкалярскай світцы:
– Людцы! Вялікі натоўп цыганскі! Я абвінавачваю караля Якуба ў зложываннях уладаю, несправядлівых прысудах і празмерных паборах.
– Я кароль, - годна сказаў Якуб, што сядзеў пад вартаю на зэдліку.
– Ён не кароль, ён рабаўнік. Quousque tandem abutere, Знамяроўскі, patientia nostre [3] ? Ён шмагаў нашых людзей, біў іх, хоць мы вольны народ... э-э... вы вольны народ. Несправядліва, жорстка каралі наш сумленны, абраны народ. Dura lex! Ён зрабіў нас жабракамі. Як мы жылі? Semper rapox, raro каша, miseria наша [4] . Ён узяў у нас нашы звонкія катлы, нашы вазы, нашых цудоўных коней, вараных, пісаных, спловацісаных, буланых, белых. У іх былі такія цвёрдыя, непарэпаныя, неабрэзаныя капыты, такія роўныя свае непадпілаваныя зубы, такія мяккія насы з чуллівымі валосікамі. Гарачыя без гарэлкі, моцныя... Ім не трэба было штурхаць кулаком пад пахвіну, калі пакупец крадзецца з саломінкаю да бяльма.
3
Дакуль будзеш ты, Знамяроўскі, злоўжываць цярпеннем нашым.
4
Жорсткі закон!.. Заўсёды... рэдка... беднасць...