Да гісторыі адной палемікі
Шрифт:
Спужаўся, што хлапчук ў лапцёх,
Напоўадзеты вёскі сын
У роднай мове ўчыцца змог?..
О, стыдна, рускі «гражданін»!
Язык твой царскі ён табе
Ня выража, спакойны будзь!
Цябе тваім-жа у кляцьбе
Ён не забудзе памянуць.
Былых не выклічаш вякоў
I ты, Масквы кароннай гразь,
Парваных не скуеш акоў,
Зь якой брахнёю ні вылазь!
5 чэрвеня 1926 г., Акопы.
Палымяная публіцыстычнасьць верша, яго грамадзянскі пафас накіраваны супраць змрочных перажыткаў царскага мінулага, супраць нацыянальнага, культурнага прыгнёту беларускага народа. Янка Купала злосна высьмейвае «расейскага чынадрала», паказвае рабскую сутнасьць натуры чыноўніка, гатовага растаптаць культуру, мову свайго народа дзеля інтарэсаў звышдзяржавы,
Янка Купала сьпецыяльна акцэнтуе ўвагу на ўсім ненавісным, што заключала ў сабе паняцьце «Расейская імперыя», з тым каб сімптомы гэтай узурпацыі ніколі не выявіліся надалей. Да таго, хутчэй за ўсё, паэт адчуваў магчымасьць вяртаньня рэакцыі ў адносінах да беларускай культуры, мовы ў школе, ён адчуваў безабароннасьць маладой беларускай інтэлігенцыі, якая толькі яшчэ станавілася на ногі, і ўсёй магутнасьцю свайго таленту імкнуўся яе абараніць. Гаворка ішла аб самым сьвятым у яго жыцьці, што ён ставіў вышэй над усім, і тут ужо ён не далікатнічаў, а зь нянавісьцю змагаўся супраць спробаў вярнуць вялікадзяржаўную асімілятарскую палітыку ў дачыненьні да беларускага народа.
Разам зь вершам Янкі Купалы рэдакцыя зьмясьціла і агляд пошты. Настаўніца Р. пісала: «Варожыя адносіны “Белорусса” да роднай мовы... — гэта здабытак нашае непрыкметнае асьветніцкае працы. Мы ішлі супраць прыроды, вучылі беларусаў па-расейску, маем такія дасягненьні!»
Вось і яшчэ адзін з адказаў на пытаньне «Хто вінаваты?» не толькі для сярэдзіны 20-х гадоў, але і ў цяперашнія часы. Выключна, што адказнасьць за дыскрымінацыю беларускай мовы ў царскай сістэме адукацыі ўзяла на сябе звычайная настаўніца. У гэтым выявілася яе сапраўдная інтэлігентнасьць, бо яна адчула сябе саўдзельніцаю ў антымаральнай палітыцы асімілятарства.
Настаўнік Я. Цьвірка ў допісе «Прыгнечаны роднаю моваю» піша: «Дык вось, братка “белорусс”, я, які не нажыў палацаў за гэтую родную мову, а самы звычайны, не з кітоў навукі вясковец, як нарадзіўся і пад стол пехатою хадзіў, дык і да гэтага часу жыву ў вёсцы, хоць і працую вясковым настаўнікам, а таксама “прыгнечаны”, як і 75-80 прац., па тваёй, братка, думцы, беларускага жыхарства, кажу табе — помні заўсёды беларускую прыказку: “Ня зьмерыўшы броду, ня сунься ў воду”. Не беларускі народ прыгнечаны моваю, а беларускі мешчанін, царская салдафоншчына, чыноўніцтва, якіх яшчэ шмат у нашых установах, а ад іх і беларуская мова церпіць».
Заканчвае настаўнік Я. Цьвірка сваё пісьмо так: «Такіх жа беларусаў, якія прамянялі беларускую сярмягу зь яе моваю і розумам на бліскучыя гузікі, ды яшчэ завуць сябе беларусамі і высоўваюцца на абарону правоў беларускага народу, якога правы самі здраджвалі — трэба гнаць ад сябе ў тры шыі».
Рэзка адмежаваўся ад думкі полацкага «Белорусса» агульны сход настаўнікаў Полацка супольна з загадчыкамі раённых адзьдзелаў народнай асьветы.
У наступным нумары «Савецкай Беларусі» за 17 чэрвеня рэдакцыя зьмясьціла ліст старога беларускага адраджэнца Хв. Імшэньніка, які адзначыў, што нападкі на імкненьне беларускага народа да самастойнасьці, на яго мову, культуру — зьява не новая. Гэтак было і ў часы першай рэвалюцыі 1905 года, ды беларуская рэвалюцыйная моладзь аб’ядналася ў сацыялістычную падпольную партыю Беларуская сацыялістычная грамада. «Гэтая моладзь мела шырокі ўплыў на батрацка-сялянскія масы, павяла іх за сабою і адбівала ўсе атакі ворагаў беларускага адраджэньня».
Пытаньне аб грамадскіх правах беларускай мовы выносілася ў 1909-1910 гадах у Дзяржаўную думу. Імкненьне ж да нацыянальнага адраджэньня выклікала і арганізаваную апазіцыю «з манархічна настроеных і ўрадавых асоб». Беларусы праз «ять» сьцьвярджалі: «Яшчэ лепшымі зробяцца беларусы тады, як усе пачнуць гаварыць толькі па-расейску». «Разьвіцьцё беларускай нацыянальнай душы, — спасылаецца на «Нашу Ніву» Хв. Імшэньнік, — гэта аграмадны дар і скарб для ўсясьветнай людскай культуры».
Дыскусія паказала, што вытокі ліста «Белорусса» цягнуліся яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Тэарэтычна гэта адчувалі і пісалі пра гэта ўсе ўдзельнікі дыскусіі. I таму зусім лагічным было яе заканчэньне, калі дзеячы беларускай культуры А. Адамовіч, I. Барашка і А. Аніхоўскі ў артыкуле «Якая глеба, такое і насеньне» за 1 ліпеня 1926 года раскрылі псеўданім «Белорусса». Аўтары паперш адзначылі, што нумары газеты з артыкулам «Вражда из-за языка» расхоплівалі, «бо артыкул “Вражда” адбіваў сапраўдныя настроі беларусаў праз “ять”, якія яны не адважваліся адкрыта выказваць у друку, але настойліва праводзілі ў жыцьцё, працуючы на тэрыторыі Савецкай Беларусі». Аўтары вызначылі гістарычныя ўмовы задушлівай атмасферы ў Полацку, дзе «Белоруссом» быў напісаны артыкул.
Перад рэвалюцыяй Полацк быў «асяродкам “истиннорусской” грамадскасьці, пагромшчыкаў, школай чарнасоценцаў». Падчас Першай сусьветнай вайны, з эвакуацыяй, «гарады Усходняй Беларусі апрача старых “культурных” і “палітычных” сіл атрымалі значнае папаўненьне зь верных царскіх слуг, якія раней працавалі ў Заходняй Беларусі...
Вось тая глеба і тыя ўмовы, — адзначаюць аўтары артыкула, — на якой расла і разьвівалася полацкая «грамадскасьць», якая дае сябе адчуваць і на сёньняшні дзень у выглядзе артыкулаў, заяў і той штодзённай кротавай шавіністычнай працы, якая так шкодзіць будаўніцтву Савецкай Беларусі... Праца чарнасоценных зуброў ішла ўвесь час, але найбольш узмацнілася ў 1925 годзе, калі цэлы шэраг адпаведных таварышаў, працаўнікоў Беларусі, пачалі атрымліваць скаргі з Полацка аб тым, што мясцовыя органы з практычным правядзеньнем нацыянальнай палітыкі душаць усякія праявы расейскай культуры, робяць немагчымай працу і ствараюць такія ўмовы, калі «ўсе культурныя сілы павінны бегчы з Полаччыны ў Расею» .
I вось, працягваюць аўтары ліста-адказу, «5 сьнежня 1925 году на кватэры аднаго з настаўнікаў г. Полацку зьбіраюцца на чале з гр. Пігулеўскім і Пшчолка вялізная кампанія чорнасоценцаў, якія пішуць вышэйпамянуты артыкул “Вражда”, а таксама заяву бадай аналягічнага зьместу ў прэзыдыум ЦВК СССР, у якой, гаворачы ад 80 прац. насельніцтва Савецкай Беларусі, пратэстуюць супраць правадзімай камуністычнай партыяй нацыянальнай палітыкі, адраджэньня беларускай культуры, арганізацыі для беларускага насельніцтва школ на роднай беларускай мове і г. д.».
Усё стала на свае месцы. Гр. Пігулеўскі — былы «действительный статский советник», намесьнік папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі, натуральна, «истинно русский» чыноўнік. Ну а гр. Пшчолка? Пра яго ў дыскусіі, якая падыходзіла да канца, было зьмешчана яшчэ два артыкулы, якія раскрываюць нам вобраз цікавай асобы, ураджэнца гэтай зямлі.
А. Шлюбскі ў артыкуле «Пшчолка і “вражда из-за языка”» і Хв. Імшэньнік у дадатку «Хто яны?» да свайго першага артыкула паведамлялі: нарадзіўся Пшчолка ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні ў сям’і беларускага праваслаўнага дзячка, скончыў духоўную семінарыю, настаўнічаў, вучыўся ва ўніверсітэце. Ён добра ведаў беларускую мову і нават пісаў на ёй апавяданьні, часам высьмейваючы ў іх беларускага селяніна, яго мову. Потым працаваў эксьпертам-перакладчыкам зь беларускае мовы ў Віленскім судзе і нават перакладаў на працэсах супраць «Нашай долі» і «Нашай Нівы», дзе абвастраў зьмест, як адзначае Хв. Імшэньнік, з пазіцый манархіста.
Пшчолка, працягвае Імшэньнік, «у нашаніўскую пару рашуча выступаў супроць нацыянальнага адраджэньня беларускага народу і праводзіў погляд на беларускую мову як на такую, на якой можна было казаць толькі нешта сьмешнае».
А. Шлюбскі прыводзіць некалькі цытатаў з артыкулаў Пшчолкі, надрукаваных у рускіх чарнасоценных выданьнях. Давайце і мы паслухаем шчыры голас «истинно русского человека» родам зь Віцебшчыны: «Кто говорит, пишет, ратует за целость русской земли, за крепость и величие русской власти, русского имени, кто открыто высказывает привязанность к родине, к родным полям, лугам, к русской песне, кто не пресмыкается перед врагами России, кто не требует для инородцев государства в государстве, того не постесняются назвать черносотенцем. Наоборот, кто ругает в России все русское, кому даже стыдно “за свое русское имя”, кто готов раздать веками добытые поля, луга “чужестранцу задарма, безденежно”, того называют “возродителем”, спасителем, освободителем отечества, передовым человеком» (Пахарь. 1906. Нум. 8).