Дом без гаспадара
Шрифт:
Нэла зняла туфлі, адкінула іх на газон і павольна спусцілася па прыступках. Яна ўвайшла ў ваду, нахілілася і, чэрпаючы ваду прыгаршчамі, пачала ліць яе на сябе. Гэта супакоіла яе. Вада была не такая ўжо і халодная. Яна зайшла глыбей, спачатку па калені, затым па пояс. Купальнік намок, ацяжэў, па скуры цякла прахалода. Яна нахілілася наперад, акунулася і наплыла, нетаропка выносячы рукі і моцна заграбаючы. Яна ціха смяялася ад асалоды — было так прыемна рассякаць зялёную гладзь вады.
Наглядчык па-ранейшаму стаяў на пляцоўцы, захінуўся далонню ад сонца і назіраў за ёй. Яна даплыла да процілеглай сцяны, затым павярнула назад і памахала яму рукой. Дзяўчо на лужку зрабіла яшчэ крок да басейна, але квяцістая туша адразу ж загаласіла:
— Не
Дзіця паслухмяна спынілася і пераступала з нагі на нагу.
Нэла перавярнулася на спіну і наплыла яшчэ павольней. Яна зусім сагрэлася. Ад чужога купальніка злёгку патыхала глеем. Недзе высока ў небе гудзеў нябачны самалёт, толькі шырокі дымны след цягнуўся за ім па небе. Дым, спачатку густы і шчыльны, паступова расслойваўся, валакністыя аблачынкі раставалі, знікалі. Самалёт так і не паказаўся. Нэла спрабавала ўявіць сабе лётчыка ў кабіне. Скураны шлем, акуляры, пахмурна-засяроджаны выраз на хударлявым твары. Яна ўявіла на ягоным месцы сябе за штурвалам самалёта… Недзе там унізе блішчыць возера, малюсенькае, велічынёй з галоўку шпількі або крыху большае — з манету, і ўжо ва ўсялякім выпадку не большае за цыферблат наручнага гадзінніка. Светла-зялёная рабізна вады сярод цёмных плямаў лесу. А можа, возера адтуль і зусім не бачна. Самалёт марудна, быццам з апошняе сілы цягне за сабой цяжкі шлейф. Дымнае воблака жаўцее, распаўзаецца. З апошняе сілы паўзе самалёт па бяскрайняй блакітнай пустыні. Гудзенне сціхла — цяпер ён ужо далёка, там за лесам, на даляглядзе. След яго амаль растаў, а над дахам замка, дзе ён пачынаўся, зніклі нават апошнія дымкі. А сцяг па-ранейшаму выразна выяўляецца на яркім блакітным небе і злёгку калышацца на ветры. Залаты меч, чырвоная кніга і сіні крыж на белым полі старанна прадуманае сімвалічнае спалучэнне.
Удзельнікі семінара сядзяць, мабыць, за вячэрняй кавай. Яны ўражаны дакладам Гезелера і, відаць, прыйшлі да заключэння:
— Яшчэ не ўсё страчана!
Нэла зноў павольна праплывае на спіне да процілеглай сцяны басейна. Струменьчыкі вады з шапачкі бягуць па твары, яна адчувае на вуснах гаркавы смак балоцістай вады і міжволі зноў ціха смяецца. Купанне цудоўна асвяжыла яе.
З лесу выехаў паштовы аўтобус. Здаўлена пратрубіў механічны ражок, які ахрып на бясконцых паваротах лясных дарог. Усміхаючыся, Нэла падплыла да берага, вылезла з вады і зноў паглядзела на неба: дымны след самалёта над лесам крута ішоў да зямлі і губляўся за вяршынямі дрэў. Яна павярнулася і прайшла паўз веранду ў сваю кабіну. Служыцель пахвальна ўсміхнуўся. Ад драўлянага насцілу ў кабіне ішоў цяжкі пах гнілля і сырасці — пах мінуўшага лета. Брусы пакрыліся белай плесняй, а на падлозе белы колер пераходзіў у брудна-зялёны. Жоўтая фарба на фанерных сценах парэпалася, аблупілася. Толькі ў адным месцы яна блішчала, як новая: яркая пляма, невялікая, памерам са сподак. Упоперак яе ішоў надпіс алоўкам: «Калі ты любіш жанчыну, то шчаслівая толькі яна, — сам жа ты нешчаслівы».
Энергічны почырк. Уладальнік яго, як бачна, не дурань, цвёрды душою, але часам бывае і пяшчотным. Такім почыркам прастаўляюць звычайна адзнакі: «Добра», «Нездавальняюча» або «Вельмі пасрэдна» на школьных сачыненнях пра Вільгельма Тэля.
— Не падыходзь так блізка да вады! Колькі разоў табе гаварыць? — надрывалася мамуля. Голас быў пранізлівы, не змазаны крэмам. Нэла разлічылася са служыцелем, надзяліла яго ўсмешкай, і ён, ухмыляючыся, узяў у яе з рук мокры купальнік, ручнік і шапачку.
На дарозе зноў затрубіў паштовы ражок, фальшыва і бадзёра. Нэла здалёк памахала рукой вадзіцелю і бягом прыпусціла да аўтобуса.
Вадзіцель цярпліва чакаў, адкрыўшы скураную сумку з білетамі.
— Да Бруна, — сказала яна.
— У цэнтр?
— Не, да Рынгштрасэ.
— Дзве трыццаць, — сказаў вадзіцель.
Яна дала яму на дваццаць пфенігаў больш і сказала пры тым:
— Рэшты не трэба.
Вадзіцель зачыніў дзверы і націснуў на рулі кнопку сігналу. Зноў пратрубіў паштовы ражок, аўтобус крануўся.
18
— Усё гэта
Марцін маўчаў. Яго палохала, што Альберт змяніўся з твару. З Альбертам нешта здарылася; яго немагчыма пазнаць, і Марцін не мог зразумець, ці толькі ён таму віною і ці толькі ягонага ўчынку тычацца апошнія словы Альберта.
— Неабходна скончыць, — паўтарыў Альберт. — Цяпер мы будзем жыць па-новаму.
Ён яўна чакаў адказу, і Марцін нясмела запытаў:
— Як гэта «па-новаму»?
Але ў гэты момант яны пад’ехалі да царквы. Альберт затармазіў, вылез з машыны і сказаў:
— Пасядзі тут, а я зайду па Больду.
Марцін ведаў, што Альберт проста шалее, калі ён дзесьці затрымліваецца, і думка пра тое, што з-за яго дзядзька Альберт чатыры гадзіны хваляваўся, шукаў яго па ўсім горадзе, зараз не давала яму спакою. Марцін здагадваўся, што дзядзька Альберт жыць без яго не можа, але ўсведамленне сваёй улады над ім не радавала, а, наадварот, прыгнятала яго. З дзецьмі, у якіх былі сапраўдныя бацькі, гэтага не здаралася. Бацькі не хваляваліся і не гублялі галавы, калі іхнія сыны своечасова не прыходзілі дадому. Яны без доўгіх размоў задавалі ім увечары добрага трапака, а то і без вячэры пакідалі. Пакаранне хоць і не строгае, але цалкам зразумелае. Аднак Марцін зусім не жадаў, каб Альберт задаў яму трапака. Ён чакаў ад яго нечага іншага, хоць і не мог выказаць гэтага словамі, не мог нават у думках дакладна ўявіць сабе, чаго ён хоча. Былі словы, значэння якіх Марцін добра не разумеў, але яны выклікалі ў яго зусім пэўныя думкі і ўяўленні. Думаючы пра распусту, Марцін заўсёды ўяўляў сабе вялізную залу, а ў ёй цэлы натоўп знаёмых яму жанчын. Тут былі і прыстойныя і распусныя. Яны быццам бы выстраіліся ў дзве шарэнгі. Першай сярод распусных стаяла маці Генрыха, а прыстойных пачынала фрау Барусяк; яна была для яго ўвасабленнем маральнасці. За ёй ішла фрау Поскэ, затым фрау Нігемаер. А яго мама была недзе пасярэдзіне, у яе ў гэтай зале не было вызначанага месца. Яна кідалася паміж маці Генрыха і фрау Барусяк, быццам персанаж з мультыплікацыйнага фільма.
Марцін утаропіўся на дзверы рызніцы, думаючы пра тое, ці падобны Альберт увогуле на бацьку. Ён вырашыў, што не падобны. Па-бацькоўску выглядаў стары настаўнік, сталяр і, магчыма, Глум. Але Альберт… У браты ён таксама не падыходзіў. Больш за ўсё яму падыходзіла быць «дзядзькам», але і ад звычайнага «дзядзькі» ён чымсьці адрозніваўся.
Было ўжо каля пяці. У Марціна ў галаве круцілася ад голаду. К шасці яны збіраліся паехаць у Бітэнхан. Марцін падумаў пра тое, што дзядзька Віль даўно ўжо дастаў вуды, выпрабаваў іх адну за другой, накапаў чарвякоў і зараз, мабыць, рамантуе сетку на лужку каля самаробных футбольных варотаў. Затым ён прывяжа сетку драцінай да калочкаў, якія ўбітыя ў зямлю, і, ззяючы ад задавальнення, пабяжыць у вёску збіраць каманду з тамтэйшых хлапцоў. Так што гуляць можна будзе пяць на пяць, як заўсёды.
У дзвярах рызніцы паказаліся Альберт з Больдай. Марцін пералез назад, а Больда села каля Альберта. Яна павярнулася, прыцягнула да сябе Марціна і пагладзіла яго па шчацэ, ускудлачыла яму валасы. Яе халодныя, вільготныя пальцы пахлі шчолакам і мылам. Ад бясконцага мыцця падлогі тонкія рукі Больды набрынялі, пачырванелі, на кончыках пальцаў з’явіліся бялёсыя ямачкі.
— Ну вось бачыш, — сказала Больда, — нікуды ён не падзеўся. Дарма ты хваляваўся. Лепш бы даў яму добрага лепяка — гэта яму вельмі карысна!
Яна рассмяялася, але Альберт зноў паўтарыў, хітаючы галавой:
— Па-новаму будзем жыць!
— Як «па-новаму»? — нясмела перапытаў Марцін.
— Ты пераедзеш у Бітэнхан, там скончыш пачатковую школу, а затым паступіш у Брэрніхскую гімназію. Я сам таксама буду жыць там.
Больда неспакойна затузалася на скураным сядзенні.
— Гэта яшчэ навошта? — сказала яна. — Мне нават падумаць страшна, што ў доме не будзе ні хлопчыка, ні цябе: тады ўжо бяры і мяне з сабой, я кароў умею даіць.