Дом без гаспадара
Шрифт:
— У сужыцельстве мая маці з мужчынамі ці не? У гэтым уся справа! Калі яна ў сужыцельстве, то яна распусная і парушае шостую запаведзь. Бо яна незамужняя.
Генрых ухіліўся ад непасрэднага адказу.
— Так, — сказаў ён, — калі мужчына і жанчына жывуць, не пажаніўшыся, гэта грэшна, распусна.
Пасля гэтых слоў Генрых адчуў палёгку. Палонка зрабілася шырэйшай, але вада пад лёдам аказалася не такая ўжо глыбокая. I ўсё ж дзіўна, што маці Марціна не хоча выходзіць замуж. Гэта пярэчыла ўсяму таму, што ён бачыў і ведаў: фрау Гундаг хацела выйсці замуж за сябра Леа, кандуктара; і маці час ад часу нясмела гаварыла Леа, што час ім ужо стаць мужам і жонкай. Генрых ведаў, што маці Берэндта часта плача, таму што дзядзька, які жыве ў іх, да гэтай пары не ажаніўся з ёй. А гаспадыня малочнай лаўкі
Каля берага лёд тонкі, але вада тут не надта глыбокая — баяцца асабліва няма чаго.
Людзі жывуць распусна і тут і там — і ў глыбіні і на паверхні. Тры светы ведаў Генрых Брылах. Першы свет — гэта школа: усё, чаму вучылі там, усё, што гаварыў святар на ўроку. I ўсё гэта пярэчыла таму, што ён бачыў у свеце Леа, у свеце, дзе ён жыў. Трэці свет — свет Марціна — быў зусім непадобны на першыя два. Гэта быў свет халадзільнікаў, свет, дзе жанчыны не імкнуцца выйсці замуж, а грошы не маюць ніякай ролі. Тры светы ведаў Генрых, але жыць ён хацеў толькі ў адным — у сваім. I таму ён рашуча сказаў, гледзячы на Марціна, які калыхаў засынаючую Вільму:
— Ведаеш, а слова, якое мама сказала кандытару, зусім і не такое страшнае.
На справе ён лічыў яго вельмі страшным, але яму раптам захацелася аднойчы і назаўсёды скончыць усе недагаворкі.
— Ты ж, мабыць, чытаў яго няраз, унізе, на сцяне каля лесвіцы.
Так, Марцін чытаў гэта слова і думаў, што, калі бачыш яго напісаным, яно яшчэ больш агіднае, чым тады, калі яго прамаўляюць. Але ён проста стараўся не заўважаць яго, як не заўважаў мяснікоў, якія цягнулі ў лаўку акрываўленыя цялячыя тушы, як не заўважаў кроў у мачы, якую совалі яму проста ў нос. Гэтак жа ён не стаў глядзець на Грэбхакэ і Вольтэрса, калі выпадкова набрыў на іх у кустах… Густа пачырванелыя твары, расшпіленыя штаны, гаркавы пах свежай зелені.
Ён не адгукнуўся на словы Генрыха і толькі мацней прыціснуў да сябе сонную Вільму. Дзіця сагрэлася ў сне і ацяжэла.
— Вось бачыш, — сказаў Генрых, — у нас такія словы пішуць на сценах, у нас іх гавораць, а ў вас — не. Тут ужо нічога не зробіш.
Але лёд вытрымаў і на гэты раз, хоць ён сказаў няпраўду. Ён лічыў гэта слова вельмі кепскім, а сказаў, што не бачыць у ім нічога страшнага. Яму ўспомніўся Святы Іосіф на малюнку. Добры, пакорлівы чалавек з белым тварам: «Хай будзе ён вам прыкладам». Добры чалавек з белым тварам, ты бачыў калі дзядзьку Лea? I дзе мне цябе знайсці? Святы Іосіф стаіць недзе там, глыбока пад лёдам. Ён нерухомы і толькі зрэдку ажывае на імгненне і безвынікова спрабуе выплысці наверх. Але тоўшчу лёду яму не прабіць! Дый калі прабіць лёд, яго ўсё роўна не выцягнуць. Ён растае, мабыць, або зноў пойдзе ўглыб, назаўсёды застанецца там, на дне, і толькі зрэдку бездапаможна ўзмахне рукой, ён бяссільны проці Лea. I ў святога Генрыха, ягонага анёла-абярога, гэтакі ж пакорлівы твар, толькі больш строгі. У саборы стаіць яго каменная статуя. Настаяцель падарыў яму неяк фотаздымак гэтай статуі. «Бяры з яго прыклад!»
— Ведаеш, хто піша на сцяне гэтае слова? — цверда прагаварыў ён, павярнуўшыся да Марціна. Леа. Цяпер я пераканаўся ў гэтым.
Цагляна-чырвоная морда, што пахне адэкалонам. Ён спявае нейкія дзіўныя песні на матыў царкоўных псалмоў. Словы не разабраць, але гэта ўжо, відаць, нешта непрыстойнае. Мама заўсёды злуецца і гаворыць: «Перастань, калі ласка».
Марцін не адказваў. Навошта? Усё роўна нічога не паправіш. Маўчаў і Генрых. Ён вырашыў адмовіцца ад назначавай паездкі за горад. Няма чаго хадзіць па тонкім лёдзе — так і глядзі, правалішся. Гэта пачуццё ніколі не пакідала яго нават у Бітэнхане — у дзядзькі Віля і маці Альберта, дзе яны гадзінамі гулялі ў футбол, і дзядзька Альберт таксама гуляў з імі, дзе яны лавілі рыбу, хадзілі праз даліну Брэра да плаціны. Ярка свеціць сонца, ніякага клопату, што яшчэ, здаецца, трэба? А на душы неспакойна, прадчуванне нечага непазбежнага, што парушыць гэтую радасць. Пасля Вялікадня Марцін скончыць пачатковую школу і паступіць у гімназію. Ён баяўся
— Паслухай, табе трэба ісці,— сказаў Генрых. — Дзядзька Альберт проста з глузду з’едзе.
Марцін не адказаў, ён задрамаў. Стомлены і галодны, ён усё ж не хацеў ісці дадому. I не таму, што баіцца Альберта, а таму, што сам дзейнічаў па-свінску, і яму было сорамна.
— Эх ты, — сказаў Генрых. Цяпер ён гаварыў і не важнічаў, як звычайна ў такіх выпадках, а толькі ціха і сумна. — Дрэнь ты! Калі б я меў такога дзядзьку, як Альберт…
Голас яго задрыжаў, і ён змоўк, з цяжкасцю стрымліваючы слёзы. Быў бы Альберт ягоным дзядзькам… Вось адчыняюцца дзверы, і ўваходзіць Альберт у форме кандуктара. Яго лёгка можна ўявіць у гэтай форме. I ён надзяляе Альберта, акрамя ўласцівых яму вартасцей, усімі прывабнымі рысамі Герта і Карла. Мабыць, ён бы не пасаромеўся сказаць «дзярмо» — слова, што засталося ў спадчыну ад Герта. Гэтае слова не зусім да твару дзядзьку Альберту, але ў ягоных вуснах яно гучала б лагодна, без злосці.
Зрабілася зусім ціха. Толькі недзе высока гудзеў самалёт, які цягнуў за сабой па небе свой доўгі шлейф:
«Ці гатовы ты да ўсяго?» — і раптам зноў заспявала фрау Барусяк. Яна спявала сваю любімую песню. Працяжная мелодыя, поўная пяшчотнага суму: «Не пакінь нас, Дзева прасвятая». Голас сцякаў зверху павольна, кропля за кропляй, як густы духмяны мёд.
Дабрадзейная гераіня, — яна адмовілася ад пенсіі, каб жыць па законе. Пышная бялявая прыгажуня знайшла нарэшце ціхую прыстань. Заўсёды ў яе кішэні цукеркі, мядовыя карамелькі для дзетак. «Не пакінь нас у юдолі смутку», — спявала яна. А на вуліцы па-ранейшаму было ціха, толькі недзе зусім далёка гудзеў самалёт.
— У панядзелак мы ўсё ж пойдзем у кіно, як дамовіліся, — не расплюшчваючы вачэй, сказаў Марцін, — калі тваю маму не адпусцяць з работы, Больда пасядзіць з дзяўчынкай.
— Добра, — адказаў Генрых, — мы ж з табой дамовіліся.
Ён усё хацеў сказаць, што не паедзе за горад, але ніяк не мог рашыцца. Вельмі ўжо хораша было ў Бітэнхане, хоць ён і ведаў, што будзе там бянтэжыцца, чаго дома з ім ніколі не здаралася. Але там, у трэцім незразумелым свеце, Генрых заўсёды бянтэжыўся. Школа і дом суіснавалі неяк разам. Нават царква пакуль што магла суіснаваць з дамашнім светам. Ён жа яшчэ не зрабіўся распусным, не здзейсніў нічога бессаромнага. Хоць ён бянтэжыўся і ў царкве, але гэтая збянтэжанасць была іншай, гэта было цвёрдае разуменне, што тут-то, мабыць, дабром справа не скончыцца. Надта многія рэчы схаваныя ўглыбіні, і толькі вельмі нямногае застаецца на паверхні.
«У юдолі смутку» — лепей не скажаш. Добра спявае фрау Барусяк.
— У «Атпрыум» ісці няварта, — сказаў Марцін, карціна там нейкая дурацкая.
— Як хочаш.
— А што ідзе ў «Монтэ Карла»?
— Туды зараз не трапіш, — адказаў Генрых, дзяцей да шаснаццаці гадоў не пускаюць.
Напаўраспранутая прыгажуня, пышная і бялявая — ні даць ні ўзяць фрау Барусяк у начной кашулі. Смуглы, падазронага выгляду бамбіза надта ўжо палка абдымае яе. Над парачкай надпіс: Сцеражыцеся бландзінак, а пад грудзямі ў яе прыклеена чырвоная палоска, быццам пелька накінута на прыгажуню і яе смуглага бамбізу — дзеці да 16 гадоў на сеансы не дапускаюцца.
— Тады ў «Бакача»!
— Пабачым, у пякарні вісіць зводная афіша.
Нішто не нарушала цішыні, толькі сцены дома дрыжалі разам з маставой, па якой бясконцым цугам ішлі машыны. А калі міма праязджаў цяжкі грузавік або аўтобус — тут хадзіў трыццаць чацвёрты, — ціхенька брынчала аконнае шкло. «У юдолі смутку», — спявала фрау Барусяк.
— Ну, зараз бяжы дадому, — сказаў Генрых, — не будзь такім гадам.
Марцін і сам разумеў, што вінаваты. На душы ў яго кошкі шкрэблі. Да таго ж ён страшэнна стаміўся. Не адказваючы, не расплюшчваючы вачэй, сядзеў ён нерухома каля сцяны.