Дом без гаспадара
Шрифт:
Ён праехаў далей і, затрымаўшыся на некалькі хвілін каля шыльды «Сталярная майстэрня», пасігналіў тры разы запар. У ваконцы з’явілася прыгожанькая ўсмешлівая мордачка Генрыха.
— Марцін у цябе?
Адказ ён ведаў наперад.
— Не, — азваўся Генрых. — Хіба ён яшчэ не вярнуўся? Ён жа адразу пайшоў дамоў.
— Не, не вярнуўся. Ты паедзеш з намі сёння ўвечары?
— Трэба ў мамы спытаць.
— Добра. Мы заедзем па цябе.
— Добра.
Заставалася толькі Больда. Альберт ехаў так павольна, што іншыя машыны ўвесь час абганялі яго, сярдзіта сігналячы. Не звяртаючы на іх увагі, ён звярнуў управа, аб’ехаў вакол царквы і спыніў машыну каля ўвахода ў рызніцу.
Альберт адчыніў дзверы рызніцы і ўвайшоў у царкву. Ён укленчыў перад алтаром і, шпарка падняўшыся, пайшоў па нефе, між радоў крэслаў. Раней ён прыходзіў сюды толькі да абедні, і зараз маўклівасць вялізнай пустой залы напалохала яго. Вакол усё было ціха. Спачатку Альберт убачыў вядро каля калоны і прыстаўленую да яе швабру і толькі потым заўважыў самую Больду. Яна выцірала пыл з гатычнага арнаменту спавядальні. Пачуўшы крокі, Больда павярнулася, падала нейкі незразумелы вокліч і пайшла яму насустрач. Каля лаўкі для прычасця яны сустрэліся, і па твары Больды Альберт зразумеў, як выглядае ён сам.
— Божа ж мой, — сказала яна, — што здарылася?
— Хлопчык да гэтага часу не вярнуўся са школы! Ён забягаў дадому, затым зноў пайшоў.
— I гэта ўсё?
— Усё.
Гучны голас Больды раздражняў Альберта, зрэшты, і яго ўласны голас гучаў мацней, чым звычайна, хоць ён, не заўважаючы таго, прыглушаў яго.
— Усё, — паўтарыў ён, — а табе гэтага мала?
Больда ўсміхнулася.
— Ды прыйдзе ён. Нічога з ім не здарыцца. Ён крыўдзіцца, бывае, калі нікога не застае дома. Прыйдзе, нікуды не падзенецца, — яна зноў усміхнулася, пахітала галавой: — Не вар’яцей!
Альберт здзівіўся: ён і не спадзяваўся, што Больда можа гаварыць гэтак лагодна і ласкава. А яны ж ужо сем гадоў жылі пад адным дахам. У гэты момант яна здалася яму амаль прыгожай. Упершыню ён заўважыў, якія ў яе тонкія, далікатныя рукі. Жоўтая суконная ануча ў яе руцэ была зусім яшчэ новая — на ёй захавалася нават фабрычная этыкетка — кавалачак паперы з сілуэтам ворана.
— Нікуды ён не падзенецца, — паўтарыла Больда, усміхаючыся, — супакойся.
— Ты думаеш? — спытаў ён.
— Менавіта. Не хвалюйся і едзь дадому. Ён хутка прыйдзе.
Ужо напаўадвярнуўшыся, Больда ўсміхнулася яму, падбадзёрваючы, і затым, не гледзячы больш на яго, пайшла назад да спавядальні.
— Калі ён тут аб’явіцца, зараз жа адпраў яго дадому, — сказаў Альберт.
Больда зноў павярнулася, хітнула галавой і пайшла далей.
Альберт зноў укленчыў перад алтаром і, зноў прайшоўшы праз рызніцу, выйшаў з царквы. Шукаць Марціна больш няма дзе. Ён павольна паехаў дадому тым жа шляхам, адчуваючы, як спакой вяртаецца да яго. Упэўненасць Больды падзейнічала на яго.
Бразгот паспеў тым часам зварыць каву і падсмажыць другі блінец.
— Палюбуйся, — сказаў ён, узяўшы газету, што ляжала на серванце, — вось ён.
Альберт адразу ж пазнаў Гезелера — гэта была ягоная смуглая фізіяномія прыгажунчыка.
— Так, — сказаў ён стомлена, — гэта ён.
14
Нэла не паспела яшчэ разлічыцца з шафёрам таксі, як заўважыла каля дзвярэй Крэдытнага банка Гезелера. Стройны элегантны малады
У той момант, калі Нэла паклала некалькі марак у падстаўленую далонь шафёра, Гезелер зірнуў на гадзіннік, і ёй раптоўна зрабілася нудна. Яе неадольна пацягнула дадому, да Марціна, Альберта, Глума, да маці і Больды. Марна спрабавала яна аднавіць былую нянавісць да Гезелера. Цяпер ён выклікаў у яе зусім іншае пачуццё, пакуль нязвыклае, халоднае і палохаючае — нуду.
Лабавое асвятленне — рэзкае прамое святло. Усё вакол выдавала плоскім. Няўмела расстаўленыя юпітэры былі накіраваны на нуднага маладога чалавека, які расхаджваў паміж бронзавым фінансістам ібронзавым мулярам, пад словам выгадныя.
— Ну дык як жа, дзяўчына, — спытаў шафёр, — вылазіць будзем або далей паедзем?
Яна ўсміхнулася шафёру, і незадаволены выраз быццам змыла з ягонага твару. Скарачэнне мускулаў твару — недарагі падарунак; але ён адразу ж выскачыў з машыны, пабег адчыняць ёй дзверцы, дастаў чамадан з багажніка.
А Гезелер там, каля ўвахода, зноў зірнуў на гадзіннік. Але, але, яна спазнілася ўжо на сем хвілін. Нэла заплюшчыла на імгненне вочы — яркае святло рэзала іх. Ёй не хацелася глядзець гэты фільм, які толькі што пачаўся, — нудны фільм, без паўтонаў, без настрою.
— Нэла, дарагая, як я рады, што вы прыйшлі!
Яна паціснула ягоную бяздарную руку.
Ззяючы лакам аўтамабіль, ярка-блакітны, як летняе неба; унутры поўны камфорт, зразумела, без абуральнай раскошы.
Што можа зрабіць адна яе ўсмешка: ён пачырванеў, збянтэжыўся.
— Выдатная машына, — сказала яна.
— Вы не паверыце, я наездзіў на ёй ужо сорак тысяч кіламетраў. Проста трэба трымаць свае рэчы ў парадку.
— А як жа, — адгукнулася яна, — няйначай! У парадку ўвесь сэнс жыцця.
Ён недаверліва паглядзеў на яе.
У машыне ўсё было як трэба: і попельніца, і запальнічка — напаленая да чырвані спіралька.
Гезелер выціснуў счапленне і даў газу.
Няўжо вось гэтак жа прыйшла Юдыф у стан Алаферна? Няўжо яна пазяхала на ўвесь рот, праходзячы разам з ім паўз раскінутыя шатры?
Машыну ён вядзе ўпэўнена і не без элегантнасці. Своечасова прытарможвае на чырвонае святло, не ўпусціць магчымасці абагнаць, заўсёды асцярожна выбрацца ў першы рад. Позірк мужны, але, калі прыгледзецца, крыху томны. I ўсё гэта асветлена «ў лоб» — рэзкім прамым святлом. У скрыначцы над запальнічкай — апошні нумар «Весніка». Яна разгарнула газету, адшукала склад рэдкалегіі. «Аддзел культуры і мастацтва — Вернэр Гезелер» — Альберт заўседы называў яго толькі па прозвішчы. Ён не гаварыў, колькі яму гадоў, і Нэла доўгі час уяўляла яго сабе зусім іншым: высокім, плячыстым; жорсткі тып гэткага прыгажуна мужчыны, дзельны афіцэр, руплівы служака. А тут раптам твар, прыдатны ў лепшым выпадку для кінарэкламы: «Не забудзьцеся наведаць замак Брэрніх, пярліну нямецкага барока ў маляўнічай даліне Брэра!»