Дом без гаспадара
Шрифт:
1
Ён прачынаўся, як толькі маці сярод ночы ўключала вентылятар, хоць гумавыя лопасці круціліся амаль бязгучна: прыглушанае гудзенне і час ад часу перапынак, калі ў лопасцях заблытваўся край гардзіны. Тады маці з ціхай лаянкай уставала з ложка, вызваляла гардзіну і заціскала яе паміж дзверцамі кніжнай шафы. Абажур лямпы быў з зялёнага шоўку — вадзяністая зелень, а праз яе — жоўтыя промні, і яму здавалася, што чырвонае віно ў шклянцы на тумбачцы каля ложка маці вельмі падобнае на чарніла: цёмная, цягучая атрута, якую яна пацягвае маленькімі глыткамі. Маці чытала, курыла і зрэдку адпівала глыток.
З-пад прыплюшчаных павек ён назіраў за ёю, не варушачыся, каб не прыцягнуць яе ўвагі, і праводзіў позіркам дым цыгарэты, што цягнуўся да вентылятара;
Самае галоўнае ляжаць ціха, ледзь дыхаючы, з заплюшчанымі вачыма, тады па шоргаце ў доме можна даведацца, колькі часу: калі Глума ўжо не чуваць, азначае палову адзінаццатай, калі не чутно Альберта, азначае адзінаццаць. Звычайна ён яшчэ чуе Глума ў пакоі наверсе — цяжкія, размераныя крокі, або Альберта ў суседнім пакоі — Альберт насвіствае за працай. Бывае, і Больда позна ўвечары спускаецца на кухню і пачынае там валтузню — шаргацяць крокі, асцярожна шчоўкае выключальнік, ды ўсё ж амаль кожны раз Больда наторкваецца на бабулю, і з пярэдняй чуваць глухі голас:
— Ах ты, ненажэра, зноў распачала гатаванне сярод ночы? Зноў смажыш, парыш, варыш нейкую дрэнь?
I ў адказ пранізлівы смех Больды.
— Так, старая карга, я выгаладалася, хочаш за кампанію?
Зноў пранізлівы смех Больды і глухое, поўнае гідлівасці «цьфу» бабулі. Часам абедзве гавораць шэптам, толькі зрэдку чуваць смех: пранізлівы — Больды, глухі — бабулін.
Іншая справа — Глум, той ходзіць наверсе туды-сюды і чытае загадкавыя кнігі: «Дагматы», «Багаслоўе і маральнасць». Роўна ў дзесяць Глум заўсёды ідзе ў ванну, мыецца — шум вады, затым «пых!» гэта ён запаліў газавую гарэлку, — і разам успыхнула мноства язычкоў; затым Глум вяртаецца да сябе, тушыць святло і ўжо ў цемры апускаецца на калені перад ложкам — моліцца. Чуваць, як Глум цяжка грукае каленьмі аб падлогу і, калі ў доме ўсюды ціха, як Глум бармоча словы малітвы. Доўга-доўга моліцца Глум у сваім цёмным пакоі. Затым устае з каленяў, і тады пад ім вішчаць спружыны матраца, — гэта азначае, што роўна палова адзінаццатай.
Астатнія — акрамя Глума і Альберта — трывалых звычак не мелі: Больда часам спускалася ўніз ужо за поўнач і гатавала сабе снатворнае — лісце хмелю, якое яна трымала ў рудым папяровым пакуначку; здаралася, што бабуля заходзіла на кухню, пасля таго як даўно ўжо прабіла гадзіну ночы, рабіла сабе цэлую гару бутэрбродаў з мясам і, заціснуўшы пад пахай бутэльку віна, ішла ў свой пакой. Часам сярод ночы бабуля раптам схамяналася, што ў цыгарэтніцы не засталося цыгарэт — у прыгожай блакітнай парцалянавай цыгарэтніцы, якая ўмяшчала адразу два пачкі. Тады яна сноўдала, шоргаючы нагамі, па ўсім доме, бурчала, шукала цыгарэты — вялікая, з вельмі светлым! валасамі і ружовым тварам; спачатку яна заходзіла да Альберта: толькі Альберт курыў цыгарэты, якія былі ёй да густу. Глум заўсёды курыў люльку, а маміны цыгарэты старой не падабаліся: «Бабская забаўка — мяне нудзіць, як я на іх гляну»; у Больды ў шафе заўсёды было некалькі скамечаных, заляжалых цыгарэт, якімі яна надзяляла паштальёна і манцёра — з гэтых цыгарэт бабуля ўсяляк здзекавалася: «Яны маюць такі выгляд, быццам ты іх вылавіла ў святой вадзе, а затым высушыла,
— Толькі каб не заляжалыя, мой дарагі!
А калі Альберт вяртаўся, яна адразу ў пярэдняй абдымала і цалавала я го, прыгаворваючы:
— Калі б не ты, мой хлопчык, ах, калі б не ты… родны сын і той не быў бы лепшым.
Затым яна ішла да сябе, жавала свае бутэрброды — тоўстыя лусты белага хлеба, густа намазаныя маслам і абкладзеныя мясам, піла віно і пакурвала.
Альберт быў амаль такім жа дакладным, як і Глум, — роўна ў адзінаццаць у яго пакоі ўсталёўвалася цішыня, — тое, што адбывалася ў доме пасля адзінаццаці, мела дачыненне толькі да жанчын: бабулі, Больды і маці. Маці ўначы рэдка ўставала з пасцелі, затое яна доўга чытала і курыла слабыя, сплюшчаныя цыгарэты, якія даставала з плоскага жоўтага пачка з надпісам: Мячэць. Натуральны Усходні тытунь. Зрэдку маці адпівала глыток віна і кожную гадзіну ўключала вентылятар, каб прагнаць дым з пакоя.
Але часта вечарамі маці сыходзіла куды-небудзь або прыводзіла да сябе гасцей, тады яго, соннага, пераносілі ў пакой да дзядзькі Альберта, і ён прыкідваўся, быццам не чуе гэтага. Ён не мог выносіць гасцей, хоць і любіў спаць у пакоі дзядзькі Альберта. Калі прыходзілі госці, яны заседжваліся вельмі позна — да дзвюх, да трох, да чатырох гадзін ночы, а то і да пяці, і дзядзька Альберт прасыпаў тады раніцай і не было з кім паснедаць перад школай, — Глум і Больда сыходзілі досвіткам, маці заўсёды спала да дзесяці, бабуля раней адзінаццаці ніколі не ўставала.
Хоць ён кожны раз цвёрда вырашаў больш не спаць, усё ж засынаў звычайна зноў, як толькі маці выключыць вентылятар. Але калі яна доўга чытала, ён прачынаўся і другі і трэці раз, асабліва калі Глум забываў змазаць вентылятар — і той павольна, з рыпам рабіў першыя абароты. Толькі пасля, набраўшы хуткасці, лопасці пачыналі працаваць бясшумна, але ўсё роўна ад першых жа рыпучых гукаў ён адразу прачынаўся і бачыў, што маці ўсё гэтак жа ляжыць, падпёршы галаву правай рукой, заціснуўшы цыгарэту ў левай, а віна ў шклянцы роўна столькі ж, колькі было і раней. Часам маці чытала нават Біблію, парой ён бачыў у яе руках малітоўнік у рудым скураным пераплёце, і невядома чаму яму рабілася ад гэтага неяк не па сабе. Ён стараўся найхутчэй заснуць або пачынаў кашляць, каб маці ведала, што ён не спіць. Гэта здаралася позна, калі ўсе ў доме спалі. Пачуўшы кашаль, маці адразу ўскоквала і падыходзіла да ягонага ложка. Яна мацала яго лоб, цалавала яго ў шчаку і ціха пытала:
— Ты не захварэў, малыш?
— Не-не, — адказваў ён, не расплюшчваючы вачэй.
— Я зараз патушу святло.
— Ды не, чытай.
— Табе нічога не баліць? Тэмпературы быццам бы няма.
— Канешне, не. Я здаровы.
Яна захутвала яго коўдраю па шыю, і ён здзіўляўся, якія лёгкія ў яе рукі. Затым яна вярталася ў свой ложак, тушыла святло і ўключала ў цемры вентылятар, каб ачысціць паветра, а пакуль вентылятар круціўся, яна размаўляла з ім.
— Хочаш, мы перавядзём цябе ў верхні пакой, каля Глума?
— Не, тут лепш.
— Або ў суседні? Яго таксама можна вызваліць.
— Ды не, я сапраўды не хачу.
— Ну а да Альберта? Альберт перабраўся б у іншы.
— Не.
Раптам вентылятар пачынаў круціцца ўсё павольней, і тады ён ведаў, што маці ў цемры націснула кнопку. Яшчэ колькі апошніх абаротаў, скрыгат, і затым — цішыня, удалечыні чутны цягнікі — ляскат і грукат счаплення таварных вагонаў, перад вачамі паўстае надпіс: Усходняя таварная станцыя. Яны з Вельцкамам неяк хадзілі туды, дзядзька Вельцкама працуе качагарам на манеўровым паравозе, які падае вагоны на сартавальную горку.