Дом без гаспадара
Шрифт:
— Трэба сказаць Глуму, каб змазаў вентылятар.
— Скажу.
— Так, зрабі ласку, а зараз давай спаць. Дабранач!
— Дабранач!
Але пасля гэтага ён ужо не мог заснуць і ведаў, што маці таксама не спіць, хоць ляжыць зусім ціха. Цемень і цішыня, толькі ўдалечыні прыглушаны грукат з Усходняй таварнай, толькі ўсплываюць і паўстаюць у памяці словы, якія не даюць спакою: слова, якое маці Брылаха сказала кандытару, — гэтае слова было надрапана і на сцяне каля лесвіцы, што вяла ў кватэру Брылаха, і яшчэ новае слова: распуста, якое Брылах дзесь падчапіў і цяпер увесь час паўтарае. Часта думаў хлопчык і пра Гезелера, але той быў вельмі далёка, і калі ён думаў пра Гезелера, то не адчуваў ні страху, ні нянавісці, толькі нейкі цяжар; ён куды больш баяўся бабулі, яна ўвесь час убівала ў яго імя Гезелера і пры кожным зручным выпадку прымушала
Пасля ён здагадваўся, што маці заснула, але сам ніяк не мог заснуць; у цемры ён спрабаваў уявіць сабе твар бацькі, але гэта яму не ўдавалася — тысячы бязглуздых малюнкаў раіліся ў яго галаве — з фільмаў, з ілюстраваных часопісаў, з падручнікаў: Блондзі! Хапелонг Кесідзі і Дональд Дак, — а бацька не з’яўляўся. I дзядзька Брылаха, Леа, паўставаў перад ім, і кандытар, і Грэбхакэ з Вольтэрсам, гэта тыя двое, што рабілі ў кустах нешта бессаромнае: барвовыя твары, расшпіленыя штаны, гаркавы пах свежай травы. Цікава, а бессаромны — гэта ўсё роўна што распусны? Але бацька, чалавек, які на фотаздымку выглядаў занадта жывым, занадта вясёлым, занадта маладым для сапраўднага бацькі, бацька так ні разу і не з’явіўся. Кожнаму бацьку абавязкова падавалі яйка на сняданак, але з яго бацькам гэта неяк не стасавалася. У кожнага бацькі — цвёрды расклад на дзень, уласцівасць, якой у пэўнай ступені валодаў дзядзька Альберт, але і расклад ніяк не стасаваўся з бацькам. Расклад — гэта: уставанне, яйка на сняданак, праца, вяртанне дадому, газета, сон. Але ўсё гэта не стасавалася з яго бацькам, закапаным дзесьці на ўскрайку рускай вёсачкі. Мінула ўжо дзесяць гадоў, бацька, мабыць, падобны цяпер на шкілет з медыцынскага музея. Косці, выскаленыя зубы. Радавы і паэт, неяк не стасуецца адно з другім. Бацька Брылаха быў фельдфебелем і слесарам. Бацькі іншых хлопчыкаў былі: або маёр і разам з тым дырэктар, або унтэр-афіцэр і бухгалтер, або старшы яфрэйтар і рэдактар, ніводзін з бацькоў не быў радавым, і ніводзін з іх — паэтам. Дзядзька Брылаха, Леа, быў вахмістрам, вахмістрам і кандуктарам — каляровы фотаздымак на кухонным буфеце паміж сага і крупамі. Што гэта сага? Ад гэтага слова павявала Паўднёвай Амерыкай.
Пасля ўсплывалі пытанні з катэхізіса — вадаварот лічбаў, і кожная азначала пытанне і адказ.
Пытанне адзінаццатае: ці даруе Бог грэшніку, які пакаяўся? Адказ: так, Бог ахвотна даруе кожнаму грэшніку, які пакаяўся. I незразумелае двухрадкоўе: Калі ты, Гасподзь, не даруеш нам грахі нашыя, хто тады застанецца праведным? Ніхто не застанецца. Па цвёрдым перакананні Брылаха, усе дарослыя — распусныя, а дзеці бессаромныя, маці Брылаха распуская, дзядзька Леа — таксама, кандытар, магчыма, таксама; і ягоная маці, якой бабуля шэптам выгаворвае ў пярэдняй: «Дзе ты толькі швэндаешся?» — таксама.
Ёсць, зразумела, выключэнні, гэта прызнаваў нават Брылах: дзядзька Альберт, затым сталяр, які жыве ўнізе, у доме Брылаха, фрау Барусяк і яе муж, Глум і Больда. Але лепшая з іх усіх фрау Барусяк — у яе нізкі, глыбокі голас, і яна спявае над пакоем Брылаха цудоўныя песні, нават у двары чуваць.
Думаць пра фрау Барусяк вельмі прыемна і супакойна. Я вырасла ў краі зялёным, — часта спявала фрау Барусяк, і калі яна так спявала, яму ўсё здавалася зялёным, быццам да вачэй паднеслі бутэлечнае шкло — усё-ўсё рабілася зялёным, нават цяпер, у ложку, ноччу, калі ён з заплюшчанымі вачыма думаў пра фрау Барусяк і чуў яе песню: Я вырасла ў краі зялёным.
Добрая яшчэ песня пра даліну журбы: «Вітаю цябе, зорка ў зеніце». I ад слова «зеніт» таксама ўсё зелянела. У нейкі момант ён усё ж засынаў, дзесь паміж спевам фрау Барусяк і словам, якое маці Брылаха сказала кандытару, — гэта слова дзядзькі Леа, — слова, якое маці прасіпела скрозь зубы ў цёплым, з пахам здобы падвале пякарні, слова, значэнне якога яму растлумачыў Брылах: гэтае слова пра сужыцельства мужчын і жанчын, якое мае дачыненне да шостай запаведзі, распуснае слова, і адразу на памяць прыходзіць верш, які яго вельмі займае: «Калі ты, Гасподзь, не даруеш нам грахі нашыя, хто тады застанецца праведным?» А можа, сон прыходзіў да яго, калі ён успамінаў пра Хапелонга Кесідзі — хвацкага каўбоя з зухаватымі прыгодамі, трошкі дурнаватага, як усе госці, якіх маці
Так ці інакш, але чуць дыханне маці было прыемна: яе ложак часта пуставаў, бывала, некалькі начэй запар, і тады ў пярэдняй бабуля дакорліва шаптала:
— Дзе ты толькі швэндаешся?
Маці не адказвала. Ранішняе абуджэнне таксама таіла ў сабе пэўную небяспеку. Калі Альберт будзіў яго, ужо апрануты ў чыстую кашулю з гальштукам, усё праходзіла ўдала: яны ладзілі тады ў пакоі Альберта сапраўднае снеданне і нікуды не спяшаліся і не хваляваліся, і можна было яшчэ раз прагледзець разам з Альбертам хатнія заданні. Але калі Альберт быў яшчэ ў піжаме, непрычасаны, з пакамечаным тварам, тады прыходзілася ў спешцы глытаць гарачую каву і тэрмінова пісаць запіску: «Глыбокапаважаны пан Biмар, прашу вас прабачыць мне за тое, што хлопчык сёння зноў спазніўся. Яго маці паехала, а я забыўся пабудзіць яго своечасова. Яшчэ раз прашу прабачэння. З абсалютнай пашанай».
Кепска было, калі маці прыводзіла гасцей: неспакойны сон у ложку Альберта, дурнаваты смех, што даносіўся з мамінага пакоя; Альберт у такія ночы падчас і зусім не лажыўся і толькі паміж пяццю і шасцю прымаў ванну: шум вады, плёскат, а ён засынаў зноў, і калі Альберт будзіў яго, адчуваў сябе бясконца стомленым і разбітым. На ўроках ён тады кляваў носам, а пасля ўрокаў у якасці ўзнагароды яго вадзілі ў кіно і куплялі марожанае або бралі да маці Альберта, у Бітэнхан — «Лясную браму». Там сажалка, дзе Глум голымі рукамі ловіць рыбу і зноў кідае яе ў ваду, там пакой над кароўнікам, там можна гадзінамі ганяць у футбол з Альбертам і Брылахам на ўтаптаным, выкашаным лужку, пакуль не выгаладаешся і не захочаш пакаштаваць хлеба, які маці Альберта пячэ сама, а дзядзька Віль заўсёды прыгаворвае: «Намажце паболей масла». Пахітае галавой: «Паболей масла». Зноў пахітае: «Яшчэ больш». I Брылах, заўсёды такі няўсмешлівы, смяецца там ад усяго сэрца.
Было шмат станцый на шляху, ён мог заснуць на любым перагоне: Бітэнхан і бацька, Блондзі і распусна. Прыглушанае гудзенне вентылятара азначала, што ўсё добра: маці дома. Шалясценне старонак, дыханне маці, чырканне запалкі і ціхі, шпаркі глыток, калі яна падносіць да вуснаў шклянку з віном, — і незразумелы рух паветра, хоць вентылятар даўно ўжо выключаны: гэта дым цягнецца да вентылятара, і Марціна незаўважна агортваў сон — дзесь паміж Гезелерам і «Калі ты, Гасподзь, не даруеш нам грахі нашыя».
2
Лепш за ўсё было ў Бітэнхане, дзе маці Альберта трымала загарадны рэстаранчык. Маці Альберта ўсе пякла сама, нават хлеб. Яна гэта рабіла проста таму, што любіла пячы, — і яны з Брылахам маглі ў Бітэнхане вычвараць усё, што ім уздумаецца, — лавіць рыбу, хадзіць у даліну, катацца на лодцы або гадзінамі гуляць за домам у футбол. Сажалка ўдавалася ў лясны гушчар, і іх звычайна суправаджаў дзядзька Віль — брат маці Альберта. З дзяцінства дзядзька Віль хварэў на нейкую дзіўную хваробу, якую ўсе называлі «начная патлівасць» — дзіўная назва, што выклікала смех у бабулі і Глума, Больда таксама хіхікала, калі чула гэтае слова. Вілю было ўжо пад шэсцьдзесят. Калі ж яму не было яшчэ і дзесяці, маці знайшла яго аднойчы ў пасцелі ўсяго залітага потам. На наступны дзень гісторыя паўтарылася, і маці, у трывозе, пацягнула яго да доктара, бо, па нейкіх таемных паданнях, начная патлівасць лічылася немінучай прыкметай сухотаў. Але лёгкія ў маленькага Віля аказаліся ў поўным парадку, толькі сам ён, як выказаўся доктар, быў хлапчуком нервовым і субтыльным; і доктар — той самы, што вось ужо сорак гадоў спачывае на гарадскіх могілках, — сказаў пяцьдзесят гадоў назад: «Дзіця трэба берагчы».
I Віля ўсё жыццё бераглі. «Нервовы, субтыльны», ды яшчэ начная патлівасць — усё гэта абярнулася свайго роду рэнтай, якую пажыццёва яму выплочвала сям’я. Марцін і Брылах, даведаўшыся пра гэта, доўгі час уранку абмацвалі свае лбы і па дарозе ў школу абменьваліся назіраннямі. Высветлілася, што і ў іх ілбы часам бываюць вільготныя. Асабліва ў Брылаха — ён пацеў уначы часта і вельмі моцна, але, з таго часу як Генрых Брылах нарадзіўся, нікому і ў галаву не прыходзіла хоць даянёк паберагчы хлопчыка. Маці нараджала яго, калі на горад сыпаліся бомбы, яны падалі на тую вуліцу, а пад канец і на той дом, дзе ў бамбасховішчы, на брудных нарах, заляпаных ваксай, яна курчылася ў схватках. Галава маці аказалася на тым самым месцы, куды нейкі салдат уладкаваў свае боты: ад паху ворвані яе ванітавала куды больш, чым ад родаў, і калі нехта запіхнуў ёй пад галаву завэдзганы ручнік, пах армейскага мыла, убогі водар яго расчуліў яе да слёз; гэты апаганены водар здаўся ёй невыказна дарагім.