Дом без гаспадара
Шрифт:
I раптам святло замільгала — хлоп, стужка абарвалася, цёмна-шэры экран, пасярэдзіне — светла-жоўтая пляма, яшчэ мяккае гудзенне ў будцы механіка, але тут далі поўнае святло, у глядзельнай зале чуецца свіст, ды гэта ні к чаму: карціна скончылася пасля першай часткі, хоць фільм быў адзняты цалкам.
Яна агледзелася навокал, уздыхнула і закурыла, як заўсёды, выходзячы з кіно. Ліманад, што прынёс Луіджы, зрабіўся цёплым, алкагольная горыч вытыхлася, і ён зрабіўся нясмачным, як моцна разведзены вермут. Значыцца, вось якім фільмам замянілі ранейшы. Стракаты певень наверсе — яе рука цяпер у зялёным промні ад пеўневай спіны — певень зусім такі ж, як
Ці не занадта ты малады, каб імя тваё ўвайшло ў малітвы маёй маці аб помсце? Яна адсунула шклянку, паднялася, прайшла міма Луіджы і толькі каля дзвярэй успомніла, што яна павінна яшчэ разлічыцца з Луіджы і ўсміхнуцца яму. Ён прыняў і тое і другое з самотнай удзячнасцю, і яна выйшла з кафэ. Здаралася, што яе раптоўна ахоплівала страшэнная туга па сыне, хоць часам яна на цэлыя дні забывалася пра яго. Добра было б цяпер пачуць яго голас, прыціснуцца да яго шчакой, проста ведаць, што ён тут, дакрануцца да ягонай лёгкай рукі, злавіць яго лёгкае дыханне і ў чарговы раз упэўніцца, што ён жыве на свеце.
Таксі хутка везла яе па цёмных вуліцах. У потай яна разглядвала твар шафёра — спакойны, сур’ёзны твар, прыцемнены казырком фуражкі.
— У вас ёсць жонка? — раптам спытала яна.
Шафёр кіўнуў, павярнуўся да яе на момант, і яна ўбачыла здзіўленую ўсмешку на сур’ёзным твары.
— А дзеці? — спытала яна.
— Ёсць, — адказаў шафёр, і яна пазайздросціла яму.
I раптам заплакала. Асветленая панарама за ветравым шклом расплылася перад яе вачыма.
— Божа, — сказаў шафёр, — што з вамі?
— Я ўспомніла пра мужа, — адказала яна, — ён загінуў дзесяць гадоў назад.
Шафёр збянтэжана глянуў на яе, затым хутка адвярнуўся і зноў пачаў глядзець на дарогу, але правую руку ён зняў з руля і злёгку пагладзіў яе па плячы. Ён нічога не сказаў, і яна была гэтаму рада і загаварыла сама.
— Зараз нам трэба звярнуць направа, а пасля проста, па Ходлерштрасэ да канца.
Туманнай была панарама за шклом, а лічыльнік цікаў, і з лёгкім ляскатам выскоквалі новыя лічбы, пфеніг за пфенігам збіраў неўтаймоўны апарат. Яна выцерла слёзы і ўбачыла ў святле фар, што яны ўжо пад’язджаюць да царквы. Мільганула думка, што яе паклоннікі робяцца ўсё менш і менш падобнымі на Рая. Тупыя жывёліны з правільнымі тварамі, яны здольныя з поўнай сур’ёзнасцю вымаўляць такія словы, як «эканоміка», і нават без ценю іроніі такія, як «народ, аднаўленне, перспектывы». Мужчынскія рукі, што абхопліваюць горла бутэлькі — з вялікай будучыняй ці без яе, — цвёрдыя і бяздарныя рукі, і самі паклоннікі, начыненыя ўсялякай лухтой і пазбаўленыя гумару, — побач з імі любы дробны махляр, пакуль ён не трапіў у турму, здасца паэтам.
Шафёр злёгку дакрануўся да яе пляча, і з апошнім ударам лічыльнік выкінуў апошнюю адзіначку. Яна дала шафёру грошы, шмат грошай, ён усміхнуўся ёй, выскачыў з машыны, каб расчыніць перад ёй дзверцы, але яна ўжо вылезла сама і здзівілася, што ў доме цёмна: нават у Глума не свяцілася акно, і не падаў у сад, як заўсёды, жоўты сноп святла з акна маці. Запіску ў дзвярах яна змагла прачытаць толькі тады, як адчыніла дзверы і запаліла святло ў пярэдняй. «Мы ўсе пайшлі ў кіно». «Усе» было чатыры разы падкрэслена.
Яна патушыла святло і так і засталася сядзець у пярэдняй пад партрэтам Рая.
Зазваніў тэлефон і вярнуў яе на глебу, на якую яна менш за ўсё любіла ступаць, вярнуў да так званай рэчаіснасці. Ён празвінеў другі, трэці, чацвёрты раз, пакуль яна нарэшце павольна ўстала і пайшла ў пакой Альберта. Яна пачула голас Гезелера, які нясмела спытаў:
— Хто каля тэлефона?
Яна назвалася, і тады ён сказаў:
— Я толькі хацеў даведацца, як вы пачуваецеся, мне вельмі шкада, што вам нездаровіцца.
— Лепш, — адказала яна. — Мне лепш. Я прыеду на даклад.
— Як добра! — сказаў ён. — Паедзем у маёй машыне. Прашу вас.
— Ну, добра, — сказала яна.
— Можна мне заехаць за вамі?
— Не, не, лепш сустрэнемся дзе-небудзь у горадзе, вось толькі дзе?
— У пятніцу. У дванаццаць, — сказаў ён, — на плошчы перад Крэдытным банкам, там, дзе галоўная каса. Вы абавязкова прыйдзеце?
— Так, — сказала яна і падумала: «Я заб’ю цябе, скрышу, зрэжу цябе на кавалкі сваёй зброяй, і гэта страшная зброя — мая ўсмешка, якая мне нічога не каштуе, просты рух мускулаў, механізм, які лёгка прывесці ў рух. Я маю больш боепрыпасаў, чым было ў тваіх кулямётаў, а каштуюць яны мне гэтак жа мала, як табе каштавалі твае».
— Так, я прыйду, — сказала яна і, павесіўшы трубку, вярнулася ў пярэднюю.
4
Дантыст адчыніў дзверы ў гасціную і сказаў:
— Прысядзьце, калі ласка, фрау Врылах.
Хлопчык прыкладна адных гадоў з яе сынам, сядзеў за раялем і нешта панура брынчаў.
— Выйдзі на хвілінку, — сказаў урач.
Хлопчык умомант знік, пакінуўшы на жаўтаватых клавішах раскрыты нотны сшытак. Яна стомлена глянула на загаловак і прачытала: «Эцюды. Опус 54». Урач уздыхнуў, сеў за чорны пісьмовы стол з моранага дубу, пакорпаўся доўгімі пальцамі ў картатэцы, выцягнуў яе картку, перагартаў нейкія белыя паперкі, падколатыя да яе, і сказаў:
— Не палохайцеся, калі ласка, я тут прыкінуў кошт.
Ён уздыхнуў і паглядзеў на яе, а яна глядзела на карціну, якая вісела за яго спінай на сцяне: «Ункель сонечным днём». Шмат пранізліва-жоўтай фарбы перавёў мастак, каб надаць Рэйну, вінаграднікам і маляўнічаму гарадку сонечны выгляд, але марна: Ункель выглядаў зусім не сонечна.
Урач выцягнуў са скрынкі стала пачак табакі, разарваў срэбраную абгортку і, усё яшчэ ўздыхаючы, пачаў нетаропка скручваць тоўстую цыгарэту. Ён падсунуў тытунь і паперу да яе, але яна пакруціла галавой і ціха сказала: