Эпісталярыя
Шрифт:
Яшчэ адзін козыр, якім карыстаюцца да апошніх дзён вучоныя і невучоныя, калі хочуць паказаць, якімі нікчэмнымі беларусы былі раней — пісьменнасць. У гэтай галіне чым меншы працэнт даваў аўтар, тым больш было пашаны. Звычайна даецца 23%, але ў сапраўднасці гэта няпоўныя звесткі на 1897 г., а гаворыцца «да рэвалюцыі». Міністру асветы Умрэйку і гэтае падалося залішнім, і ён напісаў 13%. Прааналізаваўшы розныя крыніцы, я налічыў, што на 1917 г. у Беларусі пісьменных было каля 40%. «Галоўнаму» «Нсторнн СССР» гэта падалося так нядобрым, што ён выкрэсліў маю лічбу пасля таго, як я падпісаў карэктуру да друку, гэта значыцца, калі ўжо нічога нельга было зрабіць. Няхай ведаюць!
Бяру сям’ю Мазуравых, у якой лішніх грошай не было, аднак жа бацька выпісваў «Ніву», другія чыталі Талстога, трэція яшчэ што-небудзь. Мой бацька
Да 1911 г. у нас не было земства, якое такі ж клапацілася пра народную асвету, але пісьменныя ўсё ж былі — вучылі часта самі бацькі, або «дарэктары». Не, і нашыя продкі не былі земнаводнымі, і ня трэба хваліцца сваёю занядбанасцю.
Вельмі цікавыя Вашыя звесткі пра школьныя і студэнцкія гады. Спрэчкі на літаратурныя тэмы, «Сіняя блуза», парусінавыя чаравікі, газэта заміж матраса ў вагоне, першая дзейнасць у вёсцы (шчаўе на ўвесь дзень). Як добра, што Вы не стараліся паказаць быт вёскі як нейкае суцэльнае свята.
У нас мала пісалася мемуараў, а тыя, што ёсць, пісала шляхта. Самыя цікавыя напісаў Вайніловіч (які пабудаваў у Мінску Новы касцёл, пан з-пад Слуцку). Мала хто ведае, што гэта быў кандыдат на прэзідэнта Заходнебеларускай рэспублікі ў межах Польшчы ў 1920 г. Дзякуй Вам яшчэ раз.
3.ІV.1985
Улашчык
Г.А. Каханоўскаму
Дарагі Генадзь Аляксандравіч!
Найперш, дзякуй за яблыкі. Пра ананасавыя ў нас ня было і чутно раней, першы раз імі пачаставаў мяне Ліс. Але пасылка вымагае шмат клопату, і ня варта было б цацкацца з гэтым.
Па-другое, высылаю Вам кнігі. Дзяўчыны (ці жанчыны), якая перадавала, ня бачыў (з-за грыпу сядзеў дома).
Па-трэцяе, — пра рэцэнзію. Ня ведаю, чаму Ермаловіч надумаўся схавацца за псеўданімам. Усе, хто хоць трохі ведае яго, разумеюць, хто такі «Наваселец», а псеўданім робіць нейкую непрыемную атмасферу. Зразумела, як толькі кніга выйшла, я чакаў, што Ермаловіч адгукнецца, і што ён абавязкова напіша пра нязгоду з яго гіпотэзай, і у гэтым, дарэчы, няма нічога кепскага. Але пішучы на што-небудзь рэцэнзію, варта прачытаць усё, а тут відаць рэцэнзент не прачытаў таго месца, дзе я спрабую абгрунтаваць погляд, што летапіс пра Войшалка і Міндоўга пісаўся ў Наваградку, а гэта я лічу важнейшаю часткаю сваіх доследаў.
Хаця я і пішу Вам гэтыя заўвагі, але прашу (калі будзеце гаварыць на гэтую тэму) сказаць у самай далікатнай форме, бо ён жа зусім хворы.
Дзякуй яшчэ раз за яблыкі.
6.Х.1985 г.
С.П. Шушкевічу
Дарагі Станіслаў Пятровіч!
Дзякуй за пасылку. Зразумела, перш пра сваё. Ня ведаю, чаму Ермаловіч вырашыў падпісацца псеўданімам. Часы Тодара Глыбоцкага былі даўно, і хавацца няма чаго. Ермаловіч апантаны сваёю гіпотэзаю: не літоўцы заваявалі Беларусь, а наадварот. За апантанасць варта паважаць, але ўспрыняць гіпотэзу нельга, кажучы дакладней, ён гэта не даказаў, і на доказ у яго не стае перш за ўсё кваліфікацыі (трэба ведаць сярэднявечную латынь, сярэднявечную нямецкую мову, сучасныя нямецкую, англійскую, трэба навукова ведаць старасвецкую славянскую і навукова літоўскую). Наогул, трэба ведаць надта многа, каб парушыць погляды, якім ужо тысяча гадоў. Дарэчы, успамінаючы пра Пашуту, ён не заўважыў, што ў маёй кнізе ідэя аб значэнні Наваградка з’яўляецца асноўнаю.
Вашыя вершы, як звычайна, сардэчныя, чалавечныя, але хацеў спытаць пра адно: касцёр. У нас так зваліся дровы, выкладзеныя кругла, з вострым верхам. Так яны сохлі летам, а ўвосень зносілі пад паветку ці ў адрыну. Тое, што гарыць, звалася па-рознаму: агонь, вогнішча, а па-наваградзку «купадла», назва пэўна самая старасвецкая.
Пра Прылукі. Аб тым, як яны пераходзілі з рук у рукі, найбольш у кнізе «Полное географическое описание нашего отечества», Т.ІХ, С.423. Прылукі (горад) ёсць на Чарнігаўшчыне, на Валагодчыне ёсць Спаса-Прылуцкі знакаміты манастыр. Я хадзіў (ідучы ў Віцкаўшчыну) можа сто разоў. Калісь, як казаў бацька, у Чапскага за мостам унізе была сажалка, і там плавалі чорныя лебедзі.
Ізноў надыходзіць восень. Быў у Віцкаўшчыне, схадзіў на магілы дзядоў, пабыў на сваёй сядзібе. Там яшчэ адна яблыня, ёй пад 70, а такі дае яблыкі. Перанеслі урну жонкі на Чыжоўскія могілкі. Там агарадзілі месца і мне.
20.Х.85
Савеу музея літаратуры і мастацтва 3-й СШ горада Нясвіжа
Шаноўны Савет!
Пра Нясвіж, наколькі я ведаю, няма ніводнай колькі-небудзь грунтоўнай кнігі, што можа ня так і кепска, бо гэта азначае, што добрую Вы павінны напісаць самі. Тэма «Нясвіж» шырокая, нават надта шырокая. Нясвіж — гэта сталіца Нясвіжскага княства, а пасля 1612 г., калі Радзівіл ажаніўся на князёўне Слуцкай — яшчэ і сталіца Слуцкага княства, самага большага і багатага на Беларусі. У выніку гэтага Ваш горад цэлыя стагоддзі быў самым значным палітычным і культурным цэнтрам Беларусі. Там знаходзілася самая вялікая на Беларусі бібліятэка, там быў велізарны архіў, там была друкарня, там былі надрукаваны партрэты ўсіх Радзівілаў ад легендарных да сапраўдных, там былі зборы карцін, габеленаў, паясоў, манет і г.д.
Належаў Нясвіж Радзівілам, самым магутным феадалам Вялікага Княства Літоўскага і ўсяе Рэчы Паспалітай. Такім чынам, на стагоддзі Нясвіж неадрыўна звязаны з Радзівіламі. Ня раз багацці Радзівілаў, сабраныя ў Нясвіжы, знішчаліся і зноў аднаўляліся. Напісаць гісторыю ўсяго гэтага — заданне ганаровае, і за яго трэба брацца сур’ёзна.
Перш за ўсё Вы павінны скласці бібліяграфію Нясвіжа і Радзівілаў, а гэта азначае, што калі Вы чытаеце кнігу і спатыкаеце месца, дзе гаворыцца пра Нясвіж ці Радзівілаў, то трэба гэтае месца ўпісаць на асобную картку, падаўшы аўтара, поўную назву кнігі ці артыкулу і затым старонкі, на якіх пра гэта напісана. Трэба сказаць, што работа гэта нялёгкая, бо такія звесткі знаходзяцца па большасці ў выданнях дарэвалюцыйных, ці нават з мінулых стагоддзяў, уключаючы XVII, да таго ж яны напісаны на розных мовах, найбольш на польскай, часткова на лацінскай і францускай. Пачынаць трэба з прац Мальдзіса: ён у гэтым сэнсе зрабіў столькі, колькі да яго не рабіў ніхто, ды і кнігі яго пэўна ў Вас ёсць. Каб азнаёміцца ў самых агульных рысах, вазьміце адпаведны том (тамы) Беларускай савецкай энцыклапедыі, прачытайце адпаведныя месцы з кнігі «Верхнее Поднепровье и Белоруссия» (Т.ІХ, Петербург, 1905). Трэба прачытаць другое выданне пад назваю «Живописная Россия» (Т.3, Петербург, 1889). На польскай мове шмат дае кніга Балінскага «Старасвецкая Польшча», Т.1-2. Шмат што дае кніга Шпілеўскага («Путешествие по Полесью и Белорусскому краю»). Для самых розных даведак трэба мець (ці ў кожным разе карыстацца) бібліяграфію А.А.Сакольчыка «Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии (1768-1917)» (Мінск, 1976).
Пачынаючы ствараць музей, трэба мець на ўвазе ня толькі гісторыю, але ставіць больш шырокае заданне: прырода павінна заняць у Вашых занятках пачэснае месца. Трэба збіраць як мага больш фота гораду і наваколля, зважаючы на тое, што зараз ландшафт надта скора мяняецца. Трэба збіраць і засушваць усе расліны, якія ёсць у горадзе і наваколлі, і абавязкова даведвацца, як завуць гэтыя расліны сярод мясцовага насельніцтва, бо часам нават у адным сяле яны завуцца па-рознаму. Тое ж з птушкамі і звярамі. Асабліва звярнуць увагу на зёлкі, якімі калісь (ды і зараз) лячылі людзей і жывёлу, і даведвацца, як яны ўжываліся і як завуцца.
Раён Нясвіжа надта багаты на фальклор, народную творчасць. Трэба запісваць прымаўкі, песні, казкі. Таксама трэба запісваць старасвецкія звычаі, напрыклад, як дзяўчаты гукалі вясну, як хадзілі і што спявалі валачобнікі, як святкавалі Купалу. Пра сваю мясцовасць сучасную і ў мінулым трэба ведаць як мага больш. Адразу ўсяго ня зробіце, але пачынаць трэба хоць з самага дробнага і, як можа падавацца, нецікавага.
Урэшце: шануючы свой край і свой народ, трэба шанаваць сваю мову. Той, хто зракаецца свае мовы, зракаецца і свайго народу. Вам гэта не падыходзіць.