Ферма (на белорусском языке)
Шрифт:
Тым не меней нянавiсць да Фрэдэрыка расла. Аднойчы ў нядзелю ранiцай Напалеон выступiў у гумне i растлумачыў, што ён нiколi не меў намеру прадаць штабель драўнiны Фрэдэрыку; ён сказаў, што мець справу з такiм нягоднiкам было б абразаю ягонай годнасцi. Галубам, якiх усё яшчэ высылалi, каб разносiць весткi пра Паўстанне, было забаронена садзiцца ў Фоксвудзе, iм таксама было загадана адкiнуць iх ранейшы лозунг "Смерць чалавецтву" i замянiць яго на "Смерць Фрэдэрыку". Напрыканцы лета было выкрыта яшчэ адно Сняжкова злачынства. У збажыне было поўна пустазелля, i высветлiлася, што пад час аднаго з сваiх начных набегаў Сняжок перамяшаў насенне збожжа i пустазелля. Гусак, якi быў уцягнуты ў гэтую змову, прызнаўся Вiскуну ў сваiм злачынстве i тут жа скончыў жыццё самагубствам, праглынуўшы некалькi смяротна
Увосень, цаною неверагодна цяжкiх намаганняў - бо амаль адначасова трэба было збiраць ураджай - будаўнiцтва ветрака было закончана. Заставалася яшчэ паставiць абсталяванне, i Ўiмпэр вёў перамовы наконт яго закупкi, але сам будынак ужо стаяў. Насуперак усiм цяжкасцям, нягледзячы на недасведчанасць, на недасканалыя прылады працы, на няшчасцi i нягоды i на здраду Сняжка, працу скончылi дакладна ў прызначаны дзень! Змучаныя, але гордыя жывёлы хадзiлi вакол свайго шэдэўра, якi здаваўся iм яшчэ прыгажэйшым, чым той, што яны збудавалi першы раз. Тым болей што сцены цяпер былi ўдвая таўсцейшыя. Нiякi выбух iм цяпер не страшны! I калi яны падумалi, колькi паклалi працы i пакутаў, колькi сцярпелi нягодаў i якiя велiзарныя перамены настануць у iх жыццi, калi пачнуць круцiцца крылы i запрацуюць генератары, - калi яны падумалi пра ўсё гэта, стома пакiнула iх, i яны пачалi скакаць вакол ветрака i крычаць ад радасцi. Сам Напалеон, з неадлучнымi сабакамi i пеўнем, выйшаў агледзець завершаную працу; ён асабiста павiншаваў жывёлаў з вялiкiм дасягненнем i абвясцiў, што вятрак будзе насiць назву Вятрак iмя Напалеона.
Праз два днi жывёлаў склiкалi ў гумно на адмысловы сход. Iм аж мову заняло ад здзiўлення, калi Напалеон паведамiў, што прадаў штабель драўнiны Фрэдэрыку. На другi дзень Фрэдэрык меўся прыгнаць фурманкi i пачаць перавозку. Увесь час свайго ўяўнага сяброўства з Пiлкiнгтанам Напалеон быў у сакрэтным пагадненнi з Фрэдэрыкам.
Усе дачыненнi з Фоксвудам спынiлiся, Пiлкiнгтану былi пасланыя абразлiвыя лiсты. Галубам было загадана пазбягаць ферму Пiнчфiлд i змянiць свой лозунг "Смерць Фрэдэрыку" на "Смерць Пiлкiнгтану". У той самы час Напалеон запэўнiў жывёлаў, што чуткi аб рыхтаваным нападзе на Ферму Жывёлаў былi цалкам фальшывыя i што апавяданнi пра Фрэдэрыкаву жорсткасць да сваiх жывёлаў моцна перабольшаныя. Усе гэтыя погаласкi паходзiлi, вiдаць, ад Сняжка i яго агентаў. Цяпер выявiлася, што Сняжок не хаваецца на ферме Пiнчфiлд i што ён там нiколi ў жыццi не быў, а жыў ён - як казалi, у поўнай раскошы - у Фоксвудзе i ўжо некалькi гадоў быў наёмнiкам Пiлкiнгтана.
Свiннi былi ў захапленнi ад Напалеонавай хiтрасцi. Прыкiнуўшыся, што сябруе з Пiлкiнгтанам, ён змусiў Фрэдэрыка падвысiць плату на дванаццаць фунтаў. Але найвышэйшая якасць Напалеонавага розуму, казаў Вiскун, выявiлася ў тым, што ён не давяраў нiкому, нават Фрэдэрыку. Фрэдэрык хацеў заплацiць за драўнiну нечым, што ён назваў чэкам, якi, кажуць, быў кавалкам паперкi з напiсаным абяцаннем заплацiць. Але Напалеон не такi дурны. Ён запатрабаваў заплацiць сапраўднымi пяцiфунтавымi банкнотамi, якiя павiнны быць перададзеныя, перш чым драўнiна будзе перавезеная. Фрэдэрык ужо заплацiў; i атрыманае сумы якраз хапала на тое, каб купiць абсталяванне да ветрака.
Тым часам драўнiна спешна перавозiлася. Калi ўсё было скончана, у гумне склiкалi яшчэ адзiн адмысловы сход, каб агледзець Фрэдэрыкавы банкноты. Начапiўшы абедзве свае ўзнагароды, шчасна пасмiхаючыся, Напалеон ляжаў на саламяным подсцiле, а побач з iм, раўнютка складзеныя на парцалянавай талерцы з панскай кухнi, ляжалi грошы. Жывёла павольна праходзiла паўз iх, i кожны глядзеў, колькi хацеў. Баксёр нахiлiўся, каб панюхаць банкноты, i лёгкiя белыя паперкi задрыжалi i зашалахцелi пад яго ўздыхам.
Праз тры днi ўзняўся страшэнны гармiдар. Спалатнелы Ўiмпэр прыехаў на ровары, кiнуў яго ў двары i пабег што меў сiлы да сядзiбы. Праз хвiлiну шалёны крык абурэння пачуўся з апартаментаў Напалеона. Як лясны пажар, разнеслася па ферме страшная навiна. Банкноты фальшывыя! Фрэдэрык атрымаў драўнiну за нiшто!
Напалеон неадкладна склiкаў жывёлаў i страшным голасам абвясцiў смяротны прысуд Фрэдэрыку. Калi яго ўдасца злавiць, сказаў ён, Фрэдэрык будзе звараны жыўцом. У той самы час ён папярэдзiў, што пасля такой вялiкай здрады можна чакаць найгоршага. Фрэдэрык i яго людзi маглi распачаць свой даўно планаваны напад у любы момант. На ўсiх падыходах да фермы былi расстаўлены вартавыя. Да таго ж чатыры галубы былi пасланыя ў Фоксвуд з прымiрэнчым пасланнем, якое, як спадзявалiся, магло б аднавiць добрыя стасункi з Пiлкiнгтанам.
Напад адбыўся якраз наступнай ранiцай. Жывёлы снедалi, калi назiральнiкi прыбеглi з весткай, што Фрэдэрык i яго памагатыя ўжо прайшлi праз вялiкую ўваходную браму. Даволi адважна жывёлы выправiлiся iм насустрач, але гэтым разам iм не ўдалася лёгкая перамога, як у Бiтве пры Хляве. На iх iшло пятнаццаць чалавек з паўтузiнам стрэльбаў, i яны пачалi страляць, калi падышлi на пяцьдзесят ярдаў. Жывёлы не маглi выстаяць перад жахлiвымi выбухамi стрэлаў i пякучымi шрацiнамi i, нягледзячы на спробы Напалеона i Баксёра стрымаць iх, неўзабаве адступiлi. Некаторыя з iх былi ўжо параненыя. Яны схавалiся ў гаспадарчых будынках i асцярожна выглядалi праз дзiркi i шчылiны. Увесь выган, разам з ветраком, быў цяпер у руках ворага. На хвiлiну здалося, што нават Напалеон разгубiўся. Ён моўчкi хадзiў сюды-туды, торгаючы раскручаным хвастом. З надзеяй i спадзяваннем усе паглядалi ў бок Фоксвуда. Калi б Пiлкiнгтан з сваiмi людзьмi дапамог iм, яны б яшчэ маглi перамагчы. Але ў гэтую хвiлiну вярнулiся чатыры галубы, высланыя напярэдаднi, i адзiн з iх перадаў шматок паперы ад Пiлкiнгтана. На iм было напiсана алоўкам: "Так вам i трэба".
Тым часам Фрэдэрык i яго людзi спынiлiся каля ветрака. Жывёлы глядзелi на iх з трывогай. Двое людзей дасталi лом i кавальскi молат. Яны збiралiся разбурыць вятрак.
– Гэта немагчыма!
– закрычаў Напалеон.
– Сцены занадта тоўстыя. Яны не разаб'юць iх i за тыдзень. Не падайце духам, таварышы!
Але Бэнджамiн уважлiва прыглядаўся да кожнага руху людзей. Двое з молатам i ломам прабiвалi дзiрку каля падмурка ветрака. Бэнджамiн, амаль з задаволеным выглядам, павольна кiваў сваёй доўгай храпай.
– Я так i думаў, - сказаў ён.
– Хiба вы не бачыце, што яны робяць? Праз хвiлiну яны закладуць у тую дзiрку порах.
Жывёлы напалохана чакалi. Яны не маглi рызыкнуць выйсцi з сваiх сховiшчаў. Праз некалькi хвiлiн яны ўбачылi, што людзi ўцякаюць ва ўсе бакi. Тады нешта аглушальна грымнула. Галубы рванулiся ў неба, а ўсе жывёлы, апроч Напалеона, пападалi на зямлю i схавалi галовы. Калi яны ўсталi, то ўбачылi вялiзны воблак чорнага дыму на тым месцы, дзе стаяў вятрак. Воблак паволi развеяўся ветрам. Ветрака болей не было!
Калi жывёлы ўбачылi гэта, да iх вярнулася адвага. Страх i роспач, якiя яны адчувалi хвiлiну раней, цяпер патанулi ў раз'юшаным гневе, абуджаным гэтым подлым, ганебным учынкам. Пачуўся магутны заклiк да помсты, i, не чакаючы далейшых загадаў, яны ўсiм гуртам рынулiся наперад i пабеглi проста на ворага. Цяпер яны не зважалi на лiхiя шрацiны, якiя градам праляталi над iмi. Гэта была жорсткая, зацятая бiтва. Людзi стралялi няспынна, а калi жывёлы падбеглi ўсутыч, пачалi адбiвацца кiямi i каванымi ботамi. Адна карова, тры авечкi i дзве гускi былi забiтыя, i амаль усе астатнiя былi параненыя. Нават Напалеону, якi кiраваў аперацыяй з тылу, адсекла шрацiнаю кончык хваста. Але i людзi не абышлiся без ахвяраў. Траiм Баксёр прабiў галаву капытамi; аднаму карова прапарола рогам жывот; яшчэ аднаму Джэсi i Званочак ледзь не здзерлi штаны. I калi дзевяць сабакаў з асабiстай аховы Напалеона, якiм ён даручыў абысцi за жываплотам з тылу, раптам выскачылi на людзей з флангу, раз'юшана брэшучы, iх ахапiла панiка. Яны ўбачылi, што iм пагражае акружэнне. Фрэдэрык крыкнуў сваiм людзям уцякаць, пакуль дарога адкрытая, i праз хвiлiну баязлiвы супрацiўнiк уцякаў, ратуючы жыццё. Жывёлы гналi iх да самага канца поля i яшчэ добра надавалi iм у спiну, калi тыя прабiвалiся праз калючы жываплот.