Ферма (на белорусском языке)
Шрифт:
Жывёлы былi не на жарт напалоханыя. Iм здавалася, што Сняжок напоўнiў паветра вакол iх сваiмi нябачнымi ўплывамi i пагражаў iм рознымi няшчасцямi. Увечары Вiскун склiкаў усiх разам i з трывогаю на твары сказаў, што мае паведамiць важную навiну.
– Таварышы!
– закрычаў Вiскун, нервова падскокваючы.
– Выявiлася найстрашнейшая рэч. Сняжок запрадаўся Фрэдэрыку з фермы Пiнчфiлд, якi збiраецца напасцi на нас i забраць у нас нашу ферму! Сняжок мае быць яму за праваднiка, калi пачнецца наступ. Але ёсць i страшнейшая навiна. Мы думалi, што Сняжок узняўся на бунт толькi праз сваю фанабэрыю i ганарлiвасць. Але мы памылялiся, таварышы. Ведаеце, якая была сапраўдная прычына яго бунту? Сняжок быў у хаўрусе з Джоўнзам ад самага пачатку!
Жывёлы былi агаломшаныя. Гэта было злачынства, якое зламыснасцю сваёй шмат перавышала разбурэнне ветрака! Але прайшло колькi хвiлiн, перш чым яны здолелi цалкам асэнсаваць гэта. Усе яны памяталi або думалi, што памятаюць, як яны бачылi Сняжка на чале жывёлаў у Бiтве пры Хляве, як ён iх падтрымлiваў i падбадаёрваў, як ён не даваў сабе перадыху нi на хвiлiну, нават калi шрацiны з Джоўнзавай стрэльбы паранiлi яму спiну. Спачатку было няпроста зразумець, як усё гэта стасавалася да паведамлення, што ён змагаўся на баку Джоўнза. Нават Баксёр, якi рэдка задаваў пытаннi, быў збiты з панталыку. Ён лёг, падклаў пад сябе пярэднiя ногi, заплюшчыў вочы i цяжкiм намаганнем паспрабаваў спарадкаваць свае думкi.
– Я не веру гэтаму, - сказаў ён.
– Сняжок мужна змагаўся ў Бiтве пры Хляве. Я сам яго бачыў. Цi ж не ўзнагародзiлi мы яго адразу пасля бiтвы медалём "Жывёла-Герой" першага класа?
– Гэта была наша памылка, таварышы. Бо цяпер мы ведаем - усё гэта напiсана ў сакрэтных дакументах, якiя мы знайшлi, - што ў сапраўднасцi ён хацеў завабiць нас на загубу.
– Але ён быў паранены, - сказаў Баксёр.
– Мы ўсе бачылi, як цякла кроў.
– Пра гэта было загадзя дамоўлена!
– закрычаў Вiскун.
– Джоўнзаў стрэл толькi трошкi яго зачапiў. Я мог бы паказаць табе адпаведную мясцiну ягоных запiсаў, калi б ты ўмеў чытаць. Задума была ў тым, што Сняжок у сама крытычны момант дасць сiгнал да ўцёкаў i адступiць перад ворагам. I яму гэта амаль удалося - я скажу нават, таварышы, што яму гэта ўдалося б, калi б не наш бясстрашны Правадыр, таварыш Напалеон. Памятаеце, як у той самы момант, калi Джоўнз i яго людзi ўбеглi на наш двор, Сняжок раптам павярнуўся i пачаў уцякаць, i большасць жывёлаў кiнулася за iм? А памятаеце, што якраз у той самы момант, калi ўсiх ахапiла панiка i ўсё здавалася загубленым, таварыш Напалеон выскачыў наперад з воклiчам "Смерць чалавецтву!" i ўкусiў Джоўнза за нагу? Вы ж памятаеце гэта, таварышы?
– закрычаў Вiскун, падскокваючы на месцы.
Цяпер, калi Вiскун апiсаў тыя падзеi гэтак вiдавочна, жывёлам здалося, што яны сапраўды памятаюць гэта. Ва ўсялякiм разе, яны памяталi, што ў сама крытычны момант бiтвы Сняжок павярнуўся i пабег. Але Баксёр усё яшчэ быў крыху збянтэжаны.
– Я не веру, што Сняжок быў здраднiкам на самым пачатку, - нарэшце сказаў ён.
– Што ён рабiў пасля - гэта ўжо iншая справа. Але я веру, што пад час Бiтвы пры Хляве ён быў добрым таварышам.
– Наш Правадыр таварыш Напалеон, - заявiў Вiскун, гаворачы вельмi павольна i выразна, - катэгарычна сцвярджае - катэгарычна, таварыш, - што Сняжок быў агентам Джоўнза ад самага пачатку - так, i нават задоўга да таго, як было задумана само Паўстанне.
– А, ну гэта iншая справа!
– сказаў Баксёр.
– Калi гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, так яно i ёсць.
– Вось гэта правiльныя словы, таварыш, - закрычаў Вiскун, але ўсе заўважылi, што ён неяк вельмi нядобра паглядзеў на Баксёра сваiмi мiрглiвымi вочкамi. Ён павярнуўся, каб пайсцi, пасля спынiўся i дадаў шматзначна: Папярэджваю ўсiх жывёлаў на гэтай ферме: будзьце пiльныя. Бо ў нас ёсць усе прычыны меркаваць, што хтосьцi з сакрэтных агентаў Сняжка хаваецца ў гэты момант сярод нас!
Праз чатыры днi, надвячоркам, Напалеон загадаў усiм жывёлам сабрацца ў двары. Калi яны ўсе сышлiся разам, Напалеон выйшаў з сядзiбы, аздоблены абодвума сваiмi медалямi (бо незадоўга перад тым ён узнагародзiў сябе медалямi "Жывёла-Герой" першага класа i "Жывёла-Герой" другога класа), з сваiмi вялiзнымi сабакамi, што круцiлiся вакол яго i гыркалi так, што ў жывёлаў дрыжыкi беглi па спiнах. Яны маўклiва скурчылiся на сваiх месцах, нiбы загадзя адчуваючы, што зараз адбудзецца нешта страшнае.
Напалеон стаяў i сурова разглядаў прысутных, пасля раптам пранiзлiва завiшчаў. Сабакi зараз жа кiнулiся наперад, схапiлi чатырох свiнняў за вушы i пацягнулi iх да ног Напалеона, не зважаючы на iх страшны вiск ад болю i страху. З свiных вушэй цякла кроў, сабакi адчулi яе смак i на нейкi момант зусiм ашалелi. Раптам, усiм на здзiўленне, трое сабак накiнулiся на Баксёра. Убачыўшы iх, Баксёр выставiў наперад свой вялiзны капыт, збiў аднаго сабаку з лёту i прыцiснуў яго да зямлi. Сабака заенчыў аб лiтасцi, i два другiя ўцяклi, падцiснуўшы хвасты. Баксёр паглядзеў на Напалеона, каб ведаць, што яму рабiць: раздушыць сабаку насмерць цi адпусцiць. Напалеон, як здалося, змянiўся з твару i рэзка загадаў Баксёру адпусцiць сабаку, на што той падняў капыт, i сабака, скалечаны, пабег прэч, жалосна скуголячы.
У хуткiм часе сумятня сцiхла. Чатыры свiннi чакалi, дрыжучы, усiм сваiм выглядам прызнаючы сваю вiну. Напалеон запрапанаваў iм павiнiцца ў сваiх злачынствах. Гэта былi тыя самыя чатыры парсюкi, якiя пратэставалi, калi Напалеон адмянiў нядзельныя Сходы. Без лiшняй прынукi яны прызналiся, што трымалi сакрэтную сувязь з Сняжком ад самага часу яго выгнання, што супрацоўнiчалi з iм у справе разбурэння ветрака i што ўвайшлi ў пагадненне з iм з мэтаю перадаць Ферму Жывёлаў мiстэру Фрэдэрыку. Яны дадалi, што Сняжок патаемна прызнаўся iм, што ён доўгiя гады быў сакрэтным агентам Джоўнза. Калi яны скончылi сваю споведзь, сабакi тут жа на месцы разарвалi iм глоткi, i Напалеон страшным голасам запытаўся, цi хто яшчэ не хоча ў чым-небудзь прызнацца.
Тры курыцы, што верхаводзiлi няўдалым яечным бунтам, выйшлi наперад i засведчылi, што Сняжок з'явiўся iм у сне i намовiў iх не слухацца Напалеонавых загадаў. Яны таксама былi забiтыя на месцы. Тады выйшла гуска i прызналася, што схавала шэсць пшанiчных каласкоў пад час леташняга жнiва i з'ела iх уначы. Тады адна авечка прызналася, што набруiла ў ставок з пiтной вадою - яна сказала, што яе на гэта падбiў Сняжок, - а яшчэ дзве авечкi павiнiлiся ў тым, што загубiлi старога барана, вельмi адданага прыхiльнiка Напалеона, тым, што ганялi яго, хворага на кашаль, вакол вогнiшча, пакуль ён не памёр. Усе яны былi забiтыя на месцы. I так чарада прызнанняў i пакаранняў працягвалася, пакуль каля ног Напалеона не ляжала ўжо цэлая гара мёртвых целаў i паветра не напоўнiлася смуродам крывi, невядомым на ферме з часоў выгнання Джоўнза.
Калi ўсё было скончана, ацалелыя жывёлы, апроч свiнняў i сабакаў, бязладным гуртом пацягнулiся прэч. Яны былi ўзрушаныя i няшчасныя. Яны не ведалi, што болей уразiла iх - здрада жывёлаў, якiя ўступiлi ў хаўрус з Сняжком, або крывавая адплата, сведкамi якое яны толькi што былi. Даўнейшымi часамi бывалi на ферме i не менш жахлiвыя сцэны крывавае бойнi, але ўсiм iм здавалася, што ўсё было значна страшней цяпер, калi гэта адбывалася памiж iмi. З таго часу, як Джоўнз пакiнуў ферму, i да гэтага дня нiводная жывёла нiколi не забiла iншае жывёлы. Не быў забiты нават нiводзiн пацук. Яны пакiравалiся да ўзгорка, на якiм стаяў недабудаваны вятрак, i, не згаворваючыся, леглi на зямлю, скупiўшыся, каб сагрэцца, - Канюшынка, Мюрыэль, Бэнджамiн, каровы, авечкi i цэлая чарада гусей i курэй - усе, апроч ката, якi раптоўна знiк якраз перад тым, як Напалеон загадаў жывёлам сабрацца. Нейкi час усе маўчалi. Адзiн Баксёр застаўся стаяць. Ён нервова круцiўся, абмахваючы даўгiм хвастом бакi, i час ад часу здзiўлена iржаў. Нарэшце ён сказаў: