Ферма (на белорусском языке)
Шрифт:
Аднак Бэнджамiн i Канюшынка маглi быць разам з Баксёрам толькi пасля працы, а фургон, што меўся забраць яго, прыехаў якраз у сярэдзiне працоўнага дня. Усе жывёлы працавалi на праполцы рэпы пад наглядам свiннi, калi яны раптам са здзiўленнем убачылi, як Бэнджамiн ляцiць наўзгалоп ад фермы, крычучы на ўсю глотку. Упершыню яны бачылi Бэнджамiна ўзрушанага i ўпершыню бачылi, як ён бяжыць. "Хутчэй, хутчэй!
– крычаў ён.
– Сюды! Баксёра забiраюць!" Не чакаючы загаду ад свiннi, жывёлы спынiлi працу i кiнулiся бегчы да будынкаў. I праўда, на двары стаяў вялiкi закрыты фургон, у якi была ўпрэжана пара коней, на баку было нешта напiсана, а за фурмана сядзеў хiтраваты чалавек
Жывёлы скупiлiся вакол фургона. "Бывай, Баксёр, - крычалi яны хорам, бывай!"
– Дурнi! Дурнi!
– закрычаў Бэнджамiн, скачучы вакол iх i б'ючы аб зямлю сваiмi маленькiмi капытамi.
– Дурнi! Вы што, не бачыце, што напiсана на фургоне?
Жывёлы на хвiлiну задумалiся, i стала цiха. Мюрыэль пачала чытаць па складах. Але Бэнджамiн адштурхнуў яе i прачытаў сярод мёртвай цiшынi:
– "Элфрэд Сiмандс, канарэз i клеявар, Уiлiнгдон. Лупленне скур i выраб касцяной мукi. Дастаўка сабачых будак". Вы што, не разумееце, што гэта значыць? Яны вязуць Баксёра на скуралупню!
Ва ўсiх жывёлаў вырваўся крык жаху. У гэтую хвiлiну чалавек сцебануў коней, i тыя хуткай рыссю павезлi фургон прэч з двара. Жывёлы пабеглi за iм, крычучы што мелi сiлы. Канюшынка вырвалася наперад. Фургон пачаў набiраць хуткасць. Канюшынка паспрабавала перайсцi на галоп, перабiраючы сваiмi тоўстымi нагамi. "Баксёр!
– крычала яна.
– Баксёр! Баксёр! Баксёр!" I якраз у гэты момант, нiбы пачуўшы шум i крыкi звонку, Баксёр высунуў галаву з белай паласой на носе з маленькага акенца ў задняй сценцы фургона.
– Баксёр!
– закрычала страшным голасам Канюшынка.
– Баксёр! Уцякай! Уцякай хутчэй! Яны хочуць цябе забiць!
Усе жывёлы падхапiлi крык: "Уцякай, Баксёр, уцякай!" Але фургон усё хутчэй i хутчэй аддаляўся ад iх. Невядома, цi зразумеў Баксёр тое, што сказала яму Канюшынка. Але праз хвiлiну галава яго знiкла з акенца i пачуўся страшэнны стукат капытоў у фургоне. Ён спрабаваў вырвацца. Былi часы, калi пары ўдараў Баксёравых капытоў хапiла б, каб разбiць гэты фургон на трэскi. Але, на жаль, колiшняя сiла пакiнула яго; i праз некалькi хвiлiн стукат капытоў зрабiўся слабейшы, а пасля зусiм сцiх. У роспачы жывёлы пачалi заклiкаць двух коней, што везлi фургон, каб яны спынiлiся. "Таварышы, таварышы!
– крычалi яны.
– Не вязiце вашага брата на смерць!" Але дурныя стварэннi, занадта бязглуздыя, каб зразумець, што робiцца, апусцiлi вушы i пабеглi яшчэ хутчэй. Баксёрава галава больш не паказвалася ў акенцы. Нехта надумаў забегчы наперад i зачынiць цяжкую браму, але было позна: праз хвiлiну фургон мiнуў браму i неўзабаве знiк за паваротам. Больш Баксёра нiколi не бачылi.
Праз тры днi было абвешчана, што ён памёр у Ўiлiнгдонскiм шпiталi, нягледзячы на ўсю дапамогу з боку лекараў. Вiскун пераказаў гэтую навiну астатнiм. Ён прысутнiчаў, як ён сказаў, пры апошнiх гадзiнах Баксёравага жыцця.
– Гэта было сама кранальнае вiдовiшча, якое я толькi бачыў, - сказаў Вiскун, падняўшы нагу i змахнуўшы слязу.
– Я быў каля ложка да апошняй хвiлiны. Перад самай смерцю, ужо не могучы гаварыць ад слабасцi, ён прашаптаў мне на вуха, што яго засмучае толькi тое, што ён адыходзiць, калi вятрак яшчэ недабудаваны. "Наперад, таварышы, - прашаптаў ён.
– Наперад у iмя Паўстання. Няхай жыве Ферма Жывёлаў! Няхай жыве таварыш Напалеон! Напалеон заўсёды кажа праўду". Такiя былi яго апошнiя словы, таварышы.
Раптам у паводзiнах Вiскуна наступiла змена. На хвiлiну ён змоўк, пасля, перш чым прадоўжыць, падазрона зiркнуў у бакi сваiмi маленькiмi вочкамi.
Яму сталася вядома, сказаў ён, што пад час адпраўкi Баксёра распускалiся благiя i злосныя чуткi. Некаторыя жывёлы заўважылi, што на фургоне, якi адвозiў Баксёра, было напiсана "канарэз", i таму iм прыйшло ў галаву, што Баксёра вязуць на скуралупню. Проста неверагодна, казаў Вiскун, што нехта з жывёлаў можа быць такi дурны. Вядома ж, крычаў ён з абурэннем, круцячы хвастом i скачучы сюды-туды, яны ведаюць iх любiмага Правадыра таварыша Напалеона i давяраюць яму. Тлумачэнне ж было вельмi простае. Фургон раней належаў скуралупу i быў прададзены ветэрынарнаму лекару, якi яшчэ не зафарбаваў старога надпiсу. Вось адкуль узялася памылка.
Жывёлы выслухалi гэта з вялiкай палёгкай. I калi Вiскун расказаў пра iншыя падрабязнасцi апошнiх хвiлiн Баксёра, пра выдатны медыцынскi дагляд, пра дарагiя лекi, за якiя Напалеон заплацiў не думаючы, iх апошнiя сумненнi знiклi, i смутак па памерлым таварышу быў палегчаны думкаю, што, прынамсi, ён памёр шчаслiвы.
Сам Напалеон паказаўся на сходзе ў наступную нядзелю ранiцай i выступiў з кароткай прамовай у гонар Баксёра. Было немагчыма, сказаў ён, перанесцi астанкi памерлага таварыша для пахавання на ферме, але ён загадаў сплесцi вялiкi лаўровы вянок i паслаў, каб яго ўсклалi на магiле Баксёра. А праз некалькi дзён свiннi мелi намер наладзiць жалобны банкет у памяць Баксёра. Напалеон скончыў сваю прамову, нагадаўшы два ўлюбёныя Баксёравы лозунгi - "Я буду працаваць яшчэ старанней" i "Таварыш Напалеон заўсёды кажа праўду" лозунгi, сказаў ён, якiмi мусiць узброiцца цяпер кожная жывёлiна.
У прызначаны для банкету дзень з Уiлiнгдона прыехаў фургон бакалейшчыка i выгрўзiў каля сядзiбы вялiкую драўляную скрынку. Вечарам з сядзiбы даносiлiся шумныя спевы, пасля якiх чулася нiбы бурлiвая спрэчка, i ўсё скончылася каля адзiнаццатай гадзiны жахлiвым грукатам бiтага шкла. Назаўтра да паўдня ў сядзiбе нiхто не варушыўся, i па ферме пайшла пагалоска, што свiннi здабылi аднекуль грошай i купiлi сабе яшчэ адну скрынку вiскi.
Х
Мiналi гады. Адна пара змяняла другую, мiнаўся кароткi жывёлiн век. Настаў час, калi нiхто ўжо не памятаў старых дзён да Паўстання, апроч Канюшынкi, Бэнджамiна, крумкача Масея i некалькiх свiнняў.
Мюрыэль памерла; Званочак, Джэсi i Пiнчар памерлi. Памёр i Джоўнз - у доме для алкаголiкаў, у другiм канцы краiны. Пра Сняжка забылiся. Пра Баксёра забылiся, апроч тых нешматлiкiх, хто ведаў яго. Канюшынка была цяпер тоўстай кабылай з нягнуткiмi суставамi i слязлiвымi вачамi. Ужо два гады, як мiнуў яе пенсiйны ўзрост, але яшчэ нiводная жывёлiна не была адпушчаная на пенсiю. Даўно ўжо забылiся пра гаворкi аб выдзяленнi кутка на выгане для старых жывёлаў. Напалеон быў цяпер мажным кныром на дзесяць пудоў вагою. Вiскун так растлусцеў, што амаль не мог расплюшчыць вачэй. I толькi стары Бэнджамiн заставаўся такi, як i раней, хiба што больш ссiвеў ды пасля Баксёравай смерцi зрабiўся больш змрочны i маўклiвы.
На ферме цяпер было значна болей жывёлаў, хоць прырост быў i не такi вялiкi, як спадзявалiся ранейшымi гадамi. Нарадзiлася шмат жывёлаў, для якiх Паўстанне было ўсяго толькi нейкай невыразнай легендай, што перадавалася з пакалення ў пакаленне, iншыя ж, купленыя па-за фермай, нiколi i не чулi пра гэта раней. Цяпер, апроч Канюшынкi, на ферме было яшчэ трое коней. Гэта былi прыгожыя стварэннi, сумленныя працаўнiкi i добрыя таварышы, але надта дурныя. Нiхто з iх не здолеў вывучыць алфавiт далей за лiтару "Б". Яны паслухмяна прымалi ўсё, што iм казалi пра Паўстанне i пра прынцыпы Жывялiзму, асаблiва калi гаварыла Канюшынка, якую яны паважалi, як мацi; але наўрад цi яны шмат з таго разумелi.