Хобіт, або вандроўка туды і назад
Шрифт:
Цяпер вы разумееце, чаму Гэндальф, слухаючы Варгава цяўканне ды выццё, страшэнна перапалохаўся. Дарма што чараўнік, ды уцяміў, што гэта не ўратаванне, і ўлезлі яны ў пастку яшчэ горшую. 3 іншага боку, проста так дазволіць здарыцца гэткаму ён не мог. Але што ж ты зробіш, седзячы на высокім дрэве, калі ўнізе кругам у чаканні паселі ваўкі. Чараўнік сабраў са свайго дрэва шышкі і сухія галінкі. Запаліў адну блакітным агнём, ды шпурнуў яе ўніз, у ваўчынае кола. Шышка з шыпеннем скочыла аднаму па спіне, і ў імгненне калматая поўсць занялася полымем. Воўк замітусіўся ды пранізліва завішчэў. Тут шышкі пасыпаліся адна за адной, палаючы то блакітным полымем, то чырвоным,
Гномы з Більба закрычалі ды загікалі. На ваўчынае шаленства глядзець было жахліва — такога яны пярэпалаху ў лесе нарабілі. Ваўкі спрадвеку баяцца агню, а гэты агонь быў яшчэ і найбольш шкодны ды хітры. Калі іскра трапляла на скуру, то прыліпала ды ўпальвалася ў яе, і калі звяры не паспявалі пакачацца па зямлі, уся поўсць хутка загаралася. I хутка ўсе ваўкі на палянцы качаліся па зямлі, каб пагасіць іскры, а тыя, хто палаў увесь, насіліся туды-сюды, выючы, запальваючы астатніх — пакуль свае ж не пагналі іх прэч, і тыя з лямантам і скавытаннем пабеглі па схілах у пошуках вады.
— Што за неспакой сёння ўначы ў лесе? — спытаў Гаспадар Арлоў. Ён, увесь чорны ў месяцовым святле, сядзеў на версе самотнай скалы на ўсходнім краі гор.
— Я чую ваўкоў! Што, зноў турботы з гоблінамі ў гарах?
Ён узняўся ў паветра, і адразу ж два ягоныя ахоўнікі ўзняліся са скал па абодва бакі і паляцелі следам. Яны пакружлялі ў небе, пакуль убачылі Варгаў на паляне — маленечкія плямкі з вышыні. Арлы маюць надзвычай востры зрок і бачаць вельмі дробныя рэчы з вялікай адлегласці. Гаспадар Арлоў, чый народ жыў у Туманных Гарах, меў вочы, здольныя глядзець на сонца, не міргаючы, і заўважыць трусіка ў траве ў месяцовым святле нават з вышыні ў мілю. Так што, хоць гномаў на дрэвах ён бачыць не мог, ваўчыную мітусню і малюсенькія бліскаўкі агню заўважы> ды выццё з віскатам далёка ўнізе пачуў. Бачыў ён і водбліскі мсч я І н на гоблінскіх шаломах ды канчарах дзідаў. Доўгія шэрагі г)Іы\ злыдняў віліся ад брамы ўніз па схілах да лесу.
Арлы — не надта добрыя птушкі. Некаторыя нават палахлівыя ды жорсткія. Але старажытнае племя арлоў з паўночных гор было найвялікшым сярод крылатага народу. Яны былі ганарлівыя, моцныя і сапраўды шляхетныя. Яны не любілі гоблінаў і не баяліся іх. Калі яны ўвогуле звярталі ўвагу на гоблінаў (зрэдку, бо такіх пачвараў арлы не ядуіч>), то пікіравалі на іх з вышыні, каб пагнаць іх, лямантоўных, да пячораў, ды не дазволіць учыніць паганства. Гобліны ненавідзелі і баяліся арлоў, але ж ні дабрацца да іх гняздовішчаў у вышыні, ні прагнаць з гор былі не здольныя.
Гэтай ноччу Гаспадаром Арлоў завалодала цікаўнасць: што ж такое робіцца ў лесе? Таму ён заклікаў да сябе шмат іншых сваіх братоў, і павольна, апісваючы кола за колам у паветры, яны спусціліся з горнай вышыні і закружлялі над палянай.
I ў час! Бо жудасныя адбываліся рэчы. Падпаленыя ваўкі, якія пабеглі па лесе, запалілі яго у некалькіх месцах. Лета ж выдалася сухое, дажджоў на ўсходнім баку гор доўгі час амаль што і не было. Сухастой, пасохлы буралом, абламанае голле ды апалыя голкі, наваленыя кучамі — хутка ўсё занялося полымем.
Вакол паляны ўсё запалала. Але ваўкі-вартавыя не пакінулі сваіх месцаў. Ашалелыя ад злосці і жаху, яны скакалі вакол дрэў, выючы, і лаяліся страшэннымі праклёнамі гномаў на сваёй жу-даснай мове. Языкі іх павывальваліся з пашчаў, а вочы палалі чырванню шалёней за полымя.
Знянацку на паляну, галосячы, уварваліся гобліны. Ім здалося, што ідзе бойка з людзьмі, але хутка ўсё вытлумачылася. Некаторыя гобліны аж на зямлю ад рогату пападалі. Астатнія трэслі дзідамі ды бразгаталі імі аб тарчы. Гобліны агню не баяцца, і хутка ў іх склаўся даволі вясёлы (на іх погляд) план.
Ваўкоў сагналі ў зграю. Вакол дрэваў з гномамі, чараўнішм і хобітам навалілі сухой папараці й вецця. Пачалі вытоптваў ды збіваць полымя ў лесе — пакуль не вытапталі ды не загасілі амаль усё, апроч полымя каля дрэваў з падарожнікамі. Тое полымя наадварот падмацавалі сухім лісцем ды ламаччам. Хутка вакол дрэваў утварылася кола полымя і дыму, распаўсюджвацца якому не дазвалялі. Яно ўсё набліжалася, набліжалася, пакуль аранжавыя языкі не пачалі лізаць згрувашчаны вакол ствалоў сушняк. Дым шчыпаў Більбавы вочы, дый горача рабілася ад агню. А ўнізе, вакол яго, быццам людзі вакол купальскага вогнішча, скакалі карагодам гобліны. За колам ваяроў з сякерамі ды дзідамі сядзелі ваўкі, з бяспечнай адлегласці назіраючы ў чаканні.
Більба пачуў, як гобліны заспявалі жахлівую песню:
Птушак пятнаццаць па дрэвах паселі,Пер'ем ад спёкі зашамацелі,Жаль які — птушачкі крылаў не маюць,Квохчуць і енчуць, ды не лятаюць!Што з імі зробім? Жывымі засмажым?Зварым, падсолім, гарчыцай намажам?Потым яны спыніліся і пракрычалі разам:
— Ляціце, маленькія птушкі! Ляціце, калі здольныя! Лепш злазьце ўніз, птушачкі, альбо засмажыцеся па гняздэчках! Спявайце, спявайце, птушачкі! Чаму ж вы не спяваеце?
— Прэч, дрэнныя хлапчукі! — пракрычаў Гэндальф у адказ. — Не час яшчэ, каб яйкі класці, па гнёздах седзячы. А дрэнных маленькіх хлапчукоў, якія дурэюць з полымем, звычайна чакае пакаранне.
Сказаў ён так, каб раззлаваць гоблінаў, ды каб паказаць, што не баіцца — хоць, зразумела, перапалохаўся, дарма што чараўнік. Але гобліны ўвагі не звярнулі і заспявалі далей.
Гары, дрэва, справа, злева!Трэсь ды хрась! Палай, бярвенне!Дзеля свята асвятлення,Нашага задавальнення —Гэй, палай!Птушкі смажацца, пякуцца,Валасы агнём займуцца,Вочы выкіпяць з вачніцаў,Сала злезе з паясніцаў,Косткі толькі застануцца!Што, птушаткі, варухнуццаЎжо баіцеся? Сядзіце,Ды вачыма лыпаціце!Гэй, жарчэй!Давай, палай!Гэ-гэй!I з гэтым «Гэ-гэй!» полымя абхапіла ствол дрэва, на якім сядзеў Гэндальф. Праз момант заняліся і астатнія. Запалала кара, затрашчалі ніжнія галіны.
Тады Гэндальф ускараскаўся на самую вершаліну дрэва і падрыхтаваўся зваліцца акурат на галовы ды дзіды гоблінам. 3 посаху яго палыхнула, быццам маланкай. Напэўна, ён забіў бы шмат гоблінаў, перад тым, як загінуць, — аднак скочыць яму не давялося.
Якраз у гэты момант Гаспадар Арлоў спікіраваў з вышыні, падхапіў чараўніка кіпцюрамі ды панёс прэч.