Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
— Хто такі? — спытаў Мсціслаў.
— Ваўкалака, — ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. — Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню — з сабою вазьму.
І цягнуў рукі да Янькі. Дзяўчаткі віскаталі, хаця Ваўкалака быў мілы і зусім не страшны і нават падабаўся Майцы.
Было весела. А потым Андрэй спяваў песню пра Ваўкалаку, і яму падцягваў нечакана прыемным голасам Мсціслаў:
Што то за сцежка — без краю, без краю? Што то за конік — ступою, ступою? ЗлыяА потым другую, як малады Ваўкалака пайшоў адбіваць у гайдукоў бацькавых валоў і не вярнуўся ў дом і як груган на сухім дубе казаў яму, што робіць у двары Ваўкалакаў бацька. А бацька ламаў рукі і прыгаворваў:
Я, жывучы, валоў нажыву, А цябе, сыночак, увек не знайду.Песня ляцела над морам разнатраўя, і ўсім было шкада старога бацькі, але так і карцела самім пайсці ў лес, на волю, пад воўчае сонца.
Пацягнуліся мяккія гарбы, зарослыя верасам. Сонца ўзыходзіла за спіною, калі яны ўз'ехалі на адзін такі горб, а па другі бок яшчэ ляжалі цень і туман. І тут перад вачыма дзяцей успыхнула ў тумане белая шырокая вясёлка, слаба-аранжавая звонку, шыза-блакітная знутры. Затым сонца адарвалася ад зямлі, і белая вясёлка знікла, і верас лёг перад вачыма, упрыгожаны мільёнамі павуцінак, якія ззялі ў кроплях расы.
— Што ж гэта яна? — жаласна спытала Майка. — Нашто знікла?
— Чакай, — сказаў Андрэй, — зараз будзе табе ўзнагарода.
І ўзнагарода з'явілася. На павуцінках, на росным верасе раптам з'явілася другая радуга. Выцягнутая, яна ляжала проста на траве, ззяла ўсімі вясёлкамі, уцякала ў бясконцасць ад іхніх ног.
— Ты адкуль ведаў? — спытала Майка з павагаю.
— Ведаў, — проста адказаў Андрэй.
Майка з павагаю ўздыхнула.
…А потым, як працяг гэтай феерыі, над верасам, над гарбамі, зарослымі лесам, з'явілася на збегу Папараці і другой рачулкі, на высокай гары паміж імі, вялікая руіна: тры вежы і рэшткі муроў.
Уброд перайшлі Папараць. Лазілі па каменнях. Майка, Алесь і Андрэй узлезлі нават на адну з веж. Кандрат і Мсціслаў з Янькай асталіся ўнізе.
Майка, Алесь і Андрэй стаялі ў вышыні і глядзелі на неабсяжны свет, які ўвесь, здавалася, належаў ім. Зубцы вежы сівелі палыном, рудыя ад іржы кавуны ядраў былі сям-там бы ўмураваныя ў кладку. А далей была Папараць, лугі, лясы, свет.
— Гэты замак аднойчы ўзялі мужыкі, — сказаў Алесь.
Майка міжвольна зірнула на Андрэя.
— А што ж, — сказаў Андрэй. — Што мы, зломкі?
А знізу маленькі Кандрат крычаў брату:
— Злазь ужо, галата! Злазь!
— Прывязка, — сказаў Андрэй.
— Злазь! — крычаў Мсціслаў. — Злазь, цівун Пацук! Тут цябе Ваўкалака з беларускім Ладымерам чакаюць.
Раззлаваны за "цівуна Пацука", Андрэй палез уніз.
А яны сталі ўдваіх і глядзелі на зямлю.
— Ты атрымаў? — спытала яна.
— Атрымаў.
— Хораша
— Вельмі… І… ведаеш што, давай будзем, як брат і сястра.
— Давай, — уздыхнула яна. — На ўсё жыццё?
— На ўсё жыццё.
Пасля таго як пад'елі ў ценю адной з веж, Андрэй прапанаваў падацца яшчэ далей у лес, бо там, на гэтай самай Папараці, жыве млынар, вядзьмар Грынь Паківач.
Сонца ўздымалася ўсё вышэй. Ярасны шар, калматы шар над зямлёй. На гарызонце лягла ўжо белая смуга, над якой плавалі ў паветры, ні на што не апіраючыся, верхавіны дрэў і вежы загорскай камяніцы.
Лес сустрэў холадам, звонам ручаін, сонечнымі зайцамі на салатавых плоскіх крыжыках заечай капусты.
Хутка Паўлюк заўважыў лясны ставок, маленькі, схаваны між дрэў. І тут усе зразумелі, што ніякі млынар ім не патрэбен. Распраглі коней, а самі разлегліся ў густой траве.
Над ставам ззяла сонца. Над люстранай паверхняй вады стракозы ганяліся за сваім ценем. Заміралі ў паветры, каб падмануць цень, а потым кідаліся. А ніжэй за іх слізгалі па паверхні вадамеркі. Іхнія лапкі апіраліся на ваду і прагіналі яе, і таму па дне стаўка ад кожнага малога канькабежца бегла па шэсць маленькіх плямак ценю з арэолам вакол кожнай плямкі.
Алесь і Майка, прыхапіўшы з сабою Яню, пайшлі вакол стаўка, каб паглядзець, адкуль ён бярэ ваду. Натрапілі на ручаіну, што бегла, такая чыстая, сярод свежых імхоў, і пайшлі ёй насустрач.
Вада бегла па дне вільготнага яра. Тут і дрэвы былі магутныя: сонца амаль не магло прабіць іхняй шыракалістай засені. Часам вада ўтварала зялёныя калёжкі.
…Гулка, як з гарматы, вырваўся з дрыгвяністай лежкі дзік. Кінуўся ў нетры.
Спалохаўшыся, яны ішлі далей, цяпер ужо не аглядаючыся на бакі. А на адным з валуноў, ледзь не над іхняй галавою, стаялі Корчак і Грынь Паківач, глядзелі, як маленькія фігуркі прабіраюцца ўсё вышэй і вышэй па цёмным дне.
Калі яны зніклі ў засені ляшчыны, бледны Корчак перавёў дыханне, сціскаючы ў руках Паківачову дубальтоўку.
— Аднаго ведаю, — шэптам сказаў ён. — Траюрадны пляменнік нашага Кроера. Гэтага б…
Паківач спалохаўся.
— Ты што?
На шчоках у Корчака хадзілі жаўлакі:
— Іх усіх — пад корань… панянят, княжат…
— Ну і дурань, — сказаў Грынь. — З імі сялянская дзяўчынка. Ды і самі яны чым вінаватыя, дзеці? Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць.
— Залішняй злосці не бывае, — сказаў Корчак. — Хадзем адсюль.
Густыя зарасці ляшчыны і воўчага лыку прагнулі іх.
А дзеці тым часам знайшлі ў самай глыбіні яра, у растапыраных шатах арэшніку, праз які падаў у лонца вады адзіны прамень, крынічку.
Крынічка, спакойная на паверхні, выкідала з глыбіні сваёй пясчаныя фантанчыкі. Вечна жывыя пясчынкі рухаліся, расцякаліся па дне ад сярэдзіны жарала, скакалі. А побач другі малы "гейзер", амаль на паверхні, таксама тужыўся нарадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі.
— Бацька вады, — шэптам сказала Майка.