Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
— Хораша, — сказаў ён. — Словы ж не самае галоўнае. Галоўнае, каб клалася на рог і настрой… Гэта ты сам?
— Сам, — прызнаўся Алесь.
— Ну вось бачыш, нічога цяжкага. Вось і твая першая прыпеўка… Гэта калі радасна ехаць на паляванне.
— На паляванне, па-мойму, заўсёды радасна ехаць.
— Не кажы, браток, — сказаў бацька. — Часам так цяжка — месца сабе не знаходзіш. Шчасце тваё, што сёння едзем на драпежніка і першым у тваім сэрцы збудзіцца азарт, а не шкадаванне. Азарт гэты — душа палявання. Сапраўдны паляўнічы
Дзень быў сапраўды цудоўны. Апошні туман знік з бясконцых іржышчаў і лугоў, і свет ляжаў цалкам блакітны і празрысты.
Там-сям серабрылася ў паветры лятучае павуцінне. І далёка, далёка, далё-ока стаялі на мяккіх узгорках чырвоныя і залатыя дрэвы, на якіх можна было адрозніць кожную галіну.
Паветра як быццам зусім не было, толькі нешта зажуранае і сіняе абвалакала ўсё, што ёсць на зямлі, і грудзі радасна адчувалі яго бадзёры і свежы халадок.
Ехалі ржышчам да Чорнага Рова — глыбокага і доўгага, вярсты на тры, яра ў полі. Ён быў такі глыбокі, што хмызы і высакаватыя дрэўцы на яго дне не паказвалі наверх нават макавак.
Там вадзіліся і туды ўвосень прыходзілі на днёўку ваўкі.
Логвіна са зброяй і хартамі пакінулі пад стогам, агледзелі карбачы з уплеценым на канцах свінцом. Потым людзі з сабакамі накіраваліся да бліжэйшага спуску ў яр (там адна зграя павінна была рухацца дном, а другая — броўкай), а бацька, Карп, Алесь і Крэбс паехалі да суседняга адрожка, якім мог выскачыць звер.
— Біць ведаеш як, — на хаду навучаў ён Алеся. — Адной рукой за луку, схіляешся і, калі нагоніш, удар, каб пацэліць па кончыку носа. Такі ўдар забівае адразу. Каня старайся весці лёгка, не сільнічаць, бо воўк, калі яго прыперці, можа кінуцца і выпусціць жывёле трыбух. А са слабымі павадамі яна ўратуецца сама.
Коннікі спыніліся, каб не спалохаць звера, і сталі чакаць.
Алесь напружана глядзеў на выхад з адрожка — круглы лаз у ажынніку і дубняку. Доўгі час нічога не было чуваць, але вось далёка цяўкнуў, быццам выпрабоўваючы голас, сабака. За ім гамнуў другі, ужо больш упэўнена. А яму тонка, нібы прабачэння прасіла, адказала Змейка.
І вось ужо залілася, пераклікаючыся, уся зграя.
— Узнялі, — сказаў бацька.
— Дух пачулі, — змрочна сказаў Карп.
Брэх, усё яшчэ няроўны, памацнеў.
— Вось цяпер узнялі, — сказаў Карп. — Наперадзе Змейка, брэша з перасцярогаю…
— А-я-яй! А-я-яй! А-я-яй!
Зграя варыла варам. І ўсё гэта, у сінім паветры, у жоўтых хмызах, у срэбным павуцінні, злівалася ў дзікаватую, далёкую, непаўторную музыку.
Воўк выскачыў нечакана, і не з лаза, а з высокай сухой травы сажнях у трох ад яго. Ніхто не чакаў яго адтуль, і таму ў першыя дзве-тры хвіліны не заўважылі. А ён ішоў машыстым трушком, так, што ўзлятала на ляжках злямцаваная поўсць.
— …пай! — першы крыкнуў Карп і прыпусціўся за ім.
Бацька
Урга слаўся над зямлёю. Вецер свістаў у вушах.
— А-я-яй! А-я-яй! — звінелі за спіной сабакі.
Першая зграя выгнала з яра другога ваўка, за ім пагнаўся Крэбс і два псяры. Але Карпу, бацьку і Алесю не было да гэтага аніякай справы. Нават калі б зараз выскачыла з ажынніку цэлая зграя ваўкоў, яны не звярнулі б на яе ўвагі. Яны гналіся толькі за тым, адным.
— А-я-яй! А-я-яй! — аддаляючыся, звінела за спіной.
— Гам-гам! Гам-гам! — з перападамі і таксама далёка гудзела, разлягалася на дне яра.
А яны ляцелі шалёна, і белы конь усё даганяў і не мог дагнаць вогненнага і дэраша. Адлегласць паміж імі скарачалася, але Алесь з адчаем бачыў, што яны дагоняць ваўка раней, чым ён, Алесь, даскача да іх.
Бацька скакаў лявей, Карп — правей. Яны няўхільна набліжаліся, і карбачы луналі ў іхніх узнятых руках цяжка і грозна.
Кожны міжвольна перапусціў другога: пан Юры таму, што Карпу біць было няёмка з левай рукі, Карп таму, што ён быў слуга.
Коні амаль сутыкнуліся, і ў гэты момант здарылася нечаканае: звер адсеў. Ён проста нечакана ўзрыў усімі чатырма лапамі зямлю і паваліўся на зад і трошкі на бок. Імгненне ён сядзеў так, адкінуўшы палена і натапырыўшы хіб, а потым — ад Алеся да яго было не больш трох сажняў — мільгануў у адрожак яра, маленькі, зусім непрыкметны, які Карп бачыў, але лічыў, што павінен не дапусціць туды ваўка бацька, бо ён скакаў з таго боку, а бацька лічыў, што не пусціць павінен даязджачы.
Алесь траха не рваў на сабе валасы.
А коннікі з ходу праляцелі над зверам, што адсеў, і іхнія цяжкія карбачы скрыжаваліся там, дзе павінен быў быць воўк. Скрыжаваліся, звіліся, таргануліся і пачалі раскручвацца.
Нарэшце коннікі агледзеліся. Ваўка не было. На абліччах іхніх былі адчай і ярасць. Хто саступаў, хто не заступіў адрожка, хто затрымаў карбач?
— А-ах, — прастагнаў бацька.
І нечакана з усёй сілы аперазаў Карпа карбачом па спіне.
…А той, падумаўшы, б-бацьку! А той яг-го!
Некалькі хвілін яны саплі і варочалі адзін перад адным вачыма.
Першы апамятаўся бацька.
— Добра, — сказаў ён і ніякавата агледзеўся.
Ніхто не бачыў, акрамя сына, і пан раптам наліўся чырванню:
— Да другога адрожка!.. Карп, ходу!.. Алесь, за мной!.. Не шкадуй галавы.
Гэта ўжо было не да месца. Алесь пусціў ужо Ургу наўскач.
Роўна, корпус да корпуса, глыталі абшар Дуб і Урга. Потым Алесь пачаў наддаваць, абганяючы бацьку… Праз вадамоіны, ямы, калоды…
"Не, не тут… Не, не тут… Усё яшчэ наперадзе…"
Над байракамі Алесь толькі прыўставаў яшчэ вышэй на страмёнах, быццам зусім адрываючыся, калі конь пралятаў над канавай.