Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
І тут край Браніборскага і Кроера выбухнуў выгукамі:
— Сацыяліста! Гверыльера!
Вежа з удаваным непаразуменнем паціснуў плячыма.
— Карбанарый! Кінжальшчык! Лувель! Якабінец!
Яроцкі дарэмна біў у гонг. І тады Вежа, зрабіўшы яму знак спыніцца, падаўся наперад.
— Ну, — амаль шапнуў ён.
Ён абводзіў рады вачыма, і выгляд у старога быў такі, што тыя, па кім прабягаў яго позірк, адразу змаўкалі. Запанавала цішыня.
— Вось так лепей, — сказаў Вежа і дадаў: — А для сябе… для сябе я стаю за белы шар.
І рэзка кінуў:
— Воля!
Сядзеў, адразу
Добра, што хлопчык не сярод гэтых пачвар, што ён не бачыць разгулу нізкіх чалавечых страсцей.
— "На основании сто десятой статьи устава о службе по выборам, — чытаў Пятро Яроцкі, — третий том, и сто двадцать восьмой статьи девятого тома свода законов Российской империи (издание сорок второго года) — постановления дворянства производятся посредством баллотировки и признаются обязательными, если они приняты единогласно или не менее как двумя третями голосов всех присутствующих дворян".
Ён кашлянуў.
— Цяпер, пасля таго як я нагадаў вам гэта, мы можам пачаць балаціроўку, панове. Прашу браць шары.
Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны.
Шар гучна ўдарыўся аб чыстае дно.
А потым шары пачалі падаць часцей і часцей, і ўдары рабіліся ўсё больш і больш глухія.
…Падлічылі шары позна ўвечары, калі за вокнамі ўжо даўно гарэлі гарадскія агні.
Маршалак Юры падышоў да бацькі. Стары Вежа чакаў, стоячы ля акна і гледзячы на цьмяную ў цемры стужку Дняпра. Пан Юры ўспёрся на падваконне побач з ім.
— Гэтыя шары грукалі страшна, — сказаў Вежа. — Як камяні па труне.
— Сапраўды, бацька, — адказаў пан Юры. — Пахавалі мы гэтымі шарамі запіску Раткевіча. Усё.
— А што, хіба пахавалі?
— Пахавалі, бацька. У зборні было чатырыста дваццаць восем дваран. Каб запіска аб адмаўленні прайшла — трэба было не менш за дзвесце шэсцьдзесят два галасы. І вось.
— Колькі?
— За адмену дзвесце шэсць, супраць — сто восемдзесят сем.
Вежа рушыў быў да выхаду, але потым спыніўся. Твар ягоны быў жорсткі, калі ён сказаў сыну:
— Ты, маршалак, павінен быў са шкуры вылезці, а даведацца аб прапанове Раткевіча. Пэўна, не адны гэтыя восем чалавек ведалі?
— Не адны.
Стары свідраваў сына вачыма.
— Раўбіч ведаў?
— Аднекуль ведаў. Раткевіч да яго даволі блізкі.
— Ну вось. Ты павінен быў ведаць. Павінен быў сказаць мне.
— Чым бы ты памог?
— Грашыма. Я прывёз бы ў зборню ўсю дробную шляхту, у якой ёсць галасы, але няма мужыкоў, няма нават грошай, каб паехаць у губерню, дзе, урэшце, ім, пакрыўджаным, няма чаго рабіць. А яны б галасавалі, як ты, як я… Я прывёз бы толькі сто чалавек — і Кроер паляцеў бы рылам.
— Нашто табе гэта рабіць?
Вежа ўсміхнуўся.
— Так проста. Клейне прыемна сядзець побач з Зохарам, мне — сутыкнуць гэтую сволач, прымусіць іх біцца. Урэшце, мне проста забаўна было б паглядзець, а што з гэтага будзе. І я не люблю Кроера.
XX
Я
Халодныя, як апёк, пацалункі салонай марской вады.
А зямля вакол сухая, парэпаная, як далонь малпы, попельна-шэрая або блакітная. І сярод гэтай сухмені вялізны, аж да Турцыі, і глыбокі, аж да апошняга дна, наскрозь сіні празрысты крышталь — найчысцейшай вады. Мора пахне ёдам і водарасцямі, зямля — пылам, сухой калючкай, нагрэтым мармурам, карыцай і перцам, сухім авечым памётам.
Іліядай!
Я прыкрываю паперу сваім целам. А вада імчыцца справа і злева ад мяне, ірвецца ў бухту, разбіваецца аб скалы, нясе з сабою, як тысячы тысяч год, дымныя агаты, зеленаватыя халцэдоны і вінна-празрысты (як маладое тутэйшае віно) сердалік.
Часам у глыбінях мільгане сіняе вераценца скумбрыі, па распаленых, пахучых баках каменя бегаюць цікаўныя крабы, а мора наступае і адступае, і мой камень, здаецца, гайдаецца ў вадзе, то вырастаючы, то апускаючыся, звонкі, як бронзавы карабель арганаўтаў, неўміручы "Арго".
Падымаю вочы і заўважаю — далёка! — празрыстае дрэўца гледычыі. Вялізныя сухія струкі на ім — як вязкі скручаных цёмных змей.
Уздымаю вочы яшчэ вышэй — і тады бачу, як на вяршыні Карадага, на вяршыні Святой Гары, спакойна спачываюць два маленькія празрыстыя воблачкі. Уначы над Карадагам узыдзе месяц, асвеціць іх, і кожнае заззяе празрыстым, слаба-ружовым і вінным, жамчужным святлом — як сердалік.
Але галоўнае — мора!
Гэта тое самае мора, у якое ўпадае мой Дняпро.
І ён, і яшчэ тысячы, тысячы рэк, ручаін і проста струменьчыкаў аддаюць мору ваду, адбіткі берагоў, якія яны бачылі на ўсім сваім шляху, каламуць, колер вод, галіны, лісце сваіх лясоў і траў і, нарэшце, саміх сябе, сваё жыццё.
Мы нясём у гэта мора ўсё добрае і злое, што мы бачылі, мы нясём у яго сваё жыццё, нават больш — сваю душу.
І кожны ўпадае па-свойму. Адна рака здаўна-давён ведае, у якое мора яна плыве, другая — з цяжкасцю прабівае сабе шлях. Адна бачыць мора з самых сваіх вытокаў, другая — пакутліва і доўга, вельмі доўга, шукае яго. Трэцяя губляецца ў пясках, перасыхае і гіне, так і не заўважаючы марскіх хваль. А чацвёртая нечакана, яшчэ за хвіліну не ведаючы нічога, падае ў яго, як струменьчык вады ў сердалікавую бухту.
Я ляжу на гарачым змаршчакаватым камені і думаю, ці не досыць мне вадзіць без дарогі тонкі, дзіцячы струменьчык жыцця майго дарагога хлопца. Наперадзе, вядома, яшчэ скалы, у якіх трэба пратачыць сабе дарогу, пяскі, у якіх трэба не высахнуць, зграбныя, як дзяўчаты, вербы, карані якіх трэба напаіць, і палі сеч, з якіх трэба літасціва змыць кроў.
Але няхай ён хаця б здалёк, хаця б дажджавой кропляй на лісціку дняпроўскага явара, кропляй, якая праз хвіліну ўпадзе ў крыніцу, убачыць далёкае-далёкае мора, да якога ляжыць ягоны шлях. Яму так будзе лягчэй. І нясцерпна больш цяжка. Бо, пабачыўшы мора, чалавек перастае быць дзіцем, чалавек робіцца чалавекам.