Чтение онлайн

на главную

Жанры

Калядная рапсодыя

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І вось у гэтым тлуме — гаспадара затрымалі ў бюро, і госці былі амаль усе ў зборы — Мікола амаль адразу ўбачыў тую, з чамаданам. Сябар, не слухаючы нараканняў жонкі, цягнуў Міколу знаёміць. І вось наблізіліся. Стаіць з келіхам у руцэ, глядзіць адчужана і няўхвальна.

— Марыначка, лапачка, вось табе наш інжынер, заапякуйся.

— Мікола Ласевіч.

Пазнала. Але хаця б цень нейкай збянтэжанасці, нейкай няёмкасці ў вачах. Той жа суровы, пахмурны позірк.

— Марына Леантовіч!

— Го-го-го-го! — выбухнуў сябар. — Вось гэта дык удала. Нават манаграм на насавіках мяняць не давядзецца,

як сказалі б старарэжымныя божыя абдуванчыкі.

Яна глянула на яго так, што ён, як кажуць, "зашыўся". Прамармытаў нешта і адышоў.

— Пагаварылі, — усміхнуўся Ласевіч.

— А іначай, відаць, і гаварыць не варта, — суха сказала яна. — Ні з кім. Менш будзе асечак, расчараванняў, непатрэбных думак.

За сталом іх пасадзілі побач: зноў нехта пастараўся. Хаця Міколу зусім не даспадобы былі яе рэзкія, калючыя манеры і словы — ён не любіў вечна ўсім на свеце незадаволенных людзей, — дый яна, відаць па ўсім, была незадаволена гэтым суседствам. Сядзіць простая, нібы тычку з'ела, вусны падціснутыя, вочы пагардлівыя. Анічога з таго, што ён так цаніў і любіў у жанчынах: мяккасць, іранічнае какецтва, вясёлая зменлівасць, дасціпнасць і гнуткі, такі адменны жаночы розум.

Сумесь воблы, ваўчаняці і лютай тыгры. Шчыра кажучы, ён куды з большай ахвотай знаходзіўся б зараз у кожным іншым месцы, абы не тут.

— Вы інжынер? — Бо трэба ж падтрымліваць хоць нейкую размову. — Цікава.

"Нічога ёй гэта не цікава".

— І любіце сваю працу?

— Я не люблю сваёй працы.

Ён сапраўды не любіў яе. Паступіў калісьці на энергетычны толькі таму, што гэта хаця й нялюбае, але, прынамсці, "сур'ёзнае", і яшчэ таму, што страшэнна не хацелася вучыцца на трактарыста ці яшчэ на кагосьці такога.

Граў на баяне ў студэнцкім аркестры, вывучыў самастойна ноты да таго, што самае складанае мог бы бегла чытаць з ліста, пачаў учашчаць на канцэрты. І раптам зразумеў: тое, што ён з самага дзяцінства мармытаў сабе пад нос, — гэта таксама музыка. І не проста музыка. Ягоная музыка. Яна і зараз спявала ў ягонай душы, і ён параўноўваў яе з тым, што чуў, і казаў сам сабе, што ў яго часам — не горш. Можа, нават лепш.

Дзень, калі ён усведаміў сабе гэта, быў самы благі, самы паршывы дзень у ягоным жыцці. Гэтае ўсведамленне няшчасця, усведамленне таго, што ўсё існаванне ягонае, усё, дзеля чаго ён быў, магчыма, пушчаны лёсам у свет, было адабрана ў яго толькі таму, што да бліжэйшага піяніна было дваццаць вёрст, а да бліжэйшай музычнай школы — каля трыццаці. І жыццё ягонае было прынесена ў ахвяру нялюбай справе толькі таму, што яму недзе было зразумець і зведаць музыку, недзе было нават зразумець, што ён яе любіць, што гэта і толькі гэта — ягоны шлях.

Заставалася, праўда, і магла б яшчэ тады дапамагчы яму ўсвядоміць сваю любоў палеская песня, якую ён патаемна любіў, але нікому не прызнаваўся ў гэтым, бо дзяўчаты і хлопцы, па дурасці, песні гэтай саромеліся, а замест яе спявалі розную модную гарадскую лухту, якая хутка прыходзіла і гэтак жа хутка знікала ў нябыт. Саромеліся аж да таго, што калі бабы, бывала, завядуць у застоллі старую песню, нехта з маладых абавязкова кіне:

— Ну-у, завялі. Староцце гэтае.

Цяпер ён са спозненым болем успамінаў самы нязначны паварот гэтых мелодый… Нібы абразіў маці, якая даўно памерла.

Ён быў мужны чалавек і таму, разумеючы, што позна, вырашыў зрабіць хаця б нешта з таго, дзеля чаго ён быў створаны. І гэтаму нязначнаму "нешта" ён аддаў з таго дня ўвесь свой вольны час і ўсю без астачы сваю душу. Пешшу, на спадарожных машынах, на прыпяцкіх параходах, набітых стракатай гурмой, хатулямі, дыхтавымі валізкамі і спявучай гаворкай — ён абхадзіў, аб'ездзіў, скалясіў Піншчыну, Століншчыну, Пружаншчыну, Мазыршчыну, Слонімшчыну. Ад запісаў сшыткі рабіліся пульхныя. Многія дзесяткі сшыткаў.

Вынікам усяго гэтага, усіх гэтых бясконцых, утомных і блаславёных вандраванняў былі том народных песень, кніжачка песень дзіцячых і дзесяткі паўтара песень сваіх. На большае — ён з болем адчуваў гэта — яго не ставала. Песні — і толькі.

Песні спявалі, песні ягоныя хвалілі нават "мэтры" ад музыкі — не без ценю паблажлівасці, — і адзін ён ведаў, колькі такіх вось песень, напетых ім недзе ў кампаніі, за келіхам віна, рабілася потым у тых жа "мэтраў" скразной тэмай сімфоніі, арыяй, часткай грымучай араторыі на адцягненую, чужую тэму, тым, за што аўтараў пасля хвалілі: "глядзіце вы, сапраўды народна і як жа арыгінальна!" А песня была сапсутая надуманай, ненатуральнай і непатрэбнай апрацоўкай.

"Самадзейны кампазітар". Што ж, бывае і горай. Што ж, няхай ён паслужыць беларускаму люду і песні беларускай хаця б у такім спосабе.

…Нешта падобнае ён і сказаў тады суседцы за сталом.

— Ну, а чаго б вы хацелі?

— Кінуць працу. Я някепскі інжынер, мяне, думаю, паважаюць. Але я хацеў бы кінуць гэта і ўвесь век хадзіць, запісваць, пісаць свае песні, калі ўжо на іншае ў мяне слабая кішка.

Сябар, відаць, чуў іхнюю размову, таму што засмяяўся.

— Ну, браце, гэта ты кінь. На тое, чым ты марыш заняцца, не пражывеш.

— Ведаю, — сказаў ён.

Пасля паўзы Марына ціха спытала:

— І вывад які?

— Жыццё не задалося, — проста сказаў ён.

Толькі тут яна зірнула на яго з нейкай глыбокай пільнай уважлівасцю, цікаўнасцю, магчыма, нават з доляй спачування і разумення.

І хаця яны былі на падпітку, усё ж яны былі цверазейшыя за астатніх, бо кожны думаў аб нечым сваім, незагаданым, што не споўнілася. Таму, калі нехта з гасцей, па загадзя зададзенай праграме, пачаў жаваць сена, яны пераглянуліся і непрыкметна выслізнулі з хаты на вуліцу. Яму былі непрыемныя яе настойлівая рэзкасць, сварлівасць, вечнае жаданне адказаць уколам у адказ на працягнутую руку, але ўсё адно лепей было быць з ёю, чым у гэтай кампаніі. Таму лепей, што ў пэўнае імгненне яна глянула на яго спагадліва.

Акрамя таго, ён яшчэ не адышоў ад пакутных падзей, якія здарыліся з ім за год да таго. Яму было дужа цяжка…

…Ляціць цягнік. Прысмерак і бязлюддзе. Выходзіць на ганак старога, калісьці, відаць, фальварковага — бо з драўлянымі калонамі — дома, моцна заняпалага, стары ў "бурцы" з таўсценнага, у палец, чорнага сукна.

"Не, не, не трэба думаць. Не трэба думаць аб тым, чаму было цяжка. Трэба думаць аб той, да каго едзе".

Ён разгарнуў кнігу:

"Вообще вся сия местность замечательна по первобытности жителей и по дикости природы".

Поделиться:
Популярные книги

Кровь на эполетах

Дроздов Анатолий Федорович
3. Штуцер и тесак
Фантастика:
альтернативная история
7.60
рейтинг книги
Кровь на эполетах

Сердце Дракона. Том 20. Часть 1

Клеванский Кирилл Сергеевич
20. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
городское фэнтези
5.00
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 20. Часть 1

Золушка вне правил

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.83
рейтинг книги
Золушка вне правил

Мастер...

Чащин Валерий
1. Мастер
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
6.50
рейтинг книги
Мастер...

Матабар

Клеванский Кирилл Сергеевич
1. Матабар
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Матабар

LIVE-RPG. Эволюция-1

Кронос Александр
1. Эволюция. Live-RPG
Фантастика:
социально-философская фантастика
героическая фантастика
киберпанк
7.06
рейтинг книги
LIVE-RPG. Эволюция-1

Бремя империи

Афанасьев Александр
Бремя империи - 1.
Фантастика:
альтернативная история
9.34
рейтинг книги
Бремя империи

Последняя жена Синей Бороды

Зика Натаэль
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Последняя жена Синей Бороды

Авиатор: назад в СССР 12

Дорин Михаил
12. Покоряя небо
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Авиатор: назад в СССР 12

Зауряд-врач

Дроздов Анатолий Федорович
1. Зауряд-врач
Фантастика:
альтернативная история
8.64
рейтинг книги
Зауряд-врач

Кодекс Охотника. Книга XV

Винокуров Юрий
15. Кодекс Охотника
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XV

Магия чистых душ 3

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Магия чистых душ 3

Вторая невеста Драконьего Лорда. Дилогия

Огненная Любовь
Вторая невеста Драконьего Лорда
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.60
рейтинг книги
Вторая невеста Драконьего Лорда. Дилогия

Жестокая свадьба

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
4.87
рейтинг книги
Жестокая свадьба