Калядная рапсодыя
Шрифт:
Прырода за акном сапраўды была дзікая. Лес і лес. І раптам выбухнулі ў паветра, пачалі бегчы, з громам, па дузе, хілячыся лявей і лявей, удалячынь, сталёвыя мачты.
Пацягнулася, папаўзла некуды таўшчэзная змяя нафтапровада.
Было тады дужа цяжка… Не, не трэба ўспамінаць… І ўсё ж, як яно тады было з Аленай?
Які быў дзікі лес вакол Ласевічаў. Дзікі і іскрысты, белы-белы і аж блакітны ў сінія цені, хрусткі. А крыху раней — барвяны, бо ўзыходзіла ненатуральна вялікае марознае сонца.
Было якраз перад калядамі. На вяселлі малодшай Любоўчыцавай,
Ён насек цэлую гару і заскочыў у хату пакласці сякеру. У хаце бабы і дзеўкі ладзілі вясельны каравай, вялізны, з кола ад воза, белы і аж чырвоны зверху, дзе падпякло. Прыкрашалі яго кветкамі, стужкамі, залатой каніцеллю і васковымі "слёзкамі маці божай". Каравай атрымаўся — дзіва прыгажосці. Ялінка, а не каравай. Бабы і двое дзяўчат былі ў клятчастых, з разрэзам, андараках, у вышываных сарочках, на якіх белага было менш, чым чырвонага, сіняга, зялёнага, жоўтага. А за спінамі жанчын быў ложак з бялюткай шытай покрыўкай, горы расшытых падушак, стракатая, як вясёлка, посцілка на сцяне.
Адны рукі ўпрыгожвалі, другія абкладалі каравай яйкамі, маслам і сырам. А галасы вялі:
І свеціць месяц На дварэ, Каравай месяць На стале. Каравай цвіцець На стале. Прыступі, божа, з раю, І прыступі, божа, з раю, К нашаму караваю. І, ой, у садзе ды вецце вісіць, Сам бог каравай месіць, І ангелы прыступаюць, Караваю памагаюць.Яму паднеслі пагрэцца. Ён выпіў халодную, з сенцаў, гарэлку і закусіў, з храбусценнем, ледзяным крамяным агурком, з асалодай адчуваючы сваё здароўе, і мароз, і тое, як гэты мароз з яго выходзіць і як пахне агурок часнаком і кропам.
Ён, відаць, быў нават на выгляд вельмі здаровы і шчаслівы, таму што адна з каравайшчыц, здаравенная, грудастая, прыгожая маладзіца, пры адным позірку на якую чамусьці прыходзіла на розум гумно, белыя ногі на саломе, а пасля дзесяць дзяцей і хата, што аж рыпіць ад чысціні, скосу, хітравата паглядзела на Міколу гожымі, як у каровы, вачамі і завяла, ні з пушчы ні з поля, песню, што спяваюць, калі месяць каравай:
Ой, упала я ў дзела, Цела маё запацела, Дый цела маё запацела, Гарэліцы захацела. Э-гей, гарэлачкі зап'янюсенькай. Дый для мяне маладзюсенькай.Ён прыняў выклік, узяў за шыю запацелую бутэльку і рушыў да маладзіцы. Наліў, працягнуў стопку:
Ой-гей, ды ты, гарэлачка, зап'янюсенька, Завязала свет маладзюсенькай.І тут убачыў, што за спінамі баб сядзіць на зэдліку і вяжа кветкі ў гожыя пучкі-букеты нешта такое, чаго ён ніколі не бачыў і што адразу ўразіла і ашаломіла яго, як раптоўны дар. Нешта ў сіняй сукенцы і карункавай белай кофце, нешта залатавалосае, сінявокае, нешта найбольш як васемнаццаці год.
Божа мой, што гэта за нешта было! Глядзела на яго сінё і празрыста і ўсміхалася ружовым прыпухлым роцікам. З відавочным падкусам, але адначасова і з адценнем заахвочвання. А стан! А ногі!
— Выпі і ты, — сказаў ён.
— Не хачу, каб завязала свет маладзюсенькай, — усміхнулася яна.
Бачыла, да канца разумела, што ён як раптоўна аглушаны, што яго зараз, тут жа, у першую хвіліну, можна браць за руку і весці хоць у апраметную, гэтага гожага бамбізу, і гэта падабалася ёй; нечаканая, за імгненне непрадбачаная ўлада над ім.
— Ты хто? — голасам, які сеў, спытаў ён. — Адкуль?
— А ты хто? А ты адкуль?
— Я з гэтай вёскі.
— І я з гэтай вёскі.
— Я не бачыў цябе. Ніколі.
— І я не бачыла цябе. Ніколі.
— Інжынер ён, — умяшалася маладзіца. — З мінулай зімы не быў. Нібы тут працы мала, а хлопцаў — па дзіркі ў носе.
— Глядзі ты… інжынер… А цягне, як прахвесар.
— Выпі, — спрабаваў ён падвысіць голас, бо прывык да таго, што дзяўчаты яго слухаюцца, што яму лёгка вядзецца з імі.
— А ты што за падмаршалак такі?
Страшэнным, гаротным успамінам уставала пазней у яго вушах гэтае слова "падмаршалак". Нібы ўсё адразу і яшчэ загадзя было кімсьці бязлітасна наканавана. Бязлітасна і назаўсёды.
— Ты, падмаршалак, што, сур'ёзна думаеш, што як загадаеш, каб у мяне хвост вырас, то й вырасце?
— А і вырасце, — сказала маладзіца. — А не вырасце, то ён сам табе замест хваста будзе.
Сказана было занадта рэзка. Усе сціхнулі. Не звяртаючы ўвагі на жарт, Мікола сказаў, ужо спакойна:
— Выпі. Вусны памачы, ну.
— Ды выпі, выпі, — загулі бабы. — Бач, хлопец дабром просіць. Што ты, дзеўка, натурышся? Клейнот які, цаны яму няма.
Дзяўчына ўзяла чарку, сапраўды, памачыла вусны, зрабіўшы мале-енечкі глыток. Ён узяў стопку і перахіліў яе з таго самага месца, дзе краналася вуснамі краёчка яна. Гэта было зроблена такімі дакладнымі рухамі, так па-заліхвацку, з такім падкрэсленым значэннем, што бабы ахнулі:
— Бач, зух, бач, хват!
А ён адышоў да дзвярэй і спытаў у Петры, брата Надзеі: