Калядны харал
Шрифт:
Клерк у каморцы мімаволі заслухаўся і запляскаў у далоні, аднак, зразумеўшы, што яго радасць несвоечасовая, сумеўся і кінуўся мяшаць у каміне агонь. Самотны вугольчык такога націску не вытрымаў і канчаткова згас.
— Яшчэ адзін гук, — крыкнуў Скрудж клерку, — і гэтыя Каляды вы адзначыце, страціўшы месца ў канторы! А вы, спадар, як я бачу, майстар часаць языком, — звярнуўся ён да пляменніка. — І чаму вы дагэтуль не ў парламенце?
— Хопіць злавацца, дзядзечка! Прыходзьце да нас заўтра на святочны абед!
Скрудж сказаў, што ўжо лепей ён пойдзе… так, менавіта гэта ён і сказаў. Пасля, не саромеючыся, дадаў яшчэ некалькі пажаданняў.
— Але навошта? — ускрыкнуў пляменнік. — Навошта вы так кажаце?
— А навошта ты ажаніўся? — запытаў Скрудж.
— Я пакахаў яе.
— Пакахаў! — рыкнуў Скрудж, нібыта пачуўшы адзінае ў свеце слова, дурнейшае за “вясёлыя Каляды”. — Усяго найлепшага!
— Але дзядзечка, вы ж і раней
— Усяго найлепшага! — паўтарыў Скрудж.
— Я нічога ў вас не прашу, мне нічога не трэба. Чаму мы не можам быць сябрамі?
— Усяго найлепшага! — прамовіў Скрудж.
— Як жа мне шкада, што вы такі непахісны! Я з вамі ніколі не сварыўся і ні ў чым перад вамі не вінаваты. Я хацеў пасябраваць з вамі дзеля свята, і мой святочны настрой вы не сапсуяце. А таму вясёлых вам Калядаў, дзядзечка!
— Усяго найлепшага! — сказаў Скрудж.
— І шчаслівага Новага году!
— Усяго найлепшага! — паўтарыў Скрудж, і яго пляменнік, нягледзячы ні на што, пакінуў пакой без адзінага кепскага слова. Ля дзвярэй ён крыху затрымаўся, каб павіншаваць клерка, які, хоць і прамёрз да касцей, быў нашмат цяплейшы за Скруджа і сардэчна адказаў на пажаданні.
— Яшчэ адзін вар’ят, — прамармытаў Скрудж, падслухаўшы іх размову. — Гэты клерк, які зарабляе ўсяго пятнаццаць шылінгаў на тыдзень і мусіць утрымліваць жонку і сям’ю, таксама гаворыць пра нейкія вясёлыя Каляды! Яны мяне да Бедламу давядуць!
Вар’ят тым часам, выпусціўшы пляменніка Скруджа, упусціў двух іншых наведнікаў. Гэта былі прыемныя з аблічча мажныя джэнтльмены, якія цяпер, увайшоўшы ў кантору і зняўшы капелюшы, ветліва кланяліся Скруджу і даставалі нейкія паперы.
— Скрудж і Марлі, калі не памыляюся? — спытаў адзін з іх, звяраючыся з нейкім спісам. — Маю гонар звяртацца да містэра Скруджа ці да містэра Марлі?
— Містэр Марлі памёр сем гадоў таму, — адказаў Скрудж, — акурат у гэтую ноч.
— Але мы ўпэўненыя, што яго шчодрасць перайшла да яго годнага кампаньёна, — сказаў адзін з джэнтльменаў і падаў Скруджу свае дакументы.
Два годныя кампаньёны і праўда былі вартыя адзін аднаго. Пачуўшы пагрозлівае слова “шчодрасць”, Скрудж нахмурыўся, пахітаў галавой і вярнуў паперы ўладальніку.
— У гэтыя святочныя дні, містэр Скрудж, — працягваў джэнтльмен, беручы пяро, — мы больш чым калі мусім паклапаціцца пра бедных і няшчасных, што жорстка пакутуюць ад нястачы. Тысячы людзей не маюць самага неабходнага для жыцця, сотням тысяч няма дзе прыхіліць галаву.
— Хіба ў нас не хапае турмаў? — здзівіўся Скрудж.
— Турмаў? Ды колькі заўгодна, — адказаў джэнтльмен, кладучы пяро назад.
— А працоўных дамоў? — настойваў Скрудж. — Яны ўсё яшчэ дзейнічаюць?
— На жаль, так, — адказаў джэнтльмен, — хаця я ахвотна сказаў бы, што іх даўно пазакрывалі.
— Значыць, існуе яшчэ прымусовая праца, а закон пра бедных у сіле? — працягваў Скрудж.
— І тое, і другое пакуль не адмянілі.
— Ох, а я ўжо, паслухаўшы вас, спалохаўся, што гэтыя карысныя рэчы чамусьці скасаваныя! — усклікнуў Скрудж. — Рады чуць, што памыліўся.
— Усе гэтыя законы і ўстановы наўрад ці маюць на мэце хрысціянскі клопат пра душу і цела бедакоў, — запярэчыў джэнтльмен, — а таму мы вырашылі сабраць грошай, каб купіць няшчасным хаця б крыху ежы, піцця і цёплага адзення. Мы выбралі менавіта перадкалядны час, бо ў такія дні беднасць адчуваецца найвастрэй, а багацце дорыць найбольш радасці. Якую суму дазволіце запісаць пад вашым імем?
— Ніякае! — адказаў Скрудж.
— Вы хочаце ўнесці грошы ананімна?
— Я хачу, каб мяне пакінулі ў спакоі, — адказаў Скрудж. — Калі ўжо вы пажадалі ведаць, чаго я хачу, вось вам мой адказ. Я не весялюся на Каляды і не магу выдаткоўваць грошы, каб весяліць лайдакоў. Я падтрымліваю ўстановы, пра якія казаў, і гэтага з мяне даволі. Тыя, хто цярпіць нястачу, могуць ісці туды.
— Мала хто захоча туды пайсці — ужо лепш памерці.
— Ну і хай паміраюць, — сказаў Скрудж, — і скарачаюць лішак насельніцтва. Да таго ж, прабачце, мяне гэта зусім не цікавіць.
— Але гэта мусіць вас цікавіць! — запярэчыў джэнтльмен.
— Гэта не мая справа, — абурыўся Скрудж. — Хай кожны займаецца сваімі справамі і не лезе ў чужыя. Мне дык сваіх цалкам хапае. Усяго найлепшага, джэнтльмены!
Зразумеўшы, што спрачацца няма сэнсу, джэнтльмены зніклі за дзвярыма. Задаволены сабой, Скрудж вярнуўся да перарваных справаў весялейшы, чым звычайна.
Тым часам цемра і імгла згусціліся так, што на вуліцы з’явіліся людзі з паходнямі, якія прапаноўвалі свае паслугі — ісці перад экіпажамі і асвятляць дарогу. Старадаўняя царкоўная званіца, чый даўно асіплы звон кожнага дня хітравата пазіраў на Скруджа з гатычнага акенца, зрабілася зусім нябачнай — здавалася, гадзіны і чвэрці вызвоньваліся дзесьці ў аблоках, і кожны ўдар суправаджаўся такім тоненькім бразгатаннем, быццам у звона ад холаду зуб на зуб не трапляе. Мароз мацнеў. У куце двара, што выходзіў на галоўную вуліцу, некалькі рабочых рамантавалі газавыя трубы, запаліўшы ў жароўні вялікае вогнішча, на якое сабраліся бесхацінцы. Яны грэлі рукі і зачаравана глядзелі на агонь. Забыты ўсімі водаправодны кран паныла сцякаў вадой і пакрысе замярзаў, самотна пакрываючыся чалавеканенавісніцкай коркай лёду. Яркія вітрыны, у якіх ажно патрэсквалі ад гарачыні галінкі вастралісту, асвятлялі бляклыя твары мінакоў. Бакалейныя і мясныя крамкі ператварыліся ў шыкоўнае відовішча і нібыта цвялілі пакупнікоў — нельга было паверыць, што яны маюць хоць нейкае дачыненне да такой нудлівай справы, як гандаль і зніжкі. Лорд-мэр у раскошным палацы ўжо загадваў сваім пяцідзесяці кухарам і лёкаям не страляць варон, а рыхтавацца так, каб Каляды былі вартыя лорда-мэра, і нават маленькі краўчык, якога ён у мінулы панядзелак аштрафаваў на пяць шылінгаў за п’янства і крыважэрныя паводзіны на вуліцах, ужо размешваў на сваім гарышчы калядны пудынг, а яго сухарлявая жонка тым часам пабегла з дзіцем купляць ялавічыну.
Аднак туман усё гусцейшы, мароз усё мацнейшы! Калючы, пранізлівы, рэзкі холад! Калі б добры наш святы Дунстан [1] схапіў д’ябла за нос такім марозам, а не нейкімі там шчыпцамі, ох і закрычаў бы нячысты! Ох і дасталася б яму! Вось і аднаго маладога ўладальніка досыць сціплага носа галодны мароз ужо да душы пакусаў і пагрыз не раўнуючы сабака костку; змерзлы юнак акурат спыніўся ля замочнай шчылінкі Скруджа, каб забавіць таго вясёлай калядкай, аднак адразу пасля першых словаў святочнае песні: “Дай Бог, панове, шчасця вам, хай сум пакіне вас…” [2] — Скрудж з такім імпэтам схапіўся за лінейку, што перапужаны спявак кінуўся наўцёкі. Цяпер у шчылінку зазіралі толькі туман і блізкі сваяк Скруджа — мароз.
1
Святы Дунстан (909–988) — ангельскі святы, арцыбіскуп Кентэрберыйскі, апякун кавалёў і залатароў. Паводле легенды, ухапіў аднойчы шчыпцамі д’ябла за нос, а таму на абразах часта выяўляўся менавіта з імі як сімвалам свайго рамяства.
2
“Дай Бог, панове, шчасця вам, хай сум пакіне вас…” — радок са знакамітай ангельскай калядкі:
Дай Бог, панове, шчасця вам, Хай сум пакіне вас, Бо нарадзіўся Збаўца наш У гэты добры час, Каб ратаваць Адамаў род, Што ў цемрадзі заграз. О, вось у нас радасць і спеў, Радасць і спеў, О, вось у нас радасць і спеў. Тады анёл нябёсны Зляцеў да тых мясцін І пастухам прынёс ён Найлепшую з навін — Што нарадзіўся на зямлі Маленькі Божы Сын. О, вось у нас радасць і спеў, Радасць і спеў, О, вось у нас радасць і спеў. І пастухі на полі Пакінулі гурты І ўраз, не баючыся Ні ветру, ні слаты, Пабеглі ў горад Бэтлеем, Дзе спаў наш Пан святы. О, вось у нас радасць і спеў, Радасць і спеў, О, вось у нас радасць і спеў. І там у горадзе, ў хляве, Дзе сена ды валы, Ляжаў у бедных яслях Збавіцель наш малы, Марыя ж маці побач Узносіла хвалы. О, вось у нас радасць і спеў, Радасць і спеў, О, вось у нас радасць і спеў. Няхай жа Богу слава Ляціць з усіх дамоў, І між людзей пануюць хай Братэрства і любоў, Бо сёння шчаснай весткай Бог Ліхія пабароў — О, вось у нас радасць і спеў, Радасць і спеў, О, вось у нас радасць і спеў.(пераклад Антона Францішка Брыля)