Калядны харал
Шрифт:
— Але ж я смяротны! Я магу зваліцца!
— Я дакрануся да цябе, — прамовіў Дух і паклаў руку на грудзі Скруджу, — і ты дасі рады нават складанейшым перашкодам.
Тут яны прайшлі праз сцяну і апынуліся на прасёлкавай дарозе сярод палёў. Горад проста знік — ад яго не засталося і следу. Разам з ім зніклі цемрадзь і туман — наўкола быў ясны і марозны зімовы дзень, і на зямлі ляжаў снег.
— Божа мой! — агледзеўшыся і пляснуўшы рукамі, усклікнуў Скрудж. — Я ж тут вырас! Тут правёў дзяцінства!
Дух мякка зірнуў на яго. Скруджу падалося, што гэты пяшчотны позірк, хай сабе імгненны і амаль незаўважны, усё яшчэ скіраваны на яго.
— Твае вусны задрыжалі, — сказаў Дух. — І што гэта ў цябе на шчацэ?
Нязвыкла дрыготкім голасам Скрудж прамармытаў, што, мабыць, проста нейкая плямка, і папрасіў Духа весці яго далей.
— Помніш гэтую дарогу? — спытаў Дух.
— Ці помню я?! — палка ўскрыкнуў Скрудж. — Ды я прайшоў бы тут з завязанымі вачыма!
— Дзіўна, што ты на столькі гадоў пра яе забыў, — заўважыў Дух. — Хадзем далей.
Яны пайшлі па дарозе, і Скрудж пазнаваў кожную браму, кожны слуп, кожнае дрэва. Праз некаторы час удалечыні з’явіўся маленькі гарадок з рынкавай плошчай, царквой, звілістай рэчкай і мостам. На кудлатых поні, што беглі трушком, насустрач рухаліся хлопчыкі. Яны гукалі іншых хлопчыкаў, што сядзелі на вазах ці двухколках, якімі кіравалі фермеры. Усе дзеці былі ў цудоўным настроі, весела пераклікаліся адзін з адным, і вакольныя палі поўніліся іх радаснымі галасамі — так, што ломкае ад марозу паветра само пачынала смяяцца.
— Гэта ўсяго толькі цені таго, што было тут калісьці, — сказаў Дух. — Нас яны не заўважаюць.
Вясёлая кампанія набліжалася, і Скрудж ужо мог пазнаць кожнага хлопчыка і назваць яго імя. Чаму ён так бязмежна ўзрадаваўся, убачыўшы іх? Чаму, калі яны праходзілі міма, халодныя вочы Скруджа заблішчэлі, а ў грудзях закалацілася сэрца? Чаму душа поўнілася шчасцем, калі ён чуў, як яны, развітваючыся на скрыжаваннях і раз’язджаючыся па дамах, жадалі адзін аднаму вясёлых Калядаў? Што было Скруджу да вясёлых Калядаў? Ды каб яны праваліліся, гэтыя вясёлыя Каляды! Шмат яму карысці ад тых Калядаў!
— Школа яшчэ не зусім апусцела, — прамовіў Дух. — Там застаўся адзін самотны, пакінуты сябрамі хлопчык.
Скрудж сказаў, што ведае яго, і ўсхліпнуў.
Яны збочылі з галоўнай дарогі на добра памятную Скруджу сцежку і хутка наблізіліся да панылага будынка з чырвонае цэглы. Дах вянчала вежачка з флюгерам наверсе і звонам унутры. Будынак быў вялікі, але зусім занядбаны: прасторныя гаспадарчыя памяшканні амаль не выкарыстоўваліся, замшэлыя сцены адсырэлі, вокны былі выбітыя, а дзверы прагнілі. У стайнях кудахталі куры, вазоўня і пуня зарасталі травой. Унутры таксама мала што сведчыла пра былую веліч. Увайшоўшы ў змрочную вітальню і зазірнуўшы праз некалькі адчыненых дзвярэй, яны пабачылі шырачэзныя, халодныя і кепска мэбляваныя пакоі. Зябкая пустата памяшканняў і пах зямлі ў паветры гаварылі пра тое, што тут часта ўстаюць пры свечках і рэдка ядуць удосталь.
Скрудж і Дух прайшлі праз усю вітальню да дзвярэй у канцы дома. Дзверы адчыніліся, упусціўшы іх у доўгі, амаль пусты панылы пакой, які здаваўся яшчэ пусцейшым праз шэрагі простых драўляных партаў і лаваў. За адной з партаў каля сціплага агеньчыка чытаў кнігу самотны хлопчык, і Скрудж, прысеўшы на лаву побач з ім, расплакаўся, пазнаўшы ў бедным дзіцяці сябе ранейшага.
Не, не прытоенае рэха, не мышыны піск і валтузня за абшыўкай, не гукі капяжу з напалову адталага вадасцёку на панылым двары, не ўздыхі між галля журботнай таполі, не лянотнае парыпванне дзвярэй пустое каморы, не патрэскванне агню — нешта іншае мякка кранала струны ў душы Скруджа і выклікала слёзы на вачах.
Дух узяў яго за руку і паказаў на зануранага ў чытанне хлопчыка, якім быў калісьці Скрудж. Раптам у акне з’явіўся чалавек з сякерай за пасам. Госць у чужаземным убранні вёў на повадзе восліка, нагружанага дровамі, і быў бачны надзіва выразна, як сапраўдны.
— Дык гэта ж Алі-Баба! — захоплена ўскрыкнуў Скрудж. — Гэта ж добры стары Алі-Баба! Так-так, я помню! Неяк на Каляды, калі маленькае самотнае дзіця пакінулі тут, ён акурат вось так і з’явіўся першы раз, напраўду з’явіўся! Беднае дзіця! І Валянцін, і яго лясны брат Арсон [5] — яны ўсе прыйшлі! І яшчэ гэты, як яго… той, каго соннага паклалі ў панталонах ля брамы ў Дамаску — хіба ты яго не бачыш? А вось і султанаў конюх, якога джыны перакулілі ўверх нагамі! Вунь ён стаіць на галаве! Так яму і трэба! Я так рады! Якое ён меў права жаніцца з прынцэсай?
5
“І Валянцін, і яго лясны брат Арсон…” — маюцца на ўвазе героі французскага сярэднявечнага рамана “Валянцін і Арсон”, у якім расказваецца пра двух братоў-блізнятаў, што нарадзіліся ў лесе каля Арлеана. Арсона выхавала мядзведзіца, і ён жыў у лесе, пакуль Валянцін, які жыў у брата сваёй маці, не зрабіў яго сваім слугой і сябрам. Браты перажылі разам шмат прыгодаў і ўратавалі сваю маці Белісанту.
Ну і здзівіліся б дзелавыя партнёры Скруджа з лонданскага Сіці, калі б пачулі, як ён нязвыклым голасам, зрываючыся то ў плач, то ў крык, сур’ёзна раздабарвае на такія тэмы, калі б пабачылі яго ажыўлены і ўсхваляваны твар!
— А вось і папугай! — крычаў Скрудж. — Увесь зялёны, толькі хвосцік жоўты, а на макаўцы — чуб накшталт пучка салаты! Так, гэта ён! “Бедны Рабінзон Круза! — казаў ён гаспадару, калі той вярнуўся дадому, праплыўшы вакол вострава. — Бедны Рабінзон Круза! Дзе ж ты быў, Рабінзон Круза?” Гаспадар думаў, што яму мроіцца, а вось і не! Гэта ўсё папугай, ну, вы ведаеце. А вось і Пятніца, бяжыць з усяе моцы да бухтачкі! Эге-гей! Гэй! Сюды!
І тут жа, нечакана хутка пераключыўшыся на сябе ранейшага, Скрудж спачувальна ўздыхнуў: “Беднае дзіця!” — і зноў заплакаў.
— Хацеў бы я… — прамармытаў ён, выцершы рукавом слёзы, а тады агледзеўся і засунуў руку ў кішэню. — Але запозна.
— Што запозна? — спытаў Дух.
— Ды нічога, — адказаў Скрудж. — Нічога. Нейкі хлопчык спяваў учора пад маімі дзвярыма калядку, і я хацеў бы даць яму што-небудзь. Вось і ўсё.
Дух задуменна ўсміхнуўся, махнуў рукой і сказаў:
— Паглядзім на іншыя Каляды!
Тут Скрудж-хлопчык пачаў расці, а пакой зрабіўся крыху бруднейшым і цямнейшым. Абшыўка рассохлася, вокны патрэскаліся, са столі абсыпаліся кавалкі тынкоўкі, агаліўшы драніцы, але як гэта атрымалася, Скрудж разумеў не лепш, чым мы з вамі. Ён ведаў толькі, што ўсё правільна, усё так, як і было, што тады ён зноў сядзеў адзін, пакінуты іншымі хлопчыкамі, якія паехалі дадому святкаваць вясёлыя Каляды.
Цяпер ён ужо не чытаў, а ў адчаі хадзіў туды-сюды. Скрудж зірнуў на Духа, скрушна пахітаў галавой і трывожна ўгледзеўся ў дзверы.