Калядны харал
Шрифт:
— Вось што я вам, даражэнькі, скажу, — прамовіў Скрудж. — Я не збіраюся болей гэтага цярпець. І таму… — тут ён ускочыў з крэсла і так штурхануў Боба ў камізэльку, што яе гаспадар адляцеў
Боб затросся і падсунуўся трошкі бліжэй да лінейкі. У яго галаве ліхаманкава пранеслася ідэя аглушыць ёй Скруджа, скруціць і паклікаць людзей, што адвезлі б яго ў вар’ятню.
— Вясёлых Калядаў, Боб! — з непадробнай шчырасцю сказаў Скрудж і ляпнуў клерка па спіне. — Весялейшых Калядаў, дарагі дружа, чым тыя, што былі ў вас па маёй віне раней. Я падыму вам жалаванне і пастараюся дапамагаць вашай беднай сям’і. Мы абмяркуем вашыя справы сёння пасля абеду, Боб, за калядным кубкам глінтвейну. Але перш чым вы паставіце яшчэ адну кропку над “і”, Боб Крэтчэт, купіце вядзерца вугалю і распаліце агонь гарачэй!
Скрудж не проста трымаў слова — ён трымаў яго абедзвюма рукамі. Ён выканаў усё, што паабяцаў, і нават непараўнальна болей. Малому Ціму — а ён не памёр — Скрудж зрабіўся другім бацькам. Такога добрага сябра, такога добрага гаспадара і такога добрага чалавека не бачыў яшчэ наш стары добры горад, ды і ніякі іншы стары добры горад, гарадок ці мястэчка ў нашым старым добрым свеце. Хтосьці, пабачыўшы такія змены, пачынаў смяяцца, але хай сабе смяецца, Скруджа гэта зусім не хвалюе, ён дастаткова мудры, каб ведаць: што б ні здарылася добрага ў нашым свеце — хто-небудзь абавязкова пасмяецца. Ён разумеў, што такія людзі — слепакі, але хай сабе: у свеце ёсць нашмат больш непрыемныя грымасы, чым усмешкі ці нават ухмылкі. Яго ўласнае сэрца смяялася, і гэтага было дастаткова.
Ніякіх дачыненняў з духамі ён больш не меў, надалей кіруючыся ў гэтым прынцыпамі поўнага ўстрымання, і пра яго заўсёды казалі, што ён лепш за ўсіх на свеце ведае, як правільна ўшанаваць Каляды. Эх, каб жа і пра нас такое маглі сказаць, пра кожнага з нас! І, як слушна заўважыў Малы Цім, блаславі нас Бог, усіх да адзінага!