Калядны харал
Шрифт:
Страфа чацвертая. Апошні дух
Прывід набліжаўся — маўкліва, марудна, сувора. Здавалася, што, рухаючыся ў паветры, ён развейвае змрок і таямнічасць, а таму, калі госць наблізіўся, Скрудж стаў на адно калена.
Дух быў захутаны ў непраглядна чорнае ўбранне, якое хавала
Калі высокая велічная здань спынілася ля Скруджа, той адчуў, што яе таямнічая прысутнасць напаўняе яго святарным жахам. Нічога іншага ён не адчуваў, бо Дух нічога не казаў і не рабіў.
— Ці бачу я перад сабой Духа Будучых Калядаў? — спытаў Скрудж.
Дух прамаўчаў, але паказаў рукой удалеч.
— Ты збіраешся паказаць мне цень таго, што яшчэ не адбылося, але адбудзецца ў будучыні? — працягваў Скрудж. — Так, Дух?
Верхнія складкі прывіднага ўбрання на імгненне варухнуліся, нібыта Дух кіўнуў. Іншага адказу Скрудж не атрымаў.
Хаця за апошнія дні Скрудж прызвычаіўся да кампаніі духаў, гэтая маўклівая здань палохала яго да дрыжыкаў у нагах. Падрыхтаваўшыся ісці за Духам, Скрудж зразумеў, што зараз можа ўпасці. Прывід, нібыта заўважыўшы яго стан, на хвілінку затрымаўся і даў Скруджу прыйсці ў сябе.
Але Скруджу зрабілася толькі горш. Сама думка пра тое, што з-пад гэтага цёмнага савану за ім пільна сочаць прывідныя вочы, а ён, нават напружыўшы зрок, не можа разгледзець нічога, апроч рукі здані і вялікага згустку цемры, прымушала яго трымцець ад невыразнага і незразумелага страху.
— Дух Будучыні! — усклікнуў Скрудж. — Я баюся цябе больш за іншых прывідаў, якіх бачыў! Але я ведаю, што ты хочаш мне дабра, бо я спадзяюся стаць новым чалавекам, а таму гатовы далучыцца да цябе — і зраблю гэта з удзячным сэрцам. Ты нічога мне не скажаш?
Адказу не было, толькі рука ўсё гэтак жа паказвала наперад.
— Вядзі мяне! — прамовіў Скрудж. — Вядзі! Ноч хутка мінае, і я ведаю, што час дарагі. Вядзі мяне, Дух!
І Дух рушыў наперад — так, як прыляцеў да Скруджа. Скрудж паспяшаўся за ім у цені прывіднага ўбрання, якое, здавалася, трымала яго над зямлёю і цягнула за сабой.
Яны нават не ўвайшлі ў горад — хутчэй сам горад наскочыў на іх і атачыў з усіх бакоў. Яны апынуліся ў яго сэрцы, на Біржы, сярод гандляроў, якія бегалі туды-сюды, і пазвоньвалі манетамі ў кішэнях, і нешта абмяркоўвалі, і пазіралі на гадзіннікі, і задуменна гуляліся з масіўнымі залатымі пячаткамі — і гэтак далей, Скрудж бачыў усё гэта не раз.
Дух спыніўся ля невялікае групкі дзялкоў. Заўважыўшы, што прывідная рука паказвае на іх, Скрудж падышоў і прыслухаўся да гаворкі.
— Ды не, нічога асаблівага я не ведаю, — прамовіў вялікі тоўсты мужчына з пачварным падбароддзем. — Ведаю толькі, што ён памёр.
— Калі? — спытаў другі.
— Здаецца, мінулай ноччу.
— Што з ім магло здарыцца? — пацікавіўся трэці, беручы з вялізнае табакеркі надзвычайную панюшку. — Мне здавалася, ён ніколі не памрэ.
— Бог яго ведае… — прамармытаў першы і пазяхнуў.
— А як наконт яго грошай? — спытаў чырванатвары джэнтльмен з абвіслай нарасцю на носе, якая трэслася, як у індыка.
— Нічога пра гэта не чуў, — адказаў чалавек з вялікім падбароддзем, зноў пазяхаючы. — Відаць, пакінуў фірме. Мне дык дакладна не пакінуў, а больш я нічога не ведаю.
Жарт сустрэлі гучным рогатам.
— Пахаванне будзе, мабыць, вельмі сціплым, — працягнуў чалавек з падбароддзем. — Шчыра кажучы, не ўяўляю, хто б туды пайшоў. Можа, збярэм кампанію ахвотнікаў?
— Я не супраць, калі чакаюцца хаўтуры з пачастункам, — адзначыўся спадар з нарасцю на носе. — Калі ўжо я іду, мяне трэба карміць.
Зноў рогат.
— Што ж, відаць, я сярод вас самы бескарыслівы, — сказаў чалавек з падбароддзем, — бо чорных пальчатак не нашу і ніколі не ем другога сняданку. Але калі хтосьці далучыцца, то пайду, бо атрымліваецца, што я быў ледзь не найлепшым яго сябрам: пры сустрэчы мы заўсёды спыняліся і гаманілі. Да пабачэння!
Слухачы і суразмоўцы разышліся і перамяшаліся з іншымі групамі. Скрудж ведаў усіх прысутных і, чакаючы тлумачэння, глядзеў на Духа.
Прывід выплыў на двор. Яго палец паказаў на дваіх, якія толькі што сустрэліся. Скрудж зноў прыслухаўся, спадзеючыся нешта зразумець.
Гэтых дваіх ён таксама цудоўна ведаў. Абодва дзялкі, багатыя і ўплывовыя. Скрудж вельмі цаніў іх добрае да сябе стаўленне — з дзелавога, з выключна дзелавога гледзішча.
— Добры дзень, — сказаў адзін.
— Дзень добры, — адгукнуўся другі.
— Ну што, — прадоўжыў першы, — стары спрут атрымаў урэшце сваё, га?
— Кажуць, што так, — адказаў другі. — Холадна, каб яго!
— Самае тое для Калядаў. Вы, напэўна, не аматар канькоў?
— Не-не, што вы! І без таго хапае чым заняцца. Добрага вам дня!
І больш нічога. Вось так сустрэліся, пагаварылі і разышліся.
Спачатку Скрудж быў гатовы здзівіцца, што Дух надае значэнне такой дробязнай размове, але потым падумаў, што тут ёсць нейкі схаваны сэнс, а таму пастанавіў разабрацца, у чым жа рэч. Наўрад ці гэта звязана са смерцю яго старога кампаньёна Джэйкаба, бо той памёр даўнавата, а вотчынай Духа была будучыня. Ён не ўспомніў больш нікога са свайго атачэння, пра каго магла б весціся гэтая гаворка. Але не сумнеючыся, што словы гэтыя, каго б яны ні датычылі, нясуць глыбінную мараль, важную для яго ўдасканалення, Скрудж вырашыў захаваць, як скарб, усё, што пачуў, усё, што ўбачыў, і асабліва тое, што будзе звязанае з ценем яго ўласнай будучыні, як толькі ён з’явіцца. Ён чакаў, што яго будучыя паводзіны дадуць яму ключ, якога цяпер так не хапае, і дапамогуць лёгка развязаць усе гэтыя загадкі.
Ён шукаў на Біржы свой цень, але ў яго звычайным куце стаяў іншы чалавек, хаця гадзіннік сведчыў, што Скруджу самы час быць на месцы. Сярод дзялкоў, якія натоўпамі ўвальваліся праз парадны ўваход, ён не заўважаў нікога, падобнага да сябе. Аднак гэта не надта яго здзівіла: усе яго думкі круціліся вакол чаканых пераменаў, а таму ён спадзяваўся, што бачыць вынікі ўжо прынятага рашэння.
Змрочна і маўкліва стаяў ля яго прывід з выцягнутай рукой. Калі Скрудж адарваўся ад задуменнага пошуку сябе, яму ўявілася, што нябачныя вочы пільна на яго глядзяць — бо на яго цяпер паказвала прывідава рука. Скрудж скалануўся і адчуў, што ледзянее.