Калядны харал
Шрифт:
Пакінуўшы тлумную Біржу, яны апынуліся ў аддаленым раёне Лондана, дзе Скрудж ніколі раней не бываў, хаця ведаў пра яго існаванне і дрэнную славу. Вуліцы тут былі вузкія і агідныя, крамы і дамы — бедныя, людзі — ледзь апранутыя, п’яныя, неахайныя і брыдкія. Незлічоныя памыйныя сцёкі арак і завулкаў вывяргалі на бязладныя вуліцы смурод, бруд і людзей, як праклён, і ўвесь квартал прасмярдзеў злачынствамі, распустай і жабрацтвам.
У глыбіні гэтага берлагу кепскае славы стаяла нізкая, нібыта прыціснутая да зямлі аднасхільным дахам крамка, дзе закуплялася жалеззе, рвань, бутэлькі, косткі і іншы зашмальцаваны хлам.
Калі Скрудж і Дух наблізіліся да гэтага чалавека, у крамку акурат пракралася нейкая жанчына з важкім скруткам. Не паспела яна ўвайсці, як да яе далучылася яшчэ адна, гэтак жа нагружаная, а за ёй праслізнуў мужчына ў выцвілым жалобным строі — убачыўшы астатніх, ён здзівіўся не менш, чым перад тым яны, убачыўшы адна адну. Пасля нядоўгага здзіўленага маўчання, якое раздзяліў і стары з піпкай, усе трое выбухнулі рогатам.
— Хай падзённіца будзе першай! — усклікнула жанчына, якая з’явілася раней за астатніх. — Тады пралля будзе другой, а памочнік трунара — трэцім. Слухай, старэча Джо, вось дык штука! Мы ж прыйшлі сюды не згаворваючыся!
— Лепшага месца для сустрэчы не знойдзеш, — заявіў стары Джо, дастаючы піпку з рота. — Заходзьце ж у гасцёўню. Ты дарогу ведаеш даўно, дый гэтыя двое тут таксама не чужыя. Пачакайце, я зачыню дзверы. Авохці мне, ну яна і скрыпае! Няма ў крамцы іржавейшай жалезкі, чым гэтыя петлі, і старэйшых касцей, чым мае. Ха-ха-ха! Самае нам месца ў крамцы старызны, усе мы тут аднаго балота чэрці. То заходзьце ў гасцёўню! Заходзьце!
Гасцёўняй называлася частка пакоя за смуродлівай фіранкай. Металічным прутом ад лесвічнага дывана стары падгроб вуголле, пасля паправіў муштуком кнот на закуранай лямпе (быў позні вечар) і зноў засунуў піпку ў рот.
Жанчына, якая завяла гаворку, скінула скрутак на падлогу і ганарліва расселася на зэдліку, склаўшы рукі на каленях і з дзёрзкім выклікам пазіраючы на астатніх візіцёраў.
— Ну і што, місіс Дылбер? Якая ўжо цяпер розніца? — спытала яна. — Кожны мусіць клапаціцца пра сябе. Ён дык заўсёды клапаціўся!
— І тое праўда, — падхапіла пралля. — Больш, чым хто іншы.
— Ну тады не стой так, цётка, і не вылуплівайся на мяне, быццам кагосьці баішся! Хто пра гэта даведаецца? Гад гада не джаліць, так жа?
— Не джаліць, — у адзін голас адказалі місіс Дылбер і мужчына. — На гэта і надзея!
— Ну і цудоўненька! — усклікнула жанчына. — Тады хопіць пра гэта. Каму будзе горш ад парачкі зніклых рэчаў? Дакладна не мерцвяку!
— Твая праўда! — засмяялася місіс Дылбер.
— Калі б гэты чортаў жмінда так хацеў захаваць усё пасля смерці, — прадоўжыла жанчына, — чаму ён не жыў па-чалавечы? Знайшоўся б нехта за ім прыгледзець, калі яго сцапае кашчавая. І не здох бы ён так — зусім адзін.
— Праўдзівейшых
— Я б яго пакарала і больш, можаце не сумнявацца, — адказала жанчына, — калі б толькі магла дабрацца да чаго-небудзь яшчэ. Разварочвай скрутак, стары Джо, ацэньвай мой тавар. Давай, кажы наўпрост! Я не баюся быць першай і не баюся, што хтосьці ўбачыць. Мы і раней цудоўна ведалі, што кожны клапоціцца пра сябе. Ніякі гэта не грэх. Развязвай скрутак, Джо!
Але яе абыходлівыя сябры не далі ёй праскочыць першай: мужчына ў выцвілым жалобным строі парушыў дамову і тут жа падсунуў старызніку свае трафеі. Было іх няшмат. Пячатка-дзве, пенал, пара запінак, не дужа каштоўная брошка — вось і ўсё. Стары Джо па чарзе агледзеў і ацаніў набыткі, пасля напісаў мелам на сцяне, колькі згодны заплаціць за кожную рэч, і, зразумеўшы, што болей нічога не будзе, падлічыў канчатковую суму.
— Вось тваё ўзнагароджанне, — прамовіў Джо, — і ні пенса больш, хай мяне хоць жыўцом ядуць. Хто наступны?
Наступнай была місіс Дылбер. Прасціны і ручнікі, штосьці з адзення, дзве старамодныя чайныя лыжачкі са срэбра, шчыпцы для цукру і некалькі параў чаравікаў. На сцяне такім жа чынам з’явілася яшчэ адна сума.
— Дамам я заўсёды пераплачваю. Такая ўжо мая слабасць, яна мяне да галечы давядзе, — сказаў стары Джо. — Вось твая плата. Папросіш яшчэ хоць пені ці пачнеш спрачацца — пашкадую пра сваю шчодрасць і скіну паўкроны.
— Ну, а цяпер мой клунак, Джо, — сказала першая жанчына.
Джо апусціўся для зручнасці на калені і, разблытаўшы мноства вузялкоў, выцягнуў вялізны і цяжкі скрутак цёмнае тканіны.
— Ну і што гэта ў нас? — спытаў Джо. — Няўжо полаг?
— Хо! — са смехам усклікнула жанчына, сагнуўшыся ад смеху, — Ну безумоўна полаг!
— І ты што, сцягнула яго з кольцамі і ўсім астатнім, пакуль ён там ляжаў? — выгукнуў Джо.
— Але ж, — адказала жанчына. — А чаму б і не?
— Ды табе лёсам наканавана разбагацець, — сказаў Джо. — І ты дакладна разбагацееш.
— Калі вядзецца пра такога, як ён, Джо, я сядзець склаўшы рукі не буду, а займуся тым, што кепска ляжыць, — абыякава адказала жанчына. — Гэй, не запэцкай алеем коўдраў!
— Яго коўдры? — пацікавіўся Джо.
— Анягож, чые яшчэ! — адказала жанчына. — Ён без іх цяпер наўрад ці змерзне.
— Спадзяюся, ён не ад якой заразы здырдзіўся? Га? — сказаў Джо, спыніўшы працу і падняўшы вочы ад здабычы.
— На гэты конт не хвалюйся, — адказала жанчына. — Кампанія мерцвяка не такая прыемная, каб корпацца з ім, калі ён заразны. Ды глядзі ты на гэтую сарочку, пакуль вочы не вылезуць: ні дзюрачкі, ні плямачкі! Гэта яго найлепшая, а якая тонкая! Калі б не я, дальбог бы змарнавалася.
— Як гэта змарнавалася? — не зразумеў Джо.
— Начапілі б яе на старэчу і так бы і пахавалі, будзе пэўныя, — са смехам адказала жанчына. — Камусьці хапіла розуму надзець яе на мерцвяка, а я вось зняла. Хопіць з яго і паркалю, бо навошта ён яшчэ патрэбны? Ён проста створаны для трупаў. Брыдчэйшым дзед ад гэтага не зробіцца.
Скрудж з жахам прыслухоўваўся да гаворкі. Ён з такім абурэннем і гідлівасцю глядзеў на гэтых людзей, што ў мізэрным святле старызнікавай лямпы сабраліся вакол свае здабычы, быццам гэта не людзі, а разбэшчаныя дэманы, што таргуюцца за сам труп.