Калядны харал
Шрифт:
Звон цягнуўся, мабыць, не больш за хвіліну, аднак Скруджу падалося, што прайшла цэлая гадзіна. Раптам усе званочкі ўраз замоўклі, і пачулася нейкае бразгатанне — быццам глыбока ўнізе, у вінным склепе, нехта цягнуў па бочках цяжкі ланцуг. Скруджу адразу ж успомнілася ўсё, што ён чуў пра прывідаў: з’явіўшыся ў доме, яны абавязкова валакуць за сабой кайданы.
Дзверы склепа шумна расчыніліся, і знізу пачуўся страшэнны грукат, які паступова набліжаўся, нібыта хтосьці падымаўся па лесвіцы і цяпер спыніўся проста перад Скруджавым ганкам.
— Усё адно
Аднак колер яго твару істотна змяніўся, калі гэтае блазноцце спакойна прайшло праз глуха зачыненыя дзверы і спынілася перад Скруджам. У гэты момант амаль памерлы агеньчык у каміне рэзка ўспыхнуў, нібы ўсклікнуўшы: “Так, я яго ведаю — гэта прывід Марлі!” — пасля чаго зноў змізарнеў.
Так, гэта быў Марлі. Яго твар не пераблытаеш ні з чым. Яго касічка, яго звыклая камізэлька, панталоны, што шчыльна абцягвалі ногі, і боты, на якіх тапырыліся кутасікі, — і касічка таксама тапырылася, як і крыссё сурдута, як і валасы на галаве. Талію Марлі абхопліваў ланцуг, які цягнуўся за ім, як хвост. Ланцуг гэты (Скрудж вельмі ўважліва разгледзеў яго) быў сабраны з выкаваных са сталі скарбонак, ключоў, замкоў, гросбухаў, дакументаў і важкіх кашалькоў. Цела Марлі было празрыстым, і Скрудж, разглядаючы яго спераду, мог бачыць нават два гузікі ззаду яго камізэлькі.
Скрудж часта чуў, што ў Марлі няма сэрца, аднак упэўніцца ў гэтым змог толькі цяпер.
Не, ён і цяпер не быў у гэтым упэўнены, хаця і аглядаў прывід з галавы да ног, каб паверыць, што гэта не сон, адчуваючы на сабе вусцішны позірк ледзяных вачэй памерлага. Скрудж разгледзеў нават кожную нітачку шаліка, які ахутваў галаву і шыю Марлі, заўважыўшы мімаходзь, што такога шаліка той ніколі раней не насіў, — і аднак не хацеў верыць сваім вачам.
— І што далей? — як заўсёды з’едліва і холадна спытаў Скрудж. — Што вам ад мяне трэба?
— Шмат чаго! — несумненна, гэта быў голас Марлі!
— Хто вы такі?
— Спытай лепей, кім я быў.
— Ну і кім вы былі? — ужо гучней спытаў Скрудж. — Так чапляецеся да словаў… — Скурдж хацеў дадаць “што проста страх”, але своечасова спыніўся.
— У жыцці я быў тваім кампаньёнам Джэйкабам Марлі.
— Вы… ты… можа, прысядзеш? — прапанаваў Скрудж, з сумневам узіраючыся ў духа.
— Прысяду.
— Ну, сядай.
Задаючы пытанне, Скрудж баяўся, што бесцялесны прывід не зможа сесці на крэсла, і хацеў пазбегнуць няёмкіх тлумачэнняў, калі б яго падазрэнні апраўдаліся. Аднак госць свабодна ўсеўся па іншы бок каміна — мабыць, там, дзе звычайна сядзеў пры жыцці.
— Ты ў мяне не верыш, — заўважыў прывід.
— Не веру, — пагадзіўся Скрудж.
— Як мне даказаць сваю сапраўднасць, калі ты не верыш нават сваім пачуццям?
— Не ведаю.
— Чаму ты не давяраеш сваім вачам і вушам?
— Ды таму, што на іх уздзейнічае любая дробязь, — адказаў Скрудж. — Варта здарыцца лёгкаму расстройству стрававання, як яны пачынаюць нас падманваць. Ты цалкам можаш аказацца неператраўленым кавалкам ялавічыны, лыжачкай гарчыцы,
Асаблівым пачуццём гумару Скрудж не вылучаўся, дый сітуацыя жадання дасціпнічаць не выклікала, аднак цяпер пажартаваў, каб хоць крышачку ўтаймаваць жах і адцягнуць сваю ўвагу на іншае, бо ад голасу здані ён ледзянеў да самага мозгу касцей.
Моўчкі сядзець, утаропіўшыся ў гэтыя нерухомыя прывідна-шкляныя вочы… не, думалася Скруджу, гэта проста невыносна! Да таго ж здань дыхала ўласным тагасветным паветрам, якое падавалася асабліва вусцішным. Сам Скрудж яго не адчуваў, але не заўважыць штосьці нядобрае было немагчыма: нягледзячы на тое, што прывід сядзеў нерухома, яго валасы, кутасікі на ботах і крыссё злёгку варушыліся, нібы ад пякельнага подыху печкі.
— Бачыш тую зубачыстку? — запытаў Скрудж, са згаданай вышэй прычыны рэзка пераходзячы ў наступленне і імкнучыся хоць на імгненне адвесці ад сябе каменны позірк відзежы.
— Бачу, — прамовіў прывід.
— Але ж ты не глядзіш на яе, — запярэчыў Скрудж.
— І тым не менш бачу, — адгукнулася здань.
— Дык вось, — вымавіў Скрудж, — варта яе праглынуць — і мяне да канца дзён будзе пераследаваць легіён злых духаў, створаных маім уяўленнем. Шахрайства ўсё гэта, чыстае шахрайства!
На гэтых словах прывід выдаў такі жахлівы крык, так пагрозліва і вусцішна загрымеў ланцугамі, што Скрудж з усяе моцы ўчапіўся ў крэсла, баючыся страціць прытомнасць і зваліцца. Яшчэ большая жуда апанавала яго, калі дух разматаў шалік (быццам у пакоі было занадта горача), і ў яго адвалілася сківіца.
Скрудж упаў на калені і паспрабаваў закрыць твар рукамі.
— Злітуйся! — заенчыў ён. — Жахлівая здань, навошта ты мяне катуеш?
— Дробязны розум! — прамовіў прывід. — Цяпер ты верыш у мяне?
— Веру, — прастагнаў Скрудж, — мушу паверыць. Але навошта вам, духам, хадзіць па зямлі, навошта ты прыйшоў да мяне?
— Свет створаны так, — адказаў прывід, — што душа кожнага чалавека на зямной дарозе павінная стасавацца з бліжнімі сваімі і быць з імі разам. І той, хто не выконвае гэтага ў жыцці, вырачаны рабіць тое самае пасля смерці. Ён асуджаны бадзяцца па свеце і — о, гора мне! — сузіраць чалавечыя шчасце і бяду, якія не можа цяпер раздзяліць — а калісьці мог! Калісьці ён мог быць шчаслівым!
Тут прывід зноў выдаў жудасны крык, і загрымеў ланцугамі, і заламаў свае прывідныя рукі.
— Скажы, — запытаў Скрудж дрыжучы, — чаму ты закаваны ў ланцуг?
— Я нашу на сабе ланцуг, які стварыў пры жыцці, — адказаў дух. — Я каваў яго звяно за звяном, ярд за ярдам. Я сам захацеў ім падперазацца і сам захацеў яго насіць. Хіба гэты ланцуг табе не знаёмы?
Скрудж дрыжаў усё больш.
— Можа, — працягваў прывід, — ты хочаш ведаць даўжыню і вагу ланцуга, які скаваў ты сам? Калядным вечарам сем гадоў таму ён быў такім жа цяжкім і такім жа доўгім, як гэты. Але з тае пары ты нямала над ім папрацаваў. О, гэта напраўду надзейны ланцуг!