Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
"Адкуль гэта, — падумаў Гораў, - ад арыстакратызму? Наўрад ці. Яна, відаць, такі самы арыстакрат, як я. Праста чалавек духу і думкі. А ўладнасць — як гэта я не здагадаўся? — проста таму, што мужчыны не могуць не быць рабамі перад такой жанчынай.
I ён адчуў, што каб не мундзiр, каб не вайна, — ён, можа, i сам стаў бы яе рабом. I нёс бы гэтае рабства нават з прыемнасцю.
На цёмна-русых валасах жанчыны, над лобам, вясёлкава блішчалі малюсенькія кроплі вады. I быў гэта твар, у якім было нешта дзіцячае і безабароннае
Леановіч уздыхнуў і апусціў твар у далоні. Гораву здалося, што плечы капітана калоцяцца ад прытоенага смеху. Але, калі Леановіч узняў вочы, твар яго быў сур'ёзны.
— На той бераг, калi ласка, — сказала жанчына.
Леановіч глянуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін ночы.
— Сядайце, піце чай, — спакойна сказаў Пора-Леановіч. — Сымон, фурману шклянку гарэлкі. Коней — выцерці.
— Дзякуй вам на добрым слове, але я не магу, — сказала яна.
— Падпарадкуйцеся, калі ласка, — ветліва, але цвёрда сказаў Леановіч.
Жанчына прыўзняла на яго вочы, быццам здзіўленая гэтай нечаканай цвёрдасцю, Але ўсё ж падпарадкавалася, села
Гораў паспешліва згроб разам з абрусам рэшткі вячэры і выпіўкі. Адной рукой. Правая вісела на перавязі. Яна зусім загаілася, але не магла доўгі час вісець усцяж цела, зацякала.
Увесь гэты час жанчына безуважліва глядзела ў акно. I нават потым, калі пілі чай, не дакранулася да ежы, нягледзячы на ўсе ўгаворы Леановіча. Толькі пагрэла рукі аб шклянку і адпіла некалькі глыткоў. Леановіч павольна і з відавочнай насалодаю хлябтаў бурую ад заваркі вадкасць.
Калі Сымон прыбраў са стала, капітан зручна сеў, прыхіліўшыся спіною да сцяны, і, спытаўшы дазволу, закурыў.
— Дык у чым справа, пані?
— На той бераг. Я вельмі спяшаюся, — усхвалявана сказала яна. — За ўсю дарогу я толькі тут на цэлую гадзіну затрымалася.
— Давядзецца чакаць да раніцы, — спакойна сказаў Леановіч.
— Чаму?
— Вось загад генерала Фікельмонта ўначы абараняць паром, не падпушчаць чужых людзей. Тым больш цывільных… Пераначуйце тут. Пакой мы аддамо вам.
— Мне нельга.
— Вельмі шкадую, пані. Загад Фікельмонта. Ваенны час, пані. Інсургенты…
— Я не інсургент. Я толькі жанчына, маці.
— Захварэла дзіця? — пацікавіўся Пора-Леановіч.
— Не. Я спяшаюся да мужа.
— Шкадую, пані, але дапамагчы не магу. Палявы суд — непрыемная штука. I ёсць загад Фікельмонта, — як малому дзіцяці, добразычліва тлумачыў Леановіч.
— У мяне таксама загад. Яго сіяцельства. Прачытайце.
Ніхто не папрасіў назваць прозвішча. У гэты час на Беларусі было толькі адно "сіяцельства", падпарадкоўваючыся волі якога рухаліся палкі, ганцы заганялі да смерці коней, людзі мучылі людзей.
— Так, загад Мураўёва, — сцвярджальна сказаў Леановіч, гледзячы на паперу.
Гораву здалося, што выгляд у Леановіча не вельмі здзіўлены.
— Ого, — з удаванай уважлівасцю сказаў Леановіч, — дык вы жонка Усяслава Грынкевіча.
— Так, — сказала жанчына, сыходзячы да чагосьці, падобнага на просьбу, — вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы.
Твар яе аж ззяў.
— Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое…
Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку.
— Мужу варта было б думаць раней, — суха сказаў Леановіч. — Замест саламянай падушкі ён абдымаў бы зараз адну з самых прыгожых жанчын, якіх мне даводзілася бачыць.
Жанчына ўспыхнула, але стрымалася:
— Я ўсё гэта разумею. Але зразумейце і вы. Ён будзе жывы. Толькі на той бок — і праз гадзіну я там… I ён жывы.
Леановіч маўчаў, нешта абдумваючы. Зірнуў на гадзіннік. Машынальна глянуў і Гораў. Дванаццаць гадзін. Быццам у адказ праз рык навальніцы данесліся далёкія глухія ўдары саборнай званіцы горада.
— I яшчэ адна прычына, — сказаў нарэшце Леановіч. — Вераб'іная ноч. Рака ўсхадзілася. Можна патапіць паром. I вас. I людзей.
— Зразумейце, яго кожную хвіліну могуць забіць.
Гораў бачыў: яшчэ дзесяць хвілін такога катавання, і жанчына можа заплакаць. Усе другія на яе месцы плакалі б ужо.
Пора-Леановіч, усё з тым самым выразам дагаджэння на сухім прыгожым твары, накінуў на плечы жанчыне плашч.
— Выйдзем, пані… Гораў, хадзем з намі.
Дождж на дварэ пачынаў сціхаць, затое ўзняўся і абяцаў зрабіцца яшчэ больш моцным нізавы вецер. Калі яны, з цяжкасцю пераадольваючы яго імпэтныя парывы, выйшлі на адхон, — іхнім вачам адкрылася жудаснае відовішча.
Рака лютавала. Нізавыя парывы ветру развялі вялікія, у рост чалавека, хвалі. Яны каціліся супраць плыні, шоргаючы белымі грабянцамі. Хлапякі пены ля берага з цяжкасцю, з яўнай напругай пасоўваліся па плыні, падскокваючы на вадзяных гмахах. А ў прыдоннай лазе круцілася, віравала рудая пена. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільным навальнічным цямноцці.
Але і адтуль, са змроку, далятаў усхваляваны, нізкі гук вады. Рака таўклася ў берагі, імкнучыся вырвацца з іх. Праз пляму святла на вадзе слізгануў па хвалях дзіравы кошык, потым — цэлае дрэва, яблыня, вымытая з карэннем. Дзіўна было бачыць на яе апырсканых пенай галінах, якія круціліся, то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы, два-тры недаспелыя антоны.
Леановіч моўчкі паказаў рукою, што трэба вяртацца ў пакой. Толькі там, у разамлелай цеплыні начнога чалавечага гнязда, ён сказаў:
— Вы самі бачыце, пані. Паром немінуча знясе. Пачакайце да раніцы.
— Але ён чакае, — амаль умольна сказала яна.
— Ён чакаў два месяцы. Некалькi лiшнiх гадзiн нiчога не зменяць, — абыякава да здзеклiвасцi сказаў капiтан.
"Не можа ж ён не разумець яе становішча, — думаў Гораў. — Што гэта? Здзек або халодная подласць".
Жанчына, здавалася, не заўважала інтанацый Леановіча.