Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
"Што ж, нічога не здарйцца дрэннага. Адна ноч. I раніцай яна сустрэне мужа. Ім дадуць спатканне, — думаў ён. — За што ж я злуюся на Леановіча, які шчыра выконвае загад?.. За тое, што ён свіння. Чаму?.. Ага, проста нельга адбіраць у гэтай жанчыны тых некалькі лішніх гадзін, што яна будзе з мужам перад тым, як… навекі, назаўсёды, хоць ён і будзе жывы".
Мокры ліст вяргіні зноў з ліслівай абыякавасцю пагладзіў яму шчаку.
"Але чаму "навекі"? Чаму "назаўсёды"? — думаў Юрый. — Ён пасядзіць год пяць, а потым, вядома, будзе амністыя… Цар міласэрны…
I ўсё ж Гораў адчуваў, што ён ніколі не даруе сабе гэтай ночы, гэтых разважанняў за рогам хаты. Ён са злосцю адкінуў рукою мокрае сцябло вяргіні і ступіў у пляму святла, што падала з акна хаты на гразь.
Было дваццаць хвілін на трэцюю.
Ля плота, непадалёк, стаяў Іван, трымаючы нешта за пазухай.
Гораў глыбока ўздыхнуў — нясцерпна было вось так, аднаму, стаяць у цемры — і падышоў да яго. Салдат трымаў за пазухай адну руку. На яго цёмным твары блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі.
— Што гэта ў цябе?
— А галчаняткі… бедныя. Познія, — сіпатым голасам сказаў Іван. — Гняздо раскатала. Жорсткая штука ўраган, барын. Дзе хавацца? На якой зямлі?
Настала паўза. Іван глядзеў за пазуху.
— Ты адкуль, Iван? — цiха спытаў Гораў.
— Маскоўскі.
— Землякі, - з нечаканай для сябе пяшчотай сказаў Юрый.
Зноў запанавала маўчаннё. Толькі шапацеў па дзядоўніку дождж.
— О-ох, — сказаў сіпаты голас Івана. — Зараз на Пятніцкай катрынка грае, служанкі ля пад'ездаў семкі лузгаюць… Іван Вялікі непадалёк гарыць, аж вачам балюча.
Абодва не думалі, што ў Маскве зараз таксама ноч. Вачам афіцэра і салдата яна здавалася сонечнай, ззяючай і асветленай цеплынёю вечнага жнівеньскага дня.
— Людзі з царквы ідуць, — казаў Іван. — "Вуглей гарачых!" здалёк даносіцца.
— На развале кнігамі гандлююць, — летуценна сказаў Гораў.
— Угм, — няўпэўнена і адразу неяк адчужана сказаў Іван.
I Гораў таксама адчуў гэта. Ён стаяў, пакутліва думаючы, што яму штосьці трэба ад гэтага салдата, што яму трэба штосьці вырашыць.
— Галчаняткi вы… дурныя. Бач, вачыма лыпаюць.
I раптам Гораў, амаль нечакана для сябе, сказаў:
— Iван, як пераправiцца цераз раку?
Іван спадылба глянуў на афіцэра, павагаўся, а потым цалкам натуральна адказаў:
— Яно можна.
— Ты не думай, — заспяшаўся Гораў. — Я загадваю, я сам з табою і паеду…
— Вядома, загад, барын, іначай нельга, — сурова сказаў Іван. — Можна б і ў начальніка кардона спытаць, але ён, відаць, заснуў.
I прыбавіў:
— Мы човен схавалі.
— Човен? Як асмеліліся? А загад?
— А адкуль у нас рыба ў юшцы? — амаль груба спытаў салдат. — Што ж нам, на кашы сядзець? Калі самі сабе не дапаможам…
— Добра, добра, — сказаў Гораў і пасуровеў. — Што ж, Іван, са мной паедзеш?
— Цяжка ўтраіх, — уздыхнуў Іван, — але паспрабаваць трэба.
— Едзем.
— Ну-к,
Гораў ужо цёпаў прэч ад яго па глыбокай гразі. Спыніўся пад акном бакоўкі, пашкроб у яго пальцам. I амаль адразу ўбачыў за каламутнымі шкельцамі яе твар з пашыранымі вачыма. Гораў прыклаў палец да губ, і яна здагадалася, бязгучна расчыніла акенца,
— Збірайцеся, — шэптам сказаў ён, — і дзьмухніце на свячу: хай думаюць, што вы спіцё.
Бакоўка адразу агарнулася цемрай. Белы цень твару наблізіўся да вачэй Горава.
— Дапамажыце мне.
У цемры дзве цёплыя рукі абвілі шыю Горава. Падтрымліваючы яе за стан, ён павольна пацягнуў яе на сябе — акенца было вельмі вузкім. Перагнуўшыся назад, ён адчуў, як на яго ключыцы ляглі цвёрдыя жаночыя грудзі. У наступную хвіліну яна стаяла поруч з ім.
— Дайце мне руку, — шэптам сказаў ён, — хадзем.
Маленькія цёплыя пальцы праціснуліся ў яго далонь. Гораў, спяшаючыся, павёў яе да берага, спачатку амаль на дыбачках, потым бягом…
– Іван, дзе ты? — шапнуў ён, нахіліўшыся з адхону.
— Тут, — прагучаў у адказ сiпаты голас.
Салдат стаяў на невялічкай убітай сцежцы.
— Хутчэй, — сказаў ён, і яны ўсе пабеглі берагам да высокіх зарасцяў лазы.
…Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Іван узяў жанчыну з рук Горава і, занадта гучна шабоўтаючы нагамі па вадзе, панёс яе некуды ў нетры прыдоннай лазы.
— Ёсць, — сказаў ён, вярнуўшыся, — дайце руку.
I пацягнуў Горава кудысьцi ў цемру.
Выцяўшыся каленам аб борт чаўна, Гораў пераваліўся ў хісткую пасудзіну.
— Чакайце, — буркнуў Іван, — толькі сцябла схаваю.
— Якое сцябла?
— Ну, тутэйшае слова, латок, на які нерат укладваюць… Хлопцы, як згубім, не пахваляць.
Ён яшчэ з хвіліну шапацеў у лазе, як вялізны бабёр, потым сунуў у руку Горава вясло.
— А другое?
— Гэта вам не катанне на Яўзе… Тут адным абыходзяцца. Вяслуйце ля самага борта, а потым злёгку падайце канец убок і ўгору.
— Дайце я, — сказала жанчына, — ён не ўмее.
— Сілы пашкадуй, дзіцятка, — грубым голасам сказаў Іван. — Да конскіх могілак дзве вярсты… у цемры.
Конскімі могілкамі называлася месца, ля якога стаяла гаўптвахта.
Іван моцным штуршком выкінуў човен з лазы. I адразу — спачатку слаба, потым мацней — пасудзіну пачало гайдаць, а потым кідаць па хвалях.
— Чорт, — сказаў салдат, — наўкос бяры, не стаў бокам да хвалі.
— Нічога не бачу.
Бледная бязгучная маланка якраз у гэту хвiлну залiла няпэўным дрыготкiм святлом абшар Дняпра, пасiвелага ад ярасцi, iмклiвыя грабянцы валоў, далёкi чорны бераг. Вёслы Горава i Iвана ўдарылi па вадзе, ружовай ад святла блiскавiцы. I адразу гэтая вада стала чарнiльнай, а на людзей цяжка навалiўся змрок. Потым, быццам жадаючы дапамагчы, неба раз-пораз пачало раздзiрацца ўспышкамi святла. Гораў бачыў твар жанчыны, якая з прагай, з чаканнем, зусiм без усведамлення небяспекi, толькi з лiкуючым iмкненнем наперад, да волi, глядзела на другi бераг, якi амаль не наблiжаўся.