Чтение онлайн

на главную

Жанры

Левы рэйс

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

— У нас тут бягучыя пытанні,— выйшаў да яго дырэктар, — не перашкодзіце.

Корзун не стаў упірацца, падумаўшы, што нават у час кароткай нарады можна атрымаць уражанне аб атмасферы, у якой жыве кіраўнік.

І тут размова ішла аб кармах. «Ляды» — не «Зялёны Бор», гэта Корзун зразумеў адразу, на дапамогу збоку ў саўгасе не разлічвалі. Дырэктар напомніў аднаму з загадчыкаў фермы пра ашчаднасць, сказаў, што за апошні тыдзень на яго ферме двойчы давалі жывёле непрыгатаваную салому. У кабінеце дырэктар з выгляду быў самы маладзейшы. Але слухалі яго ўважліва, з павагай. Нездарма, відаць, у сельгасупраўленні спадзяюцца, што ён выцягне гаспадарку.

Корзун шчыра пазайздросціў дырэктару — лічы, аднагодак, а якую справу робіць! Не тое што ён, крыміналіст, — ведае, здаецца, усё, а разабрацца — нічога: закончыць справу, як вось цяпер, і застанецца ў яго аб жывёлагадоўлі даволі прыблізнае ўяўленне. І так, бадай, будзе з наступнай справай, з кожнай новай… Корзун разумеў, што і крыміналістыка — навука, прафесія, вынікі працы ў якой не заўсёды памацаеш рукамі, што і тут ёсць неабмежаваны прасцяг для ўдасканалення, творчасці, нарэшце. А ўсё роўна здаволенасці не адчуваў. Ці не таму, што перажываў цяжкі момант, што тыцкаўся туды-сюды, дакладна не ведаючы, чаго хоча?

Нарада скончылася, як дырэктар і абяцаў, хутка. Корзун міжволі параўнаў дырэктара саўгаса са сваім Юркаўцом. У Юркаўцовым кабінеце супрацоўнікі таксама не заседжваліся.

— Давайце спачатку пазнаёмімся, — сказаў гаспадар, калі кабінет апусцеў.— Рабека, Васіль Паўлавіч.

Корзун назваў сябе і расказаў, чаго прыехаў.

Рабека хвіліну разглядаў яго, быццам не зусім зразумеў пытанне. Нарэшце, відаць, зрабіўшы нейкі вывад, з жалем прамовіў:

— Шкада, такая недарэчная смерць.

— Смерць, бадай, заўсёды недарэчная, — Корзуну не спадабалася, што Рабека яго ўважліва разглядаў.

— Малады ён, гэта наогул не ўспрымаецца, — дырэктар спакойна ўдакладніў сваю думку і нагадаў: — Мы, здаецца, ухіліліся.

— Не зусім, — Корзуну гэта было прыемна: Рабека цаніў і чужы час. — Мае значэнне любая дробязь.

Дырэктар кіўнуў галавой.

— Цікавыя людзі карэспандэнты, — успомніўшы жывога Рамейку, Васіль Паўлавіч усміхнуўся. — Занатоўваў-занатоўваў у блакнот лічбы, факты, а тады схаваў яго ў кішэню і да мяне: «Ці не мала васемнаццаць парасят ад асноўнай свінаматкі?»

— Ён да вас у «Зялёным Бары» быў…

— Здагадаўся. Там паказчыкі проста выдатныя. Але і ў нас будуць, не такія, можа, але будуць. Я і карэспандэнту гэта гаварыў, расказваў, як збіраемся дабівацца павелічэння вытворчасці мяса. Ён слухаў нават больш, прабачце, зацікаўлена, чым вы, — Рабека адняў ад стала руку, папярэджваючы пярэчанне. — Думаю, у адрозненне ад вас, што, дарэчы, натуральна, ён меў пэўную мэту. Мне здалося, ён нібыта параўноўваў з нечым усё, што я гаварыў яму.

Корзун са здавальненнем падумаў, што пазнаёміўся з разумным, назіральным чалавекам. Развітаўся з ім цёпла, з жалем.

Гравійку пасля нядаўніх снежных заносаў расчысцілі, машыны паспелі яе ўжо добра ўкатаць, і райаддзелаўскі «газік» упэўнена бег па гладкім палатне, асвятляючы фарамі белыя адвесныя сцены-гурбы на абочынах. Шафёр ці саромеўся інспектара з абласнога ўпраўлення, ці наогул быў маўклівым. Ён сачыў за дарогай, не паварочваючы галавы да пасажыра.

Іншым разам Корзун сам загаварыў бы з вадзіцелем, бо і непрыгожа, і непрыемна сядзець з чалавекам поплеч як вады ў рот набраўшы. Тым болей што дарожная няспешная размова з новым субяседнікам заўсёды цікавая, нешта табе адкрывае. Але сёння было не да этыкету і цікаўнасці. Хацелася па свежых уражаннях адгадаць, што такое спадзяваўся карэспандэнт дазнацца ў гэтых гаспадарках. Корзун мусіў прызнаць, што, калі Рабека і Абабурка, вядома, нічога істотнага не ўпусцілі, Рамейка правёў гутаркі з імі па-майстэрску. Як кваліфікаваны следчы, які не хоча дачасна раскрываць свае карты. Здаецца, нічога асаблівага не спытаў, а паехаў, як думае Рабека, здаволены. А калі дырэктару гэта толькі здалося? Вунь ён, Корзун, лічы, нічога не ўлавіў, а едзе таксама здаволены — самім фактам знаёмства з Рабекам. Так што сэнс трэба шукаць у нечым іншым. Логіка падказвае, што нічога пэўнага Рамейка не даведаўся. Бо, каб сігнал пацвердзіўся б хаця напалавіну, на меншую частку, самы просты шлях ісці ў народны кантроль, міліцыю, райком, нарэшце. Каб з іх дапамогай праверыць да канца. А ён нікуды не пайшоў, больш таго, паехаў у суседні раён. Нічога не раскрыў ці, не будучы ўпэўнены да канца, збіраўся нешта высвятляць яшчэ? Верагодна і гэта.

Зарыпелі тармазы, «газік» прыпыніўся перад выездам на шашу. Мільгануўшы чырвоным ліхтарыкам, іх абагналі «Жыгулі».

— Вось так выконваецца план па металалому, — абурыўся шафёр. — Гора ад гэтых уласнікаў.

— Ліхач, — пагадзіўся Корзун, заняты сваімі думкамі.

— А ўжо ж! Дарэчы, ваш знаёмы, — Абабурка. Прыйдзецца ў ДАІ паведаміць.

— Выкруціцца, — усміхнуўся Корзун.

— А ўжо ж, — шафёр сярдзіта пераключыў хуткасць…

Шасцерні, як падзяляючы абурэнне гаспадара, загырчалі. Машына рванулася з месца. Далёка наперадзе паказаліся агні Яснагорска.

— Ён на абед запрашаў,— з запозненым жалем успомніў Корзун.

— Адмовіліся? Нішто, пацерпім, такая ўжо наша служба.

— Што праўда, то праўда, — пацвердзіў Корзун.

Быў бы час, завярнуў бы ён куды-небудзь з шафёрам, каб перакусіць. Не ў яго правілах было марыць голадам таварыша. А ўсё карэспандэнт-нябожчык, задаў ён сваёй смерцю задачку, да якой ні пад'ехаць, ні падступіцца. Бадай, самае правільнае — паведаміць пра пісьмо ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі, хай разбіраюцца. У іх ёсць для гэтага і бягучыя і раптоўныя рэвізіі. Але нешта не давала Корзуну зрабіць так. Не толькі тое, што пісьмо пакуль не мела зваротнага адраса. Ён, вядома, ведаў, што калегі — хто жартам, паблажліва, а хто і сур'ёзна, ухваляючы, — гаварылі пра яго: «фактавік». Маўляў, учэпіцца за факт і не адпусціць, пакуль не выцягне, як той рыбак: або рыбку, або карчагу. Тут жа не было і факта, тут ён, як кажуць, за паветра ўхапіўся. Дык чаму ж, як і Рамейка, не заехаў, вярнуўшыся, ва ўпраўленне? Хаця… Факт, ці, дакладней, факцік усё-такі ёсць. Не знойдзены не толькі праязныя дакументы, а і пісьмо, запісная аб якой успаміналі і Рабека, і Абабурка… Тут ёсць над чым паламаць галаву… Але што гэта за факцік? Запісная кніжка магла выпасці з кішэні, калі Рамейка папаў пад машыну, а камандзіроўка з білетамі ляжалі ў кніжцы. Мясцовасць аглядалі, але праз два дні і пасля завеі. Мог і раней згубіць, у іншым месцы. Можа, некалі нехта і знойдзе яе. А пісьмо… Напішуць другое, ды яшчэ з прэтэнзіяй да рэдакцыі, чаму меры не прынялі. І ўся паездка сюды акажацца пустой, больш таго, паспешлівай і таму ўрэшце непатрэбнай. Праз пэўны час усё стане зразумелым само сабой, і застанецца толькі няшчасны выпадак на пасялковай вуліцы. А ў гісторыі аддзела крымінальнага вышуку будзе запісана пагоня за зданню. Праўда, апошняе Корзуна не вельмі хвалявала. Як казаў адзін з яго настаўнікаў, адсутнасць вынікаў — таксама вынік. З гэтага хіба старшы лейтэнант Дзюба пасмяецца…

«Газік» ужо каціў па яснагорскай вуліцы, зрэдку на скрыжаванні папярэджваючы аб сабе кароткімі пявучымі сігналамі. Корзун падумаў, што калі ўдасца хутка ўстанавіць Рамейкавага спадарожніка, то паспее яшчэ сёння вярнуцца дадому. Ён скоса зірнуў на засяроджанага шафёра. У раёне людзі звычайна ведаюць адзін аднаго, а вадзіцелі тым болей.

— Мне трэба выявіць аднаго ўласніка, — павярнуўся ён да шафёра. — Прыкметы: шакаладныя «Жыгулі», жоўтая андатравая шапка, зялёнае дэмісезоннае паліто і яркі чырвоны шалік, — пералічваў ён прыкметы, якія яму назваў у свой час вадзіцель міжгароднага аўтобуса.

— Сур'ёзна? — Корзун пачуў смех. — Вы ж з ім сёння размаўлялі. Зялёнаборскі заатэхнік.

— Хто-о? От неспадзеўка!..

— Паміж сабой мы яго Светафорычам завём. Аднойчы пачуў. Не пакрыўдзіўся, нават пажартаваў. «Гэта я, — кажа, — каб мне дарогу саступалі». А што, такому мусіш саступіць, калі хочаш уцалець. Ганяе як сабе хоча.

Корзун падумаў, што вось і апошняя графа ў ягоным плане займела «птушку» — праверана. Шкада, вядома, што раней не чуў пра Светафорыча, можна было б папытаць у Абабуркі, якая кошка паміж ім і Рамейкам прабегла. Хаця, хутчэй, ніякая. Дзяліць ім няма чаго, знаёмства блізкага ў іх не было. Проста на досвітку людзі, недаспаўшы, часта хмурныя, ім бы хутчэй прытуліцца да чаго-небудзь і дадрамаць. А вадзіцелю аўтобуса здалося немаведама што.

Популярные книги

Эфемер

Прокофьев Роман Юрьевич
7. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.23
рейтинг книги
Эфемер

Хозяйка усадьбы, или Графиня поневоле

Рамис Кира
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.50
рейтинг книги
Хозяйка усадьбы, или Графиня поневоле

Энфис. Книга 1

Кронос Александр
1. Эрра
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.70
рейтинг книги
Энфис. Книга 1

Ученик. Книга вторая

Первухин Андрей Евгеньевич
2. Ученик
Фантастика:
фэнтези
5.40
рейтинг книги
Ученик. Книга вторая

Хозяйка лавандовой долины

Скор Элен
2. Хозяйка своей судьбы
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.25
рейтинг книги
Хозяйка лавандовой долины

Назад в ссср 6

Дамиров Рафаэль
6. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.00
рейтинг книги
Назад в ссср 6

Возвышение Меркурия. Книга 12

Кронос Александр
12. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 12

Идеальный мир для Лекаря 2

Сапфир Олег
2. Лекарь
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 2

Восход. Солнцев. Книга VIII

Скабер Артемий
8. Голос Бога
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восход. Солнцев. Книга VIII

Последний реанорец. Том I и Том II

Павлов Вел
1. Высшая Речь
Фантастика:
фэнтези
7.62
рейтинг книги
Последний реанорец. Том I и Том II

На границе империй. Том 9. Часть 5

INDIGO
18. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 9. Часть 5

Кодекс Охотника. Книга X

Винокуров Юрий
10. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
6.25
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга X

Внешники

Кожевников Павел
Вселенная S-T-I-K-S
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Внешники

Прометей: Неандерталец

Рави Ивар
4. Прометей
Фантастика:
героическая фантастика
альтернативная история
7.88
рейтинг книги
Прометей: Неандерталец