Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)
Шрифт:
5. Усе згаджаюцца з яго словамi i пастанаўляюць прыняць таго, пра каго гэты сябра расказваў, ды шукаць для папаўнення таварыства iншых. Тады той, што гаварыў, выйшаў на хвiлiну i прыводзiць нейкага, як i абяцаў, высокага юнака, з якiм наўрад цi мог бы хто-небудзь з прысутных зраўняцца. Не гаворачы пра магутны склад цела, ён быў на цэлую галаву вышэйшы за ўсiх, хоць на яго твары ледзь толькi прабiваўся першы пушок. Апрануты быў ён у стракатыя лахманы, праз якiя прасвечвалiся магутныя грудзi i жывот. I вось гэты новы знаёмы гаворыць: "Прывiтанне вам, клiенты наймацнейшага бога Марса, якiя сталi мне ўжо вернымi паплечнiкамi. Мужа велiкадушнага i палкага, якi з радасцю да вас прыходзiць, з радасцю прымiце. Я ахвотней падстаўляю свае грудзi пад удары, чым здабываю золата, i сама смерць, якая палохае iншых,
6. Аднак усё мноства маiх даўнейшых адважных сяброў i ўсё маё вялiкае багацце было страчана мною за кароткi час. Здарылася так, што я зрабiў напад на iмператарскага пракуратара, якi атрымоўваў аклад дзвесце тысяч сестэрцыяў, але пазней яго справы пахiснулiся, i ён апынуўся ў беднасцi. Боскi гнеў скрыжаваў нашы шляхi... зрэшты, дзеля таго, што гэта гiсторыя вам невядомая, пачну па парадку. Быў пры дварэ Цэзара вельмi вядомы сваiм высокiм становiшчам слаўны муж, якога Цэзар надзвычай паважаў. Вось яго, ачэрненага падкопамi некаторых асоб, лютая зайздрасць падвергла выгнанню. Яго жонка Плацiна, жанчына рэдкай вернасцi i выключнай цнатлiвасцi, нарадзiўшы дзесяць разоў, моцнай асновай забяспечыла дом свайго мужа. Пагрэбаваўшы ўцехамi сталiчнага жыцця i зненавiдзеўшы раскошу, гэта паплечнiца ў выгнаннi i сяброўка ў няшчасцi абстрыгла валасы, змянiла сваё адзенне на мужчынскае, падперазалася поясам, у якiм былi зашытыя каштоўныя нашыйнiкi i залатыя манеты, i пераносiла небяспекi i нязручнасцi сярод аголеных мячоў, клапоцячыся няспынна пра бяспеку i выратаванне мужа. Перажыўшы шмат нягод у дарозе як на моры, так i на сушы, наблiжалiся яны да Закiнфа, дзе бязлiтасны лёс вызначыў пракуратару чарговае месца жыцця.
7. Але, як толькi дабралiся яны да актыйскага ўзбярэжжа, дзе мы ў той час, прыбыўшы з Македонii, былi на здабычы, i з надыходам ночы, аберагаючыся ад марской гайданкi, размясцiлiся на начлег у нейкай прыбярэжнай карчме паблiзу свайго карабля, мы напалi на iх i ўсё забралi. Аднак нельга сказаць, што мы адплацiлiся нязначнай рызыкай. Як толькi пачула матрона рып дзвярэй, яна пачала бегаць па пакоi, клiчучы сваiх слуг i вартаўнiкоў, i сваiм крыкам усiх напалохала так, што, каб яны не пахавалiся хто куды, мы не выйшлi б цэлыя. Але гэта, трэба аддаць ёй справядлiвасць, годная жанчына, якая сваiмi выключнымi якасцямi заслужыла прыхiльнасць Цэзара, звярнулася да яго з просьбай i дабiлася для свайго мужа хуткага вяртання i загаду на помсту за напад. I як толькi Цэзар пажадаў, каб перастала iснаваць брацтва разбойнiка Гема, адразу яго не стала - такую ўладу мае адзiн узмах рукi iмператара. Уся наша шайка, высачаная атрадамi вексiларыяў, аказалася рассеянай i выбiтай, i толькi я адзiн, ледзь здолеўшы схавацца, пазбегнуў пашчы Орка наступным чынам.
8. Апрануўшы квяцiстую жаночую сукню, якая ападала незлiчонымi складкамi, накрыўшы галаву тонкай хусцiнкай, абуўшыся ў белыя далiкатныя жаночыя туфлi i схаваўшыся пад выглядам жанчыны, я сеў на асла, нагружанага ячменем, i праехаў праз самую сярэдзiну варожага атрада. Жаўнеры палiчылi мяне за паганятага аслоў i прапусцiлi без нiякай затрымкi. Трэба сказаць, што тады я быў безбародым i мае шчокi ззялi юнацкай свежасцю. Пры ўсiм гэтым я не зганьбiў нi бацькавай славы, нi сваёй доблесцi, хоць i давялося мне нацярпецца страху, бачачы перад сабой забойчыя мячы.
I ўсё ж, схаваўшыся ашуканствам пад чужой вопраткай, я ў адзiночку нападаў на двары i сёлы i змог назбiраць сабе грошыкаў на дарогу".
I, расхiнуўшы свае лахманы, ён дастаў з iх дзве тысячы залатых. "Вось, кажа, - ад усяго сэрца падарунак вашай кампанii, цi, правiльней кажучы, мая доля, i адначасова прапаную вам сябе самога, калi вы не супраць, у сама верныя атаманы, прытым ручаюся, што за вельмi кароткi час зраблю гэта ваша каменнае жытло залатым".
9. Без затрымкi i прамаруджвання разбойнiкi аднагалосна выбралi яго сваiм важаком i прынеслi яму даволi багатую прыгожую
Даведаўшыся з гутаркi разбойнiкаў, якую яны вялi мiж сабой, пра спробу паланянкi ўцячы, i пра маё хаўруснiцтва, i аб прызначанай нам жахлiвай смерцi, ён запытаўся, дзе знаходзiцца дзяўчына. Калi яе прывялi i ён убачыў яе закаванай, то, зморшчыўшы незадаволена нос, гаворыць: "Вядома, я не такi нявыхаваны i самавольны, каб спыняць вас ад выканання вашага прысуду, аднак лiчыў бы бессаромным, меўшы сваю думку, схаваць ад вас тое, што мне здаецца правiльным. Перш за ўсё прашу мне верыць, што кiруе мною выключна ваша карысць, прытым, калi мая думка вам не спадабаецца, вы зноў можаце вярнуцца да свайго намеру. Я лiчу, што для разбойнiкаў, для тых, хто ясна разумее сваю справу, вышэй за ўсё павiнен стаяць прыбытак, нават вышэй, чым жаданне помсты, здзяйсненне якой бывае звязана са стратамi. Калi вы загубiце гэту дзяўчыну ў гэтым асле, дык вы толькi заспакоiце сваё пачуццё абурэння без нiякай кампенсацыi. Таму я думаю, што яе трэба завезцi ў якi-небудзь горад i там прадаць. Дзяўчына ў яе гадах не можа пайсцi па нiзкай цане. У мяне самога, калi я яшчэ вадзiўся са зводнiкамi, быў знаёмы, якi, думаю, не мала даў бы талантаў за такую дзяўчыну з высокага роду, каб далучыць яе да рамяства распуснiцы. Ад яго ўжо яна не ўцякла б, а ваша жаданне помсты было б у нейкай ступенi задаволеным, калi б яна трапiла ў публiчны дом. Я вам выказваю тое, што мне прыйшло ў галаву, а вы ў сваiх намерах i ўчынках свабодныя".
10. Так гэты руплiвец аб разбойнiцкiм прыбытку баранiў i нашу справу ратаваў асла i дзяўчыну. Пасля доўгага абмеркавання, якое выматала мне ўсю душу, усе ахвотна далучылiся да думкi разбойнiка-навiчка i зараз жа вызвалiлi дзяўчыну ад кайданоў.
А тая, убачыўшы гэтага юнака i пачуўшы гутарку пра распуснiц i зводнiкаў, пачала радасна смяяцца, што прымусiла мяне асудзiць увесь жаночы пол: гэта ж на маiх вачах разыгрывала дзяўчына каханне да маладога жанiха i iмкненне да святынi чыстага шлюбу, i вось пры адным успамiне пра публiчны дом яна прыходзiць у захапленне. Такiм чынам, у той момант увесь жаночы род i ягоны нораў залежалi ад аслiнага асуджэння.
А малады чалавек зноў гаворыць да разбойнiкаў: "Чаму б нам не наладзiць малебства Марсу Паплечнiку, каб ён дапамог нам i дзяўчыну прадаць, i набраць новых сяброў? Ды, як бачу, няма ў нас нiякай жывёлiны, каб прынесцi ахвяру, i столькi вiна, каб можна было ўдосталь выпiць. Дайце мне з дзесятак спадарожнiкаў, гэтулькi мне хопiць, i я пайду ў блiжэйшую сялiбу i навалаку вам адтуль харчоў i вiна на цэлы салiйскi банкет".
I ён пайшоў, а тыя, што засталiся, расклалi вялiкае вогнiшча i нарыхтавалi з зялёнага дзёрну богу Марсу алтар.
11. Неўзабаве тыя, што пайшлi, вяртаюцца, несучы мяхi з вiном i гонячы перад сабой цэлы статак жывёлы. Выбраўшы вялiкага старога калматага казла, прыносяць яго на ахвяру Марсу Паплечнiку i Спадарожнiку i тут жа рыхтуюць багаты банкет.
А той новы кажа: "Вы павiнны пераканацца, што атаман не толькi ў вылазках i захопе здабычы спрытны, але ўмее i павесялiцца". I, узяўшыся за работу, усё вельмi ўмела рыхтуе. Ён мяце, накрывае, варыць, смажыць каўбасу, прыгожа падае на стол, а галоўнае, усiх поiць вялiкiмi чаркамi вiна. У той жа час, робячы выгляд, што яшчэ нешта трэба прынесцi, штораз заходзiць да дзяўчыны i то дасць ёй узятую са стала ежу, то з вясёлым выглядам паднясе вiна, памачыўшы перш у той жа чарцы губы. Дзяўчына ўсё гэта прымала з прагнасцю i, здаралася, калi той хацеў яе пацалаваць, сама хуткiмi пацалункамi папярэджвала гэта жаданне.
Такiя яе паводзiны мне зусiм не спадабалiся. Ах, нявiнная дзяўчына, як магла ты забыцца пра свой шлюб i пра свайго жаданага жанiха? Як магла ты аддаць перавагу гэтаму прыблуду i крываваму забойцу перад такiм, якi толькi што стаў тваiм мужам, прыгожым знатным невядомым мне юнаком? Няўжо не мучыць цябе сумленне i ахвота табе, забыўшыся пра пачуццi, аддацца блуду сярод гэтых мячоў i пiк? А што будзе, як iншыя разбойнiкi пра гэта знюхаюць? Зноў тады да асла вернешся, зноў падвядзеш мяне пад смяртэльны ўдар! Праўду сказаць, ты адыгрываешся на чужой спiне...