Муштук і папка
Шрифт:
Справу чытаў я двойчы, з пакутлівай пільнасцю. Раіўся з двума юрыстамі, у Кіеве і ў Менску. Па маёй просьбе, з ужо адасланай папкі, мне прыслалі ксеракопіі чатырох вырашальных дакументаў: з аднаго боку — выпіска з пратакола пасяджэння «тройкі» і з акта пра выкананне прысуду, а з другога боку — заключэнне па архіўна-следчай справе па абвінавачанні і акрэсленне ваеннага трыбунала, — прысуд і забойства, расследаванне і рэабілітацыя, яшчэ адна чалавечая гісторыя, заключаная ў векапомных датах: 1937–1956.
І шкодніцтва (артыкул 54-7 украінскага крымінальнага кодэкса), і шпіянаж (артыкул 54-6) юрыдычна палічаны поўнасцю бяздоказнымі. Так і падкрэслена: «не нашло своего подтверждения». Са спасылкамі на розныя архіўныя нумары і абрэвіятуры. А тое, што як між іншым, дадаткова, без якога-небудзь
Што ж застаецца?
Жахлівы махавік круціўся ва ўсю няспынную сілу, жорны малолі, не буксуючы ў чалавечай крыві. І брату майму, як і многім, патрэбен быў той, хто штурхане пад махавік, у жорны, і той знайшоўся. Гэта мог быць і загадкавы М., жыд, і нехта расеец, украінец, беларус — у мярзотнікаў таксама ж ёсць свой няпісаны інтэрнацыянал. Імёны членаў яго з надзейнай сакрэтнасцю, відаць, наперад ахоўваючы сакрэты метадаў, схаваны недзе ў іншых папках, кажуць: з паметкай «агентурные сведения», і папкі тыя не паказваюць нават «у парадку выключэння». Ва ўспамінах людзей, якія цудам ацалелі ў жорнах «класавай барацьбы», мне двойчы сустрэлася такое акрэсленне «судоў» і «асобых нарад», — судзілі не за што, а дзеля чаго. Чалавека трэба было знішчыць, камусьці гэта было патрэбна, і яно рабілася. З усёй каравасцю крыважэрнага хамства, з тоўстымі белымі ніткамі юрыдычнага дылетанцтва, з магільнай неразгаданасцю падтэксту. Многа ўсялякіх варыянтаў у тым падтэксце, а вядома агульнае адно — такі быў час і лад.
Яшчэ два запісы з розных дзён.
Першы — зроблены адразу пасля другога чытання справы:
«… Душа мая зноў дакранулася да бездані жаху, ужо ў большым спакоі, аднак і зноў яна смуткуе, няхай сабе не смяротна, як у Валодзі было, але блізка да гэтага. Хрысту было лягчэй: ён жа і Богачалавек, і тры апосталы, найвярнейшыя з дванаццаці, былі пры ім. А брату майму не было каму сказаць у безвыходнасці чалавечай тугі: „Душа моя скорбит смертельно; побудьте здесь и бодрствуйте со мною…“»
І другі запіс, пазнейшы:
«І зноў, і ўжо даўно не ўпершыню вяртаецца бачанне страшэнна невымернай чалавечай крыўды і абразы. Ён працаваў сумленна, жыў сціпла, шчасліва ў сям'і, і вось яго бяруць, катуюць датуль, пакуль яму не стане абыякава, што перапісваць пад дыктоўку (тое „заявление“), што падпісваць, нібы нямоглай старэчай рукой (тыя тры пратаколы), тады яшчэ паўгода — скатаванага да слепаты, зламанага, зганьбаванага — трымаюць за кратамі, каб потым завезці за сто з гакам кіламетраў, у галоўнае падзямелле, дзе ў рабочым парадку, на масавым канвееры застрэліць ва ўпор у скронь ці ў патыліцу, а потым механізавана, на транспартнай стужцы выкаціць у грузавік, — ноччу! ноччу! — завесці далей за горад, у лес, і закапаць разам з мноствам таксама скатаваных, зламаных, зганьбаваных, у скронь ці ззаду застрэленых, навекі, — бо так і лічылі каты-следчыя, атлусцелыя „троечнікі“ і радавыя забойцы, — навекі, наглуха закапаных у „праклятае народам“ небыццё. Разам з усімі бездапаможнымі пратэстамі, заклікамі да справядлівасці, з мільённадушным адчаем: за што? у імя чаго?..»
Пры той жахлівай масавасці генацыду — у адным чалавечым лёсе няма нічога надзвычайнага.
Апроч цуду з імянным муштуком, цуду — аднаго на сотні тысяч ці на мільёны. І мне так неабходна найясней убачыць, як расказаць пра гэта — пра звычайнасць і незвычайнасць, універсальнасць трагедыі, заключанай, як у маленечкай кроплі, у гісторыі адной чалавечай сям'і. На прыкладзе свайго мне лепш, а можа, і найлепш відно, як гэта жудасна — замучыць, забіць невінаватага. Думаючы пра мільёны, адзін бачыцца вельмі маленькім, у вялікай краіне, тым больш ва ўсім вялізным свеце гэта так мала — адзін. А ў сям'і, у душах родных гэта ж цэлы свет болю. А ў душы найраднейшай — у матчынай? Я памятаю, я чую зноў, як яна плакала начамі… Не ведаю, што адчуваў бы я як сын яго, як бацька, як шчыры друг. Я адчуваю сваё, як ледзь не па-сыноўняму малодшы брат. Так пазнаю, і яшчэ пазнаю свайго таямнічага, амаль зусім невядомага… Вось я чытаю пра допыты, пакуты, стойкасць і ламанне і ўвесь час міжволі думаю пра свайго. Ён трымаўся чатыры месяцы. Ён быў,
«Віна» з пакутнікаў пераходзіць на віну — падкрэслена, без двукосся — на іхніх «суддзяў», на той час, на тую палітыку, аслепленасць, апантанасць, чуму, халеру… штосьці яшчэ горшае!.. І як ні многа я чытаў і слухаў пра той генацыд, не памятаю, каб сярод прычын, якія спрыялі яму, накіроўвалі яго, была названай яшчэ адна прычына, вельмі істотная, з найгалоўнейшых — партыйная дысцыпліна, што спараджала, натхняла, апраўдвала выканаўцаў…
У «Выпісцы з пратакола пасяджэння Тройкі», нібы незаўважна, сціпла, стаіць такая вышынская фраза: «В проведении шпионской деятельности сознался». І яна там, для «тройкі» — галоўнае. Агавор самога сябе, выбіты катаваннямі, быў для ахвяры не проста небяспечны, а смяротны. Канцоўка ў «заявлении», трафарэтна прадыктаваная вязню, з тым «сознавшись чистосердечно прошу даровать мне жизнь и дать возможность исправиться» — гэта банальны інквізітарскі цынізм. Ужо само накіраванне следствам справы на «асобую нараду» азначала і суд і прысуд адразу…
А быў жа яшчэ і нагавор. На ветэрынара Клісенку, таварыша па працы. Таксама выбіты катаваннямі, а тым не менш такі мне балючы. І радасна, што нагавор Клісенку не зашкодзіў. Праз два месяцы пасля вочнай стаўкі з Валодзем ён быў выпушчаны з турмы пад распіску пра нявыезд, дапушчаны да ранейшых абавязкаў, каб потым, у маі трыццаць дзевятага, калі ўжо не было яжоўшчыны, а прыйшло берыеўскае ўступнае паслабленне, быць апраўданым пракуратурай «як няправільна арыштаваны». Не ўзяўся пад увагу і той «антысавецкі анекдот», які, дарэчы, не падняўся да самога Сталіна, а быў нібыта расказаны пра Калініна. Сяржант Сагалаеў, які і следства вёў, і пратакол вочнай стаўкі падпісваў, вышэй узняцца не асмеліўся…
З падтэкстам бачыцца мне ўвесь той нагавор. Балюча было ад падазрэнняў, чытаючы і ў «заявлении», і ў пратаколах перадсмяротнае трызненне блізкага чалавека… Няўжо і гэта было патрэбна толькі для таго, каб так ламаць і зламаць упартую ахвяру?
Я паўтараю — як гэта добра, радасна, што нагавор той не зашкодзіў, што Клісенка дажыў да часу, калі ў яго сталі зноў пытацца пра Валодзю, і сумленна сказаў пра яго тое, што так прычынілася да зразумення, да апраўдання хоць пасмяротнага. Свет не без добрых людзей, і шкада, што падзякаваць ім ужо нельга.
У прачытаным мною для тэмы маёй, занатаваным ёсць і развагі аднаго з тэарэтыкаў мужнасці. З вышкі сваёй ён «аб'ектыўна» прымервае ды акрэслівае, хто з пакутнікаў як заламаўся, як ён мог не заламацца, і як гэта, бачце, добра было б, каб і тут герояў было ў нас як найбольш. Такое адчуваецца ў гэтай дасужай філасофіі.
Назаву два імёны.
У пісьме да Аляксандра Салжаніцына Варлам Шаламаў, турэмна-лагерны пакутнік з дваццацігадовым стажам, піша так:
«…Я за свае два следствы не падпісаў ніводнага пратакола супраць самога сябе і ніякіх прызнанняў не даваў — толк быў той самы. Далі тэрмін і так. Да таго ж на следстве мяне не білі. А калі б білі (як з другой палавіны 1937 года і пазней) — не ведаю, што я зрабіў бы і як бы паводзіў сябе». А праз два гады, у іншым пісьме, паўтарае: «Я не ведаю, як бы я трымаўся, калі б мне іголкі ўсаджвалі пад пазногці».
Аўтар «Архіпелага ГУЛАГ», з навуковай грунтоўнасцю апісаўшы пяцьдзесят два спосабы катаванняў, кажа пра тых, хто не вытрымліваў:
«Чалавек дзейнічае напалавіну свядома або зусім несвядома, дык за яго паказанні не трэба на чалавека крыўдзіцца».
І далей, пры ўсёй эпічнай стрыманасці гэтага, таксама нетэарэтыка мужнасці, — такі прарыў у сардэчную, мудрую чалавечнасць:
«Брат мой! Не асуджай тых, хто трапіў у такое, хто аказаўся слабым і падпісаў лішняе…»
Не кожны мог быць героем. Аднак каму ж яно дадзена — права рабіць такую праверку мужнасці?