На сцяжыне жыцця
Шрифт:
Толькi б не хвалявацца, толькi б стрымаць сябе, незаплакаць - патрабавала яе мацярынская рупнасць i пасля, калi яна зноў вярнулася да свайго акна, i на другi дзень - дома, калi ёй давялося ўчуць, як, сабраўшыся на прызбе за рагом, абгаворвалi яе суседкi. Яна прымушала сябе аглухнуць да ўсяго благога, фанатычна школiла сваю волю, каб не раздражняцца нiчым, не хвалявацца ад людской нядобразычлiвасцi.
Так мiнула лета i пацiху начала ўсталёўвацца восень. Фрузына даношвала апошнiя месяцы, ёй было трудна штурхацца ў аўтобусах, i яна ўсё часцей з працы i на працу хадзiла пехатой. Водпуску яна не брала - нiхто ёй не прапаноўваў таго, а прасiць у яе не
Драздова неяк змянiла свае грубаватыя адносiны да яе, не лаяла ўжо, нiчога не дамагалася. Аднойчы толькi, калi Фрузыне нешта занядужылася на працы, вахцёрка прагнала жанчыну дадому, накрычаўшы за яе няўвагу да сябе. Заадно яна палаяла i Пархомава, а таксама начала наракаць на сваю горкую долю, якая нiколi не дае ёй спакою.
Чаго Фрузына найбольш баялася, тое пачалося на працы. Зранку было дужа сцюдзёна, дзьмуў моцны вецер, яна не ўлезла ў перапоўненыя аўтобусы i цераз увесь горад iшла пешшу. Заступiўшы на дзяжурства, жанчына як села на табурэтку ля акна, так i не магла ўжо ўстаць. Ёй рабiлася горача, млелi ногi, але яна дужалася з немаччу i неяк дацярпела да абеду. Далей ужо трываць было нельга, i Фрузына зразумела, што прыйшоў той час.
Яна папрасiла прыбiральшчыцу Ганку падзяжурыць да змены, а сама асцярожнай, кволай хадою, мацаючы сцены будынкаў, выправiлася ў радзiльны дом. Добра, што iсцi было недалёка, хоць i вельмi трудна, i яна праз гадзiну з супынкамi дабралася туды.
Увечары яна радзiла. Радзiла без анiводнага крыку, без стогну, задушыўшы ў сабе ўвесь пякельны боль - яна ўсё не хацела турбаваць людзей. Дакторка пахвалiла яе за цярплiвасць, i, калi паведамiла, што нарадзiўся спраўны, нiштаваты хлопчык, Фрузына адразу забылася на пакуты.
Хлопчык абурана, гарласта крычаў, пакуль яго выносiлi прэч, i яна той раз на ўсё жыццё запамятала яго патрабавальны, характарны крык. Пасля яна ўбачыла яго маленькi ружаваты тварык з прыплюшчанымi вачанятамi i прагнай маленькай прысоскай на верхняй губе. Ссаў ён добра, жвава, смачна цмокаючы маленькiм роцiкам, i яна аж замiрала ад нязведанай мацярынскай асалоды.
У раддоме ёй было добра. Праўда, з дванаццацi гадзiн, калi ў калiдоры пачыналi бегаць санiтаркi, носячы перадачы, выклiкаючы парадзiх, яна адчувала цьмяны неспакой у душы. На ўсiх тумбачках у палаце ў спецыяльна прыгатаваных на тое вазах стракацелi кветкi, яе ж ваза стаяла пустая. Праўда, кветкi, розныя прысмакi зусiм не патрэбны былi жанчыне i нiчуць не турбавалi яе, вось хiба толькi людскiя вочы... Ад людзей цяжка ўтаiць, што ў сваей душы, суседкi ў палаце i сестры, вiдаць, разумелi ўсё, але маўчалi, не распытвалi, i яна за гэта была вельмi ўдзячна iм.
Але яна нiяк не магла пагасiць у сабе ўсё болей агартаўшай яе трывогi. Ёй прыгадаўся даўнi выпадак, што адбыўся некалi ў яе роднай вёсцы. То былi цяжкiя часы, калi толькi што скончылася вайна i з франтоў вярталiся салдаты. Усе, у каго хто-небудзь быў у войску, чакалi служывых, адна толькi Галена, маладая салдатка, не чакала свайго Яўхiма, якi ў шаснаццатым годзе склаў сваю галаву ў невядомай далёкай Галiцыi. Даведаўшыся аб тым страшным здарэннi, Галена дзён колькi несуцешна галасiла на ўсю вёску, а пасля запрагла буланага i паехала араць свой надзел.
Фрузына была тады зусiм маленькай дзяўчынкай, у ворыва насiла бацьку на поле яду i ўсё не магла зразумець, чаго гэтая маладзiца так мала арэ, а ўсё сядзiць у баразне ля плуга i плача. Аднак пасля нехта памог кабеце, яна супакоiлася, павесялела, а яшчэ праз нейкi час нарадзiла маленькую крыклiвую дзяўчынку. Фрузына добра памятае гэтую яе крыкушку ў плеценай зыбцы на бярозавай жардзiне - яна тады з другiмi дзецьмi не раз падбягала пад вокны глядзець на малую, што нарадзiлася без бацькi. На вёсцы гэтае нараджэнне стала незвычайнай падзеяй, аб iм з'едлiва i абразлiва гаварылi мужчыны, бабы i нават дзецi. Пасля здарылася такое, што страшна нават i ўспамiнаць. Дзед Пахом, свёкар Галены, круты, ваўкаваты стары, напiўшыся на нейкае свята, да паўсмерцi пабiў маладую ўдаву. Галена з паўгода пакашляла крывёй i памерла, i нiхто не шкадаваў яе, не апраўдваў. Нябогу пахавалi на краi могiлак, i яе курганчык неўзабаве зарос быльнягом, а вясковыя бабы пачалi ёю палохаць дзяцей.
Праўда, цяпер часы iншыя, але ўсё ж людзi бываюць розныя, хiба не знойдзецца хто пакпiць з адзiнокай немаладой жанчыны. Фрузыне ўсё здавалася, што пасля ўсяго, што здарылася, ва ўстанове не даруюць ёй такога ганебнага мацярынства. Яна ўжо прадбачыла, як будзе выгаворваць ёй Петрачэнкаў, можа, нават выклiчуць на мясцком i дадуць якое спагнанне. Праўда, яна ўсё намагалася пазбыцца турбот аб сабе, дбаць толькi пра свайго малога, але заглушыць неспакой было немагчыма. I Фрузына ўгаворвала сябе трываць - усё перажыць адной, адасобiцца ад людзей, жыць толькi iм, аглухнуць да ўсяго благога.
Папраўлялася яна добра i праз некалькi дзён адчувала сябе няблага. Ёй дазволiлi ўставаць, i Фрузына, сеўшы на ложку i захiнуўшыся ў халат, чакала ўсё часу кармлення, калi прывозiлi малых. Яшчэ здалёк на парозе яна пазнавала свайго ў радку зусiм падобных белых скруткаў на калясцы i, не могучы ўтрымаць замiлаванай радасцi, першая ўзнiмалася насустрач, кармiла i з вялiкай неахвотай аддавала яго назад. Сестры хвалiлi яе малога, дакторка шматзначна назвала вагу - 4800, i мацярынскае сэрца поўнiлася цiхiм гонарам. Нiколi яшчэ так не ганарылася яна ў сваiм жыццi. Гэта было сапраўднае, вялiкае шчасце.
I вось прыйшоў дзень, калi трэба было пакiдаць бальнiцу.
У апошнюю ноч ёй стала асаблiва неспакойна на душы. Звечара яна прыснiла непрыемны, благi сон, ратуючыся ад пакутаў якога яна прачнулася i ўжо болей не заснула да ранку. Ёй снiўся Петрачэнкаў, i дырэктар Iван Кузьмiч, i Шаўроў, быццам яны з'явiлiся ў раддом i злосна патрабавалi ў яе вярнуць некуды яе малога. Яна вельмi спалохалася, бо яе абвiнавачвалi ў крадзяжы дзiцяцi, на якога яна не мела права, а як апраўдацца, даказаць, што гэта яе дзiцёнак, яна чамусьцi не мела сiлы. I яна толькi пакутавала i бегала па пакоях, па вулiцах, хавала малога, а за ёй ганялiся людзi i атукалi, як у полi на воўка.
Яна не стрывала да канца гэтага страшнага вiдовiшча, але ўжо ведала, што заўтра здарыцца нешта благое. На свiтаннi яна ўзнялася i стала клапацiцца, каб сабраць свае рэчы, званiла па тэлефоне ва ўстанову. Ноччу там дзяжурыла Ганка, якая, аказваецца, цяпер замянiла яе ля дзвярэй, Фрузына папрасiла перадаць Драздовай, каб тая прынесла з кватэры малому бялiзну. Пасля яна стала чакаць, калi папрыходзяць дактары i напiшуць яе дакументы. Ёй было нiякавата ад таго, што нiхто не прыйдзе за ёю, што i ў апошнюю хвiлiну ёй не мiнуць украдкам кiнутых позiркаў сясцёр, санiтарак, - позiркаў, у якiх празмерная цiкаўнасць, здагадкi i прытоенае асуджэнне.