Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Бліскучы, крышталёвы, грандыёзны – і беларускі.
А што ж сама вёска?
Вёска застаецца бабуляй Беларусі. Мілай, стомленай, зморшчанай бабуляй, якая працуе, колькі хапае сілаў; усё гэтак жа выбірае лепшае для сваіх гарадзкіх, і па вечарах з надзеяй глядзіць тэлевізар. Бо хоча хоць краёчкам вока пабачыць той гарадзкі рай, на які ахвяравалася й працавала ўсё жыцьцё, куды адпраўляла дзяцей і дзеля якога люляла ўнукаў. А мы, час ад часу, у сваёй мігатлівай сумятні, са шчымлівым сэрцам згадваем роднае бабуліна аблічча, сумуем па далёкім дзяцінстве на гародах, у лесе, на рэчцы, молімся на той цудоўны сад – з хатаю, парным малаком, яблынямі ля плоту, вадою са студні –
І тады клянемся сабе, чаго б гэта не каштавала: дасягнуць раю ў горадзе.
ВІЦЕБСК
Віцебск! Імя бліскучае і пранізьлівае, як усплёск сьвятла на вастрыі ляза. Віцебск – адзін зь першых хрысьціянскіх цэнтраў Беларусі, старажытнае сьвяціла з сузор'я Полацка, Турава й Смаленска.
Віцебск – выйсьце адкрыцьцяў і вастрыня пачуцьцяў. Віцебск – гэта спасьціжэньне высокасьці, вылучэньне сэнсу, выцінаньне ісьціны. Віцебск сьціскае сьвятло да сьвятасьці!
У Віцебска сэрца Вэнэцыі, Піцера й Вільні.
Для ўсіх часоў і народаў Віцебск праслаўлены Маркам Шагалам, геніяльным авангардыстам, што склаў з асколкаў віцебскіх вулачак, вокнаў, скрыпак і нявестаў сусьветны калейдаскоп сымбаляў ды кабалічных знакаў. Віцебск – арэна ахвярнае сьмерці мітрапаліта Герасіма, зажыва спаленага Вялікім князем Сьвідрыгайлам, і вуніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча, забітага праваслаўнымі й кананізаванага Ватыканам. Віцебск – амфітэатар штогадовага "Славянскага базару", мэгашоў масавае культуры, якое зьбірае сотні тысячаў гледачоў, сьпевакоў і папарацы з усяе славянскае Эўропы.
Віцебск – культуровая сталіца Беларусі. Тут праводзяцца аж 18 мастацкіх фэстаў за год – больш, чым у двухмільённым Менску. Міжнародны фэст сымфанічнае музыкі імя Салярцінскага, фэст сучаснае харэаграфіі, бальных і спартовых танцаў, конкурс гітарнае музыкі "Мэнэстрэль", джазавы форум “Віцебская восень”, нацыянальны фэст мадэльераў-дызайнэраў “Белая амфара”, пленэр імя Хруцкага... У Віцебску знаходзіцца адзін з двух нацыянальных акадэмічных тэатраў – Коласаўскі, збудаваны на месцы колішняга княскага замку. Віцебск – радзіма вядомага кампазытара Барадзіна, аўтара "Старога Хатабыча" Лазара Лагіна, і горад дзяцінства Самуіла Маршака. Італьянскі гісторык Гваньніні ды расейскі пісьменьнік Лажэчнікаў увогуле былі віцебскімі губэрнатарамі.
Але найярчэйшая аўра Віцебску – знакамітая ўспышка мастацтва Шагала і Малевіча з супрэматычным размалёўваньнем гарадзкіх дамоў і неверагодным авангардам пачатку ХХ ст. у разгар войнаў і рэвалюцыяў. Вялікае супрацьстаяньне з рэалістычнай клясыкай – бо менавіта пад Віцебскам, у маёнтку Здраўнёва на беразе Дзьвіны, зьявіліся карціны Рэпіна залатое пары, спаміж якіх і нацыянальны вобраз "Беларус".
Тыя, хто хацеў сьмерці Беларусі, ірваліся забіць Віцебск. Яго дзесяткі разоў асаджалі й штурмавалі маскоўскія войскі. Яго спаліў датла Пётр І. Ансамбль найпрыгажэйшых віцебскіх храмаў – Уваскрасенская царква, Успенскі сабор, касьцёл сьвятога Юзафа, кляштар сьвятога Антонія й яшчэ каля 20 цэркваў – быў ўзарваны бальшавікамі. А пасьля ІІ сусьветнай вайны у разбураным дарэшты горадзе заставалася ўсяго некалькі соцень жыхароў.
Бо хіба ж можна захопніку пакінуць жывым горад тысячагадовай хрысьціянскай гісторыі, праваслаўную цытадэль Альгерда з унікальнай Дабравешчанскай царквой ХІІ стагодзьдзя? Хіба ж можна зьмірыцца з самім фактам існаваньня месца, дзе яшчэ на досьвітку эўрапейскае Рэфармацыі, выклікаўшы небывалае ўзрушэньне народу, прапаведаваў Геранім Праскі, паплечнік Яна Гуса, той, якому і потым, на Канстанцкім Саборы перад спаленьнем зачыталі прысуд інквізыцыі, пачаты словамі "У Літве ёсьць шматлюдны й слаўны горад, названы Віцебскам...". Хіба ж можна схавацца ад гэтых вежаў і сьценаў, сцэны Віцебскага паўстаньня, забойства Кунцэвіча й пакараньня месьцічаў, ад сьмерці за веру, міжканфэсійнае помсты і здыманьня ўсіх званоў!..
Віцебскі герб – галава Хрыста па-над скрываўленым мечам. "Ня мір, а меч!" – чаканіць Віцебск словы Ісуса. Можа быць, таму віцьбічы заўжды такія адстароненыя, апантаныя, крыху не ад сьвету гэтага. Віцебск ведае, што вера каштуе жыцьця – і што значыць сьмерць, вартая веры!
Віцебск – вострая брама Беларусі на стратэгічна балючым паўночна-ўсходнім кірунку. Алтар высокае, моцнае, бліскучае культуры. Відзёж празь люстра ляза. Вось чаму самыя бліскучыя й самыя вострыя беларускія пісьменьнікі сучаснасьці – Быкаў, Караткевіч, Бураўкін, Барадулін, Арлоў – зь Віцебшчыны. Віцебск жыве й будзе жыць у збройным баі ісьціны зь бязьвер'ем, нянавісьцю й хлусьнёй. Зь мячом перад абліччам Хрыстовым.
ВОРНЫЯ ЗЕМЛІ
Глыбокі радок з трэцяга разьдзелу, дзевятнаццатага вершу Кнігі Быцьця, быццам ральля, узворвае любую беларускую душу:
"У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль не вернесься ў зямлю, зь якой ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернесься."
Беларусь мае каля 7 мільёнаў гектараў ворнае зямлі, якая выкарыстоўваецца ў севазвароце. Паводле колькасьці ворыва на душу насельніцтва (да 0,7 гектараў на чалавека!) мы займаем адно зь першых месцаў у сьвеце – нароўні з Канадай, ЗША, Украінай. Японцы, ангельцы, ізраільцяне, якія ўпершыню прыяжджаюць у Беларусь, заўжды зьдзіўляюцца: "Ого, колькі зямлі!.."
Беларусам, вечным працаўнікам, дасталася вялікая зямля.
Ворыва – база нашага будучага дабрабыту. Патэнцыял гіганцкі: калі Беларусь, суцэльнае радовішча мінэральных угнаеньняў, радзіма трактара "Беларус" і камбайна "Гомсельмаш", здолее дасягнуць ураджайнасьці на ўзроўні Францыі – яна ператворыцца ў аграрнага лідэра рэгіёну, здольнага накарміць і галодную Расею, і Польшчу, і Прыбалтыку. Вакол аграмадны рынак, а сярод суседзяў ніхто так добра не працуе на зямлі, як беларусы. Праўда, сьпярша давядзецца ўвесьці прыватную уласнасьць на зямлю, распусьціць гэтыя няшчасныя калгасы ды адрадзіць беларускае фэрмэрства ў выглядзе хутароў і фальваркаў.
Беларус, пан сахі і касы, як народ вырас з гэтае зямлі. Адсюль маўклівая ўнутраная сіла, бясконцая здольнасьць трымаць, нараджаць і цярпець. Адсюль і вытворны ад ворыва вобраз нашае нівы, які праступае праз друкаваныя радкі, быццам барозны.
Калі падымаць гэтую цаліну яшчэ глыбей, мы ўспорам і вясковыя карані нацыянальнага мэнталітэту, і беларускую мару – коласаўскую "Новую зямлю", і нават тое, што заснавальнікам глебазнаўства быў беларус з паходжаньня Васіль Дакучаеў.
Беларускае ворыва – нашая зямля абяцаная. З часоў Божага запавету "... І напаўняйце зямлю, і валодайце ёю" (Быцьцё 1:28) беларусы спраўна выцярэблівалі лес, асвойвалі пусткі, пераціралі кожны камячок вось гэтымі самымі рукамі: зьвярніце ўвагу на ўласныя пальцы, якія прагна ўчапіліся ў палі! "А пасеенае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе словы і разумее, і плод прыносіць, і дае адзін сто, другі шесьцьдзесят, а той трыццаць". (Мацвея 13:23). Дасёньня беларус, які трапляе на чужыну – што ў Сібір, што ў Амэрыку, што ў Аўстралію – інстынктыўна згінаецца, унураецца ў зямным паклоне, і бач ты, ужо градкі з бульбаю ды гуркамі, ды яшчэ палісаднік з кветкамі.